Бесплатно

У чым яго крыўда?

Текст
iOSAndroidWindows Phone
Куда отправить ссылку на приложение?
Не закрывайте это окно, пока не введёте код в мобильном устройстве
ПовторитьСсылка отправлена

По требованию правообладателя эта книга недоступна для скачивания в виде файла.

Однако вы можете читать её в наших мобильных приложениях (даже без подключения к сети интернет) и онлайн на сайте ЛитРес.

Отметить прочитанной
Шрифт:Меньше АаБольше Аа

III. І так быў не першы і не апошні звычайны калядны вечар даўнага рэжыму…

Не гарыць, а цьмее…

Народн[ая] прымаўка

І так быў не першы і не апошні звычайны калядны вечар даўнага рэжыму, калі ўдзень можна працаваць, а як сцямнее – грэх, дзеля чаго бабы не прадуць, мужчыны не плятуць лапцей, а хлопцы і дзеўкі збіраюцца на вечарушкі.

Бацька ляжаў наўзнак на печы, паклаўшы ў голавы старэнькі армячок. Матка сядзела ля яго на запечку, падпёршы схіленую набак ад маўклівасці і зробленае за век працы галаву праваю рукою, а локаць паставіўшы на далонь левае рукі, – адным словам, так, як сядзяць усе старэйшыя ці збедаваныя славянскія, а ў нашым краі нават і жыдоўскія, жанчыны.

Лявон, вядома, сядзеў на зэдліку пры стале, узняўшы галаву троху вышэй, пад цямнявую малую лямпу (бо дарагоўля на карасін), і чытаў. Вочы бегалі па кнізе, а думкі ішлі сваім шляхам.

У хаце ж былі толькі яны ўтраіх: бацькі і ён, бо ўсе няўчоныя маладзейшыя пабеглі гуляць.

Бацька думаў сваё, Лявон сваё, а матка думала аб сыне: як бы гэта яго развесяліць?

Калі ён, няўпрыцям сабе, цяжанька ўздыхнуў, яна прамовіла, асмеліўшыся перабіць яго чытанне:

– Сыночак!..

– Ну, што? – з ніяк няскрытай злосцю ў голасе перабіў пытанне сын.

– Трэба ж ткі табе сядзець цалюткі дзень у хаце! – яна перамяніла рукі і прыхінулася прасцей да цёплай печы. – Прайдзіся ты на вечарушкі, пагуляй з людзьмі…

– Што я там знайду? – адказаў сыночак, мімаволі натапырыўшыся, як той індык.

– Ну што: вядома, што… усе гуляюць.

– Ну так: вядома, што… – гэтак сказаў Лявон, а тое, што хацеў бы сказаць далей, тое толькі падумаў.

«Знайду тупагаловых дзевак, – падумаў ён, – буяншчыкаў-хлапцоў, расейскую брыдкую лаяніну, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэтакім жыцці».

– Усе гуляюць, а ты сядзіш адзін у хаце, – сказала матка.

– Я не адзін, а з вамі…

– Што – што з намі? Ты з намі нічога не гамоніш.

– Пытайцеся ў мяне, калі што хочаце пытацца…

Матка памаўчала, падумала, а падумаўшы, сказала:

– І дзеўкі ўжо дзівіліся, чаму гуляць не ходзіш. Што гэта, кажуць, з вашым Лявонам? Быццам людзей баіцца ці ўжо сароміцца нашых простых гульняў.

– Ат, мама! Гаворыш…

Тады і бацька павярнуўся.

– Што ты, старая, прычапілася к яму з сваімі дзеўкамі? Што яму, вучонаму, тыя твае дзеўкі? К настаўніцам няхай бы з'ездзіў, усё ж яны вучоныя – і ведаюць, што як нашто…

– Ага, паеду к настаўніцам! Як слова я ў іх што лепшае знайду? – так сказаў, а тое, што хацелася дадаць яшчэ, тое толькі падумаў. «Настаўніцы з паповічамі круцяцца, – падумаў ён, – звяжыся я, скажуць цёмналесцы: наўчыўся на сабачы брэх, запанеў, да мужыкоў – ні блізка, а да папоў стаў ліпнуць». Падумаўшы, не ўцерпеў і дадаў уголас: – Усе скажуць на мяне: запанеў! Ведаю ўжо я…

– Што ты ведаеш? Ніхто йшчэ гэтак не казаў на цябе і не скажа, калі і пагуляеш з настаўніцамі, – ужо стараўся бацька сціхамірыць узлаванага без бачнае прычыны сына.

