Читать книгу: «Дахавік Казік»
1. РАТАВАННЕ БУСЛА
Недалёка ад цэнтра аднаго сталічнага горада адной невялікай еўрапейскай крпамятае, бо дахавікі жывуць вельмі-вельмі доўга – адзін наш год для дахавікоў, як адзін месяц, а пасведчанняў аб нараджэнні ў старыя часы не выдавалі.
Носіць Казік старамодны фетравы капялюш-цыліндр чорнага колеру, кароткі чорны сурдут і чырвоныя штонікі – мода на адзенне ў дахавікоў мяняецца не так часта, як у людзей. Затое мае Казік прыгожыя красоўкі на тоўстай рыфлёнай падэшве і мабільны тэлефончык. У красоўках Казіку вельмі зручна бегаць па стромкіх коўзкіх дахах, а па тэлефоне дахавік размаўляе са сваімі сябрукамі, якія жывуць і ў горадзе, і нават за мяжой.
Цяпер дахавікоў у нас засталося няшмат (фактычна толькі два), бо людзі панабудавалі дамы, у якіх пляскатыя дахі. А дахавікам такія дахі не вельмі падабаюцца. Таму і давялося шматлікім Казікавым супляменнікам перасяліцца ў іншыя краі, у розныя Англіі і Ірландыі. У тых краях акурат тады мясцовыя дахавікі ад'язджалі ў далёкую Амерыку, і вызвалілася шмат месца.
А Казік застаўся дома. І найлепшы ягоны сябар Юзік таксама застаўся. Дахавік Юзік жыве ў іншым раёне горада, і сустракаюцца яны з Казікам пераважна на іх дахавікоовыя святы. А калі ім становіцца сумна, то яны размаўляюць адзін з адным па мабільных тэлефончыках. Шкада толькі, што мабільная сувязь яшчэ дарагая, а грошы ў дахавікоў бываюць нерэгулярна, бо не бяруць дахавікоў на сталую працу без дакументаў. І пенсію не плоцяць.
Аднаго разу вырашыў быў Казік дамагацца пенсіі. Пайшоў ён у Пенсійны фонд, грукнуў кулачком па стале і запатрабаваў:
– Пенсію давайце! Я грамадзянін рэспублікі! Я Купалу з Коласам няньчыў, я Цётку гадаваў!
Чыноўніца паглядзела на яго паверх акуляраў і строга спытала:
– А дакументы ў цябе ёсць, хлопчык? Пашпарт, працоўная кніжка, ну, у крайнім выпадку, правы кіроўцы?
– Не, няма, – панура адказаў Казік.
Ну адкуль, скажыце, у дахавіка можа быць працоўная кніжка ці пашпарт, не кажучы ўжо пра правы кіроўцы? Так і застаўся Казік без пенсіі.
Аднойчы, на пачатку восені, Казік адпачываў на сваім гарышчы. Там у яго паміж комінам і трубамі ацяплення стаіць маленькі ложак. Казік ляжаў на ложку і сумаваў. Раптам у адчыненае акно заляцела знясіленае бусляня.
Казік даўно жыў на свеце, а таму паспеў вывучыць шмат моў, у тым ліку і бусліную.
– Хто ты і што табе спатрэбілася на маім гарышчы? – спытаўся Казік па-буслінаму, шчоўкаючы язычком.
– Мяне клічуць Бацік, – праклекатала бусляня. – Я ад сваіх адстаў. Мы ў Афрыку ляцелі. Я прагаладаўся, захацеў жабку злавіць і заблукаў. Ы-ы-ы! Што я буду рабіць?! Я дарогі не ведаю, я ж маленькі яшчэ – толькі першы раз лячу!
– Як жа табе, беднаму, дапамагчы? А ты нумар татавага мабільнага памятаеш?
– Ага. Па-а-амятаю.
– Лічы, пашанцавала табе, хлопча. Дыктуй нумар.
Прадыктаваў Бацік нумар. Датэлефанаваўся Казік да Бацікавага таты, апавёў, што сын-шалапут у яго цяпер знаходзіцца, і дамовіліся яны, дзе буслы пачакаюць Баціка.
Пасля гэтага дахавік выцягнуў з-за коміна геаграфічны атлас і патлумачыў Баціку, дзе тое возера, каля якога яго будуць чакаць суродзічы. Потым выпілі яны малака на дарожку, бананамі закусілі, і бусел выправіўся ў шлях. А Казік лёг на ложак і зноў засумаваў. Вырашыў быў сябру патэлефанаваць, толькі вось грошы на рахунку скончыліся. Яшчэ горш дахавіку зрабілася. Але неўзабаве Казік успомніў, якую добрую справу ён зрабіў, і яму стала лягчэй.
Нечакана ў акно зноў заляцеў Бацік. У дзюбе ён трымаў партманет.
– Трымай! – праклякатаў бусел, – на дарозе знайшоў. Ізноў развітаўся і паляцеў. Гэтым разам назаўжды.
У партманеце дахавік знайшоў шмат грошай. Але наш Казік быў прыстойным і сумленным дахавіком і не мог проста так прысабечыць грошы.
Ён напісаў некалькі абвестак такога зместу: «Знойдзены партманет з грашыма. Гаспадару можна звяртацца па адрасе: вуліца Замкавая, 29, гарышча, направа каля коміна. Спытаць Казіка».
Увечары дахавік расклеіў абвескі на слупах і прыпынках ва ўсім раёне.
Цэлы тыдзень прачакаў Казік. Але да яго ніхто так і не звярнуўся па грошы.
Аплаціў тады дахавік рахунак за тэлефон, набыў красоўкі ў падарунак Юзіку, бо той даўно пра іх марыў, накупляў усялякіх прысмакаў і пателефанаваў сябру:
– Здароў, Юзік! – радасна павітаўся Казік з сябруком. – Тэрмінова прыязджай, у мяне для цябе сюрпрыз.
– Лячу, – адказаў Юзік, і пабег на вуліцу лавіць таксоўку.
І цэлых два з паловай дні балявалі Казік і Юзік. Выпілі бочку квасу, з’елі мех каўбасы. Павесяліліся, адным словам.
2. КАЗІК І ТЭХНІКА БЯСПЕКІ
Казік вельмі любіў глядзець калыханку па тэлевізары. Такая цікавая перадача! У ёй паказваюць мульцікі. А мульцікі Казік, як і іншыя дахавікі, проста абажаў. Усіх гэтых Віні-Пухаў з Пятачкамі, Малых з Карлсанамі, фрэкен Бок…
Да фрэкен Бок у Казіка была нейкая незразумелая любоў. Ён часта казаў свайму найлепшаму сябру Юзіку:
– У нас такіх жанчын няма.
Казік нават збіраўся ехаць у Стакгольм на пошукі фрэкен Бок, і Юзіку давялося прыкласці шмат намаганняў, каб адгаварыць яго ад гэтай не вельмі разумнай задумы.
Свайго тэлевізара ў Казіка не было, але дахавік знайшоў выйсце. Ён залазіў на край даху і, быццам акрабат, завісаў уніз галавой каля суседскага акна. Дзеці ўвечары глядзелі калыханку, і праз акно можна было паглядзець тэлевізар разам з імі. Праўда, давялося доўга прызвычайвацца да таго, што ў тэлевізары ўсё было дагары нагамі. Але гэта ж дробязі ў параўнанні з асалодай ад прагляду ўлюбёнай перадачы.
Вось і сёння Казік заняў сваё месца і павіс уніз галавой, зачапіўшыся за край даху. Дзеці ў залі ўключылі тэлевізар, і па экране забегалі маляваныя героі.
Казік так захапіўся перадачай і развітальнай песняй-калыханкай, што і не прыкмеціў, як заснуў. Прачнуўся ён ад ад моцнага ўдару і грукату. Бумс! Ён сарваўся і ўпаў на суседскі балкон. Калі б унізе не было балкона, то ніколі больш дахавіку не давялося б яшчэ раз паглядзець калыханку. Засталося б ад яго толькі мокрае месца. Казік гэта ведаў дакладна. Зусім нядаўна ў Казікавым доме з трэцяга паверха вывалілася бабулька, і Казік, седзячы на сваім даху, бачыў, як па яе прыязджалі машына «хуткай дапамогі» і паліцыя.
Успомніўшы гэта, Казік аж затросся.
– Бррр!
Неяк ён дабраўся да свайго даху і патэлефанаваў Юзіку.
Праз паўгадзіны сябар са слоікам ліпавага мёду быў ужо каля ложка Казіка.
– Будзем лекаваць цябе мёдам, – сказаў Юзік. – Дапамагае ў дзевяноста дзевяці адсотках ад любой хваробы.
І сапраўды, раніцай Казік быў як агурочак, бадзёры і вясёлы.
Юзік, які правёў усю ноч побач з сябрам, пачаў яго прабіраць:
– Будзеш ведаць, як парушаць тэхніку бяспекі.
– А што такое тэхніка бяспекі?
Казік заўсёды, калі чаго ня ведаў, пытаўся ў Юзіка. Юзік шмат гадоў пражыў на даху гарадской бібліятэкі і лічыўся сярод дахавікоў вельмі начытаным і разумным. Ён бы і надалей жыў на бібліятэчным даху, але бібліятэка пераехала ў новы будынак, стары будынак пачалі рэстаўраваць і Юзік мусіў адтуль з’ехаць, бо рэстаўратары заміналі нармальна жыць.
– Што такое тэхніка бяспекі? – перапытаў Казік.
– Ну як бы табе патлумачыць?
Юзік абвёў позіркам гарышча і, пабачыўшы разетку, праз якую Казік падзараджаў свой мабільны тэлефончык, сказаў:
– Тыцні два пальцы ў разетку.
Казік і тыцнуў. Пасыпаліся іскры, і цела Казіка пачало біцца ў рытме бугі-вугі. Нарэшце пальцы выскачылі з адтулін разеткі, і дахавік споўз па сценцы. З-пад цыліндра ішоў дым, а на каленках Казікавых штонікаў свяціліся дзіркі. Лоб у Казіка быў увесь мокры.
– Вось гэта і ёсць парушэнне правіл тэхнікі бяспекі, – весела сказаў Юзік. Ён увесь ажно ззяў ад таго, што змог так даходліва растлумачыць сябру пра тэхніку бяспекі.
– І што мне з табой рабіць? Тэлевізар – гэта як цукеркі, ты ж ізноў палезеш сваю калыханку глядзець, – Юзік пачаў задумліва хадзіць узад-уперад. – Табе тэрмінова трэба купіць тэлевізар, – нарэшце сказаў ён.
– Ага. Тэлевізар! Ды ён трыста талераў каштуе! – адказаў Казік.
– Праблема, – пагадзіўся Юзік. – Але я што-небудзь прыдумаю. А пакуль, – чао…
3. ПЛАН
Сонейка, на якое апоўдні нельга было зірнуць, увечары пачало цямнець і рабіцца барвовым. Дзень рыхтаваўся да сну, а разам з ім і сонца. Яно пакрысе хавалася за суседнім домам.
Дахавік Казік сядзеў на краі свайго даху, звесіўшы ножкі, і займаўся вельмі сур’ёзнай справай – пускаў бурбалкі.
Казік быў майстрам у пусканні бурбалак. Нават чэмпіён горада, шасцігадовы Янук Ладыжка, не мог выдзімаць бурбалкі такога памеру і такой рознакаляровасці. І толькі інтрыгі арганізатара чэмпіянату па пусканні мыльных бурбалак, які адначасова быў яшчэ і бацькам Янука, не дазволілі Казіку атрымаць медаль чэмпіёна.
Як толькі Казік на чэмпіянаце надзімаў цудоўную бурбалку, Базыль і Юрась, пяцігадовыя агенты Януковага бацькі, стралялі па бурбалцы з трубачак. Кулямі служылі яблычныя зярняткі. Казік ледзь не плакаў ад крыўды і несправядлівасці. Ён вырашыў узмоцнена трэніравацца, каб да наступнага чэмпіянату навучыцца пускаць бурбалкі, якім не будуць страшныя ніякія зярняткі.
Сонейка хавалася за дом, а Казік сядзеў, пускаў бурбалкі і назіраў, як яны плаўна апускаліся на брук тратуара і пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.
Раптам каля дома прыпынілася таксоўка. З салона «Фальксвагена» вылез сябар Юзік. На плячы ў яго сядзела варона. Казік прыгледзеўся і пазнаў Карыну, якая была іх агульнай знаёмай.
Юзік і Карына задралі галовы ўгору і, прыкмеціўшы Казіка, весела памахалі яму: Юзік – ручкай, Карына – крылом. Праз некалькі хвілін сябры ўжо сядзелі разам і весела сакаталі.
– Памятаеш, я казаў, што табе патрэбны тэлевізар? – спытаўся ў Казіка Юзік.
– А як жа, – адказаў Казік і пацёр бок, які ён моцна ўдарыў падчас прагляду калыханкі.
– Ну дык вось, у Карыны ёсць план, як зарабіць грошы на тэлек.
– Так, так, кар-р, – пацвердзіла варона.
Варта адзначыць, што Карына ніколі не кідала слоў на вецер. Калі сказала, значыцца, сапраўды ведае, як зарабіць трыста талераў. Доўгае жыццё прывучыла варону трымаць слова.
Карына, як усялякая дама, утойвала свой узрост, але ўсе знаёмыя ведалі, што ёй вось-вось будзе дзевяноста гадоў, і паціху рыхтавалі падарункі на юбілей.
– Значыцца, так, – працягвала Карына, —неўзабаве пачнецца перапіс насельніцтва, і я дамовілася праз знаёмую варону з магістрату, што вас возьмуць перапісчыкамі. Аплата 150 талераў. Фотакарткі ў вас ёсць?
– У мяне няма, – ціха сказаў Казік, – я не фотагенічны.
– Не фота які? – перапытала Карына.
– Ну, у мяне заўсёды нос крывым на картачцы атрымліваецца.
– Галоўнае, каб рукі не былі крывымі, бо пісаць давядзецца. А крывы нос перапісчыку не зашкодзіць. Тэрмінова сфатаграфавацца!
– А навошта гэты перапіс? – нясмела спытаўся Казік.
Тут да размовы падключыўся Юзік.
– Як гэта, навошта? Каб ведаць, колькі трэба дзіцячых садкоў і школак, колькі трэба тралейбусаў і трамвайчыкаў, колькі… Ну, ты зразумеў, Казік?
– Ага. Зразумеў. А вось сабак, мяркую, ніхто не перапісвае.
– Чаму ты так думаеш? – у адзін голас запыталіся Карына і Юзік.
– Каб іх перапісвалі, то напыснікаў у крамах ставала б для ўсіх сабак. А ў нас у двары, вунь паглядзіце, у паловы гаспадароў сабакі без напыснікаў. Неяк мяне адзін баксёр нават укусіў за лытку. Вось я і мяркую, што сабак не перапісваюць.
– Які ты, Казік, разумны, кар-р, – сказала Карына.
– Геній! – захапляльна дадаў Юзік.
Сонейка схавалася за суседні дах. Дзень скончыўся, і сябры, дамовіўшыся сустрэцца зноў, развіталіся.
4. ГЕРОЯМІ НЕ НАРАДЖАЮЦЦА
Казік прачнуўся ад пілікання тэлефончыка. Не расплюшчваючы вачэй, ён намацаў мабілку.
– Казік слухае.
