Бесплатно

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

Текст
iOSAndroidWindows Phone
Куда отправить ссылку на приложение?
Не закрывайте это окно, пока не введёте код в мобильном устройстве
ПовторитьСсылка отправлена

По требованию правообладателя эта книга недоступна для скачивания в виде файла.

Однако вы можете читать её в наших мобильных приложениях (даже без подключения к сети интернет) и онлайн на сайте ЛитРес.

Отметить прочитанной
Шрифт:Меньше АаБольше Аа
 
Згаворваў Грышка пацеры, чуваць былі
Святыя словы, што з душы яго плылі.
Напрыканцы ён заспяваў да Маці Божай,
Узрушыўшы мяне вячыстай песняй гожай,
Вітаннем нашае Заступніцы Святой,
Хвалой узнебнай над імшарай і дрыгвой,
Прыпадабненнем трапным Панны да заранкі,
Якая дзень папераджае, час світанку.
 
* * *
 
Лаўцы ўжо разышліся, толькі ні на крок
Не адыходзіў я ад Грышкі. Вось здалёк,
Здалося раптам нам, адказ на ваб Рыгораў
Данёсся. Голас быў слабы, няпэўны з бору.
 
 
«Пан чуў?.. надходзіць лось… ай, латва! добра, ай!..
Да нас, напэўна, йдзе… Паніч тут ляжа хай!..
Маўчаць, як рыбіна ў вадзе, каб не нашкодзіць!..
Трэ вычакаць!.. Куркі, панічу, на адводзе!..» —
Шаптаў мне Грышка, стрэльбу сціснуўшы рукой,
Сагнуўся і прыпаў да хвоечкі малой.
Я лёг, раса студзіла ўранку праз адзенне,
Ды не зважаў, глядзеў на зараснік з надзеяй,
Туды, скуль, думалася, выскачыць рагач…
Завабіў Грышка… Слых і зрок свой як мага
Напружваў, ды дарма… Рыгор штурхнуў, я трохі
Паварачаю голаў, кінулася ў скроні
Раптоўна кроў, як справа праз лясны гушчар
Ішоў вялікі лось, я ўбачыў рагача…
 
 
Той дзіўны стан не паддаецца апісанню,
Як трапіць гэткае стральцу на паляванні.
 
 
Дрыжэў, нібы ў гарачцы, – прыбліжаўся звер.
Як трапным стрэлам прывітаць яго цяпер?
Змагаўся я з сабой… Рука мая трымцела,
Нарэшце нейкі момант вытрымаў на цэлі…
Пальнуў…
Лось – дыба, павярнуўся, потым скок…
Раздаўся стрэл другі… Памкнуў быў лось убок,
Хіснуўся… на калені ўпаў неспадзявана.
«Як ад гарачкі гэтай адвучыць мне пана?
За крокі тры ад нас лось быў бы акурат,
Пан не падпусціць!.. звык смаліць за пяцьдзесят!..
Скажу, пан трапіў, праўда, і пры першым стрэле». —
«Буркун! Ляжыць жа лось!.. лепш пахваліў бы!» —
«Вельмі
Хвалю!.. Пан добры паляўнічы! Толькі вось
Дрыжэў увесь, нібы кісель аўсяны, штось,
Апамятаўся ўрэшце неяк, дзякуй Богу,
Не схібіў пан у цэль, што выглядала стогам!» —
«Саромеўся б казаць, стары! сваё ўсё гнеш!..
Шанцуе гэтак, як сягоння, рэдка мне». —
 
 
«То праўда, даражэнькі!.. Хоць бурчу з нагоды,
Цябе, як роднае дзіця, люблю заўсёды».
 

V. ГОЛАД

 
«Нялюдскую забаву кіньце, мой панічу,
Паслухайце старога, што дабра вам зычыць,
Грэх хлеб круціць у галкі ды кідацца ім,
Бо гэта Божы дар, хлеб госцем дарагім,
Яго заўжды людзіне трэба шанаваці,
Каб з хлебам хлеб штогод спаткаўся ў хаце.
 
 
Калісьці, помніцца, нябожчык наш сваяк,
Абы пабачыў, галкі хто круціў вось так,
Ці свой там, ці чужы, – не выпушчаў ніколі,
Мне вуха надарваў за гэткую сваволю.
Заўсёды помню родзіча ды ўчынак той
І за душу малюся – вечны супакой!
 
 
Стары я і ўсяго нагледзеўся даволі,
Быў двойчы на вяку маім вялікі голад.
Сягоння зразумела мне, чаму не раз
Ксёндз Бога ў суплікацыі прасіў за нас,
Пра голад прамаўляў». —
«Дык раскажы, Рыгору,
Калі і як было?» —
«Такога бачыць гора
Не дапушчай жа, Божа! Быў я дзіцянём
І на запечку разам шчэ сядзеў з катом
У голад першы той; у лобе засталося
Праз пятае ў дзесятае, тады жылося
І матцы й бацьку дужа цяжка – плач, адчай.
Усё пазней я толькі разумець пачаў,
Калі падрос, і тое й гэта сам сабою
Разблытаў неяк пасталелай галавою.
Панічу, каб краіне ўсёй апекуны
Не надаслалі на віцінах збажыны,
На той бы свет пайшла палова люду марна.
Вось гэтак – Бог калі замкне сваю спіжарню!
То ж кара за грахі, як глуміць хто дары,
Не верыць моладзь, хоць і скажа ёй стары.
 
