Читать книгу: «Шамякін суд»

Шрифт:

Васіль Шырко
Шамякін суд
Гумарыстычныя апавяданні

Серыя «Несур’ёзна пра сур’ёзнае» заснавана ў 2014 годзе


Рэдакцыйны савет:

А. М. Зэкаў, К. В. Камейша,

Л. Ф. Анцух, В. А. Губараў


© Шырко В. А., 2025

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2025

* * *

Гарадскiя жулiкi

Пралог

У Беларусі больш як дваццаць тысяч рэк і амаль гэтулькі ж вёсак. Многія рэкі, нават бацька Нёман, «чысцейшы ад чэрвеньскіх рос», абмялеў, дзякуючы скарапанаўскай меліярацыі, а іншыя, як рэкі майго маленства і юнацтва, шчодрыя на рыбу Уздзянка, Алёхаўка, Жэсць, увогуле зараслі зялёнай раскай, ператварыліся ў канавы з іржавай вадой і гадкімі жабамі-рапухамі, п’яўкамі.

Нікуды ад урбанізацыі не ўцячэш. Невялікія вёскі зніклі, знікаюць, будуць знікаць. На іх месцы, дзе яшчэ нядаўна звінеў дзіцячы смех, раздаваліся галасы кабет ля калодзежных жураўлёў, спаборнічалі рана ранічкай (хто каго перапяе) галасістыя пеўні, выконвалі сваё адвечнае «му-у-у» каровы, рохкалі свінні, пасялілася цішыня. Настальгія – «гэта сум па чысціні», лічыў паэт Алесь Пісьмянкоў. І гэты сум не вылечыць ніякімі лекамі.

На шчасце, маё Чурылава не знікла. Яно стала прыгажэйшым. Выраслі новыя дамы – дачы мінчан. Унукі і праўнукі былых жыхароў нашай вёскі перасыпалі, абнавілі старыя хаты, пабудавалі новыя. Люба-дорага глянуць. І я як мог прыбраў свой бацькоўскі дом: абшаляваў звонку, абабіў вагонкай сцены ўнутры, прывёз новую мэблю, жонка развесіла карціны і партрэты бацькоў. Па прыездзе дадому штодня хаджу на могілкі, дзе пахаваны тата з мамай, дзед з бабай, блізкія і далёкія сваякі і, бадай, тысячы землякоў: Кучукі, Якімовічы, Леўшукі, Дуброўскія, Кашалевічы… З многімі я сябраваў, шчыраваў падлеткам на саўгасных фермах і палях, з іншымі вучыўся. Эх, дзе вы, мае дарагія? Ужо не згуляем у футбол. Перабралася на могілкі ці не ўся каманда. Пакуль без мяне, капітана. Але не за гарамі той час, калі далучуся да маіх сяброў і я. Таму і спяшаюся згадаць пра незабыўныя сустрэчы з тымі, па кім сумую. Чамусьці ў снах вы заўсёды вясёлыя, шчодра сыплеце жартамі, упрыгожваючы свой сказ прымаўкамі, прыказкамі, адмысловымі параўнаннямі.

Геніяльны французскі пісьменнік Віктор Гюго заўважыў: «Мы нараджаемся з крыкам, паміраем са стогнам, а жыць застаецца, як ні было б складана, са смехам».

Наш гараж

– Дзе ты будзеш ставіць сваю цацку? – спытаў бацька, калі мы прыехалі з райцэнтра. – Ці дадуць табе гараж у Мінску?

Во сялянская практычнасць! Я і не думаў пра гараж, калі машыну купляў. Знаёмы па лесвічнай пляцоўцы ставіць свае старэнькія «жыгулі» насупраць дома. І летам машына стаіць, і зімой. Відаць, і мне давядзецца да яго прысуседзіцца.

– Дык ці дадуць гараж? – захвалявалася маці.

– Доўга чакаць, мама. Я не пытаўся, але чуў: лягчэй кватэру атрымаць, чым гараж. Нават на платную стаянку, небам крытую, не ўбіцца.

– А зімой ты будзеш ездзіць?

– Не, канечне. Баюся. Ранавата да Абрама на піва.

– То, можа, пабудуем гараж у нас? Саб’ём з дошак. Хоць зімой пад навес машыну схаваеш, – уздыхнуў бацька.

– Гараж е ў В’юнашы, у Петрыка е, Кашаля, – загінала пальцы маці. Яна доўга лічыла, у каго з чурылаўцаў ёсць гараж, пакуль не збілася.

– Ты хіба разуйся, – параіў бацька, – а то на руках пальцаў не хопіць.

Маці нават вухам не павяла.

– Дзевятнаццаць… дваццаць адно, – нават добра ведаючы маю маці, не проста здагадацца, чаму пасля дзевятнаццаці ідзе дваццаць адно. А дзе, урэшце, прапала дваццаць, і чаму дваццаць адно, a не дваццаць адзін?

Маці хадзіла ў школу пяць зім. І тыя матчыны зімы былі надзіва кароткімі – кожная па месяцы, не даўжэй. За пяць месяцаў яна навучылася чытаць, з горам папалам пісаць і прыстойна лічыць. Кароў у полі маці лічыла тройкамі: тры, шэсць, дзевяць, дванаццаць… Не саб’ецца ніколі. Так што будзе не зусім справядліва сцвярджаць, што маці дарма мясіла бахіламі снег ад свайго маленькага хутара Востраў да Прысынкаўскай школы.

Слова маці ў нашым доме – закон, і бацька разумее: колькі б маці гаражоў ні налічыла, яму давядзецца зачальваць шнур і браць у рукі кельму. Амаль усе гаражы ў вёсцы цагляныя, хіба ў Шута з дошак. Але Шут ёсць Шут. Ды і не машына ў яго, а матацыкл. Так што на драўляны варыянт маці не ўгаварыць. А бацька – цясляр, не хочацца яму важдацца з цэглай і растворам, ён усё жыццё хаты рубіў, склюдаваў, столь падшываў, падлогу насцілаў. Хоць і працаваў да самай пенсіі брыгадзірам будаўнічай брыгады, справу з цэглай меў рэдка.

«Што тая гліна ці камень, – казаў ён, – дрэва жыве, яно дыхае. Вазьмі сасну – золатам пераліваецца, а пахне як».

Маці больш празаічны чалавек. Для яе прэстыж куды важнейшы, чым эстэтыка. Галоўнае – не ўдарыць тварам у гразь перад вяскоўцамі. Яна і тэлевізар першай у вёсцы купіла, і дыван замест палавікоў паслала.

– Дык будзем цагляны будаваць? – сумна спытаў бацька не то ў мяне, не то ў маці.

Я прамаўчаў. Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць.

– Анёж! – адрэзала маці, і адразу ўсё стала ясным, як божы дзень. Давядзецца будаваць гараж з цэглы. Усё вырашыла адно-адзінае слова, якое не сустрэнеш не толькі ў тлумачальным слоўніку, але і рэдка ў якім дыялектным. Ёсць «анёл», «анёлак», а матчынага «анёж» няма.

Назаўтра мы паехалі з бацькам у сельсавет, выпісалі паўтары тысячы цаглін і дзесяць мяшкоў цэменту. Дома чакаў прыемны сюрпрыз. На вуліцы каля хаты ўзвышалася ладная горка пяску. Маці ўдалося завярнуць самазвал з сельгастэхнікі. Куды шафёр вёз той пясок і каму – невядома. Паразумеліся з вадзіцелем за дзве пляшкі віна.

Гараж вырашылі будаваць паміж дзічкай і высокай стройнай бярозай, пасаджанай, калі я вучыўся яшчэ ў пачатковай школе. Месца для гаража выбралі добрае – лепшага, бадай, і не трэба.

– Пара і разметку рабіць, – сказаў бацька.

Мы раскалолі на некалькі частак бярозавае палена, узялі сякеру, рыдлёўку, рулетку, шнур і панеслі ўсё гэта на другі бок вуліцы.

– Ты зверху зямлю выбірай, – загадаў бацька, – а я калкі тым часам загастру.

Я зразаў рыдлёўкай чорную тлустую зямлю і думаў, чаму так часта ў нас урадлівую глебу пакрываюць асфальтам, узводзяць на ёй заводы, будуюць гарады. Тысячагоддзі стварала прырода гумусавы пласт, а мы яго губім на вачах. Няўжо нельга будаваць тыя ж гарады на пустках ці хаця б зразаць і вывозіць урадлівую зямлю з месца забудовы, прадаваць яе дачнікам, а калі самім не трэба, то і за мяжу за золата. Быццам і пісалі пра гэта не адзін раз, ёсць адпаведныя інструкцыі, а воз так і стаіць, не зрушыўся. Вунь бацька без інструкцыі ведае, як трэба рабіць.

