Читать книгу: «Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе»
Фото Владимира Шатрова
© Примаченко О.В., текст, 2020
© Пучинская К., перевод на белорусский язык, 2025
© ООО «Издательство «Эксмо», 2025
Пяшчота першая, уступная
…увосень спазнаеш: вышыня адвагі – быць празрыстым, бы шкло,
уся тая крохкасць, бязважкасць, след чужых бессаромных пальцаў,
найбольшая шчодрасць – дарыць нутраное ашчаджанае цяпло,
сапраўдная сталасць – умець давяраць, памятаць, баяцца;
у нашых краях увосень прынята вяртацца,
адсутнасці час прайшоў1.
Ксенія Жалудова
Восем гадоў таму маё жыццё кардынальна змянілася.
Цягам месяца я падала на развод, вярнулася жыць да мамы і змяніла працу. Першая перамена балела, другая адгукалася пякучым сорамам, а трэцяя стала вялізным выклікам: у маім маленькім утульным балотцы пачаліся спаборніцтвы ў веславанні.
Мне пашанцавала. Абышоўшы шалёную колькасць прэтэндэнтаў, я ўвайшла ў склад рэдакцыі, якой трэба было з нуля распрацаваць праект для жанчын на найбуйнейшым у той час інтэрнэт-партале навін Беларусі. Наступныя два з паловай гады я працавала Кэры Брэдшоу: пісала хвацкія тэксты пра стасункі, поўныя іроніі, кепікаў і ўпэўненасці ў тым, што я ведаю пра мужчын усё. Сустрэўшы праз нейкі час будучага мужа, я зразумела, што не ведаю пра іх нічога. Я кпіла дарма.
Таму што ў тым, што тычыцца жывых людзей, нязменных ведаў не бывае – кожны праведзены бок у бок год мяняе карціну свету. Тое, што раней здавалася нормай, перастае ёю быць, а тое, што расцэньвалася як цуд, ператвараецца ў звычку. Высновы і ўрокі мінулага перастаюць быць музейнай каштоўнасцю, экспанатамі залы баявой славы: некалі яны працавалі і абаранялі ад болю, сёння – замінаюць руху наперад.
Праз тры гады пасля разводу (нават у адзін і той самы дзень) я выйшла замуж другі раз. Яшчэ праз колькі часу мы з мужам набылі дом з цудоўным садам і пераехалі з Мінска ў прыгарад, каб слухаць, як падаюць яблыкі і расце трава.
Мы сталі бацькамі.
Я працягвала пісаць пра каханне і стасункі, але ўсё часцей лавіла сябе на думцы, што тэма распаўзаецца ў маіх руках ніткамі, разлятаецца гузікамі, прасыпаецца долу драбнюткім пяском – і просіць пакінуць яе ў спакоі. Я зразумела, што больш не хачу пісаць пра каханне. У тым сэнсе, што іншыя клопаты падаваліся больш значнымі, адчуваліся вастрэй, патрабавалі больш увагі і сіл. А каханне – ну што каханне… «Калі нешта зменіцца – я скажу».
Я стамілася хвалявацца пра каханне. Разбіраць стасункі, як памылкі ў дыктоўцы («сям’я» і «дом» праўда пішуцца праз «хачу» ці праверачнае слова – «трэба»?), думаць на перспектыву («Will you still love me when I’m no longer young and beautiful?»2), задавацца пытаннямі, адказы на якія не ясныя, але ўжо загадзя не падабаюцца.
Я зразумела: адзіны чалавек, які ніколі мяне не пакіне і перад кім мне не трэба танчыць з бубнам, – я сама. Мне няма патрэбы сумнявацца ў сваіх жаданнях або даказваць сабе рэальнасць свайго болю: для мяне ўсё менавіта так, як я адчуваю.
Я магу сабе верыць.
Мне можна на сябе абаперціся.