– Спіце, пан пажарнік? – у слухаўцы зарагаталі, – Юзік ля апарата. Давай хутчэй падымайся, мы з пані Карынай цябе абчакаліся.
Казік падхапіўся і пачаў мітусліва гойсаць па гарышчы, збіраючы адзенне і запіхваючы ў рот печыва
Праз паўгадзіны сябры ўжо былі каля гарадской ратушы. Казік і Юзік зайшлі ў будынак, а Карына засталася на вуліцы, матывуючы нежаданне ісці разам з сябрамі тым, што яна, маўляў, сёння кепска выглядае.
Дахавікі блукалі па магістраце, можа, з гадзіну, пакуль, нарэшце, не натрапілі на дзверы з шыльдай «ГАЛОЎНЫ ПЕРАПІСЧЫК».
Юзік прыадчыніў дзверы, і яны зайшлі ў кабінет.
За вялікім бліскучым сталом, на якім стаяла мноства розных прычындалаў, сядзеў маленькі вусаты чалавек.
– Добры дзень, сказаў Казік.
– Дзень добры, – адказаў вусач. Ён падняўся з-за стала і, падышоўшы да дахавікоў, працягнуў руку: – Галоўны перапісчык.
Казік паціснуў яму руку і адрэкамендаваўся:
– Казімір.
– Юзік таксама павітаўся і сказаў:
– А я Юзік.
– Начуты, начуты, як жа, – прабасіў Галоўны перапісчык, – Ну што ж, панове, зоймемся інструктажам…
Нараніцу сябры прыступілі да перапісу. Ранак быў пахмурны, імжэў дожджык. Першым на іх шляху быў дом нумар 13 па вуліцы Кароткабродскай. Дахавікі з варонай падыйшлі да пад’езда. За імі да дома наблізіўся бамбіза ў цёмных акулярах. Галава ў бамбізы была лысая і круглая, як більярдны шар, а твар з трохдзённай поўсцю расплываўся ў інтэлігентнай усмешцы.
Казік націснуў пімпачку дамафона.
– Хто там? – данеслася пытанне.
Дахавік прыўзняўся на дыбачках і крыкнуў у мікрафон:
– Гэта мы! Перапісчыкі!
«Пілім-пілім», – раздаўся гук, і дзверы адчыніліся.
Перапісчыкі падняліся на другі паверх і пазванілі ў дзверы кватэры. Ім адчыніла гаспадыня – мажная пані ў фартуху.
– Заходзьце, калі ласка, – амаль дзявочым голасам прапанавала гаспадыня.
Перапісчыкі зайшлі ў вітальню. І тут раптоўна… Раптоўна прагучаў хрыпаты голас:
– Усім заставацца на месцы! Гэта рабаўніцтва!
Хрыпаты голас належыў лысаму бамбізу, у руках ён трымаў вялізны пісталет.
– Я сказаў, рабаўніцтва! – нядобра паўтарыў лысы.
Пачуўшы гэта, гаспадыня і Юзік сінхронна згубілі прытомнасць. Плюх! – грукнуўся на падлогу Юзік. Ба-бах! – а гэта гаспадыня.
Казік нечакана для сябе ўпіўся зубамі ў руку лысаму рабаўніку. Сківіцы сціснуліся, быццам у бультэр'ера, і толькі пасля гэтага Казік услед за Юзікам і гаспадыняй страціў прытомнасць. Рабаўнік, які не чакаў такога развіцьця падзей, упусціў пісталет і заскуголіў ад болю:
– А-а-ааа!!!!
Але Казікавы зубы ўчапіліся моцна.
Тут Карына імгненна прадубліравала Казікаў укус кантрольным дзяўбком у лоб лысага. Бамбіза узвыў ад болевага шоку і, знепрытоміўшы, таксама грукнуўся на падлогу. Справа была скончана.
Калі паліцыя, выкліканая суседзямі, увалілася ў кватэру, на падлозе ляжалі чатыры непрытомныя целы, і толькі варона Карына пераможна махала крыламі, выгукваючы пры гэтым:
– Кар-р! Кар-р-р!!!
Інспектар паліцыі зірнуў на нерухомага бандыта і радасна сказаў:
– Знаёмы твар!
Як выявілася, гэта быў жулік па мянушцы Глобус, аб’яўлены Інтэрполам у міжнародны вышук. Глобус займаўся рабункам цацак і дзіцячых кніжак. Доўгі шлейф злачынстваў цягнуўся за ім па цэлай Еўропе. Сотні дзяўчынак і хлапчукоў засталіся праз бандыта без улюбёных цацак. Нават пісталет у Глобуса быў вадзяным. Ён яго адабраў у беднага іспанскага хлопчыка. І толькі дзякуючы Казіку і Юзіку з Карынай удалося пакласці канец Глобусавым злачынствам.
На наступны дзень у будынку гарадской паліцыі шэф паліцыі у прысутнасці бургамістра горада і шматлікіх гасцей ўзнагародзіў Казіка, Юзіка і Карыну значкамі «Ганаровы паліцыянт», а прадстаўнік Інтэрпола абвясціў аб прэміі ў 500 талераў для герояў.
Цяпер тэлевізар быў дакладна ў Казікавай кішэні.
5. НОВЫ СЯБАР
Пасля кароткай ночы прыйшла звычайная летняя раніца. На вуліцах і завулках лянотна пазяхалі каты. Горад яшчэ спаў, і толькі дворнікі шкрабалі сваімі дзеркачамі па бруку. Шурх-шур-р-х, шух-х-шух, неслася з усіх бакоў у празрыстай ранішнай цішы. Раз-пораз пад вокнамі старых камяніц павольна прапаўзалі першыя тралейбусы з нешматлікімі заспанымі гарунамі-пасажырамі.
Дахавік Казік салодка соп у сваім маленькім ложку, які стаяў на гарышчы стогадовага дому ля такога ж стогадовага коміна. На антэнных кабелях, што аблытвалі бэлькі, быццам павуцінне, віселі Казікавы штонікі і сурдут. Дахавік сніў каляровы сон, у якім ён падарожнічаў з аднаго даху на другі па чароўнай вясёлцы, нібыта па мосце. Вясёлка выгіналася велізарнай дугой па-над горадам, і з яе гарба адкрываўся шыкоўны краявід. Казік сядзеў на вясёлцы і глядзеў уніз, на чырвоныя, зялёныя і шэрыя дахі, на тэлевежу, якая сваім шпілем даставала амаль да вясёлкі, на рэчку, што з вышыні здавалася тоненькай стужкай, на зеляніну дрэў. Побач з Казікам праплывалі белыя пухавікі-аблачынкі…
Сон быў такі цудоўны, што Казіку нават не хацелася прачынацца. Але спрацаваў таймер тэлевізара, і гарышча ахутала бадзёрая музыка ранішняй тэлегімнастыкі. На экране сімпатычныя дзяўчаты выраблялі складаныя па. Казік хацеў быў паляжаць яшчэ пад коўдрай, але яго ногі самі сабою пачалі торгацца ў рытме музыкі. Хоцькі-няхоцькі, давялося падымацца і для парадку зрабіць некалькі простых рухаў, каб ногі і рукі супакоіліся. Пазаймаўшыся, дахавік памыўся, паснедаў кавай і булачкай з маслам, пачысціў зубы. Потым ён падняўся па драбінках на дах і сеў з краю, звесіўшы ножкі.
Пасля сняданку ўсе адпачываюць па-рознаму: адны чытаюць газету, іншыя глядзяць тэлевізар, а вось Казік любіў сядзець на краі даху і нічога не рабіць. Проста сядзець і глядзець навокал. Перад Казікам расцілалася цудоўная панарама горада: стромкія чырвоныя дахі старых камяніц, мудрагелістыя флюгеры, алоўкі хмарачосаў. Вунь праз некалькі дамоў стаіць былая воданапорная вежа, немаведама калі пераробленая ў звычайны жылы дом. А вунь відаць белая званіца касцёла Святога Францішка. Знаёмы краявід.
У доме насупраць ужо амаль усе прачнуліся. Праз адчыненыя вокны можна было пабачыць, чым у гэты час займаюцца жыхары. Казік кінуў позірк на другі паверх. Ён разгледзеў дзяўчынку Паўлінку, якая снедала на кухні. Побач, каля пліты, завіхалася яе матуля. Паўліна лыжкай корпалася ў талерцы і асцярожна касавурылася на маці – мяркуючы па ўсім, есці Паўлінцы не хацелася. Нарэшце матуля выйшла з кухні. Дзяўчынка імгненна падхапілася, падбегла да акна і выліла змесціва талеркі на вуліцу.
«Снайперка» – падумаў Казік, калі манная каша (а ў талерцы была менавіта манная каша) вылілася на пана, якога собіла ў гэты момант праходзіць пад акном. Маленькі сабачка-таксяня, якога выгульваў пан, тут жа стаў аблізваць калашыны гаспадара. А Паўліна ізноў хуценька апынулася за сталом, ужо з пустой талеркай. Абліты пан у разгубленасці стаяў на тратуары і задзёршы галаву глядзеў угору…
Тут на гарышчы зазвінеў Казікаў тэлефончык, і дахавік мусіў перапыніць назіранне, так і не даведаўшыся, чым усё скончыцца. Тэлефанаваў сябар Юзік.
Прывітанне, гультай! – са смехам прамовіў Юзік.
Ад гультая чую, – парыраваў Казік. – Як маешся, што чуваць у
свеце?
– У свеце крызіс і нестабільнасць. Еўра падае, даляр расце, – паведаміў Юзік.
– Я тут на абмене грошай трохі нажыўся, дык можа, куды-небудзь за горад выедзем – адпачнём, грошы распусцім? Тым больш заўтра Купалле.
– А што, давай, – узрадваўся Казік, – толькі трэба з сабой і Карыну ўзяць. А то старая ўжо забылася, калі на прыродзе была.
– Згода.
Дахавікі дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцай на аўтобусным вакзале…
Калі Казік дабраўся а дзявятай да аўтавакзала, Юзік і Карына ўжо чакалі яго ля цэнтральнага ўвахода. Юзік быў з заплечнікам, у якім было паўнютка ўсялякай смакаты.
– Ну што, пайду квіткі купляць, – паведаміў Казік.
– Мне не трэба, – сказала Карына, – я прынцыпова езджу без квітка.
– Вольнаму воля, – прамовіў Казік і пайшоў па квіткі для сябе і для Юзіка.
Пачынала прыпякаць. На трэцяй пляцоўцы, ад якой адпраўляўся аўтобус, набралася багата народу. Падышоў аўтобус, і пасажыры пачалі заходзіць у расчыненыя дзверы. Але Карына, апярэдзіўшы ўсіх, улезла ў салон самая першая і, ускочыўшы на месца каля акна, пракаркала дахавікам:
– Хутчэй да мяне!
Сябры ўселіся побач з Карынай. Псс-с! Дзверы зачыніліся, і аўтобус пакаціў за горад. На першым жа загарадным прыпынку ў аўтобус зайшла кантралёрка і пачала правяраць квіткі ў пасажыраў. Кантралёрка брала квіток, глядзела дату і нумар рэйса і шчоўкала кампосцерам. Падышоўшы да сяброў, яна праверыла квіткі ў Казіка і Юзіка, потым звярнулася да Карыны:
– Ваш квіток.
Карына глядзела ў акно, быццам не чула.
– Ваш квіток, – гучней прамовіла кантралёрка.
– Га? – Карына прыкінулася глухой.
– Квіток! – яшчэ гучней сказала кантралёрка, пры гэтым адно яе вока чамусьці заторгалася.
– Пенсіянерка я, – адказала ёй варона.
Але кантралёрка і не думала здавацца:
– Плаціце штраф, а то высаджу з аўтобуса.
Грошай у вароны не было, таму плаціць за яе штраф давялося дахавікам. Як тут не заплаціш?
– Я аддам. Я аддам вам гэты талер, – нудзілася ўсю астатнюю дарогу Карына. – Даруйце мне.
Сябры выйшлі з аўтобуса на перадапошнім прыпынку і вузкай сцяжынкай накіраваліся праз лес да возера. Надвор’е было цудоўнае. Дахавікі іші і весела гаманілі, а Карына з сумным выглядам ледзь валаклася за імі. Калі кампанія прайшла з паўкіламетра, наперадзе пачуўся нейкі шум. З-за дрэў выскачыў невялікі сабака незразумелай пароды і кінуўся да сяброў.
– Схавайце мяне, калі ласка! – забрахаў сабака, – з мяне хочуць зрабіць шашлык!
Казік разгубіўся быў, але Юзік ужо скінуў заплечнік, і сабака ўскочыў туды з хуткасцю маланкі. Толькі паспеў Юзік закінуць заплечнік за спіну, як да іх падбег велізарны мужчына з чорнымі валасамі і такімі ж чорнымі вусамі.
– Вы не бачылі тут майго сабакі. Уцёк, халера!
– Бачылі, – адказаў Юзік. – Ён пабег у лес, вунь туды, – Юзік паказаў у той бок, адкуль яны прыйшлі. Калі мужчына знік, Юзік зняў заплечнік.
– Дзякуй, – сказаў сабака, калі вылез з заплечніка. – Вы мяне ўратавалі.
Так у Казіка, Юзіка і Карыны з'явіўся новы сябар – сабака Маркіз.
І чатыры постаці весела рушылі ў бок возера – насустрач сваім новым прыгодам…
6. ІДЭЯ
Аднойчы дахавіку Казіку ў галаву прыйшла выдатная ідэя – ён вырашыў успомніць старое і зноў папрацаваць камінарам. Казік адразу захацеў падзяліцца гэтай ідэяй з дахавіком Юзікам. Ён дастаў з кішэні сваіх чырвоных штонікаў мабільны тэлефончык і хутка набраў нумар найлепшага сябра.
– Юзік, прывітанне! Што робіш? Чым займаешся? Як заўсёды чытаеш свайго Міцкевіча? «Літво! Ойчызна моя! Ты естэсь як здрове»… Хі-хі-хі. Давай прыязджай хутчэй да мяне, ёсць сур’ёзная размова.
Пасля гэтага Казік вылез з гарышча праз акно на дах, лёг на дыванок, які ён спецыяльна набыў, каб загараць, і падставіў жывоцік вясноваму сонейку. «Паляжу, пагрэюся, пакуль Юзік будзе дабірацца да майго дома» – падумаў Казік. Ён заклаў ручкі за галаву і… заснуў. Што ён сніў – невядома, бо некаторыя сны маюць такую ўласцівасць, што забываюцца адразу, калі прачынаешся. А Казік прачнуўся. Дакладней не сам прачнуўся, а яго пабудзіў сябар Юзік, які пачаў казытаць Казіка, водзячы пярынкай пад Казікавым носікам.
– Апчхі! Дзе я!!? Хто я!!? Што такое!!? – чхнуў і падхапіўся сонны Казік.
– Хі-хі-хі, – засмяяўся Юзік, – люблю розныя брыдоты сябрам рабіць.
Пасля гэтага твар Юзіка імгненна змяніўся, зрабіўся сур’ёзным-сур’ёзным і дахавік дзелавым голасам спытаў:
– Ну, што там у цябе за размова? Давай выкладвай.
