Цитаты из аудиокниги «Афганец», страница 3
Пяцьсот, канешне, ня тысяча, але тут ня гандаль, тут продаж...
Усё ж жыцьцё кожнага сваю сілу мае — часам злую, нядобрую сілу...
[…] надвячоркам праз расчыненыя вокны і форткі разносіўся па падворку знаёмы, з хрыпатой голас, поўны пахвальбы, абяцанак, пагрозаў да апазіцыі, праклятых бэнээфаўцаў, якія пляжылі ўсе ягоныя планы ашчасьлівіць народ. Народ жа ў яго заўжды быў слаўны, шаноўны і гераічны, які заўжды рабіў правільны выбар і не памыляўся, — не памыляўся і цяпер, адзінадушна абраўшы самага мудрага кіраўніка. Аднак тое пераставала ўжо дзейнічаць на большасьць слухачоў, і калі яшчэ нешта натхняла іх, дык хіба паведамленьні пра чарговыя выкрыцьці ў органах улады, зьняцьці і нават пасадкі высокіх чыноў. Але не надоўга, бо жыцьцё ад таго не рабілася лягчэй, і тады зноў патрабавалася выкрываць ворагаў, шпіёнаў, вядомых эмігрантаў і некаторых дыпламатаў — агентаў ЦРУ. Суседзі ля гаражоў ужо не абмяркоўвалі палітыку самога, а толькі лаяліся.
Колькі разоў Ступак спрабаваў яго слухаць па тэлевізары, але не мог стрываць і пяці хвілінаў, сподам душы адчуваючы фальш яго пыхлівых словаў, і толькі дзівіўся, як таго не адчувалі іншыя. Хоць бы і ягоная жонка. Варта было Ступаку пасярод яго выступленьня ткнуць пальцам у які іншы сенсар, пераключаючы на іншы канал, як яна кідалася да тэлевізару і вяртала ўсё на ранейшае месца. І жонка, і яе малодшая сястра гатовыя былі з замілаваньнем глядзець і слухаць яго хоць да ранку. А на Ступаковы папрокі звычайна адказвалі: як можна грэбаваць такім выступленьнем гэткага інтэлігентнага, віднага сексуальнага мужчыны? Яны проста млелі ад аднаго толькі выгляду яго заўжды старанна паголенага, напамажанага твару з загадкавым, амаль сакаліным, позіркам, тугімі пашчэнкамі і сківіцай капылом, што лезла наперад з экрану. У такія хвіліны Ступак гатовы быў узьненавідзець увесь жаночы род, ня толькі ўласную жонку. Яго ж ён ужо даўно ненавідзеў, нутром адчуваючы яго фальшывую сутнасьць, таннае акцёрства, разьлічанае на дурняў або нягоднікаў.
— Чуў, што ўчора на прасьпекце было?
— А што? — прастадушна папытаўся Ступак.
— Кажуць, лядовае пабоішча. Менчукоў з псамі-рыцарамі.
— Вось як?
— Што ж думаеш: паўтары тысячы АМАПу. Ды міліцыя. Ды ўнутраныя войскі. Сіла!
— Сіла! — пагадзіўся Ступак.
Гэты Плешка заўжды пачынаў так — быццам быў на баку ўлады, мог нават мацюкнуць дэмакратаў, але свае сапраўдныя адносіны запасіў на канец. Прыхінуўшыся да крыла аўтамабіля, азірнуўся і нягучна паведаміў:
— Кажуць, сам лупіў. Палкай. Пад каскай амапаўца. Во драпежнік!
— Драпежнік, — міжволі пагадзіўся Ступак. Уласных адносінаў да таго ён раскрываць не хацеў.
Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай паліцэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы — як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага — з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.
З прычыны безграшоўя ён амаль не чытаў газетаў, хіба калі-нікалі выпадкова, але тады кожны раз нерваваўся і расстройваўся, ажно карцела лаяцца. Газеты хлусілі гэтак нахабна, як не хлусілі ніколі раней пры саветах. Апроч таго, у кожным нумары — указы, дакрэты, законы і безьліч паправак да ранейшых законаў і да папярэдніх паправак, бясконцыя выступы самога, ад якіх хацелася ванітаваць. Усё ўказваў, патрабаваў, гразіўся і падманваў, — як калісьці палітрукі ў войску, як у тым Афгане. Што значыць пачатковец-міліцыянт, які дарваўся да ўлады не накамандаваўшыся ў паліцэйскай службе і зараз імпэтна спаганяў свой камандзірскі сьверб. I, як ні дзіўна, тое шмат каму падабалася, пенсіянеры, былыя вайскоўцы-адстаўнікі, бы зачараваныя, чыталі ўсе ягоныя выступы ў газетах, усе ягоныя дакрэты, і наўрад ці што разумеючы ў іх пустазвонным шматслоўі, адабралі. «Можа, парадак навядзе» — было іх нязьменным аргументам. Хоць які ім патрэбны парадак у бяспраўнай краіне, было невядома. Наўрад ці яны тое разумелі самі.
Газеты хлусілі гэтак нахабна, як не хлусілі ніколі раней пры саветах. Апроч таго, у кожным нумары — указы, дакрэты, законы і безьліч паправак да ранейшых законаў і да папярэдніх паправак, бясконцыя выступы самога, ад якіх хацелася ванітаваць.
Начислим +10
Покупайте книги и получайте бонусы в Литрес, Читай-городе и Буквоеде.
Участвовать в бонусной программе