Нязніклыя

Текст
Читать фрагмент
Отметить прочитанной
Как читать книгу после покупки
Шрифт:Меньше АаБольше Аа

– Выкажу здагадку, што ты кажаш зараз пра мутаваных жывёл. Але я зараз кажу не пра іх… Ты вады не хочаш? У мяне ў заплечніку ёсць.

– Вады?! Не, дзякуй. У мяне ёсць свая, – яна здзівілася, як хутка змянілася тэма іх гутаркі. – Можа, ежа ёсць?

– Так. Але прыйдзецца пачакаць…не хвалюйся, хутка паснедаеш… – прамовіў ён.

«Зноў трэба чакаць. Не люблю чакаць!» – падумала Паліна і адвяла вочы на карціну, што вісела на адной з сцен.

– Ну, быццам нікога, – працягваў сачыць за вуліцай хлопец. – Яшчэ дзесяць-дваццаць хвілін, для дакладнасці, і сыдзем адсюль.

– Куды пойдзем? – спытала яна і паглядзела на Мікалая.

Пасля яе слоў прагучаў гучны, пісклявы, страшэнны крык за сценамі кавярні. Быццам дзіця шалёна закрычала ад пакут. Быццам нехта завыў з глыбокага калодзежа, звонка, і ў той жа час глуха, данёсся доўгі адчайны віск.

Паліна здрыганулася, устала з канапы і выйшла ў цэнтр памяшкання. Яна ніколі раней не чула гэты жудасны гук. Сёння, яе эмоцыі, нібы арэлі, якія гойдаліся ад лёгкага хвалявання да трагедыі.

– Ні слова! – з прыкрасцю прамовіў Мікалай.

Неадкладна ён кінуўся да сваіх рэчаў: накінуў на плячо заплечнік, падняў сумку. Пасля падбег да дзяўчыны і моцна схапіў яе за руку.

– Ідзем, – ён пацягнуў яе за сабой.

Двое павольна пакінулі галоўнае памяшканне, ішлі па вузкім калідоры да запаснога выхаду. Тут жа Паліна спыніла хлопца і сказала:

– Што гэта, што за гукі? Што за крыкі? Дзесьці паблізу ёсць яшчэ людзі, яны ў небяспецы?! Мы павінны ім дапамагчы!

– Маўчы… Не гавары нічога…цішэй. Гэта не людзі, – прашаптаў ён і адпусціў яе руку, выцягнуў пісталет. – Хочаш жыць, слухайся мяне.

– Мг… – пагадзілася дзяўчына.

– Ідзем, – ціха, з лёгкай хрыпатой, прашаптаў Мікалай.

Яны выйшлі на задні двор. І там жа спыніліся. Хлопец агледзеўся. Тут стаялі невысокія дрэвы, якія ляніва калыхалі цёмна-зялёнымі галінамі. Зялёная высокая трава прабівалася скрозь ападкі пылу і цягнулася да святла. Некалькі машын хаваліся ў шэрым змроку, хаваліся ў шырокай цені шматпавярховых будынкаў. У цэнтры двара быў адзін невысокі будынак, які змясціў у сябе некалькі крамак. Ён быў яшчэ з ацалелым чырвоным дахам і зашклёнымі вокнамі.

З-за прахалоднага ранішняга ветру, які стаў узмацняцца і праяўляць сваю актыўнасць, пыл прыгожа разлятаўся. З кожнай гадзінай шэрасць падымалася ўсё вышэй і вышэй.

Маладыя людзі схавалі твары. Пераглянуліся.

Мікалай павярнуўся да дзяўчыны, блізка паднёс свае схаваныя за тканінай вусны да яе левага вуха і цвёрда вымавіў:

– Зараз ідзеш за мной. Толькі не азірайся. Запомні! Не азірайся! – цвёрда, па-мужчынску, – сказаў ён.