Казік незадаволена пабурчэў крыху сабе пад нос (мінут так пяць, а можа і дзесяць) і сказаў:
– Юзік, а чаму б нам не папрацаваць камінарамі, га? Падзаробім крыху грошай, так бы мовіць, падымем свой матэрыальны ўзровень, і старыя часы ўспомнім. Памятаеш, як мы калісьці…
Гэта цяпер дахавікі могуць нічога не рабіць і займацца шалтайствам-балтайствам, а ў старыя часы яны працавалі, у тым ліку і коміны чысцілі. Дахавікі ведаюць, што такое коміны і як яны ўладкованы, бо толькі тым і займаюцца, што бегаюць каля гэтых самых комінаў па дахах.
Сваім выглядам дахавікі вельмі падобныя да камінараў. У іх такія ж, як у камінараў чорныя цыліндры. І чорныя сурдуты з бліскучымі гузікамі. Дарэчы, дахавікоўская мода на адзенне і пайшла ад камінараў. Дахавікі, якія жылі на дахах, увесь час сустракалі там камінараў і ім таксама хацелася мець такое ж прыгожае і стыльнае аддзенне. Так і сталі яны з часам насіць чорныя цыліндры і сурдуты.
І людзі нават блыталі іх з сапраўднымі камінарамі. Таму і з’явіліся легенды пра загадкавых і страшных камінараў, якія ўначы маглі праз коміны пранікнуць у дом і напалохаць людзей. А гэта ж ніякія не камінары былі, а дахавікі, якія перад сном прагульваліся па дахах і часта з-за цікавасці зазіралі праз коміны ў дамы, маўляў, а што там людзі робяць? І ніколі не хацелі яны нікога палохаць, бо па сваёй прыродзе дахавікі зусім не шкодныя істоты, а нават наадварот, гэта вам не розныя паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі ці лазнікі.
– Добра, – пагадзіўся Юзік. – Я заўтра патэлефаную ў даведкавую службу, каб высветліць, дзе і як можна ўладкавацца на працу камінарамі.
Пасля гэтых слоў Юзік развітаўся і выправіўся дамоў. А Казік замітусіўся і пачаў нешта шукаць. Ён перарыў усё сваё гарышча, пакуль, у рэшце рэшт, не выцягнуў з самага дальняга кута некалькі пыльных рэчаў, аблытаных павуціннем.
– Урра! Знайшоў! – радасна крыкнуў на ўсё гарышча Казік.
Калі б нехта ў гэты момант сачыў за Казікам, то гэты нехта быў бы ў разгубленасці ад незразумелай Казікавай радасці. Ну чаму радавацца нейкаму старому ламаччу? «Вар’ят гэты Казік» – падумаў бы гэты нехта.
А, між тым, Казік не быў ніякім вар’ятам. Проста ён знайшоў свае старыя камінарскія прычындалы, пры дапамозе якіх, дзвесце гадоў таму чысціў коміны. Гэта была лесвіца-драбінкі ў рост Казіка, венік з бярозавых дубцоў, які ў народзе завецца па-простаму драч, люстэрка і вяроўка з ёршыкам і металічным шарыкам на канцы, якую камінары называюць «тройка».
– Ура! – ізноў закрычаў Казік. Ён акуратна склаў усе знойдзеныя прычындалы на бачнае месца і стаў начышчаць да бляску гузікі на сурдуце. «Трэба выглядаць акуратным і ахайным, а то яшчэ не прымуць на працу» —лагічна меркаваў Казік. Пасля ўсіх гэтых цяжкіх спраў дахавік склаў свой сурдут і зноў заваліўся спаць. Ён быў такі стомлены, што праспаў ажно да раніцы, як сапраўдны пажарнік.
7. ВАЦЛАЎ БАНАВЕНТУРАВІЧ
Назаўтра Юзік, як і абяцаў, даведаўся адрас установы, якая займалася абслугоўваннем комінаў. Казік узяў драбінкі і люстэрка, а Юзік – венік-драч і вяроўку з ёршыкам і сябры пешшу накіраваліся ўладкоўвацца на працу, бо, як выявілася, ісці было не так і далёка, усяго некалькі прыпынкаў ад Казікавага дома. Да таго ж, лезці ў салон тралейбуса ці трамвая з драбінкамі і потым таўчыся там сярод пасажыраў, не вельмі і прыемна. Нарэшце дахавікі падыйшлі да трохпавярховага жоўтага будынка.
– Здаецца, гэты будынак, – сказаў Юзік.
Перад уваходам на сцяне будынка вісела шыльда.
– «Камбінат супрацьпажарных прац пры гарадскім добраахвотным пажарным таварыстве» – прачытаў надпіс на шыльдзе Казік. – Ну і дзе тут напісана пра камінараў? – спытаў ён Юзіка.
– Ха-ха-ха, – засмяяўся Юзік.
– Ну ты і валёнак, Казік! Адстаў ты ад жыцця. Цяпер гэтая ўстанова называецца «Камбінат супрацьпажарных прац».
І Юзік рашуча пхнуў дзверы будынка нагой. Казіку нічога не заставалася, як зайсці ў будынак услед за Юзікам.
У будынку дахавікам адкрыўся доўгі пусты калідор з незлічонымі дзвярыма. Казік і Юзік пайшлі па калідору, круцячы галовамі налева і направа. На адных дзвярах яны пабачылі шыльду «Галоўны майстар».
– Відаць нам сюды, – сказаў Казік і асцярожна пагрукаў кулачком у дзверы. Потым ён прыадчыніў іх і прасунуў нос у шчыліну. – Можна зайсці? – спытаў ён нясмела некага нябачнага Юзіку.
– Заходзьце, – адказаў гэты нехта за дзвярыма.
Сябры зайшлі ў кабінет. Каля акна стаяў і паліў цыгарэту худы высокі пан у цёмным гарнітуры і бліскучых чаравіках. На выгляд пану было гадоў пяцьдзесят пяць-пяцьдзесят шэсць, ну, можа, пяцьдзесят шэсць з паловай. Арліны нос, пасівелыя скроні і нават лысіна (так-так) прыдавалі пану нейкую імпазантнасць. Ён адвярнуўся ад акна і ўважліва паглядзеў на дахавікоў. Раптам ягоны твар заззяў усмешкай.
– О, камінары! – сказаў пан, не даючы дахавікам нават раскрыць рот. – Бачу, бачу, што прыйшлі на працу ўладкоўвацца. А якія цыліндры, а якія бліскучыя гузікі! – з захапленнем працягваў ён. – Сапраўдныя камінары. Я ж ведаю, я Андэрсена чытаў. Хоць пакажаце прыклад нашым мурзатым партачам з камбінату, як мусяць апранацца сапраўдныя камінары.
Тут Юзік адсунуў Казіка назад і сказаў:
– Мы не камінары, мы – дахавікі. Але, бясспрэчна, вы маеце рацыю ў тым, што мы прыйшлі ўладкоўвацца на працу. І хаця мы не камінары, але мы вельмі добра ведаем камінарскую працу, бо дзвесце гадоў таму мы працавалі камінарамі…
– Стоп, стоп, стоп! – сказаў худы пан з арліным носам, сівымі скронямі і лысінай, – не дурыце мне галавы. Камінары, не камінары, дахавікі нейкія… Я ж бачу, што камінары. І ніякіх размоў, марш афармляцца ў аддзел кадраў! А потым да мяне, бо я мушу правесці інструктаж па тэхніцы бяспекі.
– Ды мы ведаем… – спрабаваў запярэчыць Юзік, але пан не стаў слухаць і выштурхнуў іх за дзверы разам з драбінкамі і венікам.
Пасля таго, як дахавікі аформіліся на працу (як ім гэта ўдалося зрабіць без пашпартоў, гісторыя замоўчвае) і праслухалі інструктаж, галоўны майстар (а худы пан, як аказалася, быў галоўным майстрам Вацлавам Банавентуравічам) прымусіў іх распісацца ў журнале.
– Спяцоўку не выдаю, – сказаў Вацлаў Банавентуравіч, – бо адзенне ў вас і так супер-пупер. Ну што ж, а цяпер едзем на аб’ект.
8. ПЕРШЫ ВЫЕЗД
Яны ўтрох выйшлі на вуліцу. Каля будынка стаяў мікрааўтобус.
– Халера! Дзе гэты кіроўца? – незадаволена забурчэў Вацлаў Банавентуравіч, бо ў машыне нікога не было.
– А давайце я павяду аўтамабіль, – нясмела прапанаваў свае паслугі Казік.
– А ты ўмееш? – недаверліва спытаў Вацлаў Банавентуравіч.
– О, яшчэ як. Ён сапраўдны ас, – уставіў сваіх пяць шэлегаў Юзік.
– Ас? А, сапраўды я ас, – падцвердзіў Казік. Ён адчыніў дзверы мікрааўтобуса, ключ запальвання быў у замку.
– Панове, заходзьце ў салон! – сказаў Казік Юзіку і Вацлаву Банавентуравічу і кінуў у салон драбінкі.
Усе трое залезлі ў мікрааўтобус. Казік павярнуў ключ запальвання. Рухавік машыны зарычэў. Дахавік націснуў на педаль газа, колы завішчэлі і машына распалохваючы пешаходаў панеслася наперад па вуліцы.
– Ну і куды едзем? Які адрас? – спытаў Казік майстра Вацлава Банавентуравіча.
А машына тым часам неслася па вуліцы і людзі, якія пераходзілі па пешаходных пераходах, у жаху разбягаліся ўлева і ўправа.
– Шпітальная сем, – адказаў майстар Казіку.
– Шпітальная сем?! – у адзін голас усклікнулі Казік і Юзік.
Справа ў тым, што на даху дома нумар сем па вуліцы Шпітальнай жыла сяброўка дахавікоў варона Карына. Дарэчы, яшчэ адзін іх сябар – сабачка Маркіз, ад нядаўняга часу жыў таксама на Шпітальнай, у пад’ездзе дома, які стаяў насупраць дома Карыны.
– І што там здарылася? – з трывогай спытаў Юзік Вацлава Банавентуравіча.
– Ды нічога незвычайнага, – адказаў майстар, – дымаход забіўся. Хутка прачысцім і ўсё.
Паказаўся патрэбны дом. Пад’язджаючы Казік пабачыў на даху дома здаравеннага чорнага ката, які стаяў на коміне і зазіраў унутр яго. Дахавік моцна націснуў на педаль тормаза. Машына рэзка затармазіла і прыпынілася. Юзік з Вацлавам Банавентуравічам па інерцыі паляцелі са сваіх месцаў наперад. Пры гэтым Юзік даляцеў да месца кіроўцы, а майстра прыпыніла парэнча, аб якую той стукнуўся лбом. Імгненна на лбе Вацлава Банавентуравіча надзьмуўся гузак.
– У якой аўташколе ты вучыўся? – крыкнуў майстар Казіку.
– Я не ў школе, я сам навучыўся, самавук, – адказаў Казік.
– Тады ўсё ясна, – сумна сказаў Вацлаў Банавентуравіч, разумеючы, што злавацца на Казіка няма сэнсу. І пацёр гузак на лбе.
Яны выйшлі з аўтамабіля і пабачылі сабачку Маркіза, які грыз костку ў двары. Маркіз таксама пабачыў дахавікоў і кінуўся да іх.
– Прывітанне, Маркіз, – сказаў Казік, – не ведаеш, дзе Карына?
– Была ў сябе на даху – абедала. У нас жа зараз па раскладзе абед, – адказаў Маркіз і весела заматляў хвосцікам.
– А мы тут па справе, – важна паведаміў Маркізу Юзік. – Бачыш, камінарамі працуем. А гэта наш начальнік – Вацлаў Банавентуравіч.
– Вельмі прыемна, рады пазнаёміцца, – сказаў Маркіз і падаў Вацлаву Банавентуравічу пярэднюю лапу.
Лапа сабачкі была ў пяску. Але майстар нахіліўся і паціснуў лапу Маркіза. Праўда потым, калі ўсе адвярнуліся, выцер руку аб крысо пінжака.
– Добра, потым паразмаўляем, а то мы спяшаемся, – патлумачыў Казік Маркізу і дахавікі з майстарам падняліся ў кватэру, у якой забіўся дымаход. Гаспадар кватэры правёў іх на кухню.
– Вось, гляньце, калі ласка, газавая калонка не запальваецца, – сказаў гаспадар.
9. СУТЫЧКА
– Добра, зараз мае камінары паспрабуюць прачысціць дымаход, – сказаў Вацлаў Банавентуравіч гаспадару. І загадаў Казіку з Юзікам лезці на дах.
– А можа я адзін палезу, чаго нам удвух туды перціся? – спытаў Казік.
– Нельга, – адказаў майстар, – забыліся пра тэхніку бяспекі?
Дахавікі выйшлі з кватэры, хуценька падняліся сходамі на апошні паверх, праз люк у столі забраліся на гарышча і цераз акно вылезлі на дах. На коміне, які яны збіраліся прачысціць, усё яшчэ сядзеў і аблізваўся здаравенны чорны кот. Кот нядобра глядзеў на дахавікоў і нават не думаў вызваляць комін.
– Апсік, вусаты! – пшыкнуў на ката Юзік.
Але кот нават не павёў вокам.
– Нам трэба працаваць, а вы нам замінаеце, шаноўны пан, – звярнуўся да ката Казік.
І пасля гэтых слоў кот не варухнуўся. Тады Юзік замахнуўся на ката драчом. Кот увярнуўся ад удару і лапай стукнуў Юзіка па носе. Удар ката быў як у баксёра-прафесіянала. Юзік кулём пакаціўся па даху і нейкім цудам не зваліўся з яго, а стукнуўшыся аб дахавую мачту, змяніў траекторыю палёту і праз дахавае акно апынуўся на гарышчы.
– Ах ты так! – крыкнуў на ката Казік (гэта ён думаў, што крыкнуў, а на самой справе ледзь прамармытаў сабе пад нос) і зняўшы свой цыліндр, запусціў ім у ката. Кот ад нечаканасці нават не паспеў ухіліцца ад такога снарада. «Бумс»! – цыліндр трапіў у ката, як бранебойны снарад у танк, і кот кулём пакаціўся ўніз, а потым таксама ўдарыўся аб мачту і ўслед за Юзікам праз дахавае акно зваліўся на гарышча. Унізе пачуліся гукі барацьбы, сапенне і мяўкаценне. Праз дахавае акно наверх падняліся слупы пылу. Потым усё заціхла і ў дахавым акне паказаўся Юзік. Адзенне ў яго ў некаторых месцах было падранае.
– Уцёк, паразіт, – сказаў Юзік, маючы на ўвазе пад словам “паразіт” ката.
У гэты момант з дахавага акна паказалася вусатая каціная пыса. Адно вока ў ката было падбітае, відаць Юзіку ўсё ж удалося расквітацца за ўдар па носе.
– Пачакайце, мяў! Вы яшчэ пашкадуеце, што звязаліся са мной, мяў. І за «паразіта» адкажаце! – пагражальна прамяўкаў кот і ад злосці перакусіў антэнны кабель, які ішоў ад спадарожнікавай антэны да кагосьці ў кватэру.
Не вытрымаўшы гэтага, Юзік схапіў кавалак цагліны, які ляжаў ля коміна, і шпурлянуў у ката. «Бах»! – і другое вока ката аказалася таксама падбітым, пасля чаго кот з мяўканнем знік у акне.
– Ну, ніякай павагі да працаўнікоў аварыйнай службы. Не, ну скажы, Казік, як можна працаваць у такіх умовах? – спытаў Юзік сябра.
А працаваць было трэба. Прычым неадкладна.
Казік падняў з даху свой цыліндр.