Мы аж упарыліся, пакуль закончылі разметку. Па некалькі разоў мералі рулеткай шырыню, даўжыню, правяралі дыяганалі шнурам. Спатрэбіўся-такі, а я ўсё гадаў, навошта яго бацька ўзяў – сцены ж класці яшчэ не скора.

Фундамент вырашылі рабіць невялікі: сантыметраў на трыццаць у зямлі і дваццаць на паверхні. Сцены на паўцагліны – вытрымае як піць даць.

Капаў я. Бацька прывёз на самаробнай калясцы два мяшкі цэменту, пасля – напаўразбітую ванну, выкінутую кімсьці з суседзяў на агульны сметнік.

– З яе ўсё выцеча!

Бацька толькі ўсміхнуўся з маёй наіўнасці.

– Укапаем у зямлю – лепшага карыта не трэба. У ёй і бетон замяшаем, а там і раствор для кладкі.

Да абеду мы і фундамент выкапалі, і камення прывезлі. Папрасілі каня ў Шутавай Валі (яна малаказборшчыца) і двойчы з’ездзілі на камяніцу. Гэта побач з намі, метраў дзвесце ў адзін бок, не больш. Пасля абеду маці пайшла правяраць нашу работу.

– Дабром гэта не кончыцца, – як у ваду глядзеў бацька.

Маці падняла такі гвалт, што цэлыя чароды спалоханых варон дружна шуганулі ў неба.

– A Божачкі, a міленькі! Адзін дурань стары, другі малады, – крычала яна, – без пары загоняць мяне ў труну. О-о-я-ёй… А дзе ж вашы вочы былі! Самі не бачыце, дык у людзей спытайце.

Як мы з бацькам капалі траншэі пад фундамент, то людзей не было, а тут адкуль іх толькі набралася. Суседзі з хат павылазілі. Васіль Кучук, Зіна Кашалевіч, яшчэ адзін Васіль Кучук, бацькаў аднакласнік, ехаў на трактары з бочкай, спыніўся. І самае страшнае – як з-пад зямлі вырас спецыяліст па гаражах Валодзя Фурын. Калі Васілі і Зіна для бацькі не аўтарытэт, то ад Валодзі проста так не адмахнешся. Убачыўшы яго, маці яшчэ мацней закрычала:

– А скажы ж ты, Валодзечка, гэтым дурням, што не ўлезе машына ў такі гараж.

Валодзя, як спецыяліст высокага класа, не спяшаўся вынесці прысуд свайму настаўніку: ён шмат гадоў працаваў у бацькавай брыгадзе, і тата вучыў яго будаўніцтву. Майстра Фурын агледзеў выкапаныя пад фундамент траншэі, кашлянуў на ўсякі выпадак і палез у халяву бота па метр. Ён мог бы насіць яго і ў кішэні, але ж некалі пісар насіў пяро за вухам, каб усе бачылі, хто ён. І Фурын не супраць пусціць пыл у вочы. Вось і зараз, напусціўшы на сябе важнасць, памераў шырыню і даўжыню. Усе прыціхлі, а маці старалася нават не дыхнуць. Нарэшце Фурын склаў метр, павярнуўся да бацькі.

– Ушыркі, Шырка, – скаламбурыў ён, – сама раз, а ўдаўжкі караткавата, трэба крышку напусціць.

Ганьба на ўсю вёску. Лепей бы мая машына стаяла пад адкрытым небам. Маці схапіла рыдлёўку і пачала засыпаць траншэю.

– Добра, што яшчэ бетон не залілі, – сказаў Васіль-сусед.

– A то ломікам давялося б памахаць, – падтрымаў яго Васіль-трактарыст, бацькаў аднакласнік.

Хоць не веруючы, я мог бы на Бібліі прысягнуць, што мы з бацькам разметку зрабілі правільна, даўжыні хапае. Але каму трэба мая праўда? У вёсцы ўсё трымаецца на запасе: сена добры гаспадар, хоць у яго адна карова, накошвае на дзве, дроў нарыхтоўвае на тры зімы. Запас бяды не чыніць. Любяць у нас у Чурылаве згадваць гісторыю дзевяностагадовага дзеда Міколкі, які ажаніўся з пяцідзесяцігадовай кабетай. «Чаму ты ўзяў такую маладую? – пацвельваліся са старога. – Табе ж пара шлюб з зямлёй браць». – «Не бяда, што маладая, – адказаў дзед, – лепш хай застанецца, чым не хопіць».

Так і тут, лішні метр у даўжыню не перашкодзіць.

– Што б я без цябе, Валодзечка, рабіла! – дзячыла Фурыну маці. – Хіба зайдзі ў хату, пагрэйся.

Я не сказаў бы, што на вуліцы было холадна. Можа, таму Фурын адмовіўся ад пачосткі, а можа, палічыў, што не зарабіў сто грамаў.

– Дык ты, Валодзечка, будзеш назад ісці – паглядзі, як яны робяць… Мо падкажаш што-небудзь. A то на іх дзе сядзеш, там і злезеш: адзін сляпы на адно вока, другі глухі на адно вуха.

Вось і кантралёра маці знайшла.

Пакрысе цікаўныя разышліся, і мы з бацькам ужо без ранейшага энтузіязму капалі новую траншэю-папярочку, рыхтавалі апалубку.

Усё ішло як па масле, пакуль не дабраліся да сцен. Рэшата было рэдкае, у прасеяны пясок траплялі дробненькія каменьчыкі, раствор атрымліваўся не авохці які. І ўсё ж мы не здаваліся, хоць часта пападала ад маці: і тое не так, і гэта. Бацька выводзіў вуглы, зачальваў шнур, a я выкладваў сцены.

Нічога не выходзіла з расшыўкай, наш раствор рана застываў, рассыпаўся. Не памагалі і парады Фурына. Адзінае, што яму ўдалося, – пераканаць маці, што без расшыўкі гараж будзе яшчэ мацнейшым. Мы з бацькам, вядома, былі ўдзячны Фурыну за гэта, а то маці хацела ўжо спыніць будаўніцтва.

Я працаваў мулярам траха не дваццаць гадоў назад у студэнцкім будаўнічым атрадзе. Набыты там за два месяцы досвед даўно забыўся, давялося па-новаму асвойваць прафесію. І ўсё ж (няхай з горам напалам) сцены раслі на вачах. Былі яны, на вялікі жаль, не ідэальна прамымі, але, як сказаў Фурын, калі не піхнуць, то самі не разваляцца. Аднойчы ён нават своеасабліва пахваліў нас: «Як робіш, – сказаў, – усе недахопы навідавоку, а зробіш – ніхто не тыкае пальцамі на пралікі. Так што не зважайце на крытыку».

Калі дайшлі да крокваў, бацька павесялеў. Тут яму ўжо Фурын не ўказ. Мы ўвачавідкі паклалі ўпоперак і ўдоўж брусы, паставілі кроквы. Крылі гараж толем, а па ім шыферам. Знайшліся ў бацькі і дошкі для падлогі.

– Але нічога гараж! – хваліўся бацька, забіваючы апошні цвік у апошнюю дошку. – Як казаў Іван Лепкаў: хіба мая сучка не сабака, хвастом не віляе?

– Дзвярэй няма, а так быццам усё, – падбіў я бабкі.

– Усё ды не ўсё. У Петрыка вада ў гараж зацякае. Трэба яшчэ пад’езд забетанаваць. І заязджаць лягчэй, і вада не зацячэ. А дзверы я сам зраблю, без твае дапамогі.

Я адышоўся на колькі крокаў, каб паглядзець на гараж збоку. Файны. Цэгла белая, закот прыгожы. Не верыцца, што сам будаваў. Ну няхай з бацькам, але ж і я ў шапку не спаў, цэлы тыдзень шчыраваў. Вось і пабудаваў свой першы, а мо і апошні «дом» у жыцці. Дача мне не трэба. Будаваць не давядзецца. Мая дача – бацькоўская хата. Так што ці вазьму калі-небудзь кельму ў рукі?

Выглянула сонца з-за хмар, асвяціла гараж, і ён здаўся яшчэ файнейшым. Ого, і мы не лыкам шытыя, нешта ўмеем. Вунь бярозка галінкамі махае, таксама радуецца.

