Читать книгу: «Мястэчка», страница 3
А Даша з Таняй спалі, як у сябе дома. Таня ў сне ўткнулася носікам у Дашыну шыю. Яны ляжалі тварам адна да адной, нават неяк прыабняўшыся, нібы родныя.
Так, мара спраўдзілася. Дзяўчаты ў яго. А Пінокіа не ведаў, што з імі рабіць і як сябе паводзіць. Таму яны і спалі. Упэўненыя, што ён не патурбуе іх, а значыць, не ўспрымалі яго ўсур'ёз. Ім нават неўздагад, што адна з іх падабалася яму. Аднак што з гэтым рабіць Коля і сам не разумеў. Сядзеў на зэдліку каля ложка і глядзеў на дзяўчат, уяўляў, што ім можа сніцца ці хто. Так і праседзеў да чатырох гадзін дня, як верны сабака, які ахоўвае сон гаспадыні.
Першай расплюшчыла вочы Таня.
– Блін, колькі часу? – адразу запытала.
Пінокіа адказаў.
– Ты тут гэта… не сваволіў? – пералезла праз Дашу, звесіла з ложка ногі, зазіраючы ў Коліны вочы.
– Блін, Паўлоўская, па нагах, як па бульвары, – прабурчала Даша, прачынаючыся.
– Харэ дрыхнуць, – ускубнула тую Таня, – праспім усё на свеце.
– Затое выспаліся, – адгукнулася Даша, калі пачула, якая гадзіна. – А ты куды? – спытала сяброўку, бачачы, што тая збіраецца сыходзіць.
– Гэта вам добра, вольным людзям, – адказала Таня. – А ў мяне рэпетыцыя а пятай.
– Можа, перакусіш? – прапанаваў Пінокіа.
– Не, дзякуй, – адмовілася Таня, неяк паважліва зірнуўшы на аднакласніка, не так, як на цямцю-лямцю, ці Коле гэта падалося? – Мяне Мікалай Міхайлавіч пачастуе бутэрбродамі пасля рэпетыцыі. Пакуль нельга.
– Ён табе бутэрброды носіць? – здзівілася Даша.
– Не мне, – адказала Таня. – Застаецца ў яго проста з абеду. І, калі я галодная, ніколі не адмаўляюся. Тым больш што бутэрброды смачныя. Добра, усё, пакуль, чао. Заўтра ўбачымся. Коля, праводзь…
– Пакуль, – памахала рукой Даша.
Пінокіа адчыніў Тані дзверы, выпусціў на волю, як птушачку, зачыніў дзверы і вярнуўся да Дашы. Тая глядзелася ў люстэрка, упэўнівалася, ці ўсё нармальна. Усё ж у гасцях у хлопчыка якога-ніякога.
– Чо ты там пра хаўчык казаў? – сустрэла яна яго.
– А, зараз, – кінуўся Коля на кухню. Ён уключыў чайнік, у мікрахвалёўку закінуў катлеты і пюрэшку. Потым спытаў: – Катлеты з пюрэ будзеш?
– Ды мне ўсё адно, – адказала Даша, – абы ядома. – Яна ўстала з ложка, заслала яго, а падушкі ўзбіла. – Ну чо, хутка там? – нецярпліва крыкнула.
– Так, праходзь на кухню, – паклікаў Пінокіа, накрываючы на стол.
Даша села на прапанаванае месца, узброілася відэльцам і хлебам.
– Смачна есці! – сказала.
Пінокіа сеў насупраць, але есці не спяшаўся, зачараваны тым, як ела Даша. Яна спрытна і хутка паглынала ежу, з зайздросным апетытам, і так хораша, як гэта можа рабіць сапраўдная лэдзі, а не правінцыйная школьніца.
– Хопіць тарашчыцца! – не заўважыць Колінага позірку дзяўчына не магла. – Еж давай! Вельмі смачна, між іншым!
Калі пілі гарбату, Даша спытала:
– А чым, ты, Пінокіа, па жыцці займаешся? Усё кніжкі чытаеш?
– Чытаю, – адказаў Коля.
– Чытачом будзеш? Новую прафесію вынайшаў?
– А табе не падабаюцца кнігі?
– Гледзячы якія. Хоць чытаць я, праўда, любіла.
– Што, разлюбіла?
– Амаль. Хлусня ўсё. Не ўзапраўду.
– А я вось пісьменнікам хачу быць, – прызнаўся Пінокіа.
– Ну, і сцяг у рукі, – адказала Даша і тут жа спытала: – А ты чакаў нейкай іншай рэакцыі?
– Так, не, – паціснуў плячыма Коля. Раптам напружыўся (Даша нават спалохалася, што яму дрэнна зрабілася з-за яе рэплік) і выдаў на адным дыханні: – А давай пойдзем у кіно…
– Навошта? – Яе адпусціла. Прапанова аднакласніка не здзівіла Дашу. Яна проста не бачыла ў ёй сэнсу.
– Ну, як… – разгубіўся Пінокіа. Ён не спадзяваўся на станоўчы адказ, але ўсё адно быў збянтэжаны, плечы апалі. – Кіно паглядзець там… – усё ж прамямліў.
– Тое, што ты патрымаеш мяне за ручку ці пагладзіш па каленцы, нічога не зменіць, – сказала Даша. – Ты мне не падабаешся, Пінокіа, выбач, канечне. За хаўчык дзякуй. За падножку Хвалею дзякуй. І на гэтым усё. Навучыся даваць здачы, Пінокіа.
