Читать книгу: «Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго дачка Каміла»

Шрифт:

© Леанід Лаўрэш, 2025

ISBN 978-5-0067-7878-8

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Першым вядомым нам гісторыкам на Лідчыне, які пачаў навуковую працу раней за свайго сваяка Тэадора, быў Юстын Нарбут. У гэтай кнізе я пастараюся падсумаваць усю знойдзеную інфармацыю пра гэтага чалавека, яго сям’ю і яго навуковую працу. Асаблівая ўвага будзе звернута на дачку Юстына Камілу Юрэвіч з Нарбутаў і ў дадатку да кнігі будзе надрукаваны пераклад яе невялікай аповесці.

Жыццё Юстына Нарбута

Дачка Юстына Нарбута Каміла пісала пра свайго тату:

«Сын дыгнітарыя (саноўніка, вяльможы – Л. Л.), мой бацька нарадзіўся і вырас у дастатку, але калі потым страціў багацце, дык абыякава прыняў зменлівы лёс і ніколі не марыў пра новыя ласкі няўстойлівай фартуны.

Ветлівы да ўсіх, ён умеў цаніць асабістыя якасці кожнага чалавека, але меў адну загану – часам выхваляўся перад сябрамі старажытнасцю свайго роду, які выводзіў з адной крыніцы з Радзівіламі, ад паганскага архісвятара Ліздзейкі»1.

Вядома, што ў чэрвені 1792 г. Юзаф Нарбут хадайнічаў аб уладкаванні свайго сына Юстына ў двор караля2, што ў асноўных рысах супадае з інфармацыяй Камілы: «… бацька яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху, бо мой дзед, калі быў дэпутатам на сойм у Варшаве, зноў ажаніўся на шасцідзесятым годзе жыцця. Маладая жонка мела гарэзлівы шарм і сапсаванае сэрца, яна хутка наставіла яму рогі і растраціла багацце. Няшчасны сірата ад першага шлюбу пасля заканчэння школы быў адпраўлены да генерала Касцюшкі, які 17-ці гадоваму юнаку надаў годнасць афіцэра, праз тры месяцы тату прысвоілі званне капітана.

Неўзабаве скончылася вайна: змяніўся палітычны лад. Бацьку вызвалілі ад службы, і некаторы час ён жыў у Варшаве. Адбываў некалькі дзяржаўных службаў у Літве. Нарэшце ўбачыў цалкам спустошаны нягоднай мачахай маёнтак і з'ехаў да аднаго са сваякоў у Беларусь, дзе яму здарылася добра ажаніцца»3.

Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, Юстын Нарбут у чыне палкоўніка камандаваў пяхотным палком у бітве пад Соламі 25.06.1794 г.

Вядома, што Юстын Нарбут – выхаванец вышэйшай школы Вялікага Княства Літоўскага (універсітэта), быў жанаты з Петранелай Сабаньскай. Яго дачка Каміла пісала пра свайго дзеда па маці: «Мой дзед па матчынай лініі, як і яго продкі, заўсёды збіраў мясцовых беднякоў на Панскую Вячэру. Аднойчы сабралася амаль сто чалавек. Пасля свята яны ўжо збіраліся сыходзіць, калі мая цётка, трынаццацігадовая дзяўчынка, якая па загаду бацькоў дзяліла паміж імі грошы, міжволі прайшла міма старой жанчыны, якая, п'яная ці са злосці, так моцна схапіла дзяўчынку за руку, што тая з крыкамі ад болю, пабегла скардзіцца бацьку. „Я рады гэтаму ўроку для цябе, – холадна адказаў мой добры дзед, – бо нельга праходзіць міма беднага чалавека без міласціны“»4.

Ажаніўшыся, Нарбут стала жыў у Лідскім павеце, у маёнтку Юршышкі (зараз вёска Юршышкес у Літве, каля Эйшышкаў), у 1820 г. быў членам межавога суда Лідскага павета5.

Маёнтак Юршышкі меў шэсцьсот дзесяцін зямлі. Захавалася статыстычнае апісанне гэтага маёнтка, створанае ў 1846—1849 гг.6 Юршышкі знаходзіліся за 63 вярсты ад Вільні, за 42 вярсты ад Ліды і за 8 вёрст ад Эйшышак, да паштовай дарогі з Ліды ў Вільню было каля 27 вёрст. У 1846 г. тут жылі 68 прыгонных сялян – 39 мужчын і 29 жанчын, якія павінны былі адпрацаваць 3 дні паншчыны на тыдзень і па 6 гвалтаў на жніво. А яшчэ яны мелі начныя варты, рамантавалі дарогі і адпрацоўвалі іншыя работы. Сялян-мужчын аддавалі ў рэкруты. За дробныя правіннасці выносіліся вусныя папярэджанні, але часам сялян каралі фізічна. У панскім двары мелася сем слуг – чатыры мужчыны і тры жанчыны.

Больш за палову тэрыторыі маёнтка займаў лес, і таму меліся ідэальныя ўмовы для галоўнай забавы тагачаснай шляхты – палявання, а галоўным прыбыткам сядзібы быў гандаль лесам. Плошча ворнай зямлі ў Юршышках была вельмі невялікай – ледзь толькі пятая частка ад усёй зямлі маёнтка. Зямлю апрацоўвалі канём ці запрэжкай з двух валоў. І панскія, і сялянскія землі ляжалі ў нізіне, і таму глеба ў Юршышках была прыдатнай для сяўбы пшаніцы, ячменю, аўсу. Вырошчвалі таксама каноплі, лён, гарох, фасолю, капусту, цыбулю, бульбу. У гаспадарцы меліся 30 кароў звычайнай пароды, 6 рабочых коней і 12 авечак. Быў і вінакурны завод, але ён выкарыстоўваўся толькі для ўнутраных патрэб. Прадукты, вырашчаныя ў маёнтку, прадаваліся ў Вільні, Эйшышках ці проста на месцы.