Спадабаўся гараж і маці. Яна доўга тупала ля яго, шукала, да чаго прыдрацца, але так і не знайшла.

– Пекны, не горшы, чым у Петрыка, – сказала нарэшце. І гэта была найвышэйшая пахвала. Петрыкаў гараж будаваў сам Фурын.

Мы прывезлі яшчэ два вазы камення, бітай цэглы, умасцілі імі пад’езд да гаража, залілі іх бетонам, а як той застыў, зрабілі цэментную сцяжку, і ўжо назаўтра я паехаў у Мінск.

– Ты, сынок, цяпер часцей наязджай, – сказала на развітанне маці. – На машыне нядоўга крутнуцца туд-сюд. У тую суботу нам каровы ў поле гнаць, чарга, а ў нядзелю сена дадуць, так што чакаем.

Я сеў у машыну, ад’ехаўся ледзь не да могілак, а бацькі ўсё стаялі, глядзелі ўслед. Паправіў праз адчыненае акенца бакавое люстэрка, перайшоў на трэцюю перадачу. Мост Мінск – Чурылава стаў больш трывалым.

«У суботу каровы, а ў нядзелю сена», – згадаліся словы маці. Хочаш не хочаш, а давядзецца прыехаць.

Бузук

З Узды да Зенькавіч я дабраўся на спадарожнай машыне. З Зенькавіч да Чурылава давялося ісці пяшком. Вецер, мокры снег, пад нагамі галалёд. На «жыгулях», асабліва такому вадзіцелю, як я, лепш не ехаць, таму я сеў на ранішні маршрутны аўтобус. Сядзеў бы дома, ды пазванілі з уздзенскай аптэкі: з’явіліся дэфіцытныя ўколы, на якія бацька, як ветэран вайны, стаяў у чарзе паўгода. (Цікава, колькі стаяць на той чарзе не ветэраны?)

А снег не перастае: лепіць і лепіць, лезе за каўнер, растае на твары. Пабег бы – усё хутчэй, ды ногі ў розныя бакі раз’язджаюцца. Іду, унурыўшы галаву.

– Гэй, дарогу! – чую звонкі голас.

Саступаю набок. Бачу – Бузук, саўгасны ветфельчар. І ён мяне прызнаў:

– Сядай, карэспандзент, мой конь падкованы, умэнт дамчыць…

Саджуся. Свішча пуга, рассякаючы паветра, і сыты, дагледжаны конь з месца пераходзіць на рысь.

– Помніш, мы з табою дамаўляліся праехаць па вёсках, пахадзіць па хатах… Не перадумаў?

– Часу няма.

– І ніколі не будзе. Ты надоўга прыехаў да бацькі?

– Дні на тры.

– То давай заўтра і паедзем. Скажам, у Боркі. Я заскочу па цябе. Ну як?

– Не ведаю.

– Думай, карэспандзент, думай!

«А што, калі праўда паехаць? Вады нанашу ў запас, сечкі нарэжу…»

– Паеду.

Назаўтра раніцай, толькі паснедаў, чую: нехта крычыць на вуліцы. Высунуў нос з хаты – Бузук. Тупае каля брычкі, а побач суседка.

– Мо, Колечка, ты б парасят маіх спакладо́ў?

– Дні праз тры чакайце. Сёння ў Боркі еду.

Убачыўшы мяне, Бузук крычыць:

– Скарэй апранайся, а то паўвёскі збярэцца.

– Ды я, лічы, ужо адзеты, толькі паліто накіну…

– Ты што, карэспандзент, дурнем прыкідваешся? Яшчэ вазьмі гальштук пачапі… Горш апраніся – валёнкі, куфайку.

Я хуценька пераапранаюся, выбягаю на вуліцу.

– Слухай, кампазітар, што я скажу, – вучыць па дарозе Бузук, – ты ніякі не кампазітар, а студэнт-практыкант, першы год вучышся. Мяне называй на «вы», можна дзядзькам Колем, як і паложана.

– А калі пазнае хто? Са мной у Зенькавічах дай Бог колькі боркаўцаў вучылася. Некаторыя ведаюць, што я ў газеце працую.

– Скажаш: выгналі за п’янку. Быў кампазітарам – будзеш конскім доктарам.

Аднак і фантазія ў Бузука: я, якому мядзведзь на вуха наступіў, кампазітар, ды яшчэ выгнаны з работы за п’янку. Лепш бы не спатыкацца з былымі аднакашнікамі.

Ад Чурылава да Борак нейкія тры кіламетры. Быў я ў Борках за ўсё жыццё не больш за тры разы. Аднойчы ездзілі гуляць у футбол, а пазней – на танцы. Жывуць там Старавойтавы, Махначы, Клімовічы… Паўсотні хат.

Да Борыка (так называецца густы пералесак) мы даляцелі хвілін за пяць, а вось у Борыку конь пайшоў ціха. Вузкая лясная дарога, паабапал якой шумелі густыя елкі, стромкія сосны, была замецена. Мы злезлі з брычкі. Тут важна метраў трыста адолець, праскочыць мост.

– Слухай, Коля, ты прабач… Тваё прозвішча Ліпай, а ўсе завуць Бузуком. Адкуль такая дзіўная мянушка?

– Хэ-э, у арміі я служыў, бегаў у самаволку, дэбашырыў, ледзь у дысбат не загрымеў. Адным словам, б у з и л – вось і празвалі Бузуком.

– А як жа дома даведаліся пра тваю мянушку?

– Пісьмо адзін друг напісаў: «Здравствуй, дорогой Бузук! Как ты живёшь нынче, бузишь по-прежнему аль остепенился?» Прачытаў гэты ліст сусед, пераказаў знаёмым, і пайшло гуляць па вёсцы: «Дзе быў?» – «У Бузука». «Да каго пойдзем?» – «Да Бузука!» На чужыя вусны не накінеш хусты.

За гаворкай мы і не заўважылі, як дабраліся да моста, праехалі Борык і апынуліся ў Борках. Прыгожая вёсачка: чыстая, прыпудраная снегам, як усё роўна пабеленая перад святам руплівай гаспадыняй. Да крайніх хат падступае лес: высокія дубы, бярозы, і каля кожнай хаты то клён, то ясень, то дзічка. Уяўляю, як тут хораша вясной і летам. Адсюль родам маці дзіцячага пісьменніка-драматурга Алеся Махнача.

– Да каго паедзем? – пытаю ў Бузука.

– Куды спяшацца? Спынімся каля магазіна.

У нас, у Чурылаве, магазін хоць цэглай абкладзены, а тут, у Борках, старэнькі, драўляны, сцены паточаны шашалем.

– Тп-пру! – на ўсё горла крычыць Бузук. Яго голас, падхоплены рэхам, вяртаецца назад: «…пру-у!» – Ты трасцу-матары так крыкнеш, – радуецца Бузук.

Я і не думаю крычаць. Гляджу на Бузука, і смех разбірае. Твар у яго круглы, як гарбуз. Нос ледзь вытыркаецца, затое вузенькія шэрыя вочкі аж лезуць з арбіт, быццам хочуць расстацца з галавою і жыць самастойна. І апрануты ён смешна: ватныя штаны, дзедаўскі, нібыта з чужога пляча кажушок, прыгожы махеравы шалік, на галаве старэнькая шапка-аблавушка, з кішэні тырчыць ланцужок гадзінніка. Гаворыць Бузук, як і ўсе зенькаўцы, расцягваючы «о». Усю рэспубліку аб’ездзіў, а нідзе такой своеасаблівай гаворкі не чуў: «Хто-о́ гэта пайшо-о-о́ў? Што-о́ ты, сляпы, то-о́ ж Кілька вярнуўся дадо-о-о́му!» І ўсё ж ніякай транскрыпцыяй не перадаць гэтае зенькаўскае вымаўленне, бо перад націскным «о» неяк ціха гучаць зычныя…

– Ну, кампазітар, – глядзіць на мяне Бузук, – вунь дзве бабы ідуць. Пакуль я з імі буду гаварыць, на табе венік – каня пачысці, а то ён увесь снегам залеплены.

Я ахвотна бяру венік, пачынаю вызваляць чорнага каня ад белага снегу. Спачатку наш Бусел (так завуць каня) становіцца рабы, пасля ўвачавідкі цямнее. З яго спіны ідзе цёплы парок: угрэўся небарака, пакуль паўзлі па той лясной дарозе.

– Колечка, родненькі, а што ж гэта бу-удзе? – галосіць старэйшая з кабет. – Кароўка другі дзень не ўстае-е! A чым жа я ўнучкаў буду паіць, як прые-еду-уць? I хто ж да мяне паедзе-е, калі кароўкі не бу-удзе?