 
Другі вялікі голад, я малакасосам
Шчэ быў, траха чарнелі вусікі пад носам.
На ловы першы раз пайшоў адзін-адным,
Сваю пакінуць мог я скуру ў лесе тым
Заместа медзвядзёвай». —
«Раскажы дакладна». —
«Спатрэбілася б гутаркі на гэта ладнай.
Спімо! Як зорка, служка Бога, ў ранні час
Забліскаціць, пасцягваю я з ложка вас». —
 
 
«Пра што, Рыгору, мова! кожны сам устане.
Дык раскажы». —
«Во боскае мне пакаранне!
І самі не спіцё, і я з-за вас не сплю». —
«Мой даражэнькі!» —
«Ну, вось люльку запалю!..
З чаго ж пачаць? Хай будзе споведзь у зачыне.
У кожным маладым нячысціка часціна.
Даруй жа, Божа, грэх, тады ў душы маёй
Сядзеў рагаты чорт з казлінай барадой,
Шаленствам голаў скаламуціў. Ці то йгрышча,
Ці ловы, аніколі ў кут не шыўся Грышка.
Да скокаў размаітых і да калатні
Быў здатны, шпаркі я, не меў сабе раўні.
Маю з мядзведзем, з дубам сілу раўнавалі.
 
 
І вось у вока мне тады дзяўчына ўпала,
На згубу сэрцам пакахаў, куды ні глянь —
Красуня, зграбная была яна, як лань.
Румяная, цвіла, як мак, чарняўка тая,
А моцы, вытне кулаком – духі займае.
І многа бабскай спрытнасці было ў яе,
Бы ў пытлі меле, як падскочыць да мяне
З усмешкай. Маладому ўцеха!.. Папалётаў,
Гатовы быў на сценку лезці з тых залётаў.
Уляна звалася, Мікіты каваля
Была старэйшая дачка.
Ды вось здаля
Трымаліся ад іхняга ўсе хаты роду,
Бо род цыганскі быў. Іх трапілася продку
Прывандраваць, асесці тутака сям'ёй.
 
 
Ці ж маладому ў галаве гатунак той
Іх роду й племя? Цешыўся з дзяўчыны гладкай.
Хіба мяне абходзіў род? Але мой татка,
Калі пранюхаў і залёты, і намер,
Даў пытлю гэткага, што ў памяці й цяпер.
 
 
Уляна, толькі потым зразумеў я справу,
За нос мяне вадзіла, здоўжыла забаву,
З жаўнерам уцякла. А верыў я тады,
Што закахалася ў мяне, не знаў бяды.
 
 
Тут голад надышоў. Усю вясну напасці —
За маразамі спёка, сухавей зачасціў,
Ні кроплі з неба, аж балотны ўсох абшар.
Улетку здоўжыўся сухмень, нясцерпны вар,
А ў дзень сямёх святых абложны дождж пачаўся,
Два месяцы ішоў, усім у знакі даўся,
Згнілі на полі й рэшткі восеньскай парой,
Узімку голад, холад люты, Божа мой!
 
 
Шчэ нам – сяк-так. У нас былі на тыя часы
Ў каморы і ў таку хоць нейкія запасы,
Ды паляўнічы, зрэшты, мог падацца ў бор,
Тады нам трохі дапамог і панскі двор.
А што да чэлядзі вясковай, люд убогі
Тады шчэ нават рады быў бы з хлеба тога,
Што напалам з амеццем[5], елі хлеб такі —
Мог хутка запалаць, агнём вось толькі ткні,
Ды брак і гэтага. Кару ўжо дзерлі з дрэва!
І страх было глядзець на люд худы, схварэлы.
 
 
Каваль Мікіта жыў у горшай шчэ бядзе
Ад жыхароў другіх. Запасу анідзе,
Яму забракавала шчэ й работы з хатаў,
Расстацца мусіў кожны з конікам астатнім,
Бо ратаваў жыццё. Я шляхам патайным
Валок што-кольвек часта-густа з дому ім,
Ды ў збытках не жылі і мы тады, васпане.
 
 
Я й думаю сабе: галубцы вось Уляне
Адзін мядзведзя паспрабую аблажыць,
Не будзе сведкі, як употайку зрабіць,
Прадам я жыду скуру, грошы – на патрэбы.
 