Вядома, што Юстын і Петранела Нарбуты 20.09.1835 г. прадалі за 3525 рублёў Яну Антонію Канапацкаму (сыну Казіміра) маёнтак Сумарокаўшчына7.

Панскі дом у Юршышках быў драўляны, аднапавярховы, ацэнены ў 1000 рублёў срэбрам. А гаспадарчыя пабудовы двара – гумно, стайні, куратнік – у 935 рублёў срэбрам. Трэба дадаць, што Юршышкі, як і суседнія Шаўры Тэадора Нарбута (паміж імі 28 км), былі сядзібай-архівам. У маёнтку захоўвалі не толькі збожжа на выпадак голаду (а ён звычайна наведваў Юршышкі раз на тры гады), але і вельмі каштоўныя гістарычныя дакументы, якімі карыстаўся ў тым ліку і Тэадор Нарбут, і менавіта тут упершыню на гістарычнай Лідчыне пісалася гісторыя ВКЛ8.

Магчыма, галоўнай справай Юстына Нарбута было вывучэнне гісторыі роднага краю. У 1818 г. у Гародні выйшла з друку яго першая кніга «Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа» («Rys pierwiastków narodu litewskiego, z różnych dawnych autorów zebrany»), якая змяшчае звесткі пра гісторыю і міфалогію. Гэта невялікая па фармаце для таго часу кніга in-quarto (у чацвёртую частку ліста, памеры старонкі – 24,15 – 30,5 см) мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам «J. M.» Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз на вокладцы была пададзена імя аўтара кнігі. Першую кнігу Юстына Нарбута сучаснікі амаль што не заўважылі, і гэты твор нібы растварыўся ў часе. Але, паўтаруся, гэта была першая кніга пра нашу гісторыю, напісаная на гістарычнай Лідчыне.

У 1842 г., незадоўга да смерці аўтара, у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута «Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II…» («Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce; wyciąg z różnych notacyów i manuskryptów.» T. 1—2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.).

Другая кніга Юстына Нарбута выклікала сапраўдную ўвагу з боку інтэлектуальнай эліты таго часу – дастаткова сказаць, што рэцэнзію на яе напісаў сам Юзаф Крашэўскі. У гэтай працы аўтар галоўным чынам апісаў гісторыю барацьбы паміж біскупам Канстанцінам Бжастоўскім і гетманам Казімірам Сапегам у 1693—1701 гг., якая скончылася бітвай пад Алькенікамі. Дарэчы, вядома, што ад лідскай шляхты акт канфедэрацыі ў Алькеніках у 1700 г. падпісалі продкі маёй жонкі Стэфан і Казімір Хрулі9.

Гісторыкі лічаць, што, магчыма, інспіратарам напісання гэтай кнігі быў нехта з Сапегаў, бо Юзаф Крашэўскі ў рэцэнзіі на яе ставіць у віну аўтару празмернае абяленне Сапегаў і ачарненне біскупа Бжастоўскага, асабліва ў другім томе гэтай працы, а таксама невыкарыстанне Нарбутам шэрагу крыніц, напрыклад, багатага збору лістоў Андрэя Хрызастома Залуцкага.

Сёння абодва гэтыя, напісаныя ў Юршышках творы, для нас аднолькава каштоўныя. Першы – бо ён з'яўляецца адным з першых даследаванняў гісторыі ВКЛ, другі, хоць ён ахоплівае толькі дзевяць гадоў з 1693 па 1702, бо вельмі добра перадае дух эпохі. Важна, што праз усю другую кнігу чырвонай ніткай праходзіць галоўная выснова Юстына Нарбута – вераломства і нянавісць разбураюць дзяржаву. Гісторык гаворыць пра катастрафічныя наступствы палітычных інтрыг для жыцця краіны. Таму князі Сапегі ў кнізе Нарбута, нібы апошнія магікане Вялікага Княства Літоўскага, спрабуюць супрацьстаяць хаосу, які ахоплівае дзяржаву. Па меркаванні Нарбута, разам з выключэннем Сапегаў з палітычнага жыцця, заканчваецца і само ВКЛ. «На гэтым перыядзе я спыняю сваё пяро, якое апісвае гісторыю Літвы, бо ў наступныя часы пачынаюцца ўплывы суседніх народаў, і да гэтых часоў я не смею дакрануцца», – заканчвае Юстын Нарбут сваю кнігу10.

Дачка Каміла пісала: «Мой тата быў прыгожы ў маладосці, бо і ў сталым узросце ён меў прыгожую і высакародную постаць. Меў мяккі характар, яго здаровы розум быў адшліфаваны адукацыяй, быў добрым грамадзянінам, суседам, паблажлівым панам для слуг і сялян, яго любілі тыя, хто ведаў блізка. У добрай кампаніі бацька жартаваў і мог лёгка выказваць свае самыя складаныя думкі. Ён любіў літаратуру і сам любіў пісаць. Нават выдаў два невялікія гістарычныя творы, а пераклад з французскай гісторыі пра Генрыха IV пакінуў у рукапісе»11.

Як бачым, у рукапісе застаўся яшчэ і пераклад кнігі пра Генрыха IV.