У мяне на вочы набягаюць слёзы, яшчэ крыху – і сам заплачу.

– Не раві, як бабёр, – груба перабівае старую Бузук, – пагляджу тваю карову. А ў цябе што, Валя?

– Парасят спакладаць трэба. Сем парсючкоў, ужо вялікія – па два месяцы.

– Ідзі дадому, нагрэй цёплай вады, падрыхтуй анучы чыстыя, прыедзем з памочнікам. Гэта – практыкант, вучыцца каля мяне. A ты, бабуля, далёка жывеш?

– На тым канцы.

– Як цябе завуць?

– Маруся.

– То сядай – паедзем. Нешта я цябе не ведаю. А муж яшчэ жыве?

– З вайны не вярнуўся.

– Но-о, Бусел.

Хатка бабы Марусі старэнькая, як і сама гаспадыня, а хлеў новы.

– Твая карова жыве ў лепшым доме, чым ты, – няўдала жартуе Бузук, але бабуля не крыўдзіцца.

– Саўгас хлеў пабудаваў, дзеці памагалі…

Прывязваем каня, ідзём у хлеў. Бузук расчыняе насцеж дзверы, пстрыкае выключальнікам, быццам не баба Маруся, а ён тут гаспадар.

– Паказвай сваю рагулю.

Карова ляжыць на саломе. Уся мыса ў пене. Бедная жывёліна стогне, як чалавек.

– Як яе завуць? – цікавіцца Бузук.

Навошта яму гэта? Пыл у вочы пускае ці сябе паказаць хоча?

– Кветка.

– Ну, Кветка, кажы, што ў цябе баліць? – пытае Бузук у каровы, як доктар у хворага.

– Му-у! – жаласна рыкае карова.

– Сумку прынясі з брычкі! – загадвае мне Бузук. – Бягом! Адна нага тут, другая там.

Бягу.

Бузук выцягвае з сумкі градуснік, задзірае каровін хвост, засоўвае градуснік. Хвілін праз пяць дастае яго, выцірае саломай, падносіць да вачэй.

– Павышаная тэмпература. Зараз дам укол.

Ён выцягвае шпрыц, дастае з бляшаначкі доўгую іголку, разбівае ампулу з нейкай светла-ружовай вадкасцю.

– Пагладзь сваю Кветку, супакой, – камандуе гаспадыні, – а будзе круціцца – трымай за рогі.

Бабуля гладзіць карову. Бузук дастае маленькую бутэлечку, мачае ў спірт вату, прыкладае яе да каровінай шыі, пасля спрытна робіць укол. Кветка спрабуе крутнуць галавой, але баба Маруся ўжо ўчапілася за рогі, не дае ёй варухнуцца.

– А цяпер самае галоўнае наперадзе, – кажа Бузук, – трэба ўпусціць у страўнік магніт. Яна, дальбог, дрот які ці цвік праглынула разам з сенам. Бакі ўздутыя, пена верне. Тут уколам не абыдзешся.

– Такая людская каро-оўка, – зноў галосіць баба Маруся, – і не перабо-орлівая, і малачко тлустае-е… Завошта мяне Бог так пакара-аў?

– Замаўчы! А то зараз кіну цябе тут з тваёй каро-овай і пайду дадо-ому! – окае Бузук. – А ты чаго, як ёлупень, стаіш? – зрывае ўжо злосць на мне. – Давай падымем яе на ногі, бо лежачы не пракаўтне магніт.

Мы доўга тузаем бедную Кветку, пакуль з горам папалам не падымаем яе. Хворая жывёліна не разумее, навошта яе мучаць, чаго ад яе, беднай, хочуць. Вялікія, па яблыку, сумныя вочы, здаецца, глядзяць на нас з дакорам.

– У мяне магніт не такі, як ва ўсіх, – хваліцца Бузук. – На ваенным заводзе дасто́ў. За пяць метраў іголку знойдзе. A дрот я сам да шнура прывязаў. Ты, кампазітар, і ты, Маруся, трымайце карову з усіх сіл, будзе вырывацца.

Я бяру Кветку за рогі, баба за шыю, Бузук раскрывае карове рот, выцягвае язык і пачынае піхаць магніт. Жывёліна не хоча глытаць метал, але Бузук не дае ёй выкінуць яго назад, падпіхае, і вось ужо з мысы тырчыць кароткі канец шнура.

– Праглынула! – радуецца Бузук. – Калі ў страўніку ёсць іголкі ці дрот, цвікі, то выцягнем. Счакаем крыху.

Карова ўся дрыжыць. Бузук і баба Маруся гладзяць яе, супакойваюць.

– Можна і выцягваць, – кажа нарэшце Бузук і асцярожна, не спяшаючыся, цягне за шнур. А вось ужо і магніт паказаўся, а да яго прыліплі два рыжыя цвікі.

– Га-га-га! – рагоча Бузук. Яго вузенькія вочы ззяюць пераможным бляскам. – Ну што я вам казаў? Цяпер твая каро-ова, Мар’я, по-о́йдзе на папраўку. Дзякуй Богу, што на мяне нарвалася.

– А мой жа ты Колечка, а міленькі, дай я табе руку пацалую, – ловіць руку Бузука баба Маруся. Ён асцярожна адпіхае старую.

– Ты не прыдурвайся, не люблю…

– А Колечка, а родненькі, як жа мне аддзячыць, зайдзі ў хату…

– А парасят пакладаць ты сама пойдзеш? – злуе Бузук.

– Не крыўдзі мяне, – ледзь не на каленях просіць баба.

Я першы раз за ўсё жыццё шкадую, што не паехаў у Ваўкавыск вучыцца на ветфельчара. А быў жа выклік. Маці ледзь не сілай выганяла з хаты: «Едзь! Людзі паважаць будуць!» Не паехаў, хаваўся, начаваў на вышках. Дакументы пераслалі назад. Не ведаю, ці паважаюць мяне людзі, але ніхто ніколі так не дзячыў, як дзячыць Бузуку баба Маруся.

Успомніліся словы маці: «І зенькаўцы, і боркаўцы, і чурылаўцы – усе ў яго ў даўгу. Ні ў кога рубельчыка за работу не ўзяў. Каб ноччу пастукаў, чарку папрасіў, а ў мяне не было гарэлкі, я б па хатах бегала, шукала…»

А маці ў мяне ганарыстая, ой як не любіць кланяцца суседзям.

Мы развітваемся з бабай Марусяй, садзімся ў брычку.

– Люблю парасят пакладаць! – рагоча Бузук. – Яны так хораша пішчаць. Музыка, пане кампазітар!

– Які я табе кампазітар, чаўпеш, як заведзены: кампазітар, кампазітар…

– Га-га-га! Так у нас, у арміі, звалі ўсіх вучаных: настаўнік – кампазітар, мастак – кампазітар. Га-га-га!

Тым часам мы пад’ехалі ўжо.

– Рассупонь каня, адпусці падсядзёлак, сена падкінь! – камандуе Бузук на хаду, вылазячы з брычкі.

Што застаецца падначаленаму «кампазітару», калі не выконваць распараджэнне, і я тупаю вакол Бусла, дагаджаю яму.

Гаспадыня падрыхтавала ўжо гарачую ваду, памыла ўслон, расклала на табурэце чыстыя анучы, а на стале ў конаўцы стаяў пяршак для дэзынфекцыі. Я не адзін раз бачыў, як пакладаюць парасят, і заўсёды пасля гэтай карціны дні тры пішчэла ў вушах.

Гаспадар прынёс першага парсючка. Ён моцна трымаў яго за заднія ногі. Той нема крычаў: мусіць, гаротны, думаў, што настаў канец яго парасячаму жыццю.

– Што стаіш, кампазітар, як пень, хапай яго за пярэднія ногі, – крычыць Бузук, выцягваючы скальпель. – На спіну яго хутчэй. Вось так. До-обра!

Ён акунае анучу ў гарачую ваду, мые парсючковае «хадзяйства», пасля змочвае першаком месцы для надрэзаў, мачае ў гарэлку скальпель. Чык-чырык раз, другі: кроў, піск, а Бузук жартуе:

– Ты, студзент, морду не адварочвай, вучыцца трэба, другога парсючка сам будзеш пакладаць, па латыні гэта «кастрыраваць».

Цікавая ў Бузука латынь, як тут не згадаць знакамітае «свінтус грандыёзус» Гарлахвацкага.