– Прайдзіся ты, сыночак, хаця да дзядзькавых, – бярэцца ізноў матка, – прачытаў бы ты што дзядзіне: яна ж, бывала, дужа любіла цябе слухаць, як ты чытаў ёй змалку.

– Ага, пайду! А там ужо сядзіць гэты свяценькі Халімон, пачне прасіць (Лявон з'ядліва ўдаў старога Халімона): «Прачытайце, Рыгоравіч, што-небудзь бажэсцвенае…»

– Ну дык што, калі папросіць? – дзівуецца на яго нездаволенне матка. – І дзядзіна папросіць, каб прачытаў ёй што-небудзь слёзна-жаласнае. Хто што любіць, той таго і просіць. Ну дык што?

– Нічога!

Доўга ўсе маўчаць. Бацькі чакаюць, ці не скажа сын чаго яшчэ. А сын гаворыць толькі ў сваіх думах: «Мінуўся час, калі я быў усякаму Халімону дурным чытакам».

Але змякчыўшыся і перайшоўшы з злосці на пакуту, якая горш яшчэ з'ядала яму сэрца, ён разважае ў думках: «Праўда, чаму я стаў такі крывы?» І каб хоць трошкі абязвініцца, не столькі перад бацькамі, колькі перад самім сабою, і тым зменшыць прыкрую пакуту, ён нарэшце парушае нуднае маўчанне:

– Не хацелі мяне малога нікуды пускаць, вось я і адзвычаіўся.

Тады крыўдзіцца бацька. Ён нават узнімае галаву.

– Хто цябе не пускаў? Як пачаў вучыцца, калі хацеў – гуляў…

– Не хачу я з вамі спрачацца. Вось падушку ўзялі б сабе пад галаву.

– Я падам! – падлівае ласкі матка.

– На печ падушку?! Хм!.. – чмыхае бацька. – Каб яна тут упылілася, ці што?

Ён папраўляе пад галавою свой армячок і кажа сыну з наўмыснай бесклапотнасцю:

– Э, што там куды хадзіць і ездзіць! Як сабе ведаеш. Во, дзякуй табе, што сядзіш з намі старымі. Прачытай-ка ты хоць нам… Што ты там такое чытаеш?

– Гэта вам будзе нецікава слухаць.

– Чаму нецікава? Што там такое? – не маўчыць бацька.

– Ну, песні розныя, наскія, запісаныя ад народу вучонымі людзьмі.

– Дык нашто гэта яны запісвалі? – дзівіцца матка і просіць: – Прачытай-ка ж нам іх, Лявонічка!

Лявон ведае, што просяць яны так сабе, абы наладзіць з ім нейкую духовую сувязь і разагнаць яго невясёлыя думкі. І ён чытае, нудна і нецікаўна, пару-другую жніўных песень. Бацька спачатку слухае, ды зараз галава яго сцішаецца на армячку ў дрымотным супакоі. Матка ж баіцца і руку перамяніць, а калі чытаннік азірнуўся, яна сумысля падпіраецца другою рукою, каб паказаць, што не заснула, слухае! І з далікатнасці, як думае Лявон, яна гаворыць:

– А сыночак мой! Гэта ж і ў нас іх пяюць. Глядзі, га! Вось жа нехта не паленаваўся, аддрукаваў у кніжцы. Схадзі, Лявонічка, прачытай іх дзядзіне. І я пайду з табою, калі адзін не хочаш, – хапаючыся, дадае яна.

– Не пайду.

– Чаму? Сходзім.