Ніхто і ніколі не будзе любіць нас так, як мы хочам, – будуць як умеюць. Але залежнасць ад іншых людзей, іх зменлівага настрою не робіць нас шчаслівымі – яна робіць зручнымі. Мы настолькі прызвычайваемся прыстасоўвацца і амартызаваць сабой, супакойваць унутранае віраванне і перапрацоўваць незадаволенасць у маўчанне, што выбух неўнікнёны. Момант, калі паляцяць шматкі на ўсе бакі, – толькі пытанне часу.
Думаць за іншых, адчуваць за іншых, прадбачыць іх рэакцыі – неймаверна стамляльна. І бессэнсоўна: пражываць чужое жыццё замест таго, каб рабіць нешта цудоўнае са сваім.
У свеце, дзе ваша радасць залежыць ад таго, наколькі дакладна вы супадаеце з уяўленнем пра вас у нечай галаве, тужліва і халодна. Гэта нармальна – заканчваць стасункі і працы, якія больш нічога не даюць. Якім больш нічога не можаце даць вы. Не таму, што з іншымі людзьмі ці ў іншым месцы будзе ярчэй і цікавей, а таму, што канкрэтна тут ярчэй і цікавей ужо дакладна не будзе.
Нармальна – адчуваць, як прыціскае часам да зямлі пытаннем: «Што ты зрабіў для хіп-хопа ў свае гады?»3 Нармальна – разбірацца, чый голас задае гэтае пытанне, якое права ён на яго мае і як ідзецца з хіп-хопам у яго самога.
У свеце, у якім я сабе радуюся, я больш не чакаю, што нехта пра мяне паклапоціцца, а дацягваюся да радасці сама. Бяру сябе за руку і вяду туды, дзе магу адчуваць, што мне хочацца адчуваць – надзейнасць «сваіх людзей», смак гарачых хінкалі або лёгкасць у галаве пасля стрыжкі.
У свеце, у якім я сабе радуюся, я кажу сабе: гэта я зраблю пазней, гэта – праз некалькі месяцаў пасля пазней, а вось гэта я зраблю ніколі. Таму што для некаторых рэчаў ніколі – самы прыдатны час.
Так, часам здаецца, што ты настолькі звыклася быць салдатам Джэйн, што размовы пра нейкую там пяшчоту да сябе здаюцца пустой выдумкай, казкай на ноч, якую няма каму табе расказаць, дый часу слухаць няма. Але я бяру на сябе смеласць усё ж такі пачаць гэтую размову, таму што за гады існавання блога Gnezdo.by мне прыходзіла мноства лістоў пра жыццё на мяжы магчымасцяў, з гісторыямі пра тры гадзіны сну ў суткі, працу на знос і клопат пра іншых на разрыў аорты – ні адна з іх не скончылася добра. Нездарма дзесьці па сеціве блукае карцінка: «Не бывае невыканальных задач. Бываюць сардэчныя прыступы ў трыццаць».
Няхай той час, што вы праведзяце з гэтай кнігай, стане для вас магчымасцю пасядзець побач з сабой, «пабыць сваёй». Выслухаць сябе і разабрацца, як з вамі можна абыходзіцца і як нельга, што вы можаце трываць, а што не, што вас радуе, натхняе, здзіўляе, захапляе і што – раз’юшвае. Выслухаць сябе, нікому не дазваляючы перабіваць ці абясцэньваць пачутае.
Пяшчота да сябе – гэта не вынік валявой пастановы або аднойчы дадзенага сабе абяцання, гэта заўсёды дарога. Не да нейкай пазначанай на карце кропкі і дакладна не да лепшай версіі сябе, а туды, дзе вы адмаўляецеся выконваць ролю наглядчыка, крытыка і суддзі і выбіраеце верыць у сваю нармальнасць.
Гэта гатоўнасць з прыязнай цікаўнасцю даследаваць свае «не магу», «не хачу» і «не буду» і плысці не па цячэнні і не супраць яго, а туды, куды вам трэба.
Вы не бясконцыя. Вы праўда не бясконцыя.
Давайце я раскажу пра пяшчоту да сябе ўсё, што ведаю, і вы самі вызначыце, дзеля якіх слоў вам патрапіла ў рукі гэтая кніга.