Хлопец першым перасёк вузкую дарогу, якую замяло шэрым пяском. Ён накіраваўся ў бок закінутай прадуктовай крамы. Паліна бегла за ім, не азіралася, спрабавала не ўяўляць жудасную карціну, як яе штосьці схопіць за спіну і пацягне. Але страшныя думкі, ад якіх беглі мурашкі па скуры, усё роўна закранулі яе. Здавалася, што нешта вялікае і вар'яцкае пераследуе, палюе толькі за ёй. Пры гэтым Паліна адчувала незвычайную трывогу і моцны страх. Было вялікае жаданне трохі супакоіць свае ўяўленні. Вельмі хацелася паглядзець за спіну і пераканаць сябе ў тым, што там усё ў парадку. Але рабіць гэтага было нельга. Нездарма хлопец двойчы паўтарыў: «Не азірайся!». Таму, дзяўчына глядзела толькі на яго спіну, верыла яму, бегла за ім.

Шэрая тоўшча пылу, ад зніклых дахаў і верхніх паверхаў высокіх будынкаў, змяшалася з ветрам і схавала ніжнюю частку чалавечых целаў. Вышэй пояса, рэдкім натоўпам лёталі лёгкія парушынкі, якія прапускалі праз сябе больш святла і кіслароду.

Мікалай і Паліна хутка перасеклі дваровую пляцоўку, і выйшлі на Прывакзальную вуліцу. Тут жа, за іх спінамі, зноў прагучаў адзін страшэнны нядоўгі віск. А пасля, дзесьці з правага боку, пачуўся другі, які быў бліжэй да іх. З-за жудаснага другога крыку Паліна адчула непрыемны звон у вушах, лёгкае памутненне ў вачах. А калі дрэннае самаадчуванне адпусціла яе, дзяўчына паглядзела на Мікалая, які перабіраўся па дахах пакінутых машын на іншы бок вуліцы. Не раздумваючы, яна хутка ўзлезла на першы чорны аўтамабіль і, як толькі вырашыла зрабіць шырокі крок наперад, каб скокнуць на наступны дах, яна зноў адчула непакой. На гэты раз, Паліна адчула невялікую цяжкасць у дыханні, яна адчула, як часцінкі дробнага пылу заляцелі ў рот. Дзяўчына закашляла. З-за неачышчанага паветра, аслабла. Выпусціла металічную трубку з рук. У празрыстай пластмасавай масцы, насупраць носа, з'явілася маленькая адтуліна, якая прапускала гарадскі пыл і перашкаджала нармальнаму дыханню.

Мікалай, апынуўшыся амаль на іншым баку вуліцы, нібы адчуў, што нешта не так з Палінай. Павярнуўшыся да яе, ён зараз жа вярнуўся назад. Паліна задыхалася ад з'яўлення ўжо новых дробных дзірак у масцы, кашаль узмацніўся. Тады хлопец апусціў сумку, зняў чорную пальчатку з правай рукі і, калі дзяўчына ўзняла галаву, ён цёплай далонню закрыў бачныя пашкоджанні. Мікалай хутка, трывожным голасам вымавіў:

– Удыхні паветра, нібы ў апошні раз. Мы неўзабаве будзем на месцы. Удыхні і калі я прыбяру далонь, затрымай дыханне. Ты мяне зразумела?

Паліна падняла ўверх вялікі палец правай рукі. Яна глыбока ўдыхнула, набрала ў сябе, як мага больш, паветра. Затым прыбрала руку хлопца і шырокімі крокамі пайшла наперад, перайшла вуліцу. Мікалай таксама спяшаўся. Для абодвух было дзіўным, што маска з моцнага матэрыялу стала падводзіць. Станавілася яшчэ больш неспакойна. Цяпер Паліне было не важна, куды вядзе яе хлопец – хацелася хутчэй схавацца ад пылу і задыхаць на поўныя грудзі.

Яны перайшлі дарогу і апынуліся ля невялікай будаўнічай крамы. Вокны якой былі забітыя тонкімі лістамі фанеры і ўсякім іншым цвёрдым смеццем. Сцены перасталі быць белымі ад прыставучага шэрага пылу, які абляпіў краму з усіх бакоў. На адным баку, уверсе, ледзь праглядалася рэклама. Моцныя чорныя ўваходныя дзверы мелі глыбокія драпіны. Яны былі надзейна зачынены знутры, а каля ручкі, злева, на сцяне, была чырвоная кнопка.

Да крамы першым падбег Мікалай, ён спусціў з твару ахоўную тканіну, націснуў на кнопку.

– Яша, дзверы! – выразна, па-камандзірску вымавіў хлопец.