– Сяння ўжо позна…

– Ну во: не пайду і не пайду. Сядзіш цалюткі дзень у хаце.

Сказаўшы так, матка ўжо безуважна маўчыць. І бацька даўно маўчыць, бо спіць.

Лявон моўчкі лістае кнігу – і гастрэй пакутуе, калі таксама безуважна шумяць лісты паперы.

– А можа, і праўда – схадзіць? – раптам аклікае ён матку.

– Як сабе хочаш, сынок, – ухільна кажа яна, змораная дрымотаю.

– Не, сяння ўжо позна, – ізноў раздумаўся ён сам.

…Цемнавата, сцюдзенавата і ціха ў хаце.

– Зараз, мусіць, будуць расходзіцца з вечарушак, – кажа сонная матка, яшчэ раз перамяняючы руку, а не кладучыся, каб не разаспацца.

IV. У Цёмналессі дзве лазні: адна старая – усіхная…

Ад зямлі адарваўся і неба не дастаў…

Народная прыказка

У Цёмналессі дзве лазні: адна старая – усіхная, а другую, новую, паставіў сабе гаспадар, які робіць сані, каткі, гне дугі, і свая лазня патрэбна яму скрозь усю зіму сушыць дрэва. Мыюцца цёмналесцы зазвычай у сваёй старой супольнай лазні.

Хто не толькі ніколі не мыўся ў старой цёмналескай лазні, але нават ні разу нічога такога і не бачыў, хто наогул думае, што ў Цёмналессі – гэта яму і як у Вільні або ў Менску: калі заманулася, тады і пайшоў у лазню, – дык той, пэўна ж, не зразумее, чаму Лявон цэлы дзень не мог надумацца – пайсці яму ў лазню ці не пайсці?

Было гэта ўжо ў самым канцы калядных святак, калі дзядзька яго, Якуб, дамяў сваю пяньку і выпаліў лазню так, што ўсе, хто толькі быў там на дамінках ці так хадзіў у лазню, мімаходам даведацца, ці ўжо гатова, усе казалі:

– Ну, братцы, сяння-ткі лазня з духам!

Увечары бацька, падаваўшы нанач скату і напаіўшы коні, прыйшоў у хату, дастаў з-пад лаўкі свае карэлыя апорачкі ад старых ботаў і сеў на калодачцы, каля полу, разуваць лапці.

– Ну, я ўправіўся, – сказаў ён. – А дзе ж гэта Лаўрынька? – трэба ж на вышкі па венікі ўзлезці… А Лявон чаго гэта сядзіць? Ай ты не пойдзеш сяння ў лазню? – спытаўся ён у сына. – Ідзі, лазня з духам, дзядзька дроў не пашкадаваў.

Лявон устаў з лаўкі, паклаў на паліцу кніжку, нечага задумаўся, трохі памаўчаўшы, адказаў:

– Я і сам не ведаю: ісці мне ў гэтую лазню ці то ўжо не пачынаць. Паеду ж, дык памыюся ў горадзе. Але не вадзіла б і сяння схадзіць: цела пачынае свярбець.

– Што ты гэта, Лявонічка, – умяшалася матка, – чаму ж табе не схадзіць у сваю лазню, пакуліцька там той горад? Праўда што, гразнява троху яна, вады цёплае няма, але ж у канаўцы на канаве ё сцюдзёная вада і не дужа мутная, ды ўсё ж ткі папарышся, костачкі пагрэеш свае, і на душы табе палягчэець… Ідзі, сынок, ідзі!

Стары цёмналесец, ласун парыцца, прачнуўся на момант у свярбячым Лявонавым целе і пасобіў хлопцу вынесці пастанову на карысць цёмналескае лазні.

Бацька тым часам напрануў старэнькую дублёнку, уздзеў на голыя ногі апорачкі – і мусіў пастаяць, пакуль Лявон вымаў з кішэні ключык, ножык, партманецік і ўсякую дробязь, каб не згубіць у лазні.