– Толькі ў гэтым уся справа? – ледзь стрымліваючы здрадлівыя слёзы, крывячы вусны, выдыхнуў Пінокіа.
– Не толькі, – сказала Даша. – Але адна з галоўных. Добра, мне пара, – зазбіралася сыходзіць.
– Я цябе праводжу, – вызваўся Коля.
– Не трэба, – спыніла яго Даша. – У нас не бандыцкі Пецярбург і яшчэ светла. – Абула красоўкі. – Ну, пакуль і дзякуй за ўсё яшчэ раз.
Яна нават цмокнула Колю ў шчаку, пакінуўшы след ад губной памады, але сышла. Зачыніўшы за ёй дзверы, Пінокіа аб'ехаў па дзвярах уніз, на кукішкі. Пабеглі кропелькі слёз па шчаках. Карцела выць плачма, але хлопец прымусіў сябе супакоіцца. Ён знайшоў татаву заначку, схаваную ад мамы, непачаты пачак «Космасу» (мама не любіла тытунёвы дым, а тата сказаў ёй, што кінуў, хоць курыў па-ціхаму), уключыў на поўную «Группу крови» Цоя і закурыў, няўмела, адкашліваючыся. Коля скурыў такім чынам тры цыгарэты запар, але палёгка не прыйшла.
Эпізод 9
Дом культуры стаяў у самым цэнтры мястэчка, зрэшты, як і школа, у якой вучыліся Таня з Дашай. Толькі школа размяшчалася крыху ўбаку, бліжэй да жылых дамоў. Дом культуры ж атачалі адміністрацыйныя будынкі.
Таня прывіталася з вахцёрам, прайшла праз фае, паднялася на другі паверх, увайшла ў танцклас, дзе ўжо стаялі на расцяжцы ля станка Аля, Юля і Руслана.
– Прывітанне, – кінула Таня дзяўчатам, на хаду распранаючыся.
– Рана ты сёння, – заўважыла Аля.
– Ды нас класуха проста з раніцы са школы папёрла, – прызналася Таня і дадала: – Прыкіньце, дзеўкі, мы з Дашкай Белай у Пінокіа ўвесь дзень прадрыхлі.
– А хто такі Пінокіа? – зацікавілася, пра каго кажа Таня, Юля.
– Ды хлопчык з класа, – адказала тая.
– І як? – зацікавілася.
– Ды ніяк, – паціснула плечукамі Таня. – Там усё так запушчана…
– Зусім бесперспектыўны? – не адставала Юля.
– Не тое слова, – сказала Таня. – Табе там лавіць сапраўды няма чаго. Не абломіцца.
– Ну ты ўсё адно тэлефончык чаркані, – папрасіла Юля.
– Ты чо, сур'ёзна? – не магла паверыць Таня.
– Не, прыкалваюся. Дыктуй тэлефон, Паўлоўская, не жміся, – заявіла Юля.
– Ды на, – Таня адшукала нумар тэлефона Пінокіа ў сваім тэлефоне, дзе захоўвала нумары ўсіх аднакласнікаў і не толькі, на ўсялякі выпадак, – шкада, ці што? – прадыктавала. Юля набрала прадыктаваны нумар у сваім тэлефоне і захавала яго.
– Усё адно не разумею, – прамовіла Таня потым, – нафіг табе Пінокіа? Ты ж яго не бачыла ніколі?
– Вось і пазнаёмлюся, – парыравала Юля, – адвянь, Паўлоўская.
– А Белая як? – спытала Аля.
– Ды з-за яе класуха нас і выперла, – адказала Таня. – Ну, і з-за Пінокіа. Прыкіньце, ён на Хвалея палез, абараняў Дашку.
– Нездарма тэлефончык запісала, – выдала Юля.
– Хвалей, гэта адмарозак той, які на Мікалая Міхайлавіча скакаў? – удакладніла Руслана.
– Ну, так, – пацвердзіла Таня.
– Які малайчынка, – пахваліла Пінокіа Юля.
– Так а з Белай што? – Алі не цярпелася пачуць падрабязнасці.
– Яна прыйшла ў школу як эма, – працягвала Таня. – Класуха, пакуль ніхто не ўбачыў чорна-ружовую Дашку ў балетнай пачцы і Пінокіа з пабітай губой, папрасіла сысці. А паколькі Пінокіа паплахела, мы суправадзілі яго дахаты.
– Бедны хлопчык, – уставіла Юля.
– Ну і… – уважліва слухала Аля.
– Ну і я сышла, а Дашка заставалася яшчэ там, калі я сыходзіла, – скончыла Таня.
– А ён з ёй нічога не зробіць? – гэта Руслана пацікавілася асцярожна.
– За цэлы дзень нічога не зрабіў, – адказала Таня, – не зробіць і далей.
– Упэўнена? – уважліва паглядзела на яе Аля. – Вы былі ўдвух. Зараз яна адна. Кеміш?
– Я цябе ўмаляю! – запярэчыла Таня. – Пінокіа не маньяк. Ён нават не ў курсе з якога боку падысці да дзяўчыны.
– Ну-ну, – прамовіла Аля. – А Дашка ваша рэальна крутая, – раптам прамовіла. – Хоць адстой гэты разварушыць, сабе, праўда, у шкоду. Але я буду хварэць за яе.