Затым, вярнуўся жудасны гарадскі крык, і Мікалай зноў паўтарыў, але на гэты раз больш гучным голасам.

– Дзверы! Яша, дзверы!

Знутры пачуліся пстрычкі, дзверы адчыніліся і Паліна, куляй, першай увайшла ў асветленае памяшканне. Мікалай зачыніў за сабой дзверы, вярнуў замкі ў ахоўны рэжым. Дзяўчына адразу ж зняла пашкоджаную маску, далёка адкінула яе. І, не заўважаючы вакол нічога, некалькі разоў глыбока ўдыхнула. Затым яна хутка задыхала чыстым паветрам, выраўняла дыханне. Тады, Паліна заўважыла перад сабой невялікага чорнага сабаку з рудымі лапкамі і з сінім аброжкам. Добрая жывёла весела сустракала гаспадара і госцю, шустра махала хвастом. Паліна ў той жа момант здрыганулася, тузанулася ад нечаканасці і прыціснулася спіной да дзвярэй. У яе памяці прамільгнулі ўсе дрэнныя выпадкі за гэты апошні жудасны месяц. Выпадкі былі звязаныя з хворымі, вар'яцкімі жывёламі, якія накідваліся і гналіся за ёй. Мікалай заўважыў гэты спалох Паліны і паспяшаўся яе супакоіць. Ён выдатна разумеў, чаго баялася дзяўчына, ад чаго яе невялікія вочы сталі шырэй.

– Паліна, усё нармальна! Усё добра! Не бойся. Сабака сапраўдны, правільны, добры. Яша не шалёны звер. Супакойся. Ён такі ж, як і мы. Як ты і я. Здаровы.

Чорны сабака без перапынку махаў хвастом і па-добраму глядзеў на Мікалая, затым на госцю, потым зноў на гаспадара. Рудыя круглыя вочы жывёлы былі прыгожымі, неслі ласку і цеплыню.

– Варта было б мяне папярэдзіць, – ажыўлена сказала Паліна.

– Калі? – сказаў Мікалай, паціскаючы плячыма.

– Добра, я ў парадку… Я звыкнуся.

– Тады пазнаёмся. Гэта Яша – мой адзіны сябар, які ўвесь гэты пракляты час ратуе мяне сваёй прысутнасцю з дня ў дзень. Табе няма чаго баяцца, ён добры сябар.

– Добра… – прашаптала дзяўчына і адліпла ад дзвярэй.

– Цяпер, нам трэба павольна зняць з сябе пыльную вопратку. І кінуць яе вось сюды, – хлопец паказаў на кардонную вялікую скрыню. – Як пыл асядзе, я ўсё ачышчу. Такія ўжо ў нас тут правілы, – усміхнуўся Мікалай і працягнуў, – А пакуль, давай-ка мне сюды свой заплечнік. Пакінем яго тут.

Ён дапамог Паліне зняць цяжкі шэры заплечнік з яе далікатных плячэй, апусціў яго ўніз, паставіў каля скрыні. Затым, ён пакінуў свае сумкі побач, пагрузіў брудную вопратку ў скрыню, узяў з свайго заплечніка некалькі рэчаў і паглядзеў на дзяўчыну.

– Паліна, ты прывыкнеш да Яшы. Давай жа, пакідай пыл ля дзвярэй і падыходзь. А я пакуль пайду, пакармлю сябра, – адышоў ад Паліны Мікалай і, не змаўкаючы, спыніўся ля маленькага драўлянага стала, – Сёння я знайшоў нешта асаблівае, мясныя кансервы. Праўда, толькі тры, астатнія ўжо сапсаваліся, уздуліся. Ну, ты ведаеш, як зараз, з прадуктамі ідуць справы. Паліна, ты мяне чуеш? Не саромейся, размяшчайся. Ведаеш, у мяне ёсць яшчэ кансерваваная садавіна. Ты любіш ананасы?