– Барзджэй! – крыкнуў яму Лаўрынька, паспеўшы злазіць па венік і стаўшы з гэтым венікам у руках, як салдат на варце, і босы, нягледзячы на жаночыя матчыны ўпросы, каб не бег у лазню па снезе галаногі.

– Паспееш з козамі на торг, – жартаўліва адказаў яму Лявон, уздзяваючы старыя валенкі, пададзеныя маткаю, каб ён, адзвычаены ад цёмналескай простасці, не прастудзіўся ў лазні з сваімі маруднымі на ўздзяванне ботамі.

– Паслухаў бы во мамы ды абуўся, цёмналескі дзікун, – нібы ізноў жартам, але з асадкам цывілізованай горычы дадаў Лявон.

– Лазня блізюхтанька, буду я абувацца! Што я – пан? – пакрыўдзіўся за сваю ўдачу Лаўрынька, бо вядома, што кожны цёмналесец такога веку ходзіць у лазню, хоць пры якім надвор'і, канешне, босы.

– Калі не абуешся, я не пайду ў лазню, – цвёрда сказаў Лявон і падаў яму свае боты: – Абувайся!

Бедны Лаўрынька, з слязьмі на вочах, мусіў улезці ў іх, бо дужа любіў брата, хоць ужо і заўважаў у ім некаторыя непатрэбныя прыхамаці.

Урэшце Лявон адчапіў свой кішэнны гадзіннік, адзяг матчын кажух, каб не запэцкаць у лазні свайго пальта, – і пайшлі ў лазню.

 

Лазня была за гоні ад хат, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль яшчэ паны лясоў не прадавалі, даволі добрай рэчкаю. Чорная ўся прост на вугалле, – бо шмат разоў на сваім вяку гарэла, але заўсёды шчасціла ўратаваць яе ад агнёвай навалы, – ліпела сабе тая лазня на ўзгорачку. І пакуль Лявон узглабаўся на гэты ўзгорачак, паваліўся, бедны, два разы і абскробаў правую руку аб мёрзлы снег. Лаўрынька павесялеў, чуючы цяпер у сваім спрыце перавагу, падбег к яму, крыкнуў:

– О, які ўжо пан стаў – не ўзойдзеш! – падняў яму ўронены кавалак мыла, якое таксама прыкра сведчыла яму аб тым братавым панстве, бо ніхто не мыецца тут з мылам, – і шыбка, па-сабаччу, пакаціў за ўсіх наперад к лазні, хоць праклятыя боты звязалі яму ўсе ногі. Там кумільгам упаў ён у прымыльнік і прывітаў сабраных так, як тое водзіцца ўва ўсіх добрых людзей.

– Пара-лазня, лёгкі дух!

– А, Лаўрынька! А бацька ідзець? – спытаўся дзядзька.

– А вун жа ён! Сяння і Лявон ідзець! – пахваліўся Лаўрынька і зараз завінуўся распранацца і скідаць перш нагавіцы, чым кашулю, бо калі зрабіць наадварот, хлопцы абліюць вадою, – такі спрадвеку звычай у Цёмналессі.

Бацька спачатку пайшоў к канаўцы, неглыбокай гразнай лужынцы ў канаве, зачэрпнуў асцярожна беражком, каб зусім не скаламуціць, поўнае вядро мутнае з лёдам вады, утапіў у яго венік, каб размяк, бо тады ляпей яго спарыць, і, схіліўшыся над тым вядром і венікам, паважна, як стары, пайшоў следам за Лявонам у прымыльнік.

А ўжо Лявон убачыў у цямноце, што там – хто распранаецца, хто спачывае на мяліцы, папарыўшыся досыць, – адным словам, варушацца, і людзей многа. Каб паказаць, што ён тут свой і роўны чалавек, – хоць не зусім то добра, што бацька, а не ён нясе вядро з вадою, – Лявон, на колькі можна весялей, сказаў, як вымагала цёмналеская людскасць чалавека:

– Пара-лазня, лёгкі дух… Добры вечар! – і азірнуўся, дзе б яму прыхінуцца.