Размова прыпынілася пры з'яўленні харэографа Сяргея Мялешкі – жанчынападобнага маладога чалавека аднаго ўзросту з Мікалаем Міхайлавічам. Яны не сябравалі, але па працы даводзілася сутыкацца. Між іншым, Сяргея дзяўчаты клікалі толькі па імені. Не таму, што менш паважалі, а таму, што ну смешна звяртацца да сяброўкі, як да Мікалая Міхайлавіча. Дзяўчаты ставіліся да свайго кіраўніка з любоўю, але не як да мужчыны. Сяргея гэта не хвалявала і ніяк не кранала. Ён ведаў і любіў сваю справу, а яго асабістае жыццё і асабістыя прыхільнасці нікога не павінны былі калыхаць.
Рэпетыцыя пачалася.
Для размінкі паўтарылі «Дзікія танцы» Русланы. Потым выканалі некалькі хіп-хопавых рэчаў, з якімі перамаглі на абласным конкурсе сучаснага танца. Пасля Сяргей паведаміў, што прыйшлі паперы з Міністэрства культуры аб правядзенні тэматычнага рэспубліканскага конкурсу «За квітнеючую Беларусь», які пройдзе ў сталіцы дзяржавы ў снежні. Іх калектыў запрошаны прыняць удзел. Значыць, трэба шукаць новую музыку і новыя вобразы. Усе пагадзіліся і, безумоўна, узрадаваліся. Пачнецца сапраўдная цікавая праца. Надакучыла ўжо паўгода адно і тое ж танчыць.
Выходзілі ажыўленыя і адухоўленыя будучымі пераменамі.
На ганку курыў Мікалай Міхайлавіч. Убачыўшы Таню, падклікаў, папрасіў затрымацца. Таня развіталася з дзяўчатамі, падышла да Мікалая Міхайлавіча.
– Ужо дамоў? – спытаў Мікалай Міхайлавіч.
Таня кіўнула.
– Бутэрброд хочаш? – пацікавіўся Мікалай Міхайлавіч.
– Хачу, – не адмовілася Таня. Яна страшэнна прагаладалася за цэлы дзень. Як толькі ногі не працягнула?…
Мікалай Міхайлавіч адкрыў партфель, які стаяў на падаконніку за спінай, вынуў папяровы скрутак, у які былі загорнутыя бутэрброды з каўбасой. Мяркуючы па ўсім, калі партфель з ім, Мікалай Міхайлавіч таксама вызваліўся і адмыслова чакаў Таню, чагосьці хацеў ад яе.
– Слухай, Паўлоўская, – пачаў Мікалай Міхайлавіч, працягваючы дзяўчыне бутэрброд, – я тут п’еску адну знайшоў. Хачу паставіць у нашай установе.
– Так стаўце, – прамовіла Таня, прымаючы бутэрброд, – я пры чым?
– Ды пры тым, – сказаў Мікалай Міхайлавіч, – што ты павінна ў ёй выканаць галоўную ролю.
– На жаль, не магу, – адразу адмовілася Таня, кусаючы бутэрброд.
– Гэта чаму яшчэ? – здзівіўся адмове Мікалай Міхайлавіч.
– У нас конкурс намячаецца, – жавала Таня.
– Танцулькі ці што? – зразумеў Мікалай Міхайлавіч.
– Не танцулькі, – паправіла Таня. – Вельмі важны танцавальны конкурс рэспубліканскага маштабу. Сярожа так сказаў.
– Калі справа толькі ў Сярожы, – прамовіў Мікалай Міхайлавіч, – я з ім пагавару.
– Не трэба, – запярэчыла Таня. – Я хачу танчыць.
– Так, добра, – падхапіў Мікалай Міхайлавіч партфель пад мышку, а Таню ўзяў за руку, – пойдзем, праводжу цябе, па дарозе пагаворым.
– Я так папярхнуся, – не паспявала за вялікімі крокамі Мікалая Міхайлавіча Таня. Прыйшлося яму падладжвацца пад хуткасць дзяўчыны. – Так значна лепш, – задаволена прагаварыла яна.
– Ты ж не чытала яшчэ п'есы! – стаяў на сваім Мікалай Міхайлавіч.
– Нафіг мне яе чытаць, калі граць у ёй не буду, Мікалай Міхайлавіч? – адбівалася Таня.
– Ты мне павінна, памятаеш? – нагадаў Мікалай Міхайлавіч.
– Ну памятаю, – пагадзілася Таня. – І чо? Вы мяне цяпер увесь час шантажаваць будзеце? Дзяўчат мала? Аглядзіцеся вакол! Толькі свісніце – з усіх кутоў збягуцца.
– Мне не патрэбныя ўсе, Паўлоўская, – настойваў Мікалай Міхайлавіч. – Патрэбна ты і патрэбна тая, Белая, здаецца…
– Чо? – спынілася і застыла, як скамянелая, Таня. – Мікалай Міхайлавіч, вы чо, запалі на Дашку? Не ведаеце, як падваліць да яе, дык выдумалі п'есу нейкую?
– Не мялі лухты! – нядобра бліснулі вочы Мікалая Міхайлавіча. Ён адкрыў партфель, дастаў жоўценькую кніжачку, зборнік п'ес Кацярыны Ткачовай, разгарнуў на патрэбнай старонцы. – П'еса называецца «Прывітанне, Маша!».