Дзяўчына працягвала стаяць каля дзвярэй, павольна разглядала ўсё памяшканне, не спяшаючыся здымала пыльную вопратку. Унутры, маленькі будынак стаў не падобны на будаўнічую краму, цяпер гэта быў маленькі ўтульны домік, дзе ўсё было акуратна расстаўлена на месцах. Тут, недалёка ад Паліны, на кручках вісела чыстае адзенне, на паліцах знаходзіліся важныя і ацалелыя інструменты, а ўнізе, сумавалі банкі з фарбай і вялікая колькасць пяцілітровых ёмістасцяў з вадой. Далей, у правага краю, тоўсты матрац з чырвона-сіняй коўдрай і падушкай, тут жа карычневы ложачак для сабакі. Лявей цёмны стол і розныя прадметы: ад дробных дэталяў да вялікіх рэчаў. Было тут і камп'ютэрнае чорнае крэсла, сіні чамадан і розныя сумкі. Злева двое белых дзвярэй, што хавалі іншыя памяшканні. На падлозе было занадта чыста і акуратна. Над столлю, у левым далёкім куце, шумеў прыбор для ачысткі паветра.

Дзяўчына прыбрала пыльную вопратку ў скрыню, паказала сябе ў зялёнай тонкай цішотцы, у зялёных нагавіцах і чорных шкарпэтках. Яна працягвала сціпла стаяць ля ўваходных дзвярэй, бегала вачыма па ўсім памяшканні.

 

– Паліна?! Ты чуеш мяне? Падыходзь бліжэй, чаго ты там стаіш?! – сказаў рудавалосы хлопец у сіняй кофце і ў цёмных нагавіцах.

– Так. Я проста здзіўленая тваім сховішчам. Тут столькі ўсяго… Мабыць, ты з першага дня тут.

– Можна і так сказаць. Я раней працаваў тут, у гэтым памяшканні. Праўда, гэта ўжо не назваць крамай… Прыйшлося пераабсталяваць памяшканне. Адаптавацца.

Паліна, не адводзячы вачэй ад сабакі, ціха падышла да хлопца.

– Гэта што атрымліваецца?! Твой сабака адчыніў нам дзверы?

– Так. Яша добра навучаны. Гэта на той выпадак, каб іншыя не змаглі адчыніць дзверы, уварвацца ў мой дом з вуліцы, калі мяне няма. Ты не адказала мне, ты ананасы любіш? У мяне ёсць пару слоічкаў, – ён адышоў ад стала і адкрыў белыя дзверы, увайшоў у маленькае памяшканне якое нагадвала каморку. – Ёсць яшчэ бульба, праўда яе мала, але мы можам зварыць пару… Ёсць салодкае: цукеркі і шакаладкі. Яны ў мяне добра захоўваюцца. Што будзеш?

Хлопец корпаўся ў кардонных скрынках, перастаўляў іх, шукаў, чым жа пачаставаць госця. Яму хацелася спадабацца Паліне, ён пералічваў усё, што знаходзіў. Дзяўчына падышла да дзвярэй каморы і загаварыла:

– Зараз не да ананасаў. Ты казаў пра іншых людзей. Ёсць яшчэ людзі, якія не зніклі? Тыя, якія з вуліцы спрабавалі ўламіцца да цябе… А тыя жудасныя крыкі, якія я ў першыню пачула…чые яны?

– Давай пазней пра гэта пагаворым. Добра? У нас шмат часу. Табе б спачатку памыцца. Валасы вунь, якія…ў пылу. Прывядзі сябе ў парадак. Суседнія дзверы. Там ёсць вада, я збудаваў невялікі душ. Ты разбярэшся, што і як там працуе, на самай справе там усё лёгка. Павернеш кран і, вада пойдзе. Там і цёплая ёсць. Толькі не занадта захапляйся, – адказаў хлопец і ўзяў у рукі невялікую папяровую скрынку.

– Ах, крута, што ў цябе ёсць душ з цёплай вадой!? Я зараз з задавальненнем яго наведаю. Але, ад размоў, ад маіх пытанняў ты не сыдзеш.

– Нікуды не дзенуся, адкажу на ўсе.

Дзяўчына адчыніла дзверы, зірнула на душавую. Затым адышла, узяла ўсялякія рэчы з свайго заплечніка, сярод якіх быў завостраны нож з цёмна-зялёнай рукаяткай. Яна схавала яго ў чыстым адзенні і хутка пайшла за дзверы. Паліна не на ўсе сто працэнтаў давярала Мікалаю, бо яна ледзь ведала гэтага чалавека. Але таксама, яна не змагла выстаяць перад душавой і таму, амаль не думаючы, паспяшалася вымыць цела.