– Міласці просім, міласці просім, Рыгоравіч, – адказаў яму за ўсіх Мікіта сваім заўсёды жартаўліва-ласкавым голасам.

– Капеек на восем, – не ўцерпеў, каб не пажартаваць з такіх цырымоній, Лаўрынька і кінуўся ў лазню, ужо гатовы, голенькі.

– Садзецеся, Лявонька: во тут можна добра прыхінуцца, – як можна далікатней запрашаў вучонага пляменніка дзядзька, здаволены, што і пяньку дамяў, і духам дагадзіў усім, і Лявон памыецца перад выездам у школу.

І ізноў варушыліся сабе голыя, барадатыя мужы ў цямноце ў прымыльніку, бо святла там не палілі – быццам дзеля таго, каб не спаліць лазні, а сапраўды дзеля таго, што кожны хацеў, каб гарэла чыя-небудзь лучына, а толькі не яго. Так і варушыліся, хто як мог, упоцемку.

Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дзьмуў сцюдзёны зімовы вецер. Пад нагамі калолася мялле. Каля сценак ляжалі, раскірэчыўшы ногі, самадзельныя мяліцы. З лазні ў прымыльнік, то і глядзі, выскаквалі чырвоныя, распараныя і здаволеныя парцы. Адтуль нёсся гул…

Лявону было непрытульна.

«Ліха іх ведаець, як яны тут мыюцца, – думаў ён, шукаючы лепшага куточку, дзе б схаваць сваю вопратку і валенкі, скручаныя ў матчын кажух адным комам. – Але чаго ж гэта я злуюся? Ці ж я сам не цёмналесец, ці ж я сам не купаўся змалку ў гэтай гразі?»

І ўбіўся-ткі скрозь нізенькія дзверы ў лазню. Як увайшоў, вачам стала горка ад дыму, а нагам было ёдка стаяць на гразнай сцюдзёнай зямлі. Галава, як сляпніца, ударылася аб шост, не разгледзеўшы яго ў парнай цямноце. Горача было наверсе, як у пекле. А найгорш тое, што няможна было нічога разгледзець.

Жчах-жчах, жчах-жчах!.. – працавалі венікі.

– Ого-го-го-го! – рагатаў нехта, лезучы на палок. – Паддай, паддай… Яшчэ горстачку… Ліні паўкружачкі на печ… – Браточкі, аджалейце поўчаўхірачкі, дайце духу!.. – Духу мала! Духу няма! Гэй, духу! – аж стагнала поўная лазня.

Павярнуцца хацеў Лявон – няма як… Унізе ў гразі – блазнота. Іншы плакаў ад дыму ці яшчэ ад чаго, цёр вочы і плёскаў сцюдзёнаю гразнаю вадою, але і тую яму нехта другі забараняў браць, адкідаў яго руку і казаў: «Не трасцу трасеш – сам прынясеш…» Іншы сядзеў непарушна, ушчаміўшы галаву між сагнутага, выпнутага султыжкамі калення. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў: мацаў суседа абпэцканаю мокраю рукою па ваччу, а калі той круціўся, сціскаў на ўсю сілу яго нос у сваіх кіпцях і ласкава пытаўся: «Ну ці бачыў, братка, Маскву?»

– А та-а-тачка! А-а-я-яй! А до-о-ос, дос, дос! – верашчэў малы хлопчык, як яго толькі мага, на ўсе жылухны.

А добры бацька трымаў яго леваю рукою за тоненькую шыйку, з пэўнасцю, што нічога яму не зробіцца, а пакуль малы, то і крычыць, і праваю рукою, гарачым, як полымя, венікам абняў яго з усіх бакоў, хлястаў, шугаў, гладзіў і прымаўляў:

– Дай спінку, дай жываток, дай жа ножачкі мае дробныя… Ну йшчэ трошку, ну-ну-ну, дурненькі, не плач жа… дос-дос-дос, не бойся… А то я цябе камлём пагладжу, ведаеш? – з лаянкаю дадаваў ён урэшце і адпускаў малую душу на пакуту.