– Хутчэй «Прывітанне, Даша!», – адным вокам зазірнула Таня ў кніжку.
– У пьсе – дзве галоўныя ролі і дзве другарадныя, – прамовіў Мікалай Міхайлавіч, вочы яго зноў пацяплелі. – Ролі гэтыя нібы адмыслова для вас напісаны. Вазьмі кніжку і прачытай уважліва. Я думаю, да цябе дойдзе пасля чытання, што п'еса гэтая значна важнейшая за танцулькі твае.
– Ды добра, не крыўдзіцеся вы, – узяла кніжку Таня, – прачытаю я вашу «Прывітанне, Дашу!».
– Не рабі мне ласку, – папярэдзіў Мікалай Міхайлавіч. – Прачытай уважліва. П'еса кароткая, шмат часу не зойме.
– Праехалі ўжо, Мікалай Міхайлавіч, – пагладзіла яго па руцэ Таня. – Прачытаю абавязкова.
– Прачытай, – кіўнуў Мікалай Міхайлавіч, – да таго ж да твайго дому мы ўжо, здаецца, прыйшлі.
– Так, – пакрывілася сумна на бабулін дом, з якім яны параўняліся, Таня. Мікалай Міхайлавіч жыў далей, амаль у канцы мястэчка. Ці ў пачатку? Як правільна? У старым Капылі, карацей. Яна ўстала на дыбачкі, цмокнула Мікалая Міхайлавіча ў шчаку і пабегла ў двор. Мікалай Міхайлавіч пакрочыў далей.
Эпізод 10
Юля Перасільд хітравала, што не знаёмая з Пінокіа. Не асабіста, але яна яго ведала. Выпадкова неяк патрапіла на чарговае пасяджэнне паэтычнага клуба на базе гарадской бібліятэкі, якое праводзілася, як пазней высветліла, кожны панядзелак у чытальнай зале. Юля тады прыйшла памяняць старыя глянцавыя часопісы на новыя. Яна аддавала перавагу «Хелло», «Сямі дням», «Космаполітану», увогуле тым выданням, у якіх мусіраваліся плёткі пра зорак. Яе шалёна цікавіла жыццё галівудскіх артыстаў, асабліва Арланда Блума, Брэда Піта і Джэнсана Эклса. Прысутныя сталыя дзядзькі і цёткі (амаль усе сталы ў чыталцы былі заняты), уважліва слухалі нейкага хлопчыка, які дэкламаваў, як на ранішніку, рыфмаваныя радкі, штосьці пра казачны замак, у якім заблукала душа. Юля тады падумала, што за трызненне ў галаве ў хлопца? Але нечакана дарослыя людзі, некаторых Юля ведала як вельмі паважаных у мястэчку і за яго межамі, заапладыравалі гэтаму хлопчыку стоячы. Варта было затрымацца і сёе-тое высветліць. Суседка па лесвічнай пляцоўцы, якая працавала ў бібліятэцы прыбіральніцай, сцісла паведаміла, што хлопчык гэты – Коля Кот, што ён сын загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Ілоны Васільеўны, што за доўгі нос дзятва яму дала мянушку Пінокіа яшчэ ў першым класе, што ён кожны год выйграе нейкія спаборніцтвы па сачыненнях і што кажуць, быццам Колю Ката Божачка пацалаваў. Юля прызадумалася. Яна таксама пісала вершы і лунала ў паднябессі, калі ніхто не бачыў. Рацыянальны пачатак заўсёды машынальна націскаў на тормаз, калі Юліна ўяўленне забывалася і спрабавала выйсці з-пад кантролю. Дзяўчына баялася насмешак з боку сябровак, якія, Юля не сумнявалася, не зразумеюць яе захаплення паэзіяй і перастануць сябраваць. Прага творчасці прывяла яе да танцаў, але паэзія не жадала сыходзіць і здавацца проста так. Вершы працягвалі пісацца, аднак Юля нікому іх не паказвала. Так, яна ведала пра клуб мясцовых паэтаў, але, ізноў жа, не хацела праславіцца белай варонай сярод аднагодак, калі тыя даведаюцца пра наведванне ёю гэтага клуба. Патрапіўшы ў замкнёнае кола, створанае самой жа, Юля шукала выйсця і, як ёй падалося, знайшла яго ў асобе Пінокіа, толькі не ведала, як да хлопца падступіцца, не выпадала зручнага моманту. Да таго ж вучыўся ён у іншай школе. Юля была ўпэўнена, што яны пасябруюць. Хто, што і як пра яго думаў, дзяўчыну мала цікавіла. Галоўнае, Коля Кот – сапраўдны. З яго дапамогай, магчыма, і Юля пазбавіцца ад страху быць незразуметай. Бо іх будзе двое.
Вярнуўшыся пасля рэпетыцыі дамоў, Юля набрала нумар Пінокіа, зачыніўшыся ў сваім пакоі, каб ніхто не падслухаў. Яна наогул не любіла, калі хто-небудзь слухаў яе размовы па тэлефоне. Коля адказаў, здзіўлена спытаўшы, хто гэта?
– Ты мяне не ведаеш, – сказала Юля ў трубку. – Але я вельмі хачу з табой пазнаёміцца.
– Калі гэта жарт такі, то вы не па адрасе, дзяўчына, – запярэчыў Пінокіа.