– Я ўжо, дзядзька Коля, аднаго спакладаў, даруйце, кастрыраваў, – падкідваю шпільку, – дык ведаеце, ён адкінуў капыты дні праз тры. Я не супраць, трэба вучыцца, у дзядзькі з цёткай шмат парасят.

– Хай пракцікант на саўгасных практыкуецца, ты ўжо хіба сам, Колечка, пакладай, – просіць гаспадыня.

– Давядзецца пашкадаваць вас, – падміргвае мне Бузук.

Ён робіць завязку, змазвае парэз ёдам.

– Нясі другога! – крычыць гаспадару.

Праз гадзіну ўсе парсючкі спакладаны. Яны яшчэ па інерцыі пішчаць у катусе, ды і баліць, вядома.

Пакуль мыем рукі, гаспадыня засцілае стол абрусам. Ставіць на сярэдзіну спацелы графін з гарэлкай. У ім плавае і ляжыць на дне рабіна. Побач з графінам бутэлька белай. А закуска якая: вэнджаная каўбаса, капуста-шаткаванка, бульба дыміцца, і, калі мы ўжо садзімся за стол, гаспадыня прыносіць вялікую патэльню смажанай свініны.

Бузук пацірае рукі, пасміхаецца, яго маленькія вочкі праменяцца радасцю – відаць, любіць пасля зробленай работы прапусціць чарку.

– Гэта неяк поп заглянуў у рэстаран, – расказвае анекдот з барадой, – выпіў каньяку і кажа: «Напиток бо-ожественный». А як плаціць давялося небараку, уздыхнуў горка: «А цены без-бо-ожные!»

Гаспадары засмяяліся.

– Вып’ем за вашых парсючкоў, – падняў чарку Бузук, – каб сабе добрых пакінулі, а за другіх добрыя грошы на базары ўзялі.

– Дзякуй табе, Колечка, што паслухаў, дзякуй за добрыя словы. О-о, усю Вузду абыдзі, а такога чалавека не знойдзеш.

Выпіваем. Хвіліны тры ўсе маўчаць, на зубах хрумсціць капуста. Не даём ганьбы скваркам, бульбе.

– Можа, апенек марынаваных прынесці? – пытае гаспадыня.

– Нясі! Яшчэ пытае, дурніца! – штурхае гаспадар локцем жонку.

Тая ідзе па апенькі.

– Ты мне скажы, – падсоўваецца да гаспадара Бузук, – не тут казана пры памочніку: дагаджаеш яшчэ жонцы, ці ўжо быў конь, ды з’ездзіўся?

– Ха-ха, – рагоча гаспадар. – Бачыш, як выстранчае, адно кіўнуў – пабегла. А з’езджуся – нябось не пабяжыць, самога пашле.

Ён налівае яшчэ па чарцы. Вяртаецца гаспадыня з апенькамі, крышыць у іx цыбулю, запраўляе алеем.

– Варушыся, а то дрэмлеш на хаду, як сонная цяцера.

– Сам ты цяцера: спіш на хаду.

Мы з Бузуком ад рогату ледзь не пад стол падаем. Гаспадыня глядзіць на нас і нічога не разумее, а гаспадар, чырвоны як рак, толькі вачыма бліскае.

– Ён жа хваліўся, – ледзь прамаўляе словы Бузук, – што ты яму дагаджаеш, як міленькая.

– Каб ён лёг ды не ўстаў, дагаджайла! – злуе жонка.

Выпіваем яшчэ па адной.

– А ці шмат работы ў саўгасе? – пытае ў Бузука гаспадыня.

– Адны ўколы замучаць: і лечым, і даразаем, і даведкі даём. А зарплата не авохці якая.

Мы яшчэ выпіваем. Я і гаспадыня патрошку, а Бузук з гаспадаром да дна. Зімовы дзень кароткі. Пара і дадому.

– Ідзі каня засупоньвай, – кажа Бузук, – а то цямнее.

Ён цалуецца з гаспадарамі, тыя соваюць яму ў кішэню чырвонец, ён адпіхвае яго назад. Гаспадыня прыносіць бутэльку самагонкі, затыкае горла газетай. Дзе знойдзеш у вёсцы той корак?

Адмовіцца ад гарэлкі ў Бузука не хапае духу. Бусел назад бяжыць куды шпарчэй.

– Бачыў, як Бузука паважаюць, – махае пугаю ветфельчар, – не ад парожняй бо-очкі затычка. Напішы! Толькі праўду пішы.

…І вось напісаў, а ён ужо не пачытае. Няма Бузука. Глынуў з пахмелля спірту, настоенага на воўчым лыку. Жонка ім ногі націрала. Пілі ўдвух з суседам. Таго адкачала хуткая дапамога, а Міколу не выратавалі. Не шкадавалі яму людзі гарэлкі, прывык да яе, уцягнуўся, і вось фінал. Да бяды часта даводзіць наша славянская дабрыня.

Іду іншы раз пяшком з Узды ў сваё Чурылава, і здаецца, вось-вось рыпнуць палазы ці затарахцяць колы брычкі і пачую знаёмы голас: «Сядай, карэспандзент, у нагах праўды няма!»

Кандрат, пашчупай гусь!

Ні слова сказаць: заікаецца,

ні снапка звязаць: раскідаецца.

Беларуская прымаўка

Прозвішча яго было Кандратовіч. І хоць бацькі далі сыну імя ці то Янка, ці то Сцяпан, усе ў вёсцы як адзін звалі Кандратовіча і ў вочы і за вочы Кандратам. Даўно нябога спіць вечным сном, але і сёння ў Зенькавічах і Чурылаве згадваюць яго незвычайнае, бадай, самае кароткае выступленне на калгасным сходзе.

Сход той праходзіў у зенькаўскім клубе. A дзе ж яму было яшчэ праходзіць? Зенькавічы – цэнтр калгаса, так сказаць, пуп. І людзей набілася ў той клуб, як дзверы зачыніць. Ды і не зачыняліся яны, жанкі і мужчыны стаялі нават у сенцах. Зенькаўцы, чурылаўцы, боркаўцы. У прэзідыуме сядзелі вялікія і дробныя начальнікі і начальнічкі: старшыня райвыканкама, старшыня калгаса, парторг, галоўны заатэхнік і сціплы «пцічнік». (Няхай даруе чытач за русізм, але не птушнік, а менавіта «пцічнік».) Яму, «пцічніку», было няўтульна сярод начальства. Уціснуўшы доўгую шыю ў плечы, склаўшы рукі на худых зашмальцаваных каленях, знябожаны, ціхі, ён стараўся не варухнуцца. Яго маленькія шэрыя вочкі баязліва шнырылі па зале. Той-сёй з мужчын быў нападпітку. Во высмеюць, калі не так што ляпне. І як гэта ён, дурань, пагадзіўся выступіць? І так з яго, Кандратовіча, строяць кпіны, дражняцца. А што будзе пасля выступлення?

«Пцічнік» зноў і зноў пракручваў у галаве сваю прамову. Трэба сказаць, як вучыў парторг, што гусі добра прыбываюць у вазе, падзякаваць начальству за бацькоўскія клопаты, дакляраваць, што будзе працаваць яшчэ лепей. Усё проста, гусі праўда не худыя, і дзе ён, «пцічнік», дзенецца, будзе шчыраваць, вядома. Толькі вось за што дзякаваць начальству – хіба за тое, што любіць закусваць гусяцінай…

Тым часам выступілі галоўны аграном, заатэхнік, брыгадзір.

– Дайце слова Кандрату! – закрычаў нехта з мужчын. – Хай пра гусей раскажа!

У зале рагатнулі. Бедны «пцічнік» аж згорбіўся. Падрыхтаваныя загадзя словы раптам выскачылі з галавы. Па спіне цурком пацёк пот.

– Давай Кандрата! – завёўся п’яны.

Старшыня праўлення падняўся, пастукаў алоўкам па графіне:

– А зараз, як і патрабуе народ, я прадастаўляю слова радавому тружаніку, перадавому пцічніку, якога вы ўсе добра ведаеце, – таварышчу Кандратовічу.

У зале запляскалі ў ладкі.

– Раскажы пра гусей! – на ўсё горла грымнуў п’яны.

Кандратовіч ледзь падняўся з месца. Усе прыціхлі, як адчуваючы, што павінна здарыцца штосьці незвычайнае.

«З чаго пачаць? – мучыўся Кандратовіч. У галаве было пуста, як у кішэні пасля наведвання ўздзенскай сталовай, дзе прадавалася на разліў гарэлка. – Людзі чакаюць, о Божа!»