– Дай мне сваю вяроўку з шарыкам, – папрасіў ён Юзіка.
Юзік даў вяроўку. Дахавік Казік апусціў шарык у комін і стаў разматваць вяроўку. Нарэшце вяроўка ў нешта ўпёрлася. Казік паспрабаваў прабіць металічным шарыкам гэтае «нешта». Ён падымаў і рэзка адпускаў вяроўку. Але нічога не атрымлівалася. Дахавікам прыйшлося вярнуцца ў кватэру.
– Нічога не атрымліваецца, штосьці трапіла ў дымаход, – сказаў Казік Вацлаву Банавентуравічу, калі яны вярнуліся ў кватэру.
Тады Вацлаў Банавентуравіч зняў трубу з калонкі і паспрабаваў зазірнуць у дымаход. У дымаходзе нешта заскрэблася і ўніз на галаву майстра пасыпалася сажа. Усе прысутныя ад нечаканасці здрыгануліся. У дымаходзе ізноў пачулася шкрабатанне, а потым карканне:
– Кар-р, кар-р.
Хто там?! – крыкнуў Казік.
– Гэта я, кар! – пачуўся з цемры плаксівы голас.
– Хто, я? – гучна спытаў Юзік.
– Ну я, Кар-рына, – ізноў адказалі з цемры.
Казік узяў услончык, які стаяў на кухне, залез на яго і засунуў руку ў дымаход. Рука намацала нагу птушкі. Казік пацягнуў за нагу і выцягнуў з дымахода перапэцканую ў сажу і пакамечаную варону Карыну. Выгляд у Карыны быў, шчыра кажучы, варты жалю. На галаве птушкі быў капялюш, зроблены з паловы вялікага пластыкавага кіндэр-сюрпрыза. Менавіта гэтая «каска» і выратавала варону ад сур’ёзных траўмаў.
Варону аднеслі ў ванны пакой і памылі пад струменем вады. Потым яе напаілі гарбатай і калі птушка цалкам супакоілася, Казік пачаў распытваць, што з ёй здарылася.
– Уяўляеце, – распавядала Карына, – сяджу я значыць сабе на коміне, нікога не чапаю, дзяўбу скарынку хлеба. І тут з’яўляецца гэты кот. Базыль, дарэчы, яго мянушка.
– Яго гаспадары мусіць наглядзеліся па тэлевізары «Прыгод Бураціна», таму і такую мянушку кату далі, гы-гы, – засмяяўся Юзік.
– Не кот, а нейкі злодзей, – працягвала Карына, – яго гаспадыня, яна на трэцім паверсе жыве, выгнала з кватэры. Бо ён мышэй не ловіць, а толькі цягае з лядоўні каўбасу і сасіскі.
Варона памаўчала, пра нешта задумалася, а потым зноў стала апавядаць:
– А, ну дык значыць дзяўбу я скарынку, а ён як скокне да мяне. Я ад страху ў комін і звалілася. Думаю, што толькі гэтым сваё жыццё і выратавала. Не зваліся я, толькі б пер’е па даху лётала, а я ўжо была б у страўніку гэтай вусатай пачвары.
Казік пачухаў патыліцу.
– Давядзецца цябе пасяліць на маім гарышчы, – сказаў ён, – а то гэты Базыль ад цябе сапраўды толькі пер’е і пакіне. І Маркіз цябе абараніць не зможа, бо ў адрозненне ад катоў, па дахах лазіць не ўмее. А так пажывеш у мяне, гарышча трохі прывядзеш у парадак, а то я цяпер працую і часу на прыбіранне ў мяне няма.
– Ага, табе б Казік адно выгоду шукаць, – пажартаваў Юзік.
– Ну дык няхай тады ў цябе пажыве, – пакрыўджана сказаў Казік.
Юзік збянтэжыўся.
– Не, у мяне ёй будзе няўтульна. Жытло ў мяне часовае, на пражыванне двух істот не разлічана. Вось, калі адрамантуюць бібліятэку з маім гарышчам, то тады, калі ласка, – адказаў ён.
– Скажы лепш, што табе не хочыцца карміць варону. Ну ты і скнара, Юзік, – сказаў Казік
Уся кампанія выйшла з кватэры на вуліцу.
– Ну вы едзьце на машыне, а я тралейбусам да камбіната даеду, – сказаў дахавікам Вацлаў Банавентуравіч і зноў пацёр рукой свой гузак.
– А можна мы Карыну адвязем да мяне дамоў? – спытаў майстра Казік.
– Можна, – адказаў Вацлаў Банавентуравіч, – хаця гэта называецца «выкарыстанне службовага становішча ў асабістых мэтах». Але што з вамі рабіць.
Калі дахавікі з варонай пайшлі да мікрааўтобуса, майстар паглядзеў ім услед і ціха сказаў:
– Вароне добра – яна ў касцы.
– Вы нешта сказалі? – спытаў майстра сабачка Маркіз.
– Не-не, гэта я так, – адказаў Вацлаў Банавентуравіч і пакрочыў да тралейбуснага прыпынку.
Дахавікі адвезлі Карыну да дома Казіка, а самі паехалі ў сваю кантору. На вуліцы каля будынка «Камбіната супрацьпажарных прац» яны пабачылі злога пана ў рабочым камбінезоне. Як высветлілася гэта і быў кіроўца мікрааўтобуса. Раззлаваны кіроўца хацеў быў кінуцца на дахавікоў з кулакамі, але ў гэты час да будынка падыйшоў майстар Вацлаў Банавентуравіч, які дабіраўся тралейбусам.
Вацлаў Банавентуравіч сам пачаў сварыцца на кіроўцу.
– Звольню сёння ж! – крычаў ён, – якой трасцы ты пакідаеш ключы ў машыне!? А калі б яе ўгналі злачынцы і выкарысталі, скажам, для рабавання банка? А калі б яны яшчэ і задавілі каго-небудзь?
Вацлаў Банавентуравіч зрабіўся чырвоны, як рак.
– Ідзі прэч з маіх вачэй, – крыкнуў ён кіроўцу.
Кіроўца хуценька залез у мікрааўтобус і завёўшы рухавік знік з далягляду.
– Так вось і працуем, – звярнуўся Вацлаў Банавентуравіч да Казіка і Юзіка, і дастаўшы з кішэні упакоўку таблетак, праглынуў адну.
А дахавікі пакінулі свае камінарскія прычындалы на працы і пайшлі пагуляць па горадзе.
10. ПАНІ ЯДЗВІГА
– Такі шыкоўны настрой пасля добра зробленай працы, – сказаў Казік дахавіку Юзіку, – недарэмна мы дзень пражылі.
Дахавікі весела абмяркоўвалі сутычку з катом Базылём. Яны падыйшлі да перакрыжавання вуліц і на пешаходным пераходзе пабачылі паліцыянта, які ўважліва за імі сачыў. Калі яны параўняліся з паліцыянтам, той запытаўся ў дахавікоў:
– А вы выпадкова не Казік і Юзік?
– Так, – адказаў паліцыянту Юзік, – яны самыя і ёсць. А адкуль вы нас ведаеце?
– О, нам у акадэміі паліцыі шмат пра вас апавядалі. Мы вывучалі ваш вопыт па затрыманні правапарушальнікаў, бо ваша аперацыя па затрыманні вядомага бандыта Глобуса разглядаецца ў падручніку па крыміналістыцы, як узорная. Толькі нікому пра гэта не кажыце – гэта сакрэтная інфармацыя. Я нават абараніў па вашай аперацыі дыплом і атрымаў выдатную адзнаку. І цяпер буду служыць тут у сталіцы, а не ў далёкай правінцыі за дзесяццю лясамі і дзевяццю рэкамі.
І паліцыянт прыклаў руку да фуражкі.
– Рады быў пабачыць герояў, – сказаў ён, і развітаўшыся, пайшоў праз дарогу.
А дахавікі пакрочылі сабе далей.
– Юзік, а можа зазірнём у госці да пані Ядзвігі, на Кароткабродскую 13? – спытаў сябра Казік.
Пані Ядзвіга была той самай гаспадыняй з дзявочым голасам, у кватэры якой дахавікі з Карынай калісьці і затрымалі бандыта.
– Не, я дамоў пайду, бо стаміўся нешта – сказаў Юзік. І запытаўся з непрыхаванай іроніяй: – А ты што, закахаўся ў яе? А як жа фрэкен Бок з мультфільма пра Карлсана?
– Фрэкен Бок магчыма несапраўдная, прыдуманая, – адказаў Казік Юзіку, – а пані Ядзя мне сапраўды спадабалася. Яна такая добрая. І ў яе на кухні так смачна пахне піражкамі з яблычным павідлам.
Ён уздыхнуў.
– Ну хадзем, – ізноў пачаў ціснуць Казік на сябра.
– Ды не пайду я, адчапіся, – не здаваўся Юзік.
Дахавікі развіталіся. Юзік пайшоў дамоў, а Казік адзін накіраваўся ў госці да пані Ядзвігі. Па дарозе ён купіў букет з трох чырвоных ружаў у прыгожай абгортцы з фальгі. Казік ужо даўно жыў на свеце і ведаў, што ў госці без падарунка не ходзяць. А жанчыны любяць атрымліваць падарункі ў выглядзе кветак, часцей за ўсё – ружаў.
Казік нарэшце дайшоў да дома пані Ядзвігі і пазваніў ёй. Пані Ядзвіга з дапамогай дамафона адчыніла дахавіку дзверы пад’езда. Калі Казік падняўся на паверх, дзе жыла пані Ядзвіга, дзверы яе кватэры былі прыадчыненыя, а сама пані стаяла каля іх з вялікім і верагодна цяжкім апалонікам.
– Пані Ядзя, што вы гэта мяне апалонікам сустракаеце? – спытаў Казік.
– Ды нічога, праходзь, – адказала гаспадыня і прапусціла Казіка ў кватэру, уважліва агледзеўшы лесвічную пляцоўку.
Казік зайшоў у вітальню. У кватэры пахла піражкамі.
– Гэта вам, – сказаў дахавік і аддаў кветкі гаспадыні.
Яна ўся пачырванела і дзявочым галаском залепятала:
– Так нечакана, так нечакана! Дзякуй, Казімір!
Цэлы вечар яны сядзелі на ўтульнай кухні. Пілі гарбату, елі піражкі з яблычным павідлам, размаўлялі, глядзелі тэлевізар. А што яшчэ трэба для шчасця?
11. СЯБРЫ ЕДУЦЬ ДА МОРА
Неяк спякотным ліпеньскім вечарам Казік з Юзікам сядзелі на даху і пілі з вялікіх кубачкаў смачную ягадную гарбату. Увесь цэнтр горада быў заліты яркімі агнямі, натоўпы гараджан і турыстаў сноўдаліся туды-сюды без усялякай бачнай мэты.
– Ох, як жа ягадная гарбата дапамагае ад спёкі, праўда Юзік? – запытаўся Казік у сябра.
– І не кажы, – адказаў Юзік. Адзеты Юзік быў толькі ў шорты, а на галаве ў яго быў звыклы цыліндр, які ён здымаў вельмі рэдка.
– Свята – гэта добра, – працягваў Казік, прысёрбваючы з кубачка, – але неяк стаміўся я ад гэтых купалляў-русалляў.
– Што так? – спытаў Юзік, і таксама адсярбнуў з кубка гарбату. – Усе радуюцца, гуляюць, адпачываюць. Самалёты лётаюць, салюты страляюць. Цікава!
– Ага, яны адпачываюць да раніцы, песні ўсялякія гучна спяваюць, праз вогнішча трое сутак скачуць, а я заснуць не магу, усю ноч варочаюся з боку на бок. Ды яшчэ і гэтая спёка, якая трымаецца ўжо месяц!
Ён памаўчаў, а потым раптам спытаў Юзіка:
– А ведаеш, якія ў мяне дзве мары?
– Зразумела, што не ведаю, – адказаў Юзік, – я ж не тэлепат Вольф Месінг ці нейкі экстрасэнс.
А Казік працягваў:
– Я мару з’ездзіць на мора і купіць камп’ютар. Каб ты ведаў, як мне хочацца набыць камп’ютар! Калі ён у мяне будзе, то я змагу карыстацца сецівам не пакідаючы свайго гарышча. А так мне даводзіцца хадзіць у інтэрнет-кавярню. А ў гэтай кавярні такія дарагія паслугі!
– Ды навошта табе гэты інтэрнет? – спытаў Юзік. – Чытай лепш кнігі ці гуляй.
– О! У сеціве столькі ўсяго цікавага! Мне вельмі-вельмі падабаецца інтэрнет-старонка «Нашыя дзеткі»! Там столькі розных гульняў, мульцікаў, казак, песень! – Казік узбуджана пачаў махаць рукамі, – толькі вось ёсць адна праблема: мне не хопіць грошай і на мора і на камп’ютар, – твар Казіка зрабіўся сумным, а голас ціхім.
– Тады трэба выбраць нешта адно, мора ці камп’ютар, – адказаў Юзік.
– Я не ведаю, што выбраць, мне хочацца і тое, і тое.
– Давай разважаць лагічна, – прапанаваў Юзік. – Ты можаш паехаць на мора ўзімку?
– Магу, – сказаў Казік, – але ўзімку на моры холадна. А дабрацца да тых мораў, дзе ўзімку цёпла, у мяне ўсё адно не хопіць грошай.
– Ну вось, – прамовіў Юзік, – значыць на мора трэба ехаць цяпер, гэта значыць улетку. А камп’ютар ты і ўзімку, і ўвясну зможаш купіць. Лагічна?
Лагічна, – адказаў Казік.
Ён трошкі падумаў і прапанаваў Юзіку:
– А давай паедзем у адпачынак на мора разам.
– Ну давай, – згадзіўся Юзік. – Грошай на паездку і я падзарабіў. Не дарэмна ж мы столькі месяцаў камінарамі працавалі. Вунь ледзь адмыліся самі ад сажы і адзенне адмылі.
– Толькі давай паедзем не на поўдзень – на чорнае-чорнае, бо там яшчэ спякотней, чым у нас, а на поўнач – на сіняе-сіняе мора, у бурштынавы край. Там так добра! І Карыну з Маркізам на мора возьмем. Я ўжо і не памятаю, калі мы апошні раз у моры купаліся. А ты памятаеш, Юзік?
– Дакладна не памятаю, гадоў можа сто таму, а можа і ўсе сто дваццаць. Я не лічыў, – адказаў Юзік.
Потым ён на хвілінку задумаўся і дадаў:
– Трэба тады і Гюнтэра праведаць. Я патэлефаную яму, скажу, што прыедзем у госці.
Гюнтэр таксама быў, як і Казік і Юзік, дахавіком. Апошнія сто гадоў ён жыў на даху вялікай прыгожай кірхі ў горадзе каля сіняга-сіняга мора, у які і сабраліся ехаць сябры.
– Добра, вырашана – сказаў Казік, – папросім Карыну, яна ж каля чыгуначнага вакзала жыве, каб заўтра пастаралася набыць квіткі. Ці, можа, лепш я сам куплю? А то яна яшчэ набудзе ў адваротны бок, ты ж мусіць, памятаеш, як калісьці было, калі замест квіткоў да Львова, яна купіла да Льгова?
– Казік, супакойся, Карына не першы дзесятак гадоў на гэтым свеце жыве, зробіць, як усё мае быць – адказаў сябру Юзік.
Але Юзік памыліўся, што здаралася вельмі рэдка.