– Не вешай трубку, калі ласка, – папрасіла Юля. – Над табой ніхто не жартуе. Мне рэальна патрэбна твая дапамога.
– Але мы ж не знаёмыя, – прагучаў адказ. – Чым я змагу дапамагчы незнаёмаму чалавеку?
– Шмат чым, – запэўнівала Юля. – Давай сустрэнемся, – прапанавала.
– Я прыйду, як дурань, – ізноў засумняваўся Пінокіа, – а ты пасмяешся з сяброўкамі ці сябрамі над разведзеным лохам?
– Навошта ты так? – сумна прамовіла Юля. – Я не такая.
– А якая?
– Табе спадабаецца.
– Гэта несур'ёзна, – вырашыў скончыць размову Пінокіа.
– Ведаеш пустку за ваенкаматам? – спытала тады Юля.
– Дапусцім, – адказаў Коля.
– Праз паўгадзіны на пустцы, – прапанавала Юля.
– Ты не прыйдзеш, – сумняваўся Пінокіа.
– Вось і праверыш.
– Як я цябе пазнаю? – нарэшце зацікавіўся Пінокіа.
– Я прыгожая, не дурная. Да таго ж на пустцы, акрамя мяне, нікога не будзе.
– Навошта прыгожай і не дурной знаёміцца з такім, як я? – ізноў сумневы.
– Каб павялічыць тваю самаацэнку, – прагучаў адказ. – Я чакаю. Час пайшоў.
Юля адключыла тэлефон. Яна дала Колю паўгадзіны, таму што ісці яму было далекавата ад Цэнтра да новабудоўляў. Гэта ёй – выбегчы з пад'езда і завярнуць за вугал дома. Аднак уседзець між чатырох сцен Юля не магла. Яна пайшла на пустку да пакінутых пасля будоўлі бетонных пліт, складзеных адна на адну. Іх было пяць. Юля забралася на пятую, самую верхнюю, села на край, звесіўшы ногі.
Пачынала цямнець. Сюды ніхто не хадзіў. Пустка нікога не прыцягвала. Тут не схаваешся, калі што якое. Вецер прадзьмуваў. Але Юля не баялася ветру. Яна лічыла яго сябрам, гэтак жа, як і зоркі, якія паволі ўспыхвалі ў нябеснай далечы. Толькі ім дзяўчына давярала свае вершы, чытала ўголас, слухала сябе і вецер. Зоркі і вецер верылі Юлі, захоўвалі ўсе яе сакрэты і слёзы.
Пінокіа спазняўся. Юля паглядзела на гадзіннік. Паўгадзіны даўно мінулі. Але ёй не хацелася верыць, што ён не прыйдзе. Яна азябла, цела біла дрыготка. Вецер, адчуваючы, што Юля знайшла кагосьці яшчэ апроч яго, раўнаваў. Стала яшчэ цямней. Юля не сыходзіла.
Яна пачула яго крокі раней, чым усвядоміла, што ён прыйшоў.
Пінокіа падняўся на верхнюю пліту. Юля кінулася да яго, павісла на шыі. Інстыктыўна Коля абняў яе, прыціскаючы да сябе дрыготкае, як змерзлае кацяня, цела.
– Гэта ты, – прашаптала Юля, зазіраючы ў вочы юнаку. – Я Юля, – назвалася.
– Ты ўся дрыжыш, – прамовіў Пінокіа.
– Так не адпускай мяне, – папрасіла Юля. – Можа, дрыжаць перастану.
– Навошта я табе? – здзіўляўся Пінокіа, таму што дзяўчына сапраўды выглядала шыкоўна. – Што цябе, такую, і мяне можа аб’ядноўваць?
– А я табе зусім не падабаюся? – занепакоілася Юля.
– Ды падабаешся, – адказаў Коля, – у прыгажосці я разбіраюся, але…
– У цябе хтосьці ёсць? – дапамагла Юля.
– Наўрад ці, – задумаўся Пінокіа.
– Што тады? – дапытвалася Юля.
– Неяк дзіўна ўсё гэта, – не разумеў Коля, што ён рабіў на гэтай пустцы з несумнеўнай прыгажуняй, якая гарнулася да яго.
– Ты баішся прыгожых дзяўчат? – здагадалася Юля. – Не бойся, – правяла рукой па яго шчацэ. – Яны самі ўсяго баяцца. Давай сябраваць, – прапанавала. – Ты мне вельмі падабаешся, – прамовіла далікатна. – Я ўсё пра цябе ведаю. Не моцна баліць? – спытала пра пабітую губу.
– Ды не, – усміхнуўся Коля.
Юля прыпаднялася на дыбачкі, як раней Таня Паўлоўская каб цмокнуць Мікалая Міхайлавіча ў шчаку, для таго, каб пацалаваць Колю ў вусны.
– Мяккія, – сказала пасля пацалунку. – Нязграбныя, – усміхнулася. – Давай сустрэнемся заўтра пасля ўрокаў тутака ж, – прапанавала.
– Давай, – пагадзіўся ашаломлены Пінокіа. Ён і падумаць не мог, што спадабаецца такой прыгожай дзяўчыне. А Юлі ён спадабаўся. Яна ведала, што ён добры і прыстойны. І нос у яго не такі ўжо і доўгі, як напрыдумлялі. А тое, што няўмелы і кранальны ў сваім няўменні, – так гэта выдатна. Будзе чаму вучыцца адно ў аднаго.