Ён з надзеяй глянуў на парторга, і раптам як бліскавіца перажагнала яго знябожаны твар. Вось ён, ратунак, вось тыя залатыя слоўцы, за якія ён учэпіцца, як рак за жабу. Так пачынаюць усе, пачне і ён, Кандратовіч.

«Пцічнік» смела ступіў два крокі наперад, ужо без ранейшай боязі глянуў у залу, смела сустрэўся з гарэзлівымі вачыма п’янага мужчыны, які патрабаваў даць яму слова.

– Таварышчы калхознікі! – гучна прамовіў Кандратовіч. А што далей? Забі Бог, ён запамятаваў. У зале маўчалі. Якая ганьба на старасці год, лепш бы яго малога перуном забіла!

– Таварышчы калхознікі! – на ўсякі выпадак паўтарыў Кандратовіч.

– Кандрат, пашчупай гусь! – гаркнуў на ўсю залу п’яны.

«Пцічніка» затрэсла: так абразіць прылюдна! Завошта? Хіба ён горшы ад іншых, гультай-абібок ці п’яніца, хіба заслужыў такое? Прылюдна абразіць. І вырвалася неспадзеўку з грудзей:

– Пайшлі вы на…

Зала скалатнулася ад смеху. Рагаталі абодва старшыні, трымаўся за жывот аграном, хадзілі ходырам плечы ў парторга.

Слоўца, як птушка, выпусціў – не вернецца.

Я доўга не мог зразумець, чаму чалавек гаворыць у жыцці па-беларуску, а варта вылезці яму на сцэну, як мова бацькоў вылятае з галавы, і з губ брыгадзіра, рахункавода, таго ж «пцічніка» злятае нейкая аканцыляраная, абсурдна-бедная, вычурная трасянка. Які ўжо дасціпны, цікавы чалавек дзядзька Волісь, пляменнік пісьменніка Алеся Якімовіча, былы калгасны брыгадзір. Мова яго ёмкая, жартоўна-жывая, а часам з’едлівая – заўсёды натуральная. А вось фрагмент з яго прамовы са сцэны, заклік да жанчын-паляводаў: «Таварышчы калхознікі! – амаль па Кандраце-“пцічніку”, слова ў слова. – Трэба засадзіць – і паглубжа засадзіць… жэншчынам за канюшняй… дзесяць гектараў буракоў!»

І смех і грэх. Гавары, але не дагары. Моксеў Сцяпан тры гады служыў на флоце, стараецца на людзях гаварыць па-руску. «Веря, зверюга, убью!» – крычыць ён на жонку, і вяскоўцаў ад рогату як трасца трасе. Дурнога салаўя – дурная песня.

Толькі Зіну-ленінградку і Чуміча вёска не перадражнівае. Руская мова – іх родная мова. Зіну з блакаднага Ленінграда прывёз наш вясковец у Чурылава. Яна навучылася жаць, касіць, палоць, гаварыць, спяваць, клясці па-чурылаўску, але туд-сюд і прарвецца то рускае слоўца, то прымаўка, то быль раскажа. Сына яе Валодзю выганялі з Уздзенскай сярэдняй школы, што чамусьці носіць імя Пушкіна, а не Крапівы, Труса, якія тут вучыліся. Выгналі з-за двоек па рускай мове. Так, вучыўся няблага, а вось не мог «чевокать», і наша ваяўнічая русмовічка Аксянкруг, якая цярпець не магла беларускага слова, патрабавала расправы з Валодзем. Выклікала ў школу маці, і яна, простая вясковая баба, загаварыла па-руску так, што русмовічка язык прыкусіла. Не чакала. Але Валодзю гэта не ўратавала. Вытурылі. Не прайшоў адаптацыі. Да васьмі класаў вучыўся ў беларускамоўнай драўлянай школе, а тут цагляная, трохпавярховая. Чатыры разы ў тыдзень руская мова і… адзін раз беларуская. Само сабой, усе прадметы на рускай мове.

Прозвішча Чуміча Чумічоў. Яно занадта доўгае, ды і нязвыклы канчатак на «оў». Вось і скараціла вёска Чумічова, стаў назаўсёды Чумічом. Пасля вайны ён прыстаў да чурылаўскай дзяўчыны ў прымы. Яна пашкадавала глухога, кантужанага салдата. Ён крыху чуе, разбірае словы, але гаворыць толькі на рускай мове. У каго павернецца язык перадражніваць чалавека?

Што горш ад казённай, урэзана-куртатай, убогай мовы нашых «гарадскіх» вяскоўцаў? Слухаю іх і адчуваю: здарылася нешта страшнае, разам з вадой асушанай Уздзянкі сплыло трапяткое, зграбнае, звонка-ласкавае слова майго народа. Яно яшчэ не памерла: як цешаць нас родныя песні, як радуе слых гаварок дзядоў і бабуль. Але ўжо нават у іх мову (калі яны не глухія, як Чумічоў) уплятаюцца грувасткія русізмы: апрадзялённа, пажэртваваць, укуснаяпішча. (Зрэшты амаль так гаварылі выступанцы на сесіях Вярхоўнага Савета.) І нават на базары адна вясковая кабета пытае ў другой: «Пачом пятух?»

Радуешся кожнаму напеўнаму слову, яго мілагучнасці, мяккасці, чысціні. Не ўсе мае вяскоўцы, якія пераехалі ў горад, забылі мову бацькоў. Мой аднакласнік Лёня Кучук (за высокі рост, за сілу яго празвалі Мікулам) і ў Мінску, і дома гаворыць натуральна, не баіцца, што горад пазнае ў ім сяльчаніна. Слухаю яго і радуюся. «Думаеш, калі твой мужык – кравец, выстранчае табе, спадніцу ў сем кліноў пашыў, то ўжо можаш з сябе паню строіць…» – трапна сказана.

Неяк я заглянуў на агеньчык да свайго сябра, таксама аднакласніка, Валодзі Шута. Яго сын, трэцякласнік Дзіма, паказаў свой дзённік. У класе ўсяго тры вучні, і Дзіму выклікаюць штодня па ўсіх прадметах. Амаль адны пяцёркі. А як гаворыць ён хораша! Слухаў бы не наслухаўся. «У нас два коцікі, дзядзя Вася: адзін жоўценькі, мордачка, як у лісяняткі, язычок з вузенькі лісточак, спявае, мурлыкае “мур-мур-мур”, мой мурмульчык. Другі каток пярэсценькі, ён дзікунчык, жыве на гары, не даецца ў рукі цап-царапыч. Я прыручу яго, будзе скакаць пад маю дудачку».

Гэтак жа хораша, як і Дзіма, гаворыць старэйшы – Саша. Толькі ў яго дзённіку самая высокая адзнака – тры. Саша любіць тэхніку і не любіць вучобы. «Пагражае двойка за год па беларускай мове», – паскардзіўся Валодзя. Саша хацеў паступаць у Сямёнавіцкае СПТВ, на трактарыста вучыцца, а тут на другі год могуць пакінуць з-за роднай мовы, якую ён ведае выдатна. У Мінску рэдкі настаўнік так размаўляе па-беларуску, як Саша. «Сачыненне на заўтра задалі, – паскардзіўся ён, – не напішу – капцы. Памажыце, дзядзька Вася! Тэма: мой родны кут. Пішыце, настаўніца сказала, што хочаце…» – «Напішы, – параіў я Сашу, – што ты застанешся ў сваім сяле пасля школы. Напішы, што будзеш трактарыстам, як твой дзед і бацька, напішы, што не прывязеш настаўніцы дроў, не разгоніш бульбу, калі паставіць двойку, ну і, вядома, пра нашу вёску, пра людзей напішы, што двойкі па роднай мове ты не заслужыў, бо другой не ведаеш. A памылкі я праверу!»

Саша сеў за стол і за паўгадзіны напісаў сачыненне. Ды як напісаў! Проста, ясна, без выкрунтасаў, і самае дзіўнае – без памылак, так, дзве коскі нейкія. Настаўніца доўга распытвала, хто памагаў, паставіла па мове чатыры, па літаратуры пяць: мусіць, спалохалася, што бульбу Саша не разгоніць. Не магу зразумець, хоць зарэж, чаму яна псавала хлопцу нервы. Не разумею «прынцыповасці» нашых педагогаў.

Яшчэ жыве роднае слова ў вёсцы, звініць, ззяе, дыхае.