На наступны дзень, калі Казік займаўся нейкімі дахавымі справамі на сваім гарышчы (на самой справе ён глядзеў па тэлевізары свой улюбёны мультфільм пра Карлсана, але – цссс! – нікому не кажыце пра гэта), зазвінеў Казікаў тэлефончык. Званок быў ад Карыны.
– Катастрофа-кар-кар! – крычала Карына ў слухаўку. – Усё пр-рапала-кар! Катастрофа-кар!
– Карына, супакойся. Што здарылася?
– Квіткі не прадаюць, кажуць патр-рэбна нейкая віза і пашпар-рт. А ў нас жа ні пашпар-ртоў, ні гэтай, як яе, візы. А што гэта за штука такая – віза? Я ўсё жыццё без усякай візы па свеце лётала і нічога.
Казік не адказаў на яе пытанні, бо і сам не ведаў, а толькі сказаў:
– Праблема. Пачакай, я параюся з Юзікам, ён у нас галава, што-небудзь прыдумае…
Юзік моўчкі выслухаў Казікаў аповед, потым зняў свой цыліндр і пачухаў патыліцу: шкраб-шкраб-шкраб.
– Сапраўды праблема, – прамовіў Юзік. – Горад, у які мы сабраліся, цяпер знаходзіцца ў іншай краіне. А каб да яго даехаць, трэба праехаць яшчэ адну краіну.
Пасля гэтых слоў ён ізноў пашкрабаў: шкраб-шкраб, надзеў цыліндр і сказаў:
– Прыдумаў. Паедзем кантрабандыстамі.
– А хто такія гэтыя кантрабасісты? – спытаў Казік, – тыя, хто грае на кантрабасах?
– Не кантрабасісты, а кантрабандысты – гэта тыя, хто пераходзіць без пашпартоў уначы мяжу па балоце ці праз цёмны-цёмны лес.
– Мы пойдзем па балоце? – спытаў Казік. – Бр-р, я баюся па балоце, там такая брыдкая трава!
– Супакойся, мы паедзем цягніком, – адказаў Юзік. І дадаў:
– Але кантрабандыстамі.
12. КАНТРАБАНДЫСТЫ
Горад спаў. Горад сніў сотні тысяч, а можа і мільёны каляровых і чорна-белых сноў. Не спалі ў горадзе толькі паліцыянты, таксісты, жулікі, шматлікія дзяжурныя і вартаўнікі. Не спалі і чацвёра сяброў.
Гадзіннік на Казікавым гарышчы прабіў трэцюю гадзіну ночы. І тут жа зазвіней Казікаў тэлефончык.
– Казік слухае.
– Падымайся, гультай – спознімся – пачуўся ў тэлефоне голас Юзіка.
– Ад гультая чую, – адказаў Казік і хуценька, як жаўнер, падхапіўся з ложка (ён ляжаў адзетым), пазяхнуў (вось так: а-а-а), абуў красоўкі, спрытна закінуў за спіну падрыхтаваны загадзя заплечнік і спусціўся па пажарнай лесвіцы на вуліцу. На вуліцы была… ну, як бы сказаць лепш? Была чорная-чорная ноч. Гарбатая постаць Казіка вынырвала з цемры ў святло нешматлікіх ліхтароў, якія гарэлі ў гэты час, і зноў хавалася ў цемры.
На рагу вуліц Дуніна і Марцінкевіча пад ліхтар выйшла яшчэ адна гарбатая постаць у цыліндры і далучылася да Казіка. Гэтая гарбатая постаць (якая, між іншым, належала Юзіку) ціха сказала сіпатым голасам:
– Усё ідзе па плане, курс на поўнач.
І два кантрабандысты накіраваліся начнымі вуліцамі ў бок вакзала. Непадалёк ад вакзала, за падземным пераходам, іх чакалі яшчэ дзве постаці з заплечнікамі. Гэта былі варона Карына і сабачка Маркіз – таксама кантрабандысты. Сябры амаль бязгучна павіталіся і рушылі адзін за адным на перон. На пероне Юзік засунуў Маркіза ў свой заплечнік, а заплечнік Маркіза аддаў Казіку. І дахавікі спрытна залезлі на навес, які ахоўвае пасажыраў ад снегу і дажджу. За імі на навес заляцела і варона Карына.
Сябры ўселіся і сталі чакаць…
13. ДАРОГА
Роўна ў чатыры гадзіны пяцьдзесят шэсць мінут раніцы па мясцовым часе на станцыю прыбыў цягнік, які накіроўваўся ў бок сіняга-сіняга мора. У дахавікоў і вароны з сабачкам было дзевятнаццаць мінут, каб перабрацца на цягнік. Але ім для гэтага хапіла ўсяго некалькіх секунд. Сябры спрытна пераскочылі з навеса на дах вагона, уладкаваліся на ім і спакойна заснулі: дарога мусіла быць далёкай.
Дыктарка абвесціла, што цягнік №147 адпраўляецца, і састаў, набіраючы хуткасць, папоўз велізарным вусенем у бок мяжы. Але сябры ўжо салодка спалі і нічога гэтага не чулі.
Праз нейкія тры гадзіны цягнік дапоўз да мяжы і прыпыніўся. Яго абкружылі памежнікі і мытнікі. Пачалася праверка дакументаў.
Дзіўна, але ніхто з памежнікаў і мытнікаў не заўважыў на даху вагона сяброў, якія ўжо прачнуліся. Канечне, памежнікам і мытнікам і ў галаву не магло прыйсці, што нехта можа падарожнічаць такім чынам.
Мытнікі і памежнікі рабілі сваю справу, а сябры – сваю. Казік, Юзік, Карына і Маркіз падаставалі з сваіх заплечнікаў тое, што яны сабралі на хуткую руку ў дарогу (між іншым: вэнджаную каўбаску, агурочкі, памідорчыкі, чорны хлеб, белы хлеб, соль, ікру, грыбочкі, варэнне, ёгурты, косткі для Маркіза і яшчэ трошкі ўсяго) і з апетытам прыняліся за гэты «сціплы» сняданак.
Праз сорак мінут цягнік торгнуўся, прапоўз крыху ў паўночным накірунку і прыпыніўся па другі бок мяжы. Ізноў яго абкружылі памежнікі і мытнікі, якія адрозніваліся ад папярэдніх толькі уніформай і мовай. І зноў ніхто з іх не заўважыў сяброў.
– Панапрыдумвалі межаў – ціха сказаў, даядаючы каўбасу, Казік. – Помню, што якраз тут дзедаў свіран і пуня стаялі, а вось мяжы ніякай не помню. Юзік, ці не ведаеш навошта тут цяпер мяжа?
– А сапраўды, навошта? – адначасова спыталі Юзіка Карына і Маркіз.
Юзік надзеў акуляры, зрабіў разумны выгляд і сказаў:
– Згодна маёй эканамічнай тэорыі, лішак працоўных рэсурсаў…
– Чаго-чаго-чаго? – у адзін голас прамовілі Казік, Маркіз і Карына.
Юзік зняў акуляры. Твар яго адразу зрабіўся больш простым і Юзік на зразумелай мове пачаў тлумачыць сябрам, навошта тут мяжа.
– Ну вось паглядзіце, колькі людзей абкружыла цягнік з таго і гэтага боку мяжы, колькі людзей правярае дакументы і візы. Бачыце?
– Бачым, – адказалі сябры.
– Ну вось, – працягваў Юзік. – А калі б тут не зрабілі мяжу, то ўсе гэтыя людзі не мелі б працы. Чым бы яны кармілі сваіх маленькіх дзяцей, сваіх сабачкаў і коцікаў? Дзеці бегалі б галодныя і нямытыя па вуліцах, сабачкі кусалі б мінакоў, а галодныя коцікі сваім мяўканнем не давалі б па начах спаць прыстойным людзям.
Сябры, уявіўшы сабе гэтых галодных нямытых дзяцей, сабачкаў і коцікаў, ажно праслязіліся, так ім было шкада няшчасных.
– Зразумелі? – Юзік пераможным позіркам абвёў вачыма сяброў.
– Ага, – адказалі яны і шморгнулі мокрымі насамі і дзюбкай.
Тым часам цягнік ізноў торгнуўся і пакаціў праз транзітную краіну ў бок мора.
А сонейка ўжо пачало прыпякаць і пасажыры цягніка пакутавалі ад духаты. Не дапамагалі ні кандыцыянеры, ні адчыненыя вокны. А вось дахавікам і Карыне з Маркізам на даху вагона было зусім не спякотна. Вецер абдзімаў іх твары, навокал рассцілаліся прыгожыя краявіды і таму душа прасіла песні. І сябры заспявалі на ўсю моц:
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-радзіма,
Вечна жыві і квітней..!
Пасля таго, як яны скончылі песню, Юзік штурхнуў локцем Казіка і сказаў:
– А давай яшчэ тваю любімую, тую, для якой ты некалі пачатак Максіму прыдумаў. Ну, памятаеш: «Ад роўных ніў, ад роўнай хаты…»?
– Ад родных ніў, а не ад роўных, – паправіў Юзіка Казік.
– Ну, добра, няхай будзе ад родных. І сябры ізноў заспявалі:
…А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі…
Сябры спявалі так моцна і прыгожа, што нават пасажыры ў вагоне пачулі іх. Пасажыры сядзелі і замілавана слухалі песню, думаючы, што гук ідзе ад вагоннага радыё. І калі песня скончылася, яны пачалі дзякаваць правадніцам вагона за спевы. А правадніцы толькі збянтэжана паціскалі плячыма ў адказ, не разумеючы, у чым справа.
Потым сябрам надакучыла спяваць і яны заняліся, хто чым хацеў. Варона Карына ізноў уляглася спаць. Юзік, надзеўшы акуляры, па старой звычцы чытаў у арыгінале томік Міцкевіча (зашмальцаваную кніжку ён заўсёды насіў з сабой у кішэні). А Казік з Маркізам пачалі насіцца адзін за адным па ўсяму цягніку. Яны разбягаліся і пераскоквалі з аднаго вагона на іншы, потым яшчэ раз і яшчэ раз. Так доўжылася датуль, пакуль Казік не абшахнуўся і амаль не зваліўся пад колы цягніка. Маркіз ледзь паспеў ухапіць яго зубамі за штонікі, што і выратавала дахавіка ад калецтва, ці, крый Божа, смерці. Казік аж пабялеў ад страху, а потым, калі прайшоў шок, пачаў дзякаваць Маркізу:
– Каб не ты, дружа, не відаць бы мне больш сонейка, – і Казік рукавом выцер з-пад носа слёзы.
– Ды я сам спалохаўся, бо я такі баязлівец, што жах – адказаў Маркіз, – гэта ў мяне ад страху такая хуткая рэакцыя, а так бы не паспеў цябе ўтрымаць.
Тут да Казіка з Маркізам падбеглі Юзік з Карынай, якія знаходзіліся за некалькі вагонаў.
– Ізноў, Казік, парушаеш тэхніку бяспекі? – голас Юзіка быў, як метал.
– Я больш не буду, – вінавата адказаў Казік, – сапраўды не буду.
– Ну, глядзі ў мяне, – сказаў Юзік.
– Глядзі ў нас, – дадала варона Карына, а потым звярнулася да Маркіза: – і ты глядзі…
– А я што? – буркнуў Маркіз.
Засталася ззаду Вільня і чарговая мяжа, нарэшце цягнік спыніўся для апошняга дагляду памежнікамі і мытнікамі, якія таксама адрозніваліся ад папярэдніх толькі уніформай і мовай. І тут Казік пачаў хвалявацца.
– Юзік! Зірні – сабака.
Сапраўды, да цягніка падыйшоў памежнік са службовым сабакам.
– Ну ўсё, канец нашаму падарожжу – сумна сказаў Казік. Зараз здымуць нас з цягніка і пасадзяць у турму, як кантрабасі… цьху ты, кантрабандыстаў.
У гэты момант Маркіз падхапіўся, прынюхаўся і стаў дзіўна круціць хвастом. Сабака-памежнік таксама прыпыніўся, пакруціў хвастом і як ні ў чым не бывала прайшоў з гаспадаром-памежнікам паўз вагон, на даху якога сядзела кампанія.
– Фу, пранесла, – сказаў Юзік. – Маркіз, прызнавайся, твая справа? Ты падаў знак сабаку, каб ён нас не прыкмеціў?
Маркіз у адказ толькі задаволена хмыкнуў і пакруціў хвосцікам.
– Вось што значыць тэлепатыя і сабачая салідарнасць, – сказаў Юзік.
А цягнік ізноў папоўз у накірунку станцыі прызначэння.
– Ура, свабода! – неслася з усіх адчыненых вокнаў цягніка. Гэта пасажыры так выражалі сваю радасць, што нарэшце скончыліся дзяржаўныя межы.
– Свабода! У-у-ура! – таксама радаваліся на даху цягніка сябры.
А вецер ужо нёс насустрач пах мора.
14. НЕЧАКАНАЯ СУСТРЭЧА
Пасля мяжы краявіды змяніліся. Замест невялікіх палёў і дамкоў, крытых шыферам і рознымі сучаснымі матэрыяламі, навокал чыгункі цяпер рассцілаліся зялёныя някошаныя лугі і палі, яшчэ больш зялёныя лясы і вузкія брукаваныя дарогі, абсаджаныя дрэвамі. І сярод гэтай зеляніны там і тут чырванелі чарапіцай востраканцовых дахаў акуратныя дамкі. Яшчэ адной дэталлю пейзажа былі дзясяткі і дзясяткі буслоў, якія сядзелі ў сваіх гнёздах на дрэвах, на комінах, на слупах і дахах дамоў, хадзілі па вільготных палях і лугах і лёталі ў небе.
– Ух ты, якое хараство! – усклікнуў Казік. Усё так, як і сто гадоў таму назад, калі мы апошні раз тут былі. Праўда ж, Юзік, га?
– Не-а, не ўсё, – адказаў яму Юзік, – сто гадоў таму на лугах уся трава была пакошаная і на палях пабольш усяго расло. А цяпер нешта беднавата жывуць.
– Дык можа і ў іх тут крызіс? – сказаў—запытаўся няўпэўнена Казік.
– Можа і крызіс, – адказаў Юзік.
– А можа бяда? – спытаў Казік.
– Можа і бяда, – сказаў Юзік, – а можа нават і дзве бяды…
– Ну што, сябры, пакуем рэчы? – перарваў размову прыяцеляў сабачка Маркіз, які ўсю дарогу пераважна маўчаў.
– Пакуем, пакуем, – адказалі дахавікі і варона. І ўсе пачалі збіраць заплечнікі. У гэты момант адзін з буслоў, што лёталі каля цягніка, падляцеў да вагона, на якім ехалі сябры, і, зрабіўшы пару колаў навокал вагона, сеў на дах побач з сябрамі. На шыі ў бусла на вяровачцы вісеў мабільны тэлефон апошняй мадэлі. Бусел уважліва паглядзеў хвіліну на Казіка, а потым абхапіў яго крыламі і радасна заклекатаў:
– Казік! Дарагі ты мой дахавік!
З вачэй бусла адна за адной пацяклі слязінкі і ён захлюпаў носам-дзюбкай. Хаця невядома, ці могуць буслы хлюпаць дзюбай, ці можа гэта проста здалося Казіку.
Казік, які не чакаў такога развіцця падзей, збянтэжана маўчаў і нічога не разумеў.