– А цяпер ідзі дамоў, – папрасіла Юля раптам.
– Ты ўпэўнена? – удакладніў Пінокіа, ці правільна ён зразумеў.
– Так, – цвёрда адказала Юля. – Галоўнае, што ты прыйшоў. Значыць, у нас усё атрымаецца. Да заўтра.
Дзяўчына выбралася з абдымкаў хлопца, лёгка спусцілася з бетонных пліт на зямлю і пабегла дахаты.
Дзея трэцяя
Эпізод 11
П'еса Кацярыны Ткачовай «Прывітанне, Маша!» захапіла Таню з першай старонкі, хоць чытаць яе яна не вельмі хацела. Пасёрбаўшы супчыку з фрыкадэлькамі, прыгатаванага бабуляй, Таня разгарнула кніжку, пачала чытаць і правалілася ў тэкст, як у вір з галавой, сама таго не чакаючы. Сорак старонак сярэднім шрыфтам праглынула на адным дыханні. Мікалай Міхайлавіч ведаў, што прапаноўваць. Не так проста, між іншым, зацікавіць сучаснага падлетка чытаннем, тым больш чытаннем п'есы. Прыкольна будзе, калі ў Мікалая Міхайлавіча атрымаецца паставіць спектакль. Галоўная гераіня, Маша, сапраўдны вожык, проста як Дашка Белая. Толькі яна павінна граць Машу. Абедзве бунтаркі без прычыны. За ўдаванай ці, хутчэй, найгранай грубасцю Машы хавалася ўразлівая і далікатная істота, якая, таксама як усе, прагнула кахання, разумення і ўвагі. Шурка, другая гераіня, чалавек, які ўсё гэта меў. Утоены канфлікт паміж імі на працягу ўсяго твора ў тым, каб і Машу, і Шурку пачулі і палюбілі такімі, якімі яны былі насамрэч, а не ў нечым уяўленні. Фінал аж слёзы выклікаў. Шурка, чакаючы свайго хлопца, сыходзіла на хвілінку дапамагчы дзяўчынцы, якая забралася на дрэва, а злезці без старонняй дапамогі не магла. Маша замест Шуркі сустракае яе хлопца і расказвае яму пра Шурку безліч прыдуманых на месцы гадасцяў, не са зла, а таму, што таксама хоча, каб у яе быў хлопец. Калі Шурка вяртаецца, бачыць, што Маша цалуецца з хлопцам. Вядома, тут вінаваты хлопец. Навошта Шурке такі кабель, які цалуецца з першай сустрэчнай? Шурка, зразумела, разгублена, пакрыўджана, узрушана здрадай каханага чалавека, але, стрымліваючыся, звяртаецца да Машы і да свайго хлопца словамі Машы: «Як гэта ў цябе? Не вер у каханне – не будзе балюча? А смешна!» Хлопец вырываецца з Машыных абдымкаў, імкнецца дагнаць Шурку, якая ўцякае. Застаўшыся адна, Маша плача, кажа, што яна не дрэнная, што таксама любіць шмат з таго, што любіць Шурка. Але ёй ніхто ніколі не казаў, як Шурцы яе хлопец «Прывітанне, Шура!». Ніхто і ніколі. І тут з'яўляецца Шурка, аклікае Машу і кажа ёй: «Прывітанне, Маша!».
Дашы павінна спадабацца. Яна ж нязменная ўдзельніца ўсіх школьных мерапрыемстваў, звязаных з мастацкай самадзейнасцю. А Дом культуры гэта ж не школьны ўзровень караценькіх сцэнак, тут цэлы спектакль. Можа, варта паспрабаваць? Але спачатку трэба пагаварыць з Дашкай.
У школу Таня прыйшла ў новым вобразе (прыклад сяброўкі паўплываў), праўда, не так кардынальна, як яна, змяніўшыся. За ноч шмат перадумаўшы, Таня вырашыла пагадзіцца на прапанову Мікалая Міхайлавіча і прыняць удзел у пастаноўцы. Натуральна, ёй адведзена роля Шуркі, значыць, трэба адпавядаць гераіні. Ужыцца ў яе. Таня была светлавалосай, але не настолькі, наколькі павінна быць Шурка.
Яна пафарбавалася ў плацінавую стэрэатыпную бландзінку, сабраўшы валасы ў хвосцікі, апранула школьную форму, яшчэ маміну, бабуля знайшла, з белымі манжэтамі, каўнерыкам і фартушком. Паколькі на вуліцы пахаладала – скураное станістае паліто са стаячым каўняром. На ногі нацягнула гетры. Трэба было неяк адпавядаць Дашы, зрабіцца антыподам, ці што. Як чорнае і белае, як цемра і святло. Не так запушчана, вядома, не так маштабна. Карацей, падтрымаць Дашку, каб яна не пачувалася адным ваяром у полі. Бабуля з задавальненнем выпраўляла ўнучку ў школу. Нарэшце дзяўчынка апамяталася і хораша апранулася, а галоўнае, правільна, як сапраўдная школьніца. Усе б зрабілі, як Танечка, глядзіш, і прадукцыйнасць працы павялічылася б. Больш дысцыпліны было б. Навошта адмянілі школьную форму, расперазаліся ад усёдазволенасці? Сталіна на іх няма! Калі ўжо прэзідэнт возьмецца за адукацыйныя рэформы, дзяцей і іх знешні выгляд?… Адна агіднасць, як кінеш вока на некаторых, нават пазіраць сорамна. А Танечка малайчына, разумніца ўнучка…
Яна дагнала Дашу на скрыжаванні, калі тая збіралася пераходзіць дарогу.