Пра што я буду гаварыць? Пра права кожнай з нас адчуваць што заўгодна – і не саромецца гэтага. Пра расстаноўку прыярытэтаў і пра тое, што рабіць з чужымі спробамі вучыць нас жыць.
Пра даросласць, якая вартая таго, каб яе не баяцца, і пра грошы і ўстаноўкі, што перашкаджаюць нам без панікі прызначаць кошт сваёй працы і без пачуцця віны выдаткоўваць заробленае на сябе.
Пра тое, як святкаваць жыццё, маючы тое, што маем, і не верыць у сваю недастатковасць, няправільнасць і неабходнасць тэрмінова выправіцца.
Мы будзем даследаваць тэму пяшчоты да цела: як перастаць ваяваць за яго і з ім і з павагай прызнаць яго гісторыю. Мы ўдзелім увагу матэрыяльнаму вакол нас – немагчыма пераацаніць, наколькі прастора, сугучная нам, з’яўляецца рэсурсам падтрымкі і дапамогі.
І, безумоўна, мы будзем шмат гаварыць, як з прынцыпу пяшчоты да сябе ўзаемадзейнічаць са светам: сцвярджацца ў сваім праве думаць па-іншаму, не гуляць ні з кім у «адгадайку» і «дадумайку за мяняйку», прасіць патрэбнае, абараняць важнае, прамаўляць «не», збліжацца і аддаляцца без шкоды адно для аднаго і заўсёды – памятаць пра кантэкст.
Я раскажу вам пра каштоўнасць «сваёй зграі» і людзей – добрых люстэрак. Падзялюся прынцыпамі навядзення парадку ў інфармацыйным хаосе, у аснове якіх – беражлівасць да сардэчных мазалёў і папраўдзе цудатворны эфект функцый «перавесці ў нямы рэжым» і «скасаваць падпіску на абнаўленні».
А напрыканцы кнігі вас чакае марафон пяшчоты да сябе. Трыццаць адзін дзень заданняў і практык, якія дапамогуць лепш пазнаёміцца з сабой, расставіць кропкі над «я» – і паглядзець, што атрымаецца.
Разважаць пра сферычных коней у вакууме я не ўмею – буду расказваць толькі пра тое, што спрабавала і перажыла сама. Безумоўна, мой досвед не паказальны і не павінен разглядацца як інструкцыя да дзеянняў. Слухайце сябе, заўважайце, дзе напісанае адгукаецца вам радасцю пазнавання – «о, і ў мяне гэтаксама!», але шукайце сваю праўду самі. Паверце, вы яе не прапусціце, усярэдзіне пачне пішчаць парктронік: чым бліжэй да праўды, тым часцейшы і гучнейшы піск.
Ідэі падобныя на насенне: калі адчуеце, што прачытанае казыча і паколвае, значыць, зерне ўпала на падрыхтаваную глебу і хутка праклюнецца, дасць парастак. Калі вам спадабаецца тое, што вырасце, адсвяткуйце і абдыміце сябе. А калі расчаруе – не прымайце няўдачу блізка да сэрца. Памятайце: нават калі дослед не атрымаўся, гэта яшчэ нічога не кажа пра яго марнасць.
Я напісала гэтую кнігу, каб яе можна было разгарнуць на любой старонцы і адчуць, як расслабляюцца плечы, становіцца лягчэй дыхаць, святлее ў галаве.
І як разліваецца цёплай хваляй па целе пяшчота да сябе.
Пяшчота другая. Пачуцці
ты прыносіш яму крыху пяшчоты ў вузкіх далоньках,
склаўшы іх нетрывушчай наіўнай лодачкай;
ён смяецца, лёгенька б’е па руках знізу ўгору;
не, вядома, зусім не балюча, што ты,
ад такога балюча і не бывае;
пяшчота – разбіваецца ўшчэнт.
Ксенія Жалудова
Мая школьная настаўніца працы была аматаркай кніг Луізы Хей4 і замест таго, каб тлумачыць, як рабіць роўныя швы, чамусьці прымушала нас заходзіць па адной у прымерачную, садзіцца насупраць люстэрка і прамаўляць сто разоў «я люблю сябе».