III

Заміргалі лямпачкі над столлю. Мікалай быў устрывожаны тым, што за два апошнія дні збоі сталі часцей. Быццам нешта намякае на тое, што святло вось-вось зусім згасне. «Толькі не зараз.» – падумаў хлопец, упрыгожваючы стол ежай. Святло больш не сваволічала, пакінула ззаду ўсю трывогу прысутных.

Паліна доўга не выходзіла, яна атрымлівала асалоду ад цёплай вады, якая награвалася ад электрычнасці. Яна нібы ажывала, адчувала свабоду, быццам змывала з сябе ўсю цяжкую ношу.

Але калі прыйшоў час выходзіць да Мікалая, дзяўчына схавала невялікі нож у кішэні чыстых чорных спартыўных нагавіц. Яна адчувала ўнутры сябе недавер да яго, пужлівасць.

Паліна выйшла ў чорным спартыўным касцюме, які добра падкрэсліваў яе стройную постаць і высокія грудзі. Чыстая цёплая скура твару ўмомант адчула прахалоду паветра. Холад, як ток, хутка прабегся па ўсім целе і імгненна знік. Чорныя кучаравыя валасы блішчалі ад белага святла, маленькі акуратны нос злёгку паружавеў з-за цёплай вады. Дзяўчына пасля прыняцця душа адчула асалоду, прыемную слабасць.

Хлопец яе сустрэў з зачараваным поглядам і, захапляючыся яе прыгажосцю, паклікаў да стала. На маленькай прамавугольнай плоскасці ляжала неабчышчаная, гарачая, вараная бульба, дзве банкі мясной кансервы, адкрыты слоік кансерваваных ананасаў, шакалад і адзін яблык.

Паліна спачатку паглядзела на сабаку, які адпачываў на ложку з закрытымі вачыма, відаць, спаў. Затым дзяўчына асцярожна прысела на адзінае крэсла, спакойна паклала на стол свой завостраны нож і гэтак спакойна сказала:

– Цяпер расказвай, хто ты такі і ці ёсць яшчэ людзі ў горадзе. Адкуль тут электрычнасць? І пра жудасныя крыкі не забудзься.

– Добра. Але ты хоць падсілкуйся. Ты еш, а я табе ўсё раскажу.

– А ты што, сам есці не будзеш? – апусціла чорныя бровы Паліна і ледзь прыжмурылася. – Спачатку, ты паспрабуй.

Яна вельмі хацела есці, і тое, што было на стале, спакушала выдаліць голад.

– Ха, ты мне не давяраеш?! Разумею. З твайго боку гэта правільна. Але зараз усё выправім, – адказаў з усмешкай хлопец і патрошку пакаштаваў кожны прадукт.

Пасля хвіліннага маўчання, дзяўчына напала на ежу. А Мікалай, стаў адказваць на пастаўленыя пытанні.

– У тую ноч, у першы чорны месяц, да таго, як адбылося нешта дзіўнае, я падпрацоўваў у бары. Першы час, усё было, як звычайна: грала музыка, шумелі наведвальнікі, прыходзілі замовы. Ну а праз гадзіну…людзі застылі. Усе, акрамя мяне… Яны каля хвіліны стаялі нерухома, я спачатку разгубіўся, а потым выйшаў у залу. І людзі, як табун, усе хутка выбеглі на вуліцу. Нібы іх хтосьці паклікаў або спалохаў. Яны не штурхаліся, не крычалі. Без панікі маўкліва адышлі. Калі ў бары застаўся толькі я…я адчуў неспакой, не адпускаў пустую шклянку з рук. Я пайшоў следам за імі. Хацелася паглядзець, куды ўсе ўцяклі. «Можа нешта на вуліцы здарылася?», падумаў я. Але там нічога і нікога. Пусты горад. Начныя ліхтары згаслі ў раз. Не праглядальная цемра акружыла мяне. Цішыня палохала. А над горадам навіс месяц, дакладней, яго контур. Як кальцо. Магчыма, зацьменне ці нейкая іншая з'ява закрывала яго тады. Карацей, была такая ж цёмная ноч, як учора ці тыдзень таму. Толькі бляклае святло месяца, у абрысе круга, і не адной зоркі. Сувязі не было. Электроніку ўсю выключылі. Я правёў пры свечках усю ноч у бары. Ну а пад раніцу, гарадское святло хаатычна замігцела. Вуліцы, дамы, зайгралі святлом, як навагоднія гірлянды. Потым святло аціхла… Але ў горадзе па-ранейшаму не душы. Я пабег дадому. Праз пару кварталаў пачуў шматлікія сігналы машын, а пасля ўбачыў людзей, якія спяшаліся кудысьці, уцякалі ад чагосьці. Тым днём рабіўся хаос, ніхто не адказваў мне, куды яны з'язджаюць. Толькі крычалі на мяне: «Ратуйся! Ратуйся!» Ад чаго? Я не разумеў. Як зараз, памятаю іх страх у шалёных вачах і ўвесь спалох унутры сябе. Я не змог дазваніцца да родных, ніякай сувязі не было. Я не ведаў, што мне рабіць…гэта жудаснае замяшанне палохала мяне… Халера, цяжка ў душы, цяжка нават цяпер пра гэта казаць…