– Прывітанне! – усміхнулася, падыходзячы.
– Тань?! – здзівілася Даша. – Ты? Ці хто?…
– Ды я, – працягвала ўсміхацца тая, задаволеная эфектам.
– Ты чо, у першы клас сабралася? – не знайшла нічога іншага сказаць Даша.
– А я твой прататып, – выпаліла Таня.
– Прата… чо? – не зразумела Даша. – Сама зразумела, чо сказала?
– Карацей, твая светлая палова, – выкруцілася Таня.
– А цёмная тады дзе? – засмяялася раптам Даша.
– Не тупі, Белая, цёмная ты! – растлумачыла Таня. – Ты ж у нас эма. А я антыэма. Зразумела?
– Антыэма прам! – працягвала смяяцца Даша.
Падышоў Пінокіа. Прывітаўся ветліва. Дзяўчаты пацікавіліся, як яго рана. Не турбуе? Коля прамаўчаў ці зрабіў выгляд, што не пачуў, ацаніў убранне і новыя колер валасоў і прычоску Паўлоўскай.
У класе на ўсіх траіх тут жа абрынуліся Хвалей з Кастальцавым.
– Прыкінь, – гучна звярнуўся Хвалей да Кастальцава, як толькі Пінокіа, Даша і Таня ўвайшлі ў клас, – Пінокіа з аховай прыйшоў. Колькі плаціш? – навіс над Колем, калі той сеў за парту. – Ці яны натурай бяруць?
– Адвянь ад яго! – параіла Даша Хвалею.
– О, сек'юрыці замукала, – пракаментаваў Кастальцаў Дашыну фразу.
– А чо, яму мову адняло? – адгукнуўся Хвалей. – Чуеш, Пінокіа, стаміўся за ўчора? Каліся, якія яны на смак? Як з дзвюма ўпораўся?…
Пінокіа дрыжаў дробнымі дрыжыкамі, стрымліваючы лютасць, але баючыся абразіць Хвалея словам ці ўдарыць яго і атрымаць у адказ, а ох як карцела ўляпіць таму паміж вачэй. У руках ён круціў шарыкавую асадку, якую, ведаў па фільмах, можна выкарыстоўваць і як зброю. Адкуль узяліся смеласць і рашучасць? Адной рукой, рэзка, Коля схапіў Хвалея за шыю і прыціснуў да парты, у другой сціскаў асадку, якую прыставіў да горла праціўніка.
– Завалю! – прахрыпеў.
Здранцвенне ахапіла клас. Некаторыя застылі з разяўленымі іртамі ад здзіўлення. Хвалей не на жарт спалохаўся, спрабаваў вырвацца, але Пінокіа моцна трымаў яго.
– Адпусці, дурань! – працадзіў Хвалей.
– Пінокіа – Рэмба, – канстатаваў Кастальцаў, падбіраючыся да Колі з тылу. Падобным макарам хацеў адцягнуць увагу на сябе.
– Адвалі, Кастальцаў, – апярэдзіла яго Даша.
Жаданне ўсадзіць асадку ў горла Хвалея авалодвала Пінокіа са страшнай сілай. І сам ён быў страшны ў той момант, быццам д'ябал усяліўся. Ужо і кроў вылузалася з падрапанай скуры на горле Хвалея.
– Пінокіа, супакойся! – казаў Кастальцаў. – Мы пажартавалі.
– Жарты ў вас дэбільныя, – заявіла Даша, – і самі вы дэбілы. Адпусці яго, Коля, – павярнулася да Пінокіа. – Не варты ён таго.
– Не магу, – выдыхнуў той. – Не атрымліваецца.
Таня села за парту побач з Пінокіа, зашаптала, гладзячы яго па плячы:
– Адпусці, Коля, калі ласка. Усё будзе добра. Ты ж добры, добры, мілы, ты не такі, як яны. Ты лепшы. Ты зможаш. Адпусці, калі ласка…
Яна апусціла другую руку на руку, якая сціскала шыю Хвалея, пагладзіла яе, па адным пальцы растульвала захоп.
З шумным выдыхам вырваўся Хвалей на волю. Прагна глытаючы паветра, трымаўся рукамі за горла.
– Малайчына, Коля! – працягвала гладзіць дзяўчына Пінокіа па руцэ. – Малайчына! Супакойся, а я з табой пасяджу. Нічога страшнага. Усё добра.
– На вялікім перапынку, – прахрыпеў Хвалей, звяртаючыся да Пінокіа і да Кастальцава, – збіраем схадняк. Будзем вырашаць па правілах. Я не вырадак і гасіць спотайку не буду. Як вырашыць схадняк, так і будзе.
– Ты чо вярзеш, Хвалей! – абурылася Даша. – Які схадняк? Высакародны ты наш! Знайшоў, каго на схадняк выносіць!..
– Завалі рот! – прахрыпеў Хвалей. – А то перадумаю!
– Так, Белая, лепш заткніся, – падміргнуў Дашы Кастальцаў, – горш будзе.
Запярэчыць Даша не паспела. Увайшла Марыя Пятроўна. Празвінеў званок.