Нам было трынаццаць гадоў, мы нічога не ведалі пра любоў і яшчэ менш ведалі пра сябе, таму запэўненні ў тым, што варта толькі «палюбіць сябе» – і ў нас цудоўным чынам сыдзе падлеткавы тлушч, знікнуць прышчы і вырастуць грудзі, здаваліся бессэнсоўнымі і дзіўнымі.
Пройдзе яшчэ шмат гадоў, перш чым я хоць што-небудзь пачну разумець пра любоў, а тым больш пра каханне. Ачышчу гэтае слова ад пылу і шалупіння, літаратурных клішэ і чужых гісторый, усвядомлю і даведаюся, што такое страчваць, як гэта – заставацца адной, што значыць сыходзіць першай. І як бывае, калі прастора пачынае згортвацца і ціснуць на грудзі, а ты – мярцвець аднекуль з сярэдзіны: здорава, што вы ўсе ў мяне ёсць; шкада толькi, што ніхто з вас мне не патрэбны.
Пройдзе яшчэ шмат гадоў, перш чым я пачну нешта разумець і пра любоў да сябе, навучуся прымаць свае пачуцці, даваць імёны таму, што палохае, і вымаўляць «мне страшна», калі мне страшна, а не строіць з сябе смаркатага героя, дробна перабiраючы каленкамі пад сталом.
Узрост сапраўды шмат што спрашчае. Дакладней, досвед, які мы атрымліваем, калі сталеем.
Мы лепш разумеем бацькоў, калі самі становімся бацькамі і на сабе адчуваем цяжар клопату аб сям’і, асабліва калі патрэбныя грошы, а з працай няпроста.
Мы разумеем, што свет вачыма дзіцяці і свет шкурай дарослага – гэта два розныя Сусветы, і замест таго, каб акапацца ў крыўдзе на людзей з мінулага і лічыць сябе ахвярай, больш пяшчотна да сябе будзе прыняць няспраўджанае, аплакаць недаатрыманае, адгараваць непражытае – і закрыць тэму пошуку прычын. Памяць умее хлусіць і падтасоўваць, і можна глыбока і несправядліва пакрыўдзіцца на тых, у каго і ў думках не было крыўдзіць, бо «яны далі ўсё, што маглі, чаго не далі, дык таго і не маглі»5.
На мой погляд, складаны, але важны крок у развіцці асобы – гэта скараціць фразу: «Я так адчуваю, таму што…» да «Я так адчуваю. Кропка» – і паспрабаваць знайсці як мага больш спосабаў падтрымаць сябе тут і цяпер, у тых умовах, у якіх вы жывяце, і з тымі, з кім жывяце.
Непрыгожых пачуццяў не бывае. Няправільных – таксама
Пяшчота да сябе пачынаецца з таго, што вы дазваляеце сабе адчуваць усё, што адчуваецца, без аглядкі на тое, што падумаюць іншыя, і не дзелячы пачуцці на добрыя і дрэнныя.
Як напісала аднойчы ў сябе ў Фэйсбуку6 Элізабэт Гілберт7, калі мы адчуваем радасць, яна праўдзівая і рэальная для нас, як і наш смутак, як і наша любоў да кагосьці. Ніхто не выйграе ад таго, што мы будзем пераконваць сябе, нібы адчуваем нешта іншае. Трэба жыць сваёй праўдай – няма лепшага спосабу здабыць сваю цэльнасць. Выбіраючы меншае, мы будзем выбіраць нешта не тое. Для нас.
Калі вы адчуваеце сум, гэта праўда моманту, якую няма патрэбы адмаўляць.
У вас ёсць прычына так сябе адчуваць: вас нешта засмуціла, магчыма, вы штосьці страцілі (грошы, стасункі, рэч, натхненне, планы на выходныя, каханне ўсяго жыцця), і вам патрэбны час гэтую страту перажыць, адгараваць і прыстасавацца да змены.