Таксама нам вядомы рукапіс Юстына Нарбута пра наведванне царом Пятром І родных мясцін гісторыка. Нарбут перадаў рукапіс Адаму Кіркору, які надрукаваў яго ў розных крыніцах12. У адным са сваіх артыкулаў і я карыстаўся гэтым тэкстам.

Юстын Нарбут памёр 25 верасня 1845 г. ва ўзросце 72 гады і быў пахаваны на віленскіх могілках Росы, надмагільны помнік-камень з надпісам паставіла па бацьку дачка Каміла13. Помнік-камень, памерам 90 на 100 см, мае адшліфаваную пярэднюю частку, на версе якой выбіты выпуклы крыж, нахілены ўлева, а ўнізе выгравіраваны надпіс:

«ПАРЭШТКІ / С. П. / ЮСТЫНА НАРБУТА / ПАЛКОЎНІКА / ПАМЁР У ВЕРАСНІ 1845 г. / 25-ГА ДНЯ ВА ЎЗРОСЦЕ 72-ГАДЫ / АД УДЗЯЧНАЙ ДАЧКІ / К. НАРБУТ //.»14. Адрас пахавання, Старыя Росы, сектар – 12, нумар магілы – 0038.

Надмагільны помнік-камень могілках Росы


Тэадор Нарбут пісаў у Вільню свайму сябру, бібліяфілу і доктару Аніцэту Рэніеру15: «Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня (відочна, па юліянскім календары – Л. Л.) пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я радзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня (27 верасня па грыгарыянскім календары Л. Л.)»16.

Адзначу, што Тэадор Нарбут быў дастаткова далёкім сваяком Юстына. Лінія Тэадора пайшла ад лідскага маршалка Казіміра Нарбута (нар. каля 1650 г., жанаты з Мар'янай Навіцкай), які быў родным братам Міхала Нарбута – дзеда Юстына. Лідскі маршалак Казімір Нарбут з'яўляўся прадзедам гісторыка Тэадора Нарбута. Як бачым, паміж Юстынам і Тэадорам атрымаўся зрух на адно пакаленне, і таму бацька Тэадора Нарбута – Яўхім, быў траюрадным братам Юстына17. Але ў традыцыях тых часоў, нават самыя далёкія сваякі называліся кузынамі і паміж імі падтрымліваліся сваяцкія адносіны, якія, як бачым з ліста Тэадора Нарбута, меліся і паміж гэтымі дзвюма галінамі рода.

З тэкстаў Камілы Нарбут18 бачна, што яна неаднаразова сустракалася з Тэадорам Нарбутам і слухала яго расказы пра нашу гісторыю.

У гістарычным архіве Летувы захоўваецца рукапіс успамінаў Камілы Нарбут пра Тэадора Нарбута19, якія надрукаваны ў маёй кнізе пра нашага славутага гісторыка з Шаўроў20. Сярод іншага, з яе тэксту даведваемся, што сярод найважнейшых гістарычных экспанатаў, якія Тэадор Нарбут збіраў ўсё жыццё, у маёнтку Шаўры меліся рыцарскія даспехі і «ідал» – каменная статуя ўяўнай багіні кахання. Калі Каміла наведала Шаўры ўжо пасля смерці гісторыка, пасля секвестру маёнтка і вывазу яго збораў у Вільню, яна напісала: «У прасторным жылым доме, у якім мелася грунтоўная бібліятэка і вялікая калекцыя археалагічных старажытнасцей, цяпер пануе страшэнная пустата. Няма ўжо застаўленых кніжных шафаў, няма бронзавага літоўскага бога вайны, якім так ганарыўся наш гісторык»21.

Радавод Юстына Нарбута

Спынімся трошкі на радаводзе Юстына Нарбута.

Прадзед Юстына – лідскі падкаморы Уладзіслаў Нарбут, жанаты з Лукоўскай.

Дзед – пісар лідскага гродскага суда Міхал Нарбут, у 1733 г. падпісаў элекцыю караля Станіслава Ляшчынскага, у 1734 г. ён – ротмістр Лідскага павета, у 1739 г. – дэпутат Трыбунала ВКЛ22.

Бацька Юстына Нарбута – Юзаф Нарбут (нар. каля 1752) быў жанаты ў другім шлюбе з Ганнай Гразмані. Кім была яго першая жонка, невядома. З 1768 па 1794 г. Юзаф Нарбут займаў пасаду лідскага харунжага23.

Лідскі харунжы, таргавічанін24 Юзаф Нарбут, быў тыповай асобай свайго складанага часу. У 1768—1769 гг. ён выступаў пасрэднікам ад імя біскупа Масальскага ў спрэчцы біскупа з віленскім ваяводам Каралем Радзівілам, Нарбут з'яўляўся набліжаным да біскупа чалавекам, і Масальскі нават дзяліўся з ім сваімі важнымі думкамі аб палітычных справах.