Эпізод 12
Пінокіа застыў, нібы лёд. Затрымаўся сам у сабе, як замураваны ў замку. Ён нічога не бачыў і не чуў. Думкі ўзрывалі мозг аўтаматнымі чэргамі. Нікуды ўцячы ад іх магчымасці не было. Нервы напружыліся, як перакачаныя біцэпсы, што ўспушыліся венамі, гатовымі вось-вось лопнуць. Пінокіа зразумеў адну важную рэч: ён больш не баяўся. Але страх не жадаў пакідаць утульнае ёмішча, у якім выбудаваў свае ўласныя краіны і гарады, выдаткаваўшы шмат сіл і гадоў. Хто яму кампенсуе страты? Ён не згодзен нават на самыя шчодрыя адчэпныя. Пінокіа супраціўляўся страху з усіх высілкаў. Страх, абараняючыся, выкарыстоўваў любыя сродкі. Пакуль не асабліва ўдала. Коля даваў адпор, адчайна вырываючыся з жудаснай і чорнай студні баязлівасці і нерашучасці, угразаючы па пояс у багністай жыжцы, чапляўся за няўстойлівыя сцены, ламаў пазногці на пальцах, раздзіраў пальцы ў кроў, але поўз, караскаючыся, угару. Страх, прадчуваючы немінучую паразу, выкінуў апошні, як у картах, козыр. Вобразы Дашы і Юлі Перасільд уціснуў Пінокіа ў вачніцы. Чым, маўляў, зараз адкажаш? Аслеплены, Коля сарваўся са сцяны і паваліўся ўніз, у твань, што скоўвала рухі. Яму падабалася Белая з першага класа. Яны нават сядзелі за адной партай у самым пачатку вучобы. Але ён ёй не падабаўся ні кроплі! З гэтым нічога не парабіць! Хоць біся галавой аб сценку, хоць не. Даша моцна змянілася за апошнія некалькі дзён. Як наогул магчыма такая раптоўная трансфармацыя? Не факт, што яму пашанцавала б з ранейшай Дашай, але цяперашняя Даша палохала. Вось! Страх сціснуў аберуч Коліна сэрца. Аднак адначасова з гэтым і захапляла, натхняла на ўчынкі, за якія ніколі не будзе сорамна. Хватка страху саслабла, ён разгублена аглядаўся. Даша годная павагі і разумення, прыняцця яе такой, якой яна сама вырашыла быць. Гэта яе права быць эма ці кімсьці яшчэ. Верагодна, яна раней за ўсіх астатніх у класе пасталела, неяк раптам, нечакана для сябе, не толькі для іншых. Таму заблыталася і не ведала, што рабіць, схавалася за грым-тушшу і ў віртуальным свеце аднадумцаў з Інтэрнэту. Яе трэба абараняць, ратаваць ад падонкаў, накшталт Хвалея. А Юля – дзіўнае, паветранае стварэнне, незвычайна прыцягальнае і загадкавае. Пінокіа спадзяваўся, што не проста так, не выпадкова яны пазнаёміліся, хоць, калі б Юля не патэлефанавала сама, ён бы так і не даведаўся пра яе існаванне. Але яна патэлефанавала! Што ёй трэба ад такога, як Пінокіа? Прыгажосцю ён не адрозніваўся, гаварлівасцю таксама, звычайны замкнёны акулярык з уласным унутраным светам. Юля ж – дзіўна прыгожая дзяўчына, годная самых каштоўных багаццяў і ўвагі найвядомейшых людзей свету. Ёй наогул не месца ў такім мястэчку, як Капыль. Ёй бы ззяць у Парыжы ці ў Мілане, а яшчэ лепш у Лос-Анджэлесе. Яна значна лепшая і прыгажэйшая за шматлікіх галівудскіх дзіваў і старлетак. Сумневы Пінокіа зноў узмацнілі страх. Але юнак ужо зрабіў выбар. Ніякі страх, ніякія яго выкруты больш не страшныя чалавеку, які прыняў важнае рашэнне і паставіў кропку, а не коску.
Паступова вярталіся слых і зрок. Пінокіа ўчуў, што Марыя Пятроўна на падвышаных тонах размаўляе з Белай, што тая ёй дзёрзка пярэчыць, не згаджаючыся ні з адным словам. Хвалей штосьці выкрыквае з месца ў адрас Дашы, яму патурае Кастальцаў. Марыя Пятроўна падвышае голас на іх, рэкамендуе замоўкнуць. Кошкіна штосьці вякае. Яе абвяргае Таня. Яна ўсё гэтак жа сядзіць побач і пагладжвае плячо Пінокіа. Навошта? Ён жа спакойны, як удаў. Сонны мушкецёр на завуголлі яго памяці прачнуўся. Цяпер усё будзе інакш.
Коля хацеў павярнуцца да Тані і сказаць пра тое, пра што толькі што думаў, не трэба больш хвалявацца за яго і баяцца таксама не трэба, ён сам з усім справіцца. Аднак рух цела яго атрымаўся нейкім скаваным і нязграбным, і… чамусьці Пінокіа апынуўся на падлозе, ляжачым ніцма паміж радоў. Падзенне канчаткова вярнула рэзкасць зроку і выплюнула корак з вушэй.
Бесплатный фрагмент закончился.
Начислим
+4
Покупайте книги и получайте бонусы в Литрес, Читай-городе и Буквоеде.
Участвовать в бонусной программе