Гараваць – не значыць апрануць жалобу, бясконца плакаць і не выходзіць з пакоя. Гараваць – значыць дазволіць сабе прызнаць страту. Колькі часу гэта зойме, прадказаць немагчыма. Але калі забараняць сабе перажываць, то дакладна больш, чым магло б.
Пяшчота да сябе ў такой сітуацыі – прымірыцца з тым, што нейкі час давядзецца пахадзіць з кішэнямі, поўнымі смутку. Адпýсціць, калі адпýсціць. Гэта нармальна, гэта вам не пашкодзіць і зусім дакладна – не зробіць горш.
Пры гэтым паспрабуйце не заганяць сябе ў пастку «перажыванні пра перажыванне». Гэта калі мы пачынаем хвалявацца, а ці ўсё з намі добра, калі мы адчулі «нешта не тое»: пазайздросцілі, парадаваліся няўдачы сябра, прыраўнавалі, пакрыўдзіліся ці проста засумавалі і пачалі ганебна ныць, замест таго каб заставацца модна праактыўнымі.
Мы засмучаемся, калі выяўляем сябе няздольнымі без канца быць «светлымі чалавечкамі» і думаць пра лепшае. Нам балюча прызнаваць, што ёсць рэчы, якія заўсёды будуць закранаць нас за жывое, а значыць, мы будзем рэагаваць не так, як «трэба» або як мы хацелі б рэагаваць, а зыходзячы са свайго стану і колькасці сіл – каб не сесці і не расплакацца на месцы.
Такая рэальнасць. Таму, калі ласка, як толькі зловіце сябе на тым, што пачалі перажываць праз «дарэчнасць» пачуццяў, зрабіце ўдых, выдых і акуратна вярніце сябе сабе. З вамі ўсё ў парадку, вашы перажыванні адэкватныя моманту, іх не трэба саромецца ці імкнуцца перайграць.
Не страшна аднойчы адчуць да каханага чалавека нянавісць – страшна не дазваляць сабе адчуваць да яго нічога, акрамя кахання.
Пачуцці – яны ж заўсёды пра «цяпер», а не пра характар. Калі вы злуяцеся, гэта нічога не гаворыць пра тое, які вы чалавек, але можа шмат расказаць пра тое, што адбываецца. Магчыма, парушаюцца вашы межы. Або абясцэньваецца дарагое вам. Або вы настолькі доўга не адпачывалі, што цела пераключылася ў рэжым баявой гатоўнасці і цяпер рэагуе камандай «Вораг!» нават на рух ценю галінкі.
Тое самае са страхам. Калі вы баіцеся, гэта не значыць, што вы баязліўка. Проста пачуцці апярэджваюць думкі, і таму вы адчуваеце небяспеку хутчэй, чым паспяваеце растлумачыць сабе, у чым падвох. Ёсць добрая фраза пра гэта: калі вам здаецца, што нешта не так, то, хутчэй за ўсё, вам не здаецца.
Калі вы галодная, знясіленая, стомленая, бессэнсоўна чакаць ад сябе будысцкага спакою пры поглядзе на ўчынены дзецьмі вэрхал. Злосць не будзе сведчаннем вашага дрэннага характару – яна будзе сігналізаваць толькі пра тое, што менавіта цяпер вы на нулі.
Кожны раз, калі мы абцяжарваем іншых спадзяваннямі, якія тыя не здольныя апраўдаць, узнікае канфлікт чаканняў. Немаўля ведаць не ведае, што мама хоча выспацца. Муж не чытае думак і нават не здагадваецца, пра што прамаўчала ягоная жонка. Ад сяброўкі, звыклай крытыкаваць, бессэнсоўна чакаць спагады і падтрымкі. Усе яны робяць тое, што робяць, не «назло», а таму, што не ўмеюць па-іншаму. Гэта не з імі нешта не так – гэта нешта не так з нашымі чаканнямі (падкрэслю: чаканнямі, не намі).
Іншы варыянт развіцця падзей – калі вам паказваюць, што менавіта вы мусiце адчуваць, ці асуджаюць вашу рэакцыю: «Як ты можаш радавацца, што звольнілася з працы? Ты павінна месца сабе не знаходзіць ад непакою, як усе нармальныя людзі!»