– Казік, гэта ж я – Бацік, няўжо ты мяне забыў?
– А, Бацік! – Казік за сваё доўгае жыццё шмат каго паспеў забыць, але Баціка ён памятаў. Яшчэ б не памятаць, бусел прынёс яму партманет, у якім было шмат грошай і Казік накупляў на іх столькі смакоцця, зрабіў падарунак Юзіку і яшчэ заплаціў рахунак за тэлефон – такое цяжка забыць. Пра тое, што ён выратаваў Баціка, Казік нават і не падумаў, бо як можна думаць пра рэчы, якія мусіць рабіць кожная нармальная істота.
– Дарагое-дарагое ты маё бусляня! – заклекатаў па-буслінаму Казік і таксама абняў бусла. – Як жа ты памужнеў, вырас! Цябе ўжо і не пазнаць. Значыць багатым будзеш.
– А ты ўсё такі ж, – сказаў Бацік.
– Ну, у нас дахавікоў, год усяго за людскі месяц ідзе, – патлумачыў Баціку Казік. І расказаў буслу, як яны апынуліся ў тутэйшых краях.
– А гайда да мяне ў госці, – прапанаваў Бацік сябрам. – Я вас з бацькамі пазнаёмлю. І не чакаючы адказу, ён пачаў камусьці названьваць па свайму тэлефончыку апошняй мадэлі. Праз пяць-дзесяць мінут да цягніка падляцелі яшчэ два буслы. Гэта былі браты Баціка. Бацік узяў за каўнер Казіка, два браты, якія прыляцелі – Юзіка і Маркіза, і буслы, падскочыўшы некалькі разоў у паветра, адарваліся ад даха вагона. А за імі, ледзь паспяваючы, узляцела і варона Карына.
– Прымусілі старую працаваць крыламі, ніякай павагі да жанчыны ва ўзросце – бурчэла яна ўсю астатнюю дарогу сабе пад дзюбку.
15. У ГАСЦЯХ
Мінут праз дваццаць буслы і Карына падляцелі да вялізарнага дрэва, на якім было аж тры гнязды буслоў. Калі ўсе прызямліліся на самае вялікае (вярней не прызямліліся, а прыгняздзіліся), то да іх кінуўся бацька Баціка. Ён адразу ж пазнаў Казіка:
– Менавіта такім я вас і ўяўляў, – сказаў бацька Казіку і паціснуў яго руку крылом.
З гнёздаў адкрываўся шыкоўны від на ваколіцы. Злева з дрэва была бачна Польшча, справа – Літва. Ці можа наадварот? Хаця гэта залежыць ад таго, з якога боку глядзець.
– Мы тут яшчэ патрыярхальнай сям’ёй жывём, не так, як у горадзе – патлумачыў Бацік сябрам. – Добрае месца, – працягваў Бацік, – да суседніх краін рукой падаць. У Польшчу мы за сасіскамі і каўбасой лётаем – там яны танныя. А ў Літву – за малаком. Там яно смачнае.
– А дзе ж вы грошы бераце на малако і сасіскі? – спытаў Казік.
Бацік адказаў пытаннем на пытанне:
– А вы ведаеце, чым падобныя французы на буслоў?
– Відаць насамі? – высунуў гіпотэзу Юзік.
– Не, – сказаў Бацік, – яны, як і мы, любяць жабак. Бацька заключыў кантракт з адным французскім рэстаранам і ўжо некалькі гадоў наша сям’я пастаўляе ім жаб. Толькі – цсс! – нікому не кажыце пра гэта, а то нас канкурэнты задушаць.
– І як ідзе бізнес? – спытаўся Юзік.
– Выдатна, – адказаў Бацік. – Бачыце новы тэлефон? Нядаўна купіў. Летам мы працуем ад ранку да змяркання, затое ўвосень і зімой можам дазволіць сабе адпачнуць у Афрыцы. Звычайна мы лётаем у Егіпет, у Хургаду і Шарм Аль Шэйх. Не бывалі там?
– Толькі збіраемся, – сказаў Казік і пастараўся перавесці гутарку ў іншае рэчышча.
А бацька Баціка ўжо стаяў каля сталоў, што ламіліся ад прысмакаў, і чакаў, калі госці падыйдуць і пазнаёмяцца з астатняй сям’ёй.
– Знаёмцеся, гэта мая жонка Бэці, – бацька прадставіў элегантную бусліху сярэдняга ўзросту.
– Бэці, – бусліха какетліва падала сваё правае крыло Казіку.
– А гэта мае дочкі, яны жывуць у сваім гняздзе, – рэпрэзентаваў далей сваю сям’ю бацька бусел.
Дзве дачкі сціпла паціснулі сябрам рукі, лапу і крыло.
– Ну, братоў Баціка, якія з ім жывуць у трэцім гняздзе, вы ўжо ведаеце, – працягваў бацька. – Яшчэ ў нас трое меншых дзяцей, але яны зараз спяць. Ц-сс! Рэжым. Пасля я і з імі вас пазнаёмлю.
І сапраўды, у гняздзе ў ложку сапелі трое буслянятак. Бацька бусел ізноў пачаў нешта казаць і гэта разбудзіла дзетак. Адно з буслянят заварушылася і раптам падхапіўшыся стала на край гнязда і сіганула ўніз. Усе аслупянелі і толькі Казік, які стаяў бліжэй за ўсіх да бусляняці, не разгубіўся і паспеў схапіць малое за кончык хвосціка. Тут да Казіка падбег Юзік, які перагнуўся праз край гнязда і ўхапіў бусляня за ножку. Удвух яны ўцягнулі дзіця ў гняздо.
– Неверагодна, вы ізноў выратавалі яшчэ аднаго нашага сына! – бусліха Бэці ўдзячна абняла Казіка. – Ён у нас лунацік і за ім патрэбна вока і вока.
– Нічога, бывае, – сціпла адказаў Казік, – я сам тут амаль не загінуў пад коламі цягніка, але вось Маркізне даў мне загінуць.
Сабачка Маркіз, якому чамусьці ад пахвалы стала няёмка, схаваўся за варону Карыну.
«Гэта не вандроўка, а нейкае выратаванне шарагоўца Раяна» – думала ў гэты момант Карына, маючы на ўвазе не толькі выратаванне бусляня, але і выратаванне Маркізам Казіка. Амерыканскі фільм «Выратаваць шарагоўца Раяна» варона нядаўна глядзела ў летнім кінатэатры. Праўда ў кінэтэатр яе не пусцілі і глядзець прыйшлося з-за плота, седзячы на галінцы дрэва.
Нарэшце ўсе з усімі перазнаёміліся, малога ізноў уклалі ў ложак, і пачалося застолле, ці як у нас кажуць – бяседа.
– Ешце, госці дарагія, – запрашала гаспадыня Бэці. – Вы ўжо даруйце, калі што не так, за дваццаць хвілін усё сабралі.
Да самага позняга вечара гулялі сябры з гаспадарамі. І павесяліліся на славу.
16. ГОРАД
Пераначаваўшы ў сельскай гасцініцы, якая належала прыяцелям буслоў, і адпачнуўшы за кароткую нач ад доўгай «бяседы», дахавікі і варона з сабачкам накіраваліся на аўтобусе ў горад да дахавіка Гюнтэра. Іх праводзіла ўся сям’я Баціка.
– Калі што, ну, раптам будуць праблемы з вяртаннем на радзіму, то мы вас падкінем да дому, калі паляцім у Афрыку – сказаў сябрам Бацік. – Тэлефануйце.
Сябры памахалі на развітанне ветлівым гаспадарам, і аўтобус па вузкай дарозе, абсаджанай дрэвамі, накіраваўся ў горад.
«Ну і майстар» – думаў Казік пра кіроўцу аўтобуса, калі аўтобус на вялікай хуткасці праносіўся ўсяго ў некалькіх сантыметрах ад дрэў. Навокал ізноў рассцілаліся зялёныя някошаныя лугі, палі і яшчэ больш зялёныя лясы.
Нарэшце пачаліся прадмесці з двухпавярховымі дамкамі, а за імі і горад, забудаваны сучаснымі пяці- і дзевяціпавярховымі панэльнымі дамамі.
– А гэтых дамоў сто гадоў таму не было, – сказаў Казік.
– Не было, – падцвердзіў Юзік.
Аўтобус пад’ехаў да аўтавакзала. Пс-с-с – расчыніліся дзверы, і пасажыры адзін за адным выйшлі з аўтобуса. Побач з аўтавакзалам быў бачны прыгожы карычневы будынак чыгуначнага вакзала.
– Так, зараз зарыентуемся, – сказаў Юзік. – Бач ты, усяго сто гадоў прайшло, а як тут усё змянілася.
Ён пакруціў галавой па баках і радасна закрычаў:
– Эўрыка! Знайшоў! Вунь там жыве Гюнтэр.
За сучасным гандлёвым цэнтрам, падобным да вялізарнай бляшанкі кансерваў, віднеўся шпіль з флюгерам. Гэта была былая кірха, дзе жыў дахавік Гюнтэр. Як казаў Гюнтэр па тэлефоне, цяпер у будынку кірхі была філармонія.
– Сябры, за мной! – сказаў Юзік і рушыў наперад. За ім чарадой пайшлі Казік, Маркіз і Карына. Гараджане, якія спяшаліся па сваіх справах, нават не звярталі ўвагі на такую стракатую кампанію. А магчыма яны проста прызвычаліся да турыстаў з розных краін, бо хто толькі апошнім часам не наведваў горад: і вузкавокія японцы, і шатландцы ў спадніцах, і сікхі ў цюрбанах, і нават маленькія чорныя пігмеі з Афрыкі, якія былі зусім без усяго, толькі ў набедраных павязках.
– Юзік, а ты заўважыў, што гараджане размаўляюць на іншай мове, чым сто гадоў таму? – спытаў Казік.
– Так, – адказаў Юзік, – заўважыў.
– А я спачатку не, – сказаў Казік. – Я ім па-нямецку entschuldigen Sie bitte, маўляў, прабачце калі ласка, а яны толькі робяць вялікія вочы ў адказ.
– Яны цяпер гавораць на той жа мове, што і ў нас у горадзе, – сказаў Юзік. – І гэтым нашыя гарады падобныя. У нас жа таксама сто гадоў таму размаўлялі на іншых мовах. Глабалізацыя, адным словам.
– А што такое глабалізацыя? – запытаўся Казік.
– Глабалізацыя – гэта працэс сусветнай эканамічнай, палітычнай і культурнай інтэграцыі і уніфікацыі. Ну як бы табе прасцей растлумачыць? Хутка ўсе ў свеце будуць размаўляць на адной мове, будуць думаць аднолькава, аднолькава апранацца і есці аднолькавую ежу. Вось гэта, на маю дахавікоўскую думку, і ёсць глабалізацыя.
– Тады гэта кепска і нясмачна, – сказаў Казік.
– А чаму нясмачна? – запытаўся ў Казіка сабачка Маркіз.
– Чаму, чаму. Таму, што нясмачна. І нецікава. Ну, уяві, што ўсе мы станем аднолькавымі. Не будзе ні сабачак, ні варон, ні дахавікоў, а адны гэтыя…глабалы ці глабалісты. І ўсе будзем есці аднолькавую ежу. А я, напрыклад, не хачу есці сабачую ежу. Ну, не люблю я косткі, што хочаш са мной рабі, бо гэта нясмачна.
– А я не люблі маргарын «Раму» з ягаднай гарбатай, – сказаў Маркіз. І уявіўшы, што яму давядзецца есці «Раму» і запіваць яе ягаднай гарбатай, дадаў: – Сапраўды, глабалізацыя – гэта нясмачна.
Тым часам уся кампанія ўжо пераходзіла галоўны праспект горада, за якім і была кірха. Праспект быў пакрыты сапраўдным старым гранітным брукам, па якім з гулам праносіліся дарагія джыпы і менш дарагія легкавікі.
Прыгожая вялізарная чырвоная кірха стаяла ў атачэнні панэльных дзевяціпавярховікаў. Кірха нечым нагадвала Гулівера ў атачэнні ліліпутаў – такая яна была высокая. Навокал будынка стаялі рыштаванні, было бачна, што ідзе рэстаўрацыя.
– Між іншым, хачу звярнуць вашу ўвагу, што кірха пабудована ў стылі неаготыкі ў пачатку тысяча.., – пачаў адукоўваць сяброў Юзік.
Але яго перабіў Казік.
– О, рыштаванні! – выгукнуў ён. – Вось па іх мы і залезем на дах.
І ён спрытна палез на дах кірхі, а за ім і ўся кампанія. Нават варона Карына гэтым разам не паляцела, а палезла разам з усімі.
На даху іх ужо чакаў дахавік Гюнтэр. Гюнтэр выглядаў так жа, як і Казік з Юзікам. Хаця не, крыху адрозніваўся. Бо ён насіў стракатыя падцяжкі, меў бараду сярэдняй даўжыні і паліў люльку.
– Прывітанне, стары! – Казік з Юзікам кінуліся абдымаць і ціскаць Гюнтэра. Яны шморгалі яго за бараду, піхалі кулакамі ў жывот, нацягвалі цыліндр на вочы, карацей кажучы, праяўлялі сапраўдныя сяброўскія пачуцці. – Сто гадоў цябе не бачылі, а ты ўсё такі ж. Ну давай, апавядай караценька пра тое, чым ты займаўся пасля нашай апошняй сустрэчы.
Варона Карына, карыстаючыся момантам, стала фатаграфаваць старых сяброў на мабільны тэлефон.
– Гістар-р-рычны момант, – тлумачыла яна Маркізу, – не дар-р-рую сабе, калі не захаваю гэта для гісторыі, кар.
А Гюнтэр, тым часам, пачаў караценька распавядаць дахавікам пра сваё жыццё. Калі ён скончыў, то Маркіз з Карынай ужо даўно спалі. Яно і не дзіва, бо караценькі расповед доўжыўся пятнаццаць гадзін (а што ж вы хацелі – сто гадоў сябры не бачыліся) і на двары была ўжо глыбокая ноч. Пачыналі засынаць і Казік з Юзікам. Ды і сам Гюнтэр, нягледзячы на тое, што распавядаў пра сваё жыццё, таксама ўжо амаль спаў.
Так і прайшоў для сяброў першы дзень у горадзе каля мора.
На наступны дзень сябры агледзелі ўладанні Гюнтэра (а там было што агледзець, бо ў Гюнтэра на гарышчы быў цэлы прыватны музей), паснедалі і выправіліся гуляць.
Была чароўная летняя раніца, у дварах вакол кірхі гуляла шмат дзяцей рознага ўзроста. Яны лазілі па дзіцячых горках, каталіся на роліках і веласіпедах і проста адпачывалі ад школы.
Пабачыўшы ўсю кампанію сяброў, адзін з дзяцей – хлопчык гадоў пяці, кінуў свой мяч і стаў уважліва разглядаць дахавікоў.
– Вы гномы? – неяк нясмела спытаў ён.
– Не, паважаны пан, мы не гномы, – адказаў яму Юзік, – мы дахавікі. Мы на даху жывем.
– О, дык вы Калсаны! – не вымаўляючы гука «р» сказаў хлопчык. Твар яго засвяціўся ад радасці. – А пакажыце вашы матолчыкі. А вы іх валэннем заплаўляеце?
– Сам ты Карлсан з варэннем! – не вытрымаў Казік. Ён амаль не плакаў ад крыўды. – Дахавікі мы!