Юзаф Нарбут быў абраны паслом на сойм 1773 г. які склікаўся па ініцыятыве Расіі, Прусіі і Аўстрыі, і павінен быў узаконіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Каб шляхта не ўжыла liberum veto, паслы на сойм і сенатары, якія за грошы служылі замежным дзяржавам, аб'явілі яго канфедэратыўным соймам (на такім сойме рашэнне прымалася большасцю галасоў), і Юзаф Нарбут быў сярод падпісаўшых акт канфедэрацыі. На гэтым сойме Нарбут ўвайшоў у шэраг розных камісій, у тым ліку і камісіі, якая вырашала лёс маёмасці езуітаў у Літве, камісіі па наглядзе над шпіталямі ў Літве і г. д. Гэты ж сойм прызнаў за ім староства Мерач. У 1873 г. унучка Юзафа Нарбута Каміла Юрэвіч з Нарбутаў, надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім, сярод іншага пісала: «Апошнім пажыццёвым (мерачанскім) старастам быў Агінскі, па смерці якога, гэтае староства, па наданні нейкага сойма, на 50 гадоў павінен быў атрымаць харунжы літоўскі Юзаф Нарбут (унучка значна падвысіла свайго дзеда, ён быў толькі лідскім харунжым – Л. Л.). Але не маючы надзеі перажыць Агінскага, Нарбут прадаў свае правы некаму іншаму. Сёння зрабілі па-іншаму, гэтая зямля падзелена паміж беднымі сялянамі»25.

Харунжы Юзаф Нарбут меў вялікі ўплыў у нашым павеце і, як пісалі сучаснікі, «разам з крэўнымі і сябрамі заўсёды „як трэба“ праводзіў павятовыя соймікі». Нават лічылася, што ён цалкам узяў «пад сябе» лідскія соймікі, але насамрэч у павеце яму супрацьстаяў падскрабі ВКЛ Антоні Тызенгаўз, які, наогул, не любіў усіх Нарбутаў. Гэты вядомы чалавек не дазволіў Юзафу Нарбуту атрымаць пасаду лідскага падкаморага і ордэн св. Станіслава.

Палітычная дзейнасць патрабавала грошай і ў 1780 г. жонка харунжага прасіла караля, каб скарб ВКЛ заплаціў частку іх доўгу, а астатнюю частку дазволіў сплаціць па долях, якраз тады Камісія скарбаў ВКЛ разглядала даўгі Нарбута, і яму пагражала канфіскацыя маёнтка Перапечыца26. Вядома, што Тамаш і Бенедыкт Мігдалы, уласнікі фальварка Мігдалы з Забалацкай парафіі, ахвяравалі лідскім піярам 12000 злотых, 1 000 злотых з гэтай сумы гатоўкай, а астатняя сума забяспечвалася праз застаўное права маёнткам Несікоўшчына, потым гэта забеспячэнне было перанесена на Вялікую Перапечыцу лідскага харунжага Юзафа Нарбута27.


У 1784 г. Радзівіл запрашаў Юзафа Нарбута ў Нясвіж на сустрэчу караля, і харунжы абяцаў прыехаць. Пра гэту сустрэчу ёсць вельмі цікавы артыкул Чэслава Яноўскага28.

Другім шлюбам Юзаф Нарбут быў жанаты з Ганнай з Гразмані і таму бываў у Вільні ў свайго швагра Пятра Гразмані, які з'яўляўся сябрам тайнай арганізацыі патрыятычнага напрамку. Тут лідскі харунжы сустракаўся з Якубам Ясінскім. Верагодна, потым Юстын Нарбут праз свайго дзядзьку меў пратэкцыю Ясінскага перад Касцюшкам і гэтак атрымаў чын палкоўніка. Стэфан Бурхард – аўтар артыкула пра Юстына Нарбута ў польскім «Слоўніку біяграфічным» лічыць верагодным, што менавіта пра яго ідзе справа ў «Актах Касцюшкі», дзе фігуруе нейкі Нарбут, які з падачы Якуба Ясінскага 27.08.1794 г. атрымаў патэнт палкоўніка міліцыі Лідскага павета.

Удзельнічаў лідскі харунжы і ў так званым «чатырохгадовым сойме» (з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 г.), на якім быў праведзены шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сферах. У рукапісным архіве дачкі Тэадора Нарбута – Тэадоры Манчунскай захаваліся копія з рукапісаў Юзафа Нарбута, якімі валодаў яе бацька. Прывяду кавалак з тэксту лідскага харунжага, перапісанага і дапоўненага дачкой Тэадора Нарбута:

«Падчас чатырохгадовага сойма на соймовай радзе адбылася наступная падзея. Багатай пані Заянчкоўскай з Літвы трэба было перайграць адну справу. Мусіць, тады нехта падказаў ёй, што гэта можна зрабіць з ласкі літоўскага соймавага сакратара. Пакрыўджаная кабета прыйшла ў перадпакой залы рады, уселася каля нейкага Ягамосці і спытала ў яго: «Ці ведаеце вы соймавага сакратара?». Той адказаў, што ведае. «Тады, як ён увойдзе, прашу яго мне паказаць». Неўзабаве ўваходзіць соймавы каронны сакратар, цалкам недатычны да прайгранай справы, але Ягамосць кажа, што гэта той самы сакратар. Кабета падскоквае да яго з крыкам: «Ты не справядлівы! Ты пагубіў мяне з 10 сіротамі, таму – маеш!», – і ўрэзвае яму моцную аплявуху. Зрабіўся скандал, кабету прагналі і данеслі каралю. У той час соймовым літоўскім сакратаром быў Юзаф Нарбут і менавіта праз яго рукі праходзіла справа пані Заянчкоўскай. Калі на паседжанні ён падаў паперы літоўскаму канцлеру, кароль убачыў яго каля сябе і падаў знак, каб падышоў: «А што, пане Нарбут, ці ты таксама атрымаў?», – пытаецца кароль з усмешкай. «Найяснейшы пане, сёння атрымлівае не кожны, хто заслугоўвае», – адказаў сакратар Нарбут. «Як гэта?». «Вось у гэтай справе, замест мяне, атрымаў пан каронны сакратар!».