 
І першы снег якраз, спрыяла ў гэтым неба.
Мы з бацькам рушылі, парадаваў абход:
Сляды ласёў, дзікі заходзілі на лёд,
Мядзведжыя два тропы да Крывога Логу,
Напэўна, праставалі да свайго бярлогу;
Медзведзяняты тушы, мусібыць, малой,
Як на сляды зважаць. Пасля ў глушы лясной
На медзвядзёвы тор надарылася трапіць —
У следзе шэльмы мой увесь хаваўся лапаць.
У пушчу, ўглыб сляды, падумаў я сабе:
Як добра! ўжо цяпер не выпушчу цябе.
Вяду сумысля бацьку бокам, доўгім крукам.
 
 
Назаўтра ўзяў да звера вучаную суку
І стрэльбу на плячо, за пас сякеру ткнуў
Ды йсці. Спаткаўся з бацькам, моўчкі не мінуў.
«Куды?» – «Ласёў сачыць». – «Бярэш навошта сучку?
Штось маніш! Сцеражыся, сынку, дам навучку!»
Пайшоў у хату, пальцам на мяне патрос.
Мінуў быў неяк – дзякуй Богу! – бацькаў чос.
Я рушыў. Адшукаць сляды пашанцавала,
Ды абысці мядзведзя клопату нямала.
Далёка йшоў, да высекі старой, за ім,
Стуль не выходзіў, дзесь у берлагу сваім.
Я зменшыў кола раз, другі, аж нечакана
Рванула сучка вераўчаны смык… Мой пане!
Капою сена блізка ад мяне як бач
На чалавечы рост падняўся быў кудлач.
Аж лыткі задрыжэлі! Сучка безупынку
Ірвалася, пусціў з рукі, сам да хваінкі
Адскочыў. І за стрэльбу! Цэліцца – ды стоп!..
Накінулася сучка і за лыткі хоп.
Мядзведзь раве, ўцякае!.. падае ў ламачча…
Бароніцца ад сучкі, трэск чуваць… няйначай,
Спрабуе ўжо схапіць. Я напралом валю,
Забег і падпусціў, узяў у лоб – палю!
 
 
Мядзведзь прысеў і лапамі – за лоб, а потым
Галопам – проста на мяне! за дуб я – лётам!
Затаньчылі наўкола дуба мы таго,
За зверам сучка, нападае на яго,
Падскочыць, скубяне. Скачу я ўлева, ўправа.
Ратуй, Заступніца Святая!» – паўтараю.
Тут – бах! – стрэл грымнуў.
Татка мой спусціў курок
І пад лапатку кудлачу ўсадзіў пянёк[6].
Той духу не ўказаў!
Да ног упаў быў таты.
«Расказвай шчыра мне, малакасос смаркаты! —
Спакойна й грозна мой прамовіў дабрадзей. —
Чаго вышмыгваў з хаты й злодзеем глядзеў?
Чаго ў абход мядзведзевы адзін падаўся?»
Адказваць мусіў. Як на споведзі, прызнаўся,
Не ўтойваў – то ж Уляне любай, дарагой.
Што скажаце, панічу! – родны тата мой
Не біў мяне, не лаяў, даў Мікіту збожжа.
«Калі, – сказаў, – ты без Уляны й жыць не можаш,
Дык што ж? – пасватаю, ды перш як у сваты,
Шчэ пачакаць, смаркач, да лета мусіш ты.
Пабачым вось, ці ёсць якая спадзяванка
На добрую нявестку й жонку з тэй каханкі?»
 
 
І што ж? ці ж памыліўся?.. Ведзьма ўжо была
Заручаная і з жаўнерам уцякла,
Якая ганьба!.. цьфу!..
Меў кару шчэ, заўважу,
Мядзведзя ў двор адвезці. Пан стары, разважны,
Прыстойным і лагодным слыў сярод людзей,
І добры паляўнічы быў з яго раней.
Набраўся сораму, як стаў я перад панам!
Я ж бацьку прысягнуў выкладваць без падману,
А многа на той час гасцей было ў двары,
Да ўсіх пра гэта давялося гаварыць.
Нямала там з мяне пацехі мелі госці,
Бо плакаў, як расказваў. Даў учынак штосьці:
Тады ў душы я прысягнуў за грэшны чын —
Ніводнага шальмоўства не зраблю ні ў чым.
 
 
Панове ў складчыну далі на дапамогу,
Прызначыў жыта пан чатыры абарогі,
З апекай, хоць і ціснула бяда нас тут,
Вясны няшчасны дачакаўся неяк люд.
 
 
Сказаць забыўся панічом, а як па стрэле
Было маім. Аж люба, куля ў лобе села,
Ды не пайшла, а знесла з чэрапа якраз
І скуру й кудлы, не раўнуючы, як пас.
Пянёк браць толькі трэ, як з медзвядзём мець справу,
Пад вуха цэліць, кулі круглае не раю…
 
 
Даволі пра даўнейшчыну тут згадваць мне!
Цьфу!.. спаць калі ж мы будзем?.. хутка днець пачне».
 
5Амецце – «мякіна» (заўв. Лучыны).
6Пянёк – «куля цыліндрычнай формы, добрая для стральбы са зброі з гладкім дулам на блізкую адлегласць» (заўв. Лучыны).
Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»