– Калсаны, Калсаны! – закрычаў хлопчык і пабег кудысьці па сваіх дзіцячых справах.
– Як гэта несправядліва, – пакрыўджана сказаў Казік. – Карлсана ўсе ведаюць, пра яго напісаны кнігі, зняты мультфільмы і кінастужкі, а нас – дахавікоў, ніхто, апроч паліцыянтаў у нашым горадзе, не ведае.
– Не пераймайся, Казік, – стаў супакойваць сябра Юзік. – Наша шчасце, што амаль ніхто нас не ведае і што нас нават не заўважаюць на вуліцах ці лічаць, што мы якія-небудзь вузкавокія японцы, шатландцы ці сікхі з пігмеямі. Уяві, што мы былі б знакамітымі. І што? Жах! Нам бы прыйшлося, як кіназоркам, ці як, у крайнім выпадку, прэзідэнтам, хадзіць усюды з аховай. Ніякага прыватнага жыцця. Ну як бы ты наведваў пані Ядзю? З ахоўнікамі?
– Сапраўды, не пераймайся, Казік, – супакоіў сябра і Гюнтэр.
І дахавікі з Карынай і Маркізам працягнулі свой шпацыр па горадзе. Гюнтэр, як сапраўдны экскурсавод, паказваў сябрам свой горад і распавядаў пра яго гісторыю. Кампанія пасядзела ў кавярні, а потым пайшла аглядаць галоўную славутасць горада – нядаўна адрэстаўраваны катэдральны сабор. Каля сабора быў пахаваны славуты філосаф Кант.
– У нашым горадзе не толькі Кант жыў, – пахваліўся Гюнтэр. Яшчэ з нашага горада паходзіць казачнік Гофман.
– Па-а-думаеш, – сказаў Казік. – А я, між іншым, Купалу з Коласам няньчыў.
Сябры выйшлі на наберажную ракі Прэголі. Навокал прагульвалася парамі моладзь. Гюнтэр паліў сваю люльку і ад яго ішоў дым, як ад паравоза ці парахода.
– Гюнтэр, не палі, гэта шкодна для здароўя, – сказаў Казік.
– Сапраўды, гэта вельмі шкодна для арганізма, – падтакнуў Юзік, – схавай сваю люльку ў кішэнь.
Гюнтэр неахвотна паклаў люльку ў кішэнь і ўсе пайшлі далей.
– А-а-а! – закрычаў раптоўна Гюнтэр і пачаў махаць рукамі і скакаць. – А-а-а, ратуйце!
Ад яго ізноў паваліў густы дым, бо ад люлькі ў кішэні загарэлася Гюнтэрава адзенне. Сябры разгубіліся і не ведалі што рабіць. Наступіла паўза. Першым ачухаўся Юзік. Ён моцна штурхнуў Гюнтэра ў раку. Гюнтэр кулём паляцеў у ваду. – Плюх! – пырскі ад упаўшага ў раку Гюнтэра аблілі сяброў з ног да галавы, хаця сябры і знаходзіліся высока над вадой.
А-а-а, ратуйце! – ізноў закрычаў Гюнтэр, – я вельмі кепска плаваю!
Чорны цыліндр дахавіка паплыў па цячэнні.
Сабачка Маркіз не раздумваючы кінуўся ў раку (хаця да гэтага ён баяўся вады, як агню), схапіў за каўнер Гюнтэра і выцягнуў яго на наберажную ў тым месцы, дзе да вады спускаліся прыступкі. Потым ён ізноў паплыў і вылавіў з вады цыліндр дахавіка. Тут жа да Маркіза і Гюнтэра падбеглі Юзік, Казік і варона Карына. Пачуўшы, што нешта адбываецца, да іх сталі падыходзіць і мінакі.
– Ну што, ці не я табе казаў, што паленне шкоднае для здароўя!? – з выклікам спытаў мокрага Гюнтэра Юзік.
Сябры прыпынілі таксоўку, загрузілі Гюнтэра ў багажнік (бо кіроўца не згаджаўся садзіць мокрага дахавіка ў салон машыны) і яны паехалі назад, паіць гарачай гарбатай і сушыць Гюнтэра.
Так прайшоў для сяброў другі дзень у горадзе.
17. МОРА
Назаўтра, калі выратаваны дахавік высушыўся, напіўся гарачай гарбаты і выспаўся, сябры пастанавілі нарэшце паехаць да галоўнай мэты падарожжа – мора, якое знаходзілася ў дваццаці кіламетрах ад горада. Ехаць можна было на аўтобусе, электрычцы ці таксоўцы. На агульным сходзе большасцю галасоў (тры – за, два – супраць) было вырашана паехаць электрычкай.
На вакзале да касы стаяла невялікая чарга. Казік прыстроіўся ў канцы чаргі, а кампанія адыйшла ў бок. Набыць квіток надумала нават варона Карына, якая звычайна ездзіла «зайцам».
Нарэшце Казік апынуўся перад акенцам касы і папрасіў пяць квіткоў да мора.
– Пан відаць іншаземец? – спытала касірка Казіка і падала квіткі.
– А як вы здагадаліся? Па маім цыліндры і сурдуце? – спытаў касірку здзіўлены Казік.
– Не, па вашаму акцэнце. У вас інтанацыя не такая і гукі «ч», «ть» і «дь» вы не так вымаўляеце, як мы. Вось я і зразумела, што пан іншаземец.
– Ну, нічога сабе! – сказаў касірцы ўражаны Казік.
– О, за дваццаць гадоў працы я навучылася вельмі лёгка вызначаць, хто адкуль прыехаў, – адказала касірка. – Вось нядаўна дзве сарокі спрабавалі набыць льготныя квіткі, дык я па іх вымаўленні вызначыла, што адна паходзіць з Эстоніі, а другая – з Латвіі. Прыйшлося адмовіць імігранткам.
– Фантастыка! – Казік быў сапраўды ўражаны. – Вам не квіткі прадаваць, а ў міграцыйнай службе працаваць! А я вось па вымаўленні не магу нават вызначыць, хто жыве на маёй вуліцы, а хто на суседняй.
Ён падзякаваў касірцы і пайшоў з квіткамі да сяброў. Хутка ўсе яны сядзелі ўжо ў электрычцы.
І вось нарэшце электрычка прыпынілася на апошнім прыпынку. Уся кампанія, а менавіта дахавікі Казік, Юзік, Гюнтэр, варона Карына і сабака Маркіз, выйшлі на перон курортнага гарадка Кранца.
– Вядзі, – сказаў Казік Гюнтэру, – а то я за сто гадоў забыў дарогу да мора.
І Гюнтэр павёў сяброў да мора. Яны ішлі па вузкай вулачцы, забудаванай прыгожымі дамамі з мудрагеліста аздобленымі фасадамі. Вуліца была абсаджана ліпамі. Навокал было шмат турыстаў, якія няспешна шпацыравалі па вуліцах горада і сядзелі ў летніх кавярнях.
На адным з фасадаў была прывінчана шыльда, на якой паведамлялася, што ў гэтым доме ў 1901 годзе прыпыняўся нейкі важны пан Сталыпін.
– Гюнтэр, гэта не той лысаваты барадаты важны пан, якога мы бачылі тут з жонкай і шасьцю дзецьмі? – спытаў Юзік. – Ён яшчэ даваў цукеркі сваім дзецям і нам даў таксама.
– Той, – адказаў Гюнтэр. Якая ў цябе выдатная памяць!
– Не скарджуся, – сказаў Юзік. Для захавання памяці трэба шмат чытаць і шпацыраваць, што я і раблю. А вось паліць люлькі і цыгарэты для памяці шкодна…
Раптоўна за дамамі паказалася сіняе-сіняе мора. Вада была аж да самага гарызонта. Па-над морам лёталі чайкі, а з мора дзьмуў чароўны свежы вецер.
– Ура-а-а-а! – закрычалі сябры і кінуліся да мора. Яны спусціліся з наберажнай уніз да вады і ізноў закрычалі:
– Ура-а-а-а!
Вось яна – мара. Мора. На пляжы, пакрытым светлым пяском, было шмат людзей, якія загаралі. Бераг апрача пяску быў усыпаны вялізарнымі валунамі, якія верагодна не давалі вадзе размываць бераг. Справа пачыналася пясчаная каса, якая цягнулася амаль на сто кіламетраў, на яе пясчаных дзюнах таксама загаралі курортнікі. Злева – шмат сучасных белых ветракоў, якія бесперапынна махалі сваімі лопасцямі.
Дахавікі хутка паскідвалі з сябе адзенне і ў адных плаўках і цыліндрах зайшлі ў ваду.
– Ух!!! – закрычаў ад холада Казік, цела якога яшчэ не прызвычаілася да вады.
– Аёй!!! – а гэта ўжо выгукнуў Юзік.
Яны кінулі свае цыліндры на бераг і паплылі ў мора. Плылі спачатку брасам, потым кролем, потым батэрфляем і на спіне. Гюнтэр, які кепска плаваў, і Карына з Маркізам, засталіся плюхацца каля самага берага.
А Казік з Юзікам усё плылі і плылі. На бераг яны выпаўзлі з вады толькі ўвечары. Гюнтэр з варонай і сабакам ужо хацелі выклікаць вадалазаў і ратавальны кацер, бо думалі, што сябры патанулі.
– Як так можна?! – сварыўся Гюнтэр, – мы тут з Маркізам і Карынай перахваляваліся ўжо!
– Мы пллла-а-а-ва-лі, – адказалі дахавікі. Ім было так холадна, што зуб не трапляў на зуб, – Мы-ы ж на мо-о-рра пр-рыеха-алі.
Так прайшоў трэці дзень.
А потым дні паляцелі адзін за адным. Кожны дзень сябры ездзілі на мора, дзе купаліся і загаралі. У рэшце рэшт колерам скуры яны сапраўды сталі падобнымі да афрыканскіх пігмеяў.
Каб не толькі выкупацца ў моры і пазагараць, але яшчэ і павандраваць па бурштынавым краі, Гюнтэр прапанаваў узяць напракат машыну. Так як з усёй кампаніі краваць умеў толькі Казік, то кіроўцам мусіў быць ён. Гюнтэр знайшоў праз газету абвестак салон па пракаце аўтамабілей. Калі сябры падышлі да салона, то пабачылі дзесяткі аўтамабілей «Рэно», якія стаялі на пляцоўцы.
– Ездзіў на гэтай штуковіне? – спытаў Гюнтэр Казіка.
– Яшчэ не, – адказаў той.
Яны зайшлі ў салон. Менеджэр папрасіў у Казіка пашпарт і правы кіроўцы. Але адкуль той мог іх мець?
– Няўжо без дакументаў нельга ўзяць машыну? – спытаў менеджэра Казік. – Я, між іншым, вельмі сумленны. І машынай я кірую з 1906 года. Пакажыце мне яшчэ кіроўцу з такім стажам.
Тут Казік успомніў, як у 1906 годзе ў іх горадзе з’явіўся першы аўтамабіль. Марка ў яго была, між іншым, «Мерседэс». Казік захацеў на ім пакатацца. І пакатаўся. Але чым гэта ўсё скончылася, далей яму ўспамінаць не захацелася…
– Ну добра, – сказаў менеджэр. – Забірайце ключы, толькі пакіньце свой адрас і трайную аплату за арэнду аўтамабіля.
Казік з радасцю прадыктаваў адрас Гюнтэра і заплаціў патрабуемую суму. Да Гюнтэра яны ўжо вярнуліся на «Рэно». Перакусілі і адразу ж паехалі на мора, а потым па ўсяму бурштынаваму краі.
18.ВЯРТАННЕ
Так прайшоў ліпень. Потым жнівень.
Сканчвалася лета, сябры наадпачываліся на моры на наступныя сто гадоў і сабраліся вяртацца назад у свой горад, у сваю краіну.
– Ну ўсё, заўтра будзем збірацца дамоў, – сказаў Юзік.
Тут Маркіз неяк вінавата закруціў хвосцікам, апусціў вочы ў зямлю і прамовіў:
– Выбачайце сябры, але я вырашыў застацца з Гюнтэрам. Вам добра, бо вы разам, а ён адзін. Ён будзе мяне выгульваць штодзень, ды і горад мне даспадобы.
– Няхай застанецца, – сказаў Гюнтэр. – Мы з ім сапраўды за гэты час вельмі-вельмі пасябравалі. І мне так цяжка раставацца з гэтай істотай, якая выратавала мяне.
– Ну, няхай застаецца, мы не супраць, – прамовіў Юзік. І ён выцер слязу. – І людзі, і дахавікі, і жывёлы не павінны быць самотнымі. Усе істоты імкнуцца пазбягаць адзіноты.
– А як жа манахі, якія сыходзяць у манастыр? – спытаў Юзіка Казік. – Атрымліваецца, што яны шукаюць самоты?
– Не, – сказаў Юзік, – яны шукаюць Бога. Таму яны не самотныя, бо з імі Бог. – І ён замаўчаў…
Праслязіліўся і Казік. І нават Карына.
А на пысе Маркіза і твары Гюнтэра разам з слёзамі заззялі ледзь прыкметныя ўсмешкі. Яны радаваліся таму, што змогуць застацца разам.
– Мы будзем тэлефанаваць вам, – сказаў Маркіз. – Праўда-праўда.
Параіўшыся, Казік з Юзікам вырашылі назад вяртацца з бусламі. Тым больш, што бусляня Бацік абяцаў даставіць іх на радзіму. Сям’я буслоў якраз планавала на наступны дзень адлятаць у Афрыку.
Але тут пачала выказваць сваё незадавальненне варона Карына:
– Вам добра, вас буслы панясуць, а мне прыйдзецца самой ляцець. Я старая хворая жанчына, у мяне ўсе косткі баляць. Катэгарычна адмаўляюся ляцець сваім ходам!
Варыянт вяртання з бусламі цярпеў катастрофу. Але становішча выправіў Гюнтэр.
– Тут у мяне ёсць знаёмая правадніца цягніка, мы з ёй пазнаёміліся на арганным канцэрце ў філармоніі, дык я папрашу, каб яна правязла Карыну ў сваім купэ пад выглядам папугая.
І Гюнтэр патэлефанаваў сваёй знаёмай. Правадніца згадзілася. Але трэба было неадкладна бегчы на вакзал, бо цягнік адыходзіў літаральна праз паўгадзіны. Уся кампанія, пасядзеўшы на дарожку, панеслася на вакзал. Карыну перадалі правадніцы і варона пад выглядам папугая паехала праз дзве мяжы дамоў.
А дахавікі і сабака стаялі на пероне і махалі наўздагон цягніку рукамі і лапамі.
– Ну што ж, сябры, – сказаў Казік, – трэба і нам з Юзікам рыхтавацца да ад’езду.
Ён патэлефанаваў Баціку (а роўмінг даражэнны, халера яго вазьмі!) і дамовіўся назаўтра раніцай сустрэцца за горадам у вызначаным месцы.
Ноч перад адлётам была доўгая-доўгая, бо сябры не маглі заснуць. Перад дарогай заўсёды прыходзіць нейкае хваляванне. І толькі перад самай раніцай дахавікі змаглі забыцца ў сне на пару гадзін.
– Не праводзьце нас, – сказаў уранку Казік Гюнтэру і Маркізу. – Так нам будзе лягчэй. Бывайце.