Гэтая гісторыя ў свой час стала добра вядомай, і не без дапамогі караля Нарбут хутка меў староства, якое да гэтага прасіў іншы заслужаны і высокі дыгнітарый.

Пасля с. п. Юзафа Нарбута засталіся вельмі цікавыя ўспаміны, якія сёння знаходзяцца ў пана Браніслава Нарбута, яны падрыхтаваныя да друку, але час і акалічнасці не дазваляюць гэтага покуль зрабіць»29.

Браніслаў Нарбут – родны брат Тэадоры Манчунскай і паўстанец 1863 г. Пасля паўстання ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання, якое замянілі на 15-ці гадовую ссылку ў Сібір. Пасля вяртання ў Шаўры, Нарбут заняўся гаспадаркай. У 1880-х гг., калі Манчунская ўпарадкавала свой архіў, Браніслаў быў гаспадаром бацькоўскага маёнтка Шаўры30 таму ўспаміны Юзафа Нарбута захоўваліся ў Шаўрах. Ці дачакаліся яны нашых часоў, невядома.

Юзаф Нарбут з'яўляўся актыўным прыхільнікам Таргавіцкай канфедэрацыі і лічыўся асобай, «адданай расійскай партыі». Невядома, як паводзіў сябе Юзаф Нарбут падчас паўстання 1794 г., аднак у складзеным Рапніным спісе небяспечных асоб Лідскага павета было напісана, што небяспечныя «ўсе Нарбуты, за выключэннем харунжага Лідскага павета», а пасля паразы паўстання харунжы Лідскага павета атрымаў ад Рапніна ахоўны ліст, які забяспечваў яго маёмасць ад ваенных рэквізіцый. Магчыма, гэтаму паспрыяла не толькі другая жонка, але і дачка лідскага харунжага Юлія, бо абедзве яны былі каханкамі ўсемагутнага Рапніна, але пра гэта трошкі ніжэй.

У 1797 г. Юзаф Нарбут кіраваў маёнткам літоўскай артылерыі – «графствам Ліпнішскім», якое хутка стала дзяржаўнай маёмасцю31.

Другая жонка Юзафа Нарбута Ганна з Гразмані

Трэба сказаць некалькі слоў пра вядомую перакладчыцу і літаратарку, другую жонку Юзафа Нарбута – Ганну з Гразмані. Ганна – дачка Юзафа Адальберта Гразмані (1718—1794?) і Ганны з Галынскіх. Верагодна, нарадзілася на Любліншчыне ці на Мазоўшы.

Існуюць розныя версіі адносна вайсковых званняў яе бацькі. Па першай версіі, Юзаф Гразмані – капітан войска кароны. Другую версію выказаў яго сын Пётр, які на следстве ў 1796 г. паказаў, што яго бацька Юзаф быў каронным палкоўнікам і ўладальнікам невялікага маёнтка, а маці ў дзявоцтве – Красінская. Аднак звесткі пра прозвішча маці не дакладныя, бо з Красінскіх была не яго маці, а бабуля. Вядома, што Ганна Гразмані спрачалася з родам Красінскіх за пасаг сваёй маці. Да 1767 г., як вынікае з прашэння да караля, яе дзед быў камісарам маёмасці Любамірскіх у Люблінскім ваяводстве, а потым 12 гадоў камісарам у абознага Казіміра Красінскага, які не выканаў сваіх абяцанняў перад Гразмані. Страціўшы грошы, Гразмані вымушаны былі прадаць сваю каралеўскую зямлю ў Самборскай эканоміі і перабраліся ў Варшаву32.

Род Гразмані паходзіў з Італіі33. У 1775 г. гэта сям'я атрымала ці пацвердзіла права шляхты. На Лідчыне, з канца XVIII ст. Гразмані валодалі маёнткам Лаўчылавічы (знаходзіўся каля сучаснай вёскі Рылаўцы), часткай маёнтка Ішчална, маёнткам Місевічы і фальваркам Лебяда34.

Ганна Гразмані мела некалькі братоў.

Вікенці Гразмані валодаў на Лідчыне маёнткам Лаўчылавічы.

Юзаф Гразмані (1762—1843) – прэлат Віленскага кафедральнага сабора. Крашэўскі пісаў: «Прэлат Гразмані, адзін з сучасных калекцыянераў, меў навуковую калекцыю, якая складалася з розных рэчаў, змешаных у прыгожым беспарадку. Мелася ў яго і некалькі ахвярных каменных молатаў, але не ведаючы ні іх ранейшага прызначэння, ні іх гістарычнай каштоўнасці, з задаволенай усмешкай, якая казала пра яго душэўны спакой, паказваў усім, як дасціпна ён знайшоў новую ролю для гэтай рэчы, калі, уставіўшы ў адтуліны свечку, зрабіў з яе падсвечнік»35. Вядома, што будучы прэлат нарадзіўся ў 1762 г. у Мазоўшы, у 1771—1779 гг. вучыўся ў рыцарскай школе дзе вывучаў ваенную архітэктуру а ў 1780 г. працаваў на фабрыцы зброі ў Казеніцах36.