Гарадскiя жулiкi

«Не хадзі вечарам, сцеражыся, сынок, каб цябе там гарадскія жулікі не зарэзалі!» – тысячу разоў і яшчэ гэтулькі чуў я ад маці. Пераканаць яе, што ў горадзе жывуць нармальныя людзі, – немагчыма. На яе думку, у Мінску жулік на жуліку едзе і жулікам паганяе. Яго хлебам не кармі, а дай каго-небудзь абрабаваць, памучыць, скажам, а то і адбіць глузды… Мала ім, жулікам, жывых людзей, дык яны ўжо з нябожчыкаў здзекуюцца.

Яна як ускараскаецца на свайго любімага каня, то ўжо не спыніць. Цэлы вечар прагаворыць. А тут і слухаць ёсць каму. Прыйшлі пасядзець, пагаманіць Шутава Валя і Дзедава Волька, заскочыла Маруся Петрыкава.

Жанчыны селі на лаву, маці прымасцілася на невялікім зэдліку і пачала перамываць костачкі жулікам. Яе фантазіі пазайздросціў бы любы пісьменнік. Адклаў газету бацька, і я адсунуў убок паперы. Захацелася паслухаць святую ману, дзе пераплятаюцца праўда, выдумка, казка.

– У Падцацкіх, у бацькоў, была адна дочка. Харошая дзевачка, рабацяшчая. Скончыла яна школку, надумала ў горад паехаць. Бацькі не пускалі: «Не едзь, дачушка! Хіба ў нас дабра мала?..» Не, паеду ды паеду! Сабралі ёй куфэрачак, паклалі сала, кілбасы, далі на дарогу грошай. І паехала яна. На вакзале ў тым Мінску людзей як у лесе камароў. Да дзевачкі падышла жанчына ў гадох: уся нафарбаваная, пры залатых завушніцах. «Памажы мне, дзяўчынка, – кажа, – бюстгальтар паправіць, расшпіліўся. Зойдзем за вугал, а то людзей тут шмат». І пайшла тая дзевачка за бабаю. Ідуць, ідуць, завярнулі ў нейкі цёмны двор. Тая баба шусь некуды – і няма. A дзяўчынку двое жулікаў схапілі за рукі, адзін нож да горла прыставіў: «Пікнеш – зарэжам!» Яна і маўчыць. Забралі ў яе куфэрачак, грошы, кажушок быў новы – знялі. Самі ходу. Беднае дзіцё стаіць, плача. І тут тая баба падскочыла. Пэўна, далёка не адыходзілася, за вуглом стаяла. «Ты б пазнала тых жулікаў?» – пытае. Дурное дзіцё вазьмі і скажы: «І цябе, і іх пазнаю!» Тут тая рапуха – шах брытвачкай па вачох…

Бабы войкнулі. Маруся схапілася за сэрца.

– Ды гэта што, – не дала ім апомніцца маці, – у тым жа Менску брат з сястрою жыў. Бацька дабра ім шмат пакінуў, грошай. Былі ў іх каровы, авечкі, коні, сабакі.

Гляджу на жанчын, думаю: пераб’юць маці, зловяць на слове. У кватэры брат з сястрою тых коней трымалі ці на балконе? І навошта коні ў горадзе? Слухаюць жанчыны, нават вухам не павялі.

– Надумаў той брат жаніцца. Прывёў дадому жонку. Некрасівая, злосная, рабіць не хоча. Яна адразу не ўпадабала братаву. Гадзюкай на яе зыркае, дзень і ноч думае, як са свету звесці. Тая ж братава прыгожая, чарнамазая, румяная, і ў руках у яе ўсё гарыць. Брат не на жонку, а на сястру ўзіраецца. Яшчэ большая злосць яе апанавала. Толькі выгляду не падае: хваліць дзяўчыну за работу, лёстачкі падпускае…

– Не бойся таго сабакі, што брэша, а бойся таго, што лашчыцца, – устаўляе свае пяць капеек Волька.

– Проўда, Волечка, проўда. А брат той надта ж любіў жарабца і сабаку. Ён часта ездзіў па службе. Вярнецца – і бягом да жарабца, а там да сабакі. Гладзіць іх, гаворыць з імі, як з людзьмі. Ну тая баба аднойчы схапіла сякеру і засекла таго сабаку. Тую сякеру ў крыві сястры ў пасцель паклала. Прыехаў брат – няма сабакі, ён і туд, і сюд – няма. Пасля знайшоў засечанага. Ён да сястры, тая нічога не ведае – маўчыць. Ён да жонкі – тая муляецца, быццам ведае і не ведае, але таксама нічога не кажа. Ён за таўкач: «Гавары, а то затаўку!» А ёй гэта і трэба. «Сястра твая, – кажа, – засекла сабаку. Пасцель яе правер!» Брат да ложка, а там сякера і прасціна ў крыві. Забіў бы, ды сястра з дому сышла. А назаўтра адышоў – прасціў. Вельмі ўжо любіў яе. На жонку як шаленец найшоў, трасца трасе, ужо і есці не можа, гадзіна. Узяла касу і горла жарабцу перарэзала. Акурат падладзіла пад прыезд мужыка. Той зайшоў у канюшню, а там лужына крыві, ляжыць бедны жарабец. Ён кінуўся ў хату. Жонка ўжо не хаваецца, на пасцель братавай паказвае. Той адвярнуў посцілку – там чырвоная ад крыві каса. Схапіў брат сястру за косы і на вуліцу павалок. Запрог каня ў сані – у лес памчаў. Завёз на вялікую паляну, паклаў ёй рукі на пень і як секане!.. Сам на каня і ходу. Тая ў адной сукеначцы летняй павалілася ў снег. Кроў і застыла. Апрытомнела. Яе малады хлопец знайшоў, загарнуў у кажух, нясе. Дома адагрэў, доктара паклікаў – вылечылі бедалагу. Засталася яна жыць у таго хлопца. Упадабо́ў ён дзяўчыну, карміў, паіў. Маці хацела выгнаць з дому – не доў. Жаніўся з ёю. Нарадзіла яна хлопчыка. Харошы, як дзве кроплі вады на брата падобны – чорненькі, круглатвары, вочы вялікія і нават радзімка на правай шчацэ.

Цяжка бязрукай гадаваць дзіця: ні пялюшкі памыць, ні пакупаць малога. Муж у ад’ездзе і ў ад’ездзе. Работа ў яго такая. І свякрусе хочаш не хочаш – даглядай і дзіця яго, і жонку. Яна ўжо гадзюкай глядзіць на нявестку, думае, як укусіць. Паехаў неяк сын на заробкі, яна тое дзіця – у посцілку, прывязала нявестцы за плечы і адправіла яе з дому: «Ідзі куды хочаш – і не вяртайся, нашто нам у доме калека!»

І пайшла яна, гаротная, з дзіцём за горад. Ведама, людзей там да гібелі, а прытуліць чалавека ніхто не захоча. Ніводнай жывой душы – каб паспагадала, хоць вады шклянку дала.

Пад вечар няшчасная кабета ледзь ногі перасоўвала. Губы патрэскаліся ад смагі. Дзіцё плача. Не жартачкі – цэлы дзень на санцапёку. Нідзе не натрапілі нават на ручаёк. Суш стаяла. Зямля пад нагамі гарэла. І ўсё ж дабралася да рэчкі. Бераг высокі. Укленчыла яна, каб неяк напіцца: дзіцё ўпала ў ваду, ручкамі махае – тоне. Яна з гарачкі як закрычыць: «Божа мілы, Божа шчыры! Дай мне рукі, каб хлопчыка з вады выцягнуць!» І ў яе адразу выраслі рукі. Яна схапіла малога, напаіла яго і давай маліцца. Куды ісці, хто прытуліць? «Да брата пайду, – думае. – Ён не пазнае мяне». Доўга ішла. Жабравала па вёсках, начавала ў стагах сена, у лесе. Дабралася-такі. Не пазнаў яе брат. Высах увесь, выпетраў. Усё перажываў. Жонку тую яго засудзілі, яна, каб замуж выйсці, сваіх дзяцей зарэзала. Людзі падказалі. На судзе прызналася, што падбіла брата сястру з дому выгнаць. Пра адсечаныя рукі яна не знала, бо не была ў лесе, а то б і яго пасадзілі.

«Адкуль ты будзеш, кабета, куды ідзеш?» – пытаецца брат у сястры. Тая і давай апавядаць пра сваё жыццё. Як пачуў пра рукі, ён прытомнасць страціў. Ачомаўся, абняў сястру і кажа: «Мне, сястрычка, доўга не жыць… Апішу я на цябе дом і ўсё дабро, толькі маліся за мяне, грэшнага. Можа, і даруе Бог». І проўда: ён апісаў на яе хату, куфры, грошы, а сам Богу душу аддоў.