Памятаю, я выходзіла з першага шлюбу не з прадпісанымі пачуццямі суму або горычы (яны былі, але фонам) – я ішла ў развод з пачуццём злосці. Наўрад ці я адчувала б яе, калі б мы «проста» не сышліся характарамі ці каханне ператварылася ў пацяруху за даўнасцю часу. Я злавала, таму што мне было балюча перажываць уласнае бяссілле перад тым, як метадычна і неадольна руйнуецца тое, што я доўга стварала, у што шмат гадоў укладвалася часам, сіламі, грашыма і агульным мінулым.
Але я катэгарычна супраць таго, каб адмаўляцца штосьці адчуваць з-за страху «недарэчнасці» гэтых пачуццяў, іх непажаданасці, нейкай для кагосьці «непрыгожасці». («“Я цябе кахаю”. – “Дзякуй”. – “Гэта не той адказ, якога я чакаў”. – “Вялікі дзякуй?”8)
Ты кажаш: «Мне балюча», – а табе адказваюць: «Не, табе не…» Табе не балюча. Табе не страшна. Табе не дрэнна. Ты не стамілася. Гэта блазнота, будзь салдатам, вазьмі сябе ў рукі, сабярыся. І ты збіраешся. Раз збіраешся, два збіраешся, тры, чатыры, пяць збіраешся, васямнаццаць разоў збіраешся, сорак тры. І сапраўды адчуваеш, як робішся больш загартаванай і моцнай, як грубее скура, нарастае браня. І там, дзе раней было жывое і цёплае, утвараецца халодная пустэча.
І аднойчы ловіш сябе на тым, што ўжо ты прамаўляеш камусьці: табе не балюча, табе не страшна. Ты не верыш і мераеш па сабе, і мера гэтая малая, і нявер’е гэтае – нікчэмнае. А той іншы, хто прыйшоў да цябе з бядой, застаецца з ёй у адзіноце і смутку.
Мне вельмі не падабаецца, калі, спытаўшы: «Што здарылася?» і пачуўшы адказ, гавораць: «Ну што ты так пераймаешся, знайшла з-за чаго!» Па-першае, любы чалавек мае права перажываць тое, што здарылася, так, як ён хоча гэта перажываць, таму што ён лепш ведае, што аблегчыць яму маркоту. Па-другое, такія словы ставяць пад сумнеў яго здольнасць правільна рэагаваць на падзеі i пераводзяць з пазіцыі дарослага са сваёй устойлівай сістэмай каардынат у пазіцыю дзіцяці, жыццёвага досведу якога нестае, каб ацэньваць тое, што адбываецца, аб’ектыўна. Па-трэцяе, ніхто нікому не можа гаварыць «расслабся», пакуль не напружыўся да той жа ступені. Той, хто перажывае страту, ведае, чаго яму каштавала страчанае, якіх высілкаў. Людзі не бядуюць дзеля забаўкі.
Як пісала Меладзі Біці ў сваёй знакамітай кнізе пра сузалежнасць «Ратаваць ці ратавацца», «перастаньце адмаўляцца ад сябе, ад сваіх патрэб, ад сваіх жаданняў, ад сваіх пачуццяў, ад свайго жыцця і ад усяго, што вас складае. Займейце намер заўсёды клапаціцца пра сябе – і здзяйсняйце яго. Мы можам сабе давяраць. Мы здольныя справіцца і адаптавацца да любых падзей, праблем і пачуццяў, з якімі сутыкае нас жыццё. Мы можам давяраць сваім пачуццям і сваім меркаванням. Мы можам вырашаць свае праблемы. Мы можам навучыцца жыць і з нашымі нявырашанымі праблемамі. Мы павінны давяраць тым людзям, на якіх вучымся спадзявацца, – самім сабе»9.
Бесплатный фрагмент закончился.
Начислим
+11
Покупайте книги и получайте бонусы в Литрес, Читай-городе и Буквоеде.
Участвовать в бонусной программе