Пэўна найбольш цікавым з братоў быў Пётр Гразмані. Спачатку ён знаходзіўся ў атачэнні караля Станіслава Аўгуста і стаў яго шамбелянам, нават збіраў грошы на нейкія «заморскія цікавыя рэчы», пэўна, на вельмі цікавыя каралю ў той час мінералы. Але ўжо ў 1780 г. кароль устрымаўся ад выплаты яму грошай, таму Пётр Гразмані дамагаўся вяртання гэтых рэчаў і меў намер пусціць на продаж праз латарэю. Шмат хто з набліжаных да караля асоб мелі аб ім самае горшае меркаванне, высмейвалі незаконна выкарыстаны Гразмані тытул барона і папярэджвалі караля аб «вар'яцтве гэтага чалавека», які «адлучаны ад супольнасці сваіх сваякоў і не мае з імі ніякай сувязі».

У той час князь Адам Казімір Чартарыскі выказаў думку, што перакладчыкам распуснай камедыі «Тры гадзіны пасля вяселля» (1781 г.) з'яўляецца менавіта Пётр Гразмані. Магчыма, агульнае меркаванне пра яго было выклікана яшчэ і тым, што Гразмані, які ажаніўся да 1780 г. з Тэкляй Папроцкай, не змяніў свайго бязладнага ладу жыцця і праз тры дні пасля вяселля нават аддаў сваю маладую жонку аднаму з крэдытораў за даўгі.

У 1781 г. Гразмані з'яўляўся членам трох масонскіх ложаў у Вільні – здаецца, страціўшы каралеўскую ласку, ён перабраўся ў Літву, але і тут у шляхецкіх колах набыў рэпутацыю «чалавека, нявартага павагі». Тым не менш, з гэтага часу ў яго жыцці пачалася новая эпоха.

У 1789 г. на гандлях віленскага войтаўскага суда Пётр Гразмані набыў у Вільні камяніцу, а пасля абвяшчэння Канстытуцыі 3 мая ўпісаўся ў гродскія кнігі як месціч, ці па сучаснаму – гараджанін, і стаў членам віленскага магістрата. У 1793 г. на грошы жонкі набыў за Вострай брамай сядзібу з пляцам і садам. У той жа час пачаў актыўную палітычную дзейнасць. Часова апынуўшыся ў Варшаве, стаў адным з першых удзельнікаў змовы, арганізаванай генералам Ігнацыям Дзялынскім, які з 1793 г. рыхтаваўся да будучага паўстання і належаў да яе радыкальнага напрамку. Летам 1793 г. Гразмані быў накіраваны ў Вільню, бо як жыхар гэтага горада ведаў мясцовыя стасункі і меў асабістыя сувязі як са шляхтай, гэтак і з месцічамі. Неўзабаве Гразмані пацвердзіў, што на Віленшчыне чакаюць паўстанне. Сярод будучых лідараў першым ён ставіў Якуба Ясінскага, бо лічыў, што Ясінскі можа ўзначаліць віленскі гарнізон. Відавочцы тых падзей пішуць у сваіх мемуарах, што Гразмані прадставіў Касцюшку свой віленскі даклад як доказ падрыхтаванасці краіны да рэвалюцыі.

У доме Пятра Гразмані ў Вільні па вуліцы Віленскай частымі госцямі былі: закаханы ў яго жонку Ясінскі і пісьменнік і палітычны дзеяч Юзаф Ігнацый Касакоўскі, які таксама абагаўляў яго жонку, бываў тут і лідскі харунжы Юзаф Нарбут, другая жонка якога Ганна, пісьменніца і перакладчыца французскіх твораў, была сястрой Пятра Гразмані. Падчас знаходжання ў Вільні яна наведвала дом Пятра і Тэклі Гразмані, да якіх часта прыязджалі змоўшчыкі ў тым ліку і Якуб Ясінскі.

У час аблогі Вільні 18 ліпеня 1794 г. Гразмані і іншыя гараджане былі прызначаны магістратам для падтрымання парадку ў горадзе і падрыхтоўкі яго да абароны. Але ўжо ў жніўні Гразмані з'явіўся ў Варшаве ў якасці камісара для падпісання скарбовых білетаў коштам у 25 злотых. Пасля паразы пад Мацяёвіцамі ён разам з Ясінскім і іншымі асобамі, апынуўся ў Народным савеце, дзе разам з Гуга Калантаем выступіў у падтрымку Кракаўскага акта паўстання, у гэтым савеце, па словах сучаснікаў, ён адыграў важную ролю.

Пры захопе Варшаўскай Прагі Гразмані спаліў і знішчыў усе дакументы і паперы, якія тычыліся паўстання 1794 г. Пасля разгрому паўстання ён не спыняў падпольнай дзейнасці. Разам з іншымі, уступіў у створаны 13 сакавіка 1795 г. Цэнтральны сход, які наладжваў сувязі з іншымі тайнымі арганізацыямі і высылаў агентаў за мяжу. У выніку арышту аднаго са змоўшчыкаў і канфіскацыі папер, прускія ўлады разам з іншымі членамі Сходу пасадзілі ў турму ў Шпандаву і Гразмані.

Паводле данясення прэзідэнта Паўднёвай Прусіі Хойма ад 9.5.1796, Гразмані яшчэ быў жывы. Аднак з таго часу пра яго не было ніякіх вестак. Магчыма, што ў 1811—1812 гг. ён ідэнтычны члену ложы Святыні Ізыды Пятру Гразмані, прыведзеным у «Спісе польскіх масонскіх ложаў».

Жонка Пятра – Тэкля Гразмані (1763—1797) з-за Ясінскага пачала разводны працэс з мужам, але паўторна выйшла замуж за Касакоўскага. Памерла 3 студзеня 1797 г. і пахавана на віленскіх могілках37.