Маці замаўчала. Паднялася з зэдліка, папіла вады. Маруся, Волька і Валя таксама маўчалі. Няўжо ніхто не спытае пра мужа?

– А ці хоць з мужам сышлася? – падала голас Шутава Валя.

Маці, вядома, чакала такога пытання, і адказ у яе быў загадзя падрыхтаваны. Так яна і выкладзе ўсё на талерачку.

– Хто яго ведае, можа, сышлася, а можа, і не…

І тут жанчыны ўсе разам загаманілі, залапаталі, перайшлі на крык. Толькі маці маўчала. Вочы яе гарэлі радасным агеньчыкам, на твары блукала ўсмешка. Але нядоўга яна радавалася.

– Ці ж гэта проўда? – не паверыў бацька.

Жанчыны прыціхлі. Агеньчыкі ў мацерыных вачах адразу ж патухлі, растала ўсмешка. Тут прамаўчаць не выпадае. Сама маці верыла і не верыла ў тое, што расказвала. Трэба паставіць старога на месца. Але як? Відаць, правераным спосабам, які ніколі не дае асечкі. Пабажыцца (язык не адсохне) і спаслацца на нейкі аўтарытэт.

– Каб мне да сённяшняга вечара не дажыць, калі гэта няпроўда. Нябожчыца Алеся Швэльцава мне расказвала, а ёй Муціха.

Разлік дакладны. Ужо вечар. Маці дажыла да яго, адчувае сябе няблага. У Алесі ніхто ўжо нічога не спытае, нават Шутава Валя, хоць яе муж Валодзя – унук нябожчыцы. Мёртвыя ўмеюць маўчаць. Я мог бы ўставіць свае пяць капеек: штосьці падобнае чытаў у арабскіх казках «Тысяча і адна ноч». Але як трапіла такая казка на мамін беларускі хутар – даўмецца не мог. Там і кніг было з гулькін нос: Біблія, школьныя падручнікі ды тры-чатыры брашуры, дзе ледзь не на кожнай старонцы сцвярджалася, «как хорошо в стране советской жить».

Здзіўляе мяне і бацька. Ён не верыць у выдумкі-прыдумкі: усё-такі па вясковых мерках грамацей, газеты чытае, кнігі. Дык чаго ж лезці да маці з пытаннямі? Няўжо сумняваецца? Навошта маці божыцца, на Алесю спасылаецца? (Дарэчы, тая амаль ніколі не лгала.) Навошта выдаваць казку за праўду? Баіцца, што абзавуць манюкай, не павераць другім разам, хоць і праўду скажа? Дзе тут мяжа хітрасці і наіўнасці?

Трэба выручаць маці, хоць яна і не спадзяецца на маю дапамогу. Прашу, каб расказала, як жулікі з мёртвых здзекуюцца. Тут можна і дыктафон уключыць непрыкметна.

– Быў у мацеры адзін толькі сын. З твару анёл. Глядзець на такога хораша. А як возьме ў рукі гармонік, зайграе – здаецца, бязногі кінецца ў скокі. Рада маці. Усе ёй зайздросцілі. Але проўду людзі кажуць: шчасце адно не ходзіць, бяду за сабою водзіць. Трапіў яе сын пад страшную навальніцу. Як ляснула маланкай, ён і ўпоў нежывы. Счарнеў увесь, не раўнуючы як негра. Маці прыбрала яго ў новы касцюм, гармонік у труну паклала, і пахавалі небараку. А ў яго друг быў – ціхманы, а хітры: такі каго хочаш ашукае.

– Ціхая свіння глыбока рые, – згадзілася з маці Маруся.

– Ну дык ён, людцы мае, надумаў зняць з нябожчыка касцюм і гармонік забраць. Падбіў на гэта дзела дружка аднаго, такога ж нехрысця, як і сам. Узялі яны з сабою рыдлёўку, сякеру, мяшок і ноччу паперліся на тыя могілкі. Хоць і жулікі, а баяцца. Рукі ходырам ходзяць ад страху. Апоўначы адкапалі-такі. Цёгам цягнуць труну, цяжкая, не могуць дастаць. Тады прама ў яме падчапілі века сякерай, ірванулі… І падымаецца той гарманіст з труны. Вочы запалі, валасы сівыя, шчацінне на барадзе белае. «Дзякуй, – кажа, – хлопцы, што выручылі, не вылез бы я з гэтай дамавіны!» Другаў памочнік брык – і ногі выцягнуў, а другі страпянуўся, як асінавы ліст. Нешта гаворыць, шэпча, пасля давай – не тут казана – пеўнем кукарэкаць. Звар’яцеў!

– А нябожчык?

– Нічога. Узяў гармонік і пайшоў дадому. Жаніўся, казалі.

– Гадоў сем назад, як у Марфушы вяселле было, сівы музыкант прыязджаў. Хораша-хораша іграў. Гарэлкі ні-ні, нават губы не памачыў. Сумны-сумны, быццам нэндза тачыла. Глянеш на яго – і плакаць хочацца. Ці не ён гэта быў?

– Ён, Волечка, ён. Марфуша Дыванісе казала, а тая – Соньцы Лепкавай.

– Во дзе людзі ў тым горадзе дурныя. Яго ж не забіла тым громам – аглушыла, – пасміхаецца Маруся. – Закапалі б часэ на два ў зямлю – і ўсё. Дык не – у труну хлопца заперлі. Дзіва што яго есць тая нэндза.

– Дактарэ вінаватыя. Яны ж, нябось, глядзелі. Без іх згоды цяперака не хаваюць.

– Што тыя дактарэ сённяшнія панімаюць! – бярэ лейцы ў свае рукі Маруся. – Во раней былі дактарэ. Вазьмі хоць бы хвельчара нашага, Марку. Мёртвых з пасцелі падымаў. Гузікаў дасць, зелля якога нараіць, рыцыны выпіша. Усю хваробу як рукой здыме. Ён бы не доў таго хлопца пахаваць. Нядаўна мая Ліда з Мінска прыязджала. Казала, што цяпер там людзей не хаваюць. Паляць у печы.

– Не можа быць.

– Я табе кажу. Ліда лгаць не будзе. Пабудавалі гэты, як яго, рэматоры…

– Крэматорый, – падказвае бацька.

– Во-во, праведна. Дык там пасадзяць нябожчыка ў печ, націснуць на кнопачку, ён і гарыць. А ты можаш праз шкло ўзірацца. Жменька попелу з чалавека застаецца. Дома той попел трымаюць, грошай на труну не трэба, ні помнікаў табе, ні вянкоў.

– Скупярдзяі, гаўнаеды…

– Анёж не! Хіба ў іх е капейка за душой? Усё ў лэстаране ў дзірку змыюць. Назбіралася іх у тым горадзе, як вос у дупле. Ляснуць марыканцы бонбаю, і адзін попел застанецца.

– Проўду кажаш, Марусечка, проўду.

– Адна кабета мужыка завезла ў той крэ-крэматорый. З гарэлкі памёр. Яна яго ў касцюм крымпленавы адзела, каб хоць на тым свеце не было брыдка перад Богам паказацца. У касцюме тым гузік адарвоўся. Пад рукой не было карычневай ніткі, дык яна сіняй прышыла. Спалілі чалавека, аддалі ёй попел у вурне. Не панесла на могілкі тую вурну, дома паставіла. Паглядзіць на яе, паплача. Сын у Афганістане служыў. Не пусцілі хаваць бацьку. Яму служыць мала заставалася. Доў тэлеграму, што скора вернецца. Яна і рашыла купіць хлопцу тое-сёе з адзежы. Грошай мала было: пайшла у танны магазін.

– Камісійны.

– Во-во. Праведна. Глядзіць мая кабета: касцюм вісіць, цот у цот як у мужа. Яна да яго зірк, а гузік адзін сіняю ніткаю прышыты. Ёй кепска стала, вадой адлівалі. Раздзелі мужа яе там, дзе палілі! Голы на той свет пайшоў.

– Жулікі гарадскія.

Слухаю я, і ўжо сам пачынаю верыць у жывых мерцвякоў, сінюю нітку. Забываю, што на парозе дваццаць першае стагоддзе, ляцяць да іншых планет касмічныя караблі. Карацей кажучы, і смех і грэх.

Бесплатный фрагмент закончился.

179 ₽