Паліна пакінула ежу і, адчуваючы сум, сказала:

– Мне гэта знаёма. Пасля той ночы, у першую раніцу, я страціла сувязь з бацькамі і з сястрой. Калі муж шаптаў пра нейкае выратаванне, я трымала дачку за руку і не адпускала тэлефон…мы селі ў машыну адправіліся ў бацькоўскі дом, але там нікога не было, толькі адчыненыя, насцеж, уваходныя дзверы. Мы вярнуліся ў аўтамабіль, працягвалі кудысьці ехаць, а затым спыніліся, трапілі ў скопішча машын. Я не ведала, куды мяне вязе муж, ён паводзіў сябе вельмі дзіўна, часта шаптаў нешта. Я ўключыла мясцовае радыё, якое чамусьці яшчэ працавала, жаночы голас усё паўтараў пра самавыратаванне, пра тое, што трэба хутчэй з’язджаць з горада. Я з раздражненнем, у страху, абдымала дачку. Мы прастаялі ў дарозе цэлы дзень, амаль не ехалі. Муж не хацеў пакідаць машыну і пешшу пакідаць горад. Потым вечар. І так хутка сцямнела, за імгненне вуліцы сталі чорнымі. У той момант я перастала чуць, мае вушы заклала, а цела і зусім перастала слухацца мяне, быццам ператварылася ў жэле. Я перастала адчуваць, гаварыць. Больш не адчувала дотык дачкі. Тады, у цемры, я страціла яе, сваю дачку Марыю… Было пакутліва страшна, хацелася крычаць, шукаць дзіця, але… Я праседзела на заднім сядзенні аўтамабіля да раніцы. У выніку мой муж, мая дачка, як і ўсе, хто быў побач, зніклі. Гэта было жудасна… Я адна засталася стаяць у здзіўленні, сярод кінутых машын… Я страціла яе…сваю маленькую прынцэсу… – Паліна недагаварыла, слёзы хутка скаціліся з счырванелых вачэй па яе далікатнаму твару.

Мікалай апусціў галаву, пачухаў рыжае шчацінне на левай шчацэ. Ён успомніў пра бацьку, аб адзіным родным чалавеку. Паліна выцерла сумныя вочы ад вільгаці, ёй хацелася хутчэй пагаварыць пра нешта іншае, і яна спытала:

– А ты адкуль?

Хлопец падняў галаву, паглядзеў на Паліну.

– Я жыў у далёкім раёне, у Валатаве. А бар быў у цэнтры. А асноўная праца была тут, у гэтым памяшканні…

– А чаму ты застаўся тут, а не дома? Твой дом стаў разбурацца?

– Ды не, на пачатку, горад жа не знікаў. Але там ужо было небяспечна, было шмат істот, гэтых стварэнняў. Мне здавалася, што я толькі адзін выжыў, не ператварыўся ў слізкую, гідкую істоту. Я ўцёк і схаваўся тут. А там, дома, я прабыў дзесьці тыдзень і зваліў. Набраўся я тады розных прыгод. Не ведаю, як я