Ганна Нарбут з Гразмані атрымала добрае выхаванне і адукацыю, выдатна валодала французскай мовай. Вядомыя яе пераклад кнігі Ален Рэне Лесаж «Кульгавы д'ябал» (A. R. Lesage’a «Diabel kulawy», 2 тамы, Вільня, 1777.) і пераклад кнігі Мары Катрын Дэжардэндэ дэ Віледзю «Астрэя альбо Тамерлан» (М. C. Desjardins de Villedieu «Astrea albo Tamerlan», Вільня, 1778.), а таксама кніжка для моладзі Арно Бэркен «Сябар дзяцей» (A. Berquina «Przyjaciel dzieci», Вільня, 1786.), якую Ганна прысвяціла свайму сыну.

Усе гэтыя кнігі друкаваліся за грошы яе мужа ў друкарні віленскіх піяраў, а апошняя з іх, магчыма, выйшла ўжо пасля смерці перакладчыцы. У 1778 г. былы правінцыял Ордэна піяраў, астраном, матэматык і паэт Феліцыян Выкоўскі38 прысвяціў верш «перакладчыцы кніг»39, лідскай харунжыне Ганне Нарбут з Гразмані40.

Піяр Мікуцкі Антоні ў 1770—1772 гг. выкладаў у Лідскім піярскім калегіюме паэзію і рыторыку. Позняй восенню 1771 г. ён паставіў першую на лідскай сцэне п'есу «Няшчасце заўсёды ўважлівых і незадаволеных людзей, і адзіная асабістага няшчасця прычына, прыпісаная часу або сапсаванаму па іх меркаванні грамадству». П'еса была напісана ім у гонар харунжых Лідскага павета Нарбутаў і «сказана сцэнічным вобразам» у памяшканні калегіюма. У п'есе высмейваліся заўсёды незадаволеныя, буркатлівыя на сапсаванасць сучаснага ім грамадства людзі41.

Літаратуразнаўцы лічаць пераклады Ганны Нарбут сярэднімі па якасці, але прызнаюць важнасць і своечасовасць іх з'яўлення42.

Вядома, што і бацька Юстына – лідскі харунжы Юзаф Нарбут, таксама быў схільны да творчай працы. Пра гэта яскрава сведчылі яго каштоўныя ўспаміны, кавалак з якіх прыведзены вышэй. Але тэксты, напісаныя Юзафам Нарбутам засталіся ў рукапісах. Літаратурныя здольнасці дзеда і бацькі пераняла Каміла Юрэвіч з Нарбутаў.


Ганна Гразмані ў свой час была вядомая сваім вольным жыццём, часта спынялася ў Варшаве, дзе жыла на вуліцы Доўгай. Гэтая жанчына мела скандальную рэпутацыю, па словах сучаснікаў, яна аднолькава горача захаплялася як мужчынамі, так і літаратурай43.

У той час сярод лідскай шляхты была распаўсюджана гульня, пад час якой шляхціцы, у залежнасці ад таго хто галоўны ў сям'і дзяліліся на «войска Лясковіча» і «войска Валёвай». Справа ў тым, што ў Лідскім павеце быў заможны стараста па прозвішчу Валь, уладар Ішчалны, Голдава і іншых вялікіх гаспадарак. Ён ужо ў сталым веку ажаніўся з паннай з Шукевічаў і быў ў яе так закаханы, што перад шлюбам апісаў на жонку ўсю сваю маёмасць. Пані Валёва была досыць энергічнай жанчынай і праз некаторы час самастойна кіравала не толькі маёнткам, але і асобай мужа, пра існаванне якога ўсе пачалі забывацца, бо ў размовах упаміналі толькі пра пані Валёву. Аднаго разу, калі ў маёнтку былі госці, Валь некалькі разоў паспрабаваў падтрымаць гутарку, аднак адна з госцяў цішком запыталася ў Валёвай: «Як завуць гэтага старога, напэўна, гэта эканом пані?». І тая пачырванеўшы, працадзіла праз зубы: «Гэта мой муж». Сястра ж пані Валёвай была замужам за Каралем Лясковічам. Лясковіч быў чалавек небагаты, але меў добрую галаву і моцную волю. Сваёй жонкай кіраваў дэспатычна. Прыкладна гэтак жа, як Валь у жонкі, яна не мела аніякага голасу ў мужа. Абедзве пары жылі разам, бо Лясковіч быў даверанай асобай Валёвай і займаўся яе гаспадарчымі справамі. Караль Нарбут, лідскі крайчы і земскі пісар, будучы чалавекам вясёлага характару, падзяліў сваіх жанатых землякоў на два войскі: «войска Валёвай» і «войска Лясковіча». Усе мужчыны, якія былі пад абцасам у жонак, і тыя, што паслухмяна выконвалі жаночыя загады, адносіліся да афіцэраў войска Валёвай. Нарбут дзеля смеху, выпісваў патэнты ў гэтыя войскі44.

Лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч, закончыўшы друкаваць у «Лідскай зямлі» ўспаміны Мірона Браніслава Нарбута, даў кароткі каментар да яго тэксту «Шлюбныя войскі». Ён лічыў магчымым, што пад гумарыстычнымі «Шлюбнымі войскамі» хавалася сапраўдная арганізацыя, якая ў 1796 г. рыхтавала чарговае паўстанне. Улады напалі на след змоўшчыкаў, і таму для паратунку скампраметаваных асоб арганізацыя была прадстаўленая Рапніну як жарт. Для гэтага ў «войскі» дадаваліся асобы, да якіх расійскі ўрад меў поўны давер45.