І Казік з Юзікам, узяўшы заплечнікі, спусціліся па рыштаваннях з паддашка кірхі і пайшлі на аўтобусны прыпынак. А горад толькі яшчэ прачынаўся. Калі яны выйшлі з аўтобуса за горадам, то буслоў не было бачна. Але вось праз некалькі хвілін іх чарада паказаліся ў небе. Ад чарады аддзяліліся дзве птушкі. Яны падляцелі да дахавікоў і прызямліліся. Гэта былі Бацік і адзін з яго братоў.
– Ну што, паляцелі? – спытаў Бацік.
– Паляцелі, – адказалі дахавікі і забраліся на буслоў. – Вытрымаеце нас?
– Цяжка будзе, але дамо рады, – адказаў Бацік.
Птушкі з пасажырамі павярнуліся супраць ветра, некалькі разоў падскочылі ў паветра і ўзляцелі ў неба. Развярнуўшыся і выцягнуўшы шыі, буслы сталі даганяць сваю чараду.
Дахавікі лёталі раней у сваіх снах, але сон і параўнаць нельга з рэальным палётам. Адчуванні былі такія, што проста нельга перадаць словамі! Унізе ўсё было такім маленькім: маленькія, як мурашы, людзі, таненькія, як ручаі, рэчкі.
– Пралятаем Польшчу! – крыкнуў Бацік Казіку. – А цяпер Літву!
– І ніякіх табе межаў і пашпартоў! – крыкнуў у адказ Казік.
Яны ляцелі цэлы дзень і праляцелі за гэты час больш за 200 кіламетраў. Увечары стомленыя буслы вырашылі зрабіць начоўку. Прыпыніліся на лузе. Побач быў невялікі хвойнік. Дахавікі вырашылі заначаваць пад дрэвамі, бо на лузе было вільготна. Казік з Юзікам ляглі на ігліцу, падклалі пад галовы заплечнікі і салодка засапелі.
А назаўтра раніцай чарада буслоў ізноў выправілася ў дарогу.
Пасля апоўдня нарэшце паказаўся родны горад. Казік з Юзікам сядзелі на буслах і ад шчасця ва ўсё горла спявалі любімую песню Юзіка:
Вецер, мой брат, я вяртаюся назад.
Ты прабач, а я вяртаюся дамоў.
А на даху Казікавага дома іх ужо сустракала сяброўка Карына, якая махала ім крылом.
19. КАЗІК РОБІЦЬ РАМОНТ
Аднойчы, цудоўнай-цудоўнай восеньскай раніцай (а ўвосень раніцы рэдка бываюць цудоўнымі), дахавік Казік вырашыў зрабіць рамонт на сваім гарышчы. Здаецца, быў панядзелак. Дакладна, панядзелак. Трынаццатага лістапада.
«Не за гарамі Божае Нараджэнне, а ў мяне гарышча і на жытло не падобнае. Усюды павуцінне, дах цячэ, цэгла з комінаў вывальваецца. І не дзіва, бо апошні рамонт яшчэ пры акупацыі горада войскам Пілсудскага рабілі», – думаў Казік. Ён вырашыў неадкладна пахадзіць па будаўнічых крамах і рынках, каб сваімі вачыма паглядзець на будаўнічыя матэрыялы і інструменты, прыцаніцца, што пачым.
Па дарозе Казік накупляў у шапіках розных часопісаў. І «Ідэі вашага дома» і «Прыгожыя дамы» і яшчэ шмат усялякіх цікавых. «Буду вечарамі вывучаць», – меркаваў ён. Цэлы дзень дахавік швэндаўся па крамах і рынках. Але крам было багата, яшчэ больш было розных будаўнічых матэрыялаў, таму Казік працягнуў свой занятак і на наступны дзень. І на наступны дзень за наступным днём таксама…
Пра свае планы Казік не сказаў ні вароне Карыне, ні свайму найлепшаму сябру Юзіку.
«Ведаю я Юзіка, – думаў Казік, – пачне адразу парады раздаваць, як гэта зрабіць, як тое ўладкаваць, хаця за сваё доўгае жыццё сам цвіка не забіў, інтэлектуал».
Падумаўшы так, Казік здзівіўся сам сабе: «Трэба ж, я нават слова «інтэлектуал» ведаю. Цікава, дзе я яго пачуў, ці не ад Юзіка? І, дарэчы, чаму я злы такі сёння, я ж добрая істота?»
Але, тым не менш, дахавік Юзік даведаўся пра планы Казіка.
Неяк увечары нечакана і раптоўна ён зайшоў да сябра на гарбату. Па-англійску. Хаця не, не па-англійску. Здаецца, па-англійску не заходзяць, а развітваюцца. Гэта, калі хто не ведае, азначае, што госць пакідае ваш дом ці кватэру без папярэджвання. Не кажучы «пакуль» ці «бывай». Вып’е ўсю гарбату з кавай, з’есць усё печыва з цукеркамі і хутчэй за дзверы. Відаць гэтыя англічане любяць пачаставацца за чужы кошт, таму, мабыць, і назвалі такое развітанне ў іх гонар. А Юзік наадварот, завітаў у госці да Казіка. Без запрашэння і папярэджвання. Відаць, як некалі завіталі татара-манголы на Старажытную Русь. Вось пасля гэтага, дарэчы, і сталі казаць, што «нязванны госць горшы за татарына».
Казік ледзь паспеў схаваць будаўнічыя часопісы, якія ён у гэты час вывучаў, пад падушку.
– Прывітанне, стары, – весела сказаў Юзік Казіку, – вось ішоў паўз твой дом у бібліятэку, і думаю, дай зайду на гарбату да сябра. Ты рады?
– Вельмі, – адказаў Казік. А сам падумаў: «І якая халера цябе менавіта цяпер да мяне прынесла»?
А Юзік працягваў:
– Чым займаешся?
– Ды так, – адказаў Казік, – нічым.
– А вось да мяне дайшлі чуткі, што ты рамонт вырашыў зрабіць, – сказаў Юзік.
Ад нечаканасці Казік нават не ведаў, што і адказаць. «Неверагодна. Як ён даведаўся»? – думаў Казік.
А Юзік, быццам бы ён чытаў думкі, сказаў:
– Варона Карына бачыла цябе і ў краме інструментаў, і на будаўнічым кірмашы. І як ты часопісы ў шапіку купляў. А я ж інтэлектуал – адразу здагадаўся, што ты вырашыў рамонт на сваім гарышчы зрабіць. Дарэчы, а дзе часопісы? Ты іх відаць пад падушку схаваў?
І Юзік адкінуў падушку ўбок. Пад падушкай ляжалі часопісы па рамонту.
– Ну, і што я казаў? – Юзік быў радасны, як дзіцяня.
Казіку нічога не заставалася, як апавесці пра свае планы.
– Добра, – сказаў Юзік, – рамонт гэта вельмі сур’ёзная рэч, яго без падрыхтоўкі і кіравання рабіць нельга. Таму я бяру на сябе абавязкі кіраўніка. Згодны?
– Згодны, – адказаў Казік. А куды яму было дзявацца?
А Юзік вёў рэй далей:
– Гэта слушна, што ты пачаў з вывучэння коштаў на матэрыялы і азнаямлення з часопісамі. А цяпер мы пераходзім да пункту нумар тры.
– А што гэта за пункт нумар тры? – асцярожна спытаў Казік?
– Гэта праект рамонту. Мы мусім намаляваць эскіз.
– А можа мы так адрамантуем, без праекта? – Казіку вельмі не хацелася займацца непатрэбнай, на яго думку, працай.
– Без праекта нельга. Гэта я табе аўтарытэтна, як кіраўнік, заяўляю.
І Юзік, як кіраўнік рамонту, пачаў сам складаць план і маляваць эскіз. Дзень маляваў, два маляваў, нарэшце на трэці дзень скончыў. Эскіз атрымаўся яркі і маляўнічы. Праўда, як ні намагаўся Казік, але так і не змог разабрацца, што ж там пазначана.
– А вось гэта што? – і Казік тыкнуў пальчыкам у нейкую чырвоную кляксу на плане.
– Э, м-м-м, – Юзік зняў з галавы свой цыліндр і пачасаў патыліцу. Нарэшце ён знайшоўся, – о, гэта ж я цябе намаляваў (на самой справе Юзік выпадкова зрабіў гэтую кляксу кетчупам).
– Гэта я? – спытаў Казік, – гэта ты мяне так намаляваў? А яшчэ сябар.
І Казік дэманстратыўна адвярнуўся ад Юзіка.
Юзік зразумеў, што зрабіў памылку. Казік жа можа і перадумаць рабіць рамонт. І тады Юзіку не ўдасца ні пакіраваць, ні наогул, паўдзельнічаць у цікавай справе. І будзе ён сядзець пень пнём на сваім гарышчы і ў сто першы раз перачытваць томік Міцкевіча.
– Ну, добра, – сказаў Юзік, – няхай будзе па-твойму, будзем рабіць рамонт без эскіза.
І ён скамячыў аркуш над якім працаваў амаль тры дні. Чаго толькі не зробіш для сябра.
Увесь наступны дзень дахавікі прысвяцілі закупам будаўнічых матэрыялаў для рамонту. Крыху прыкупілі і інструмент. Усялякія там нажоўкі, шпатэлі і іншыя дрылі.
Юзік прапанаваў усё гэта завезці да Казікавага гарышча ўвечары. Маўляў, каб не турбаваць суседзяў:
– Бо, – казаў Юзік, – мы будзем заносіць матэрыялы, а жыхары дома ў гэты момант будуць сноўдацца ўверх і ўніз сходамі. І мы будзем ім замінаць.
Так і зрабілі. Калі сцямнела і ўвесь Казікаў дом ужо рыхтаваўся да сну, а некаторыя суседзі, якім было рана ўставаць, ужо спалі, да дома пад’ехаў фургон з будаўнічымі матэрыяламі. Казік з Юзікам вылезлі з фургона, адчынілі дзверы, і пачалі цягаць на гарышча мяшкі з цэментнай сумяссю, дошкі, цэглу і яшчэ шмат іншай драбнаты. Пару разоў Юзік упусціў цагліны на лесвіцу. І ў Казіка таксама разы тры выслізнулі з рук дошкі. Грукат пры гэтым разносіўся на ўвесь дом. Суседзі нават перапалохаліся. Тыя, хто спаў, паўскаквалі з ложкаў з крыкамі «Людцы добрыя, ратуйце!», а тыя, якія не спалі, адразу пачалі тэлефанаваць у паліцыю, ратавальную службу і «хуткую дапамогу». На шчасце, дахавікі ўжо паспелі ўсё занесці на гарышча, іначай трапілі б або ў паліцыю або ў вар’ятню, бо вельмі хутка да дома пад’ехала «хуткая дапамога» і паліцэйская патрульная машына. Але Казік з Юзікам аб гэтым ужо не даведаліся, так як яны вельмі стаміліся і заваліліся спаць.
Спалі дахавікі вельмі доўга. І ноч праспалі і ўвесь наступны дзень. Прачнуліся толькі ўвечары. Хацелі паснедаць, але як снедаць увечары? Увечары не толькі не паснедаеш, але і не паабедаеш. Таму Казік з Юзікам адразу павячэралі. А пасля і настрой у іх падняўся. Юзік прапанаваў не цягнуць з рамонтам і прыступіць да яго адразу ж.
– А чаго нам чакаць? – сказаў ён Казіку, – пакуль жаданне не знікла і ёсць сілы пасля смачнай вячэры, трэба працаваць.
І Юзік пачаў разводзіць цэментную сумесь. Ён наліў у тазік вады, насыпаў туды з меха сухую сумесь і ўключыўшы дрыль пачаў круцелкай размешваць усю гэтую масу. Дрыль завыў і ва ўсе бакі паляцелі цэментныя пырскі. Казік не паспеў адбегчы ад Юзіка і пырскі трапілі яму на адзенне, на твар і нават у рот.
– Цьху-цьху-цьху! – пляваўся Казік. – Спыніся, калі ласка, – крыкнуў ён Юзіку.
Але дрыль завываў так гучна, што Юзік не пачуў Казікавага крыка і прыпыніўся толькі тады, калі размяшаў усю цэментную сумесь. Вярней не ўсю, а толькі палову, бо другая палова запырскала ўсё гарышча.
Да таго ж, завываннем дрыля Юзік вельмі напалохаў суседзяў па дому, якія пачалі меркаваць, хто ж там недзе вые? Можа гэта нейкія паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі ці лазнікі?
«Бр-р-р, як страшна»! – затрэсліся ў сваіх кватэрах суседзі. Яны хацелі ўжо класціся спаць, а некаторыя з іх нават ужо і спалі, ды іх разбудзіла гэтае незразумелае завыванне недзе на даху. І тым суседзям, якія яшчэ не спалі і другім – якія прачнуліся, потым усю ноч сніліся кашмары, у якіх з чорнага-чорнага начнога неба падалі на зямлю і нема крычалі страшныя паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі і лазнікі.
Між тым Юзік працягваў сваю працу. Пасля таго, як ён размяшаў цэментную сумесь (вярней тое, што ад яе засталося), ён узяў у адну руку цагліну, у другую – кельму і пачаў рамантаваць комін, у якім не хапала некалькіх цаглін. Юзік засіліў кельмай цэментную сумесь і шпурлянуў яе на комін. Сумесь замест таго, каб трапіць у адтуліну, дзе не было цагліны, плюхнулася зусім у іншае месца. Пырскі паляцелі ў твар Юзіка, а адна пырска – проста яму ў вока.
– А-а-а! – закрычаў Юзік, больш ад нечаканасці, чым ад болю. Ён кінуў і кельму і цагліну і пачаў прамываць вока.
– Бачу, што рамонт сёння скончаны, – сказаў Казік і палез на дах паглядзець перад сном на месяц.
Назаўтра цікавасць Юзіка да рамонту знікла. Ды і вока ў яго ад цэменту пачырванела.
– Прабач, – сказаў ён неяк вінавата Казіку, – але ў мяне сёння шмат неадкладных спраў, ды і ў паліклініку трэба зайсці.
І Юзік развітаўся. А на наступны дзень не з’явіўся, знік. І на наступны дзень за наступным таксама.
Прыйшлося Казіку рабіць рамонт аднаму. Цэлых тры тыдні ён тынкаваў, фарбаваў, піліў, габляваў, клеіў і прыбіваў. Правёў на гарышча вадаправод, паставіў на дах спадарожнікавую антэну і камплект сонечных батарэй.
– Фу, нарэшце скончыў я гэты рамонт, – сказаў Казік сам сабе.
Ён абвёў позіркам гарышча, якое цяпер проста нельга было пазнаць. Блішчэла белай фарбай акно, коміны былі, як новыя. Пахла свежым дрэвам падлога і столь. А ў цэнтры памяшкання зелянела калядная ялінка.
Казік пазваніў вароне Карыне і знікламу Юзіку (сябар усё ж) і запрасіў іх да сябе сустракаць Божае Нараджэнне.
Раніцу дваццаць чацвёртага снежня дахавік прысвяціў паходу па крамах. Ён купіў падарункі Юзіку і Карыне, а потым накіраваўся да касцёла на святочную Імшу, дзе і сустрэў сяброў.
Пасля Імшы сябры сабраліся за святочным сталом у Казіка. За акном быў мароз і падаў снег, свяцілі зоркі, а тут, на гарышчы ў Казіка, было так утульна і прыгожа, як у казцы. Зрэшты, гэты вечар і быў чароўнай казкай.
Уладзімір Васькоў