– Во-охці, охо-хо-о… – ледзьва жывенькі пакаціўся з палка ў прымыльнік кароценькі Халімон.

– Як тое было, як тое будзе, вось табе на! – крыкнуў Ёзка, і раптам, знецяйку для ўсіх – бах вядро вады на печ. Аж каменне загурчэла, засіпела вугалле, паляцеў з клубам гарачае пары дробны попел, – і з палка пасыпаліся, як бульба, слабейшыя. А дужэйшыя, стойка ведучы справу сваю, яшчэ пільней запрацавалі венікамі.

– Вот-та как ашалелі мужычкі-ста! – адгукнуўся стары салдат Захар Какста, цёпаючыся, як мокрае гарыць, але расцягнуўшыся на самым версе, у самым духу. Празваны ён быў Какстаю за частыя прыбаўкі слоў: «как» і «ста», якія навекі прыліплі к яму, як азнака ўспрынятай некалі цывілізацыі.

– Лаўрыньчык! Збегай, сынок, вады: згарэў я, зусім згарэў! – крычаў стары Задума аднаму сыну. – А ты, Лявон, – казаў ён другому, – ча марудзіш: лезь на палок, парся… самы, братка, дух… у-ха-а!..

– Дайце, Рыгоравіч, я вас лёгенька пацёпкаю, – як умеў, набіваўся вучонаму пляменніку сваёю ласкаю дзядзька Якуб.

– Ды не, не, не… я сам! – не ведаў хлопец, як адчапіцца ад прыкрасці, што родны дзядзька кажа яму і «вы», і «Рыгоравіч».

Махнуў на ўсё рукою і палез на палок. Абпёк кволыя месцы аб гарачыя палкі, плакаў ад горкага тут уверсе дыму, махаў і так і гэтак, каб не дужа пяклося, цяжкім нейкім венікам – і праклінаў сваю родную матэрыяльную культуру.

«У-у, жывуць жа людзі, – думаў ён, – лес пад бокам, паны ўлезлі ў даўгі і зводзяць яго ў пень, а яны, штогоду пускаючы на гарэлку не адну добрую лазню, мыюцца ў такой, што… каб яна згарэла на чыстым полі гэткая…»

– Духу ж паддайце! Гэй, хлопцы! – са скуры выпінаўся Мікіта, ізноў ужо просячы духу.

– Ужывай, дзядзька! Пагрэйся! – адказаў яго пляменнік Яхім, што меў мянушку «Вясёлая галава, а гнілыя кішкі», – і чох! поўны карэц на печ.

– Сцюдзёна! Зябну! – вырабляўся Мікіта, ведаючы сваю славу, што ніхто яго не пераседзіць у самым гарачым духу.

– І так гарым! – буркнуў, не ўцерпеўшы, Лявон, седзячы каля яго і паліваючы сцюдзёнаю вадою галаву. Ён са злосцю ўздумаў на тое, што Мікітаў сын, Панас, п'е смярдзючую ханджу, як ваду, а сама старая Мікіціха мажа ёю ногі ў лазні. Во і сёння насмярдзіць тут, што не прадыхнуць, як будуць мыцца бабы… Уздумаў ён, што і яго матка корміць вяпроў у хаце, а не ў свінарцы, што ў хаце ў іх ніколі не можа быць чыста. Адным словам, дрэнна з усіх бакоў.

– Запанеў наш аграном! – жартаваў Мікіта. – Духу баіцца Рыгоравіч… А мне, мужыку, любата, – крычаў ён. – Дай Бог да веку!

Лявон мусіў, сцяўшы зубы, маўчаць.

«Які тут чорт запанеў, – з вялікаю крыўдаю ў сэрцы злаваўся ён на ўсё Цёмналессе, – свінні, а не людзі… Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякае ўвагі. Яшчэ казалі, – разумцы! – што некалі ім займацца панскімі справамі… І вось павінен слухаць ад іх гэтае бязглуздае: запанеў, запышэў, гардзіцца…»

Другие книги автора

Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»