1.Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 13.
2.Polski Słownik Biograficzny. Wrocław – Warszawa – Kraków – Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.
3.Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.
4.Trzy razy jeden. Obrazek z XVIII wieku Kamille z Narbuttów Jurewicz. Wilno. 1855. S. 146.
5.Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
6.Гл: LVIA. F. 394. Ap. 4. B. 757. L. 1—11. Статистическое описание усадьбы Юршишки. 1846—1849.
7.Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 108.
8.Reda Griškaitė. Dvaras kaip «archyvas»: bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4—7 d.) // Metai. 2016. №10. Vilnius. P. 136—138.
9.Лаўрэш Леанід. Лідскія Хрулі герба «Праўдзіч» // Герольд Litherland. 2022, №23. С. 148.
10.Narbutt J. Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego, z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce, wyciąg z różnych notacjów i manuskryptów. T. 2. Wilno, 1842. S. 97.
11.Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 13.
12.Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерня. Санкт-Петербург, 1861. С.748—755.
13.Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
14.ZWŁOKI / S. P. / JUSTYNA NARBUTTA / PUŁKOWNIKA / ZMARŁEGO 1845 ROKU WRZEŚNIA/ 25 DNIA WIEKU LAT 72 / PRZEZ WDZIĘCZNOŚĆ CÓRKA / K. NARBUTTA //.
15.Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі летапісец. 2021. №1 (93). С. 37—44; Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша слова. №28 (1439), 10 ліпеня 2019; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша слова. №31 (1442), 24 ліпеня 2019.
16.Kronika Rodzinna. Nr. 13. 1888. S. 396.
17.Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. С. 49—50.
18.Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.
19.LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r—105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875.
20.Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 153—158.
21.LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r—105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875. Lap. 105.
22.Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 11, 49—50.
23.Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 13.
24.Таргавічанін, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі – саюза магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788—1792 г. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі быў падпісаны 27 красавіка 1792 г. у Санкт-Пецярбургу і абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна) 14 мая 1792 г.
25.Kamilla z Narbutów Jurewiczowa. Z Druskienik. Orany, Merecz, Druskieniki // Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. №17, 1 września 1873. S. 260.
26.Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 532—533.
27.Шымялевіч М. Збор твораў. уклад. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 106.
28.Cz. J. Stanisław August Poniatowski w gościnie u księcia «Panie Kochanku». Karta z dziejów Nieświeża // Słowo. 1926. №251; Янкоўскі Чэслаў. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў гасцях у князя «Пане Каханку» // Наша слова. pdf №46 (150), 13 лістапада 2024.
29.[Monczuńska z Narbuttów, Teodora]. Zapiski córki ś. p. Teodora Narbutta z papierów, [каля 1880 г.] LVIA. F. 1135. Ap. 11. B. 19. Lap. 125v—126v.
30.Biruta (Amelia Derewińska). Dożynki na Litwie, Szawry, pow. Lidzki // Wisła. 1889. T. III. z. 1. S. 92—94.
31.Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 532—533.
32.Там жа. S. 532—533.
33.Там жа. S. 533.
34.Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. S. 78.
35.Цыт. па: Konstanty hr. Tyszkiewicz. Wilija i jej brzegi. Pod względem hydrograficznym, historycznym, archeologicznym i etnograficznym. S. 17.
36.Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
37.Polski Słownik Biograficzny. Wrocław – Warszawa – Kraków, 19601961. T. IX. S. 3233.
38.Феліцыян Выкоўскі (1728—1784, за дасягненні ў астраноміі і матэматыкі яго называлі «Капернікам», а пра яго, як пра паэта, казалі: «Што ў Польшчы – Нарушэвіч, то ты – у Літве».
39.Ślusarska Magdalena. Felicjan Wykowski (1728—1784): zapomniany poeta z wileńskiego środowiska pijarów litewskich // Napis. Pismo poświęcone literaturze okolicznościowej i użytkowej, 1999, T. 5. S. 81—82.
40.Dziełem to jest natury, gdy z swej szczodrej ręki Dla pięknej płci szafuje powaby i wdzięki, Lecz że te są doczesne, więc nie na tym sztuka: Nieśmiertelną ją czyni cnota i nauka. Ta to jest chęć chwalebna! Ta cała przyczyna, Czemu książki tlómaczy lidzka chorążyna: Prócz wybornych przymiotów duszy, serca, ciała, Będzie z dzieł swych rozumnych nieśmiertelność miała!
41.Літаратурны краязнаўчы даведнік па Лідскім раёне ад Адама Мальдзіса // Лідскі летапісец. 2023. №2 (102). С. 73.
42.Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 540.
43.Reda Griškaitė. Dvaras kaip «archyvas»: bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4—7 d.). P. 138.
44.Narbutt Miron Bronisław. Lida i powiat lidzki z przed stu laty. Armije małżeńskie // Ziemia lidzka. 2002. №1 (48).
45.Narbutt Miron Bronisław. Lida i powiat lidzki z przed stu laty. Armije małżeńskie // Ziemia Lidzka. 1937. №9. S. 99.

Бесплатный фрагмент закончился.

80 ₽

Начислим

+2

Покупайте книги и получайте бонусы в Литрес, Читай-городе и Буквоеде.

Участвовать в бонусной программе
Возрастное ограничение:
18+
Дата выхода на Литрес:
13 августа 2025
Объем:
101 стр. 2 иллюстрации
ISBN:
9785006778788
Правообладатель:
Издательские решения
Формат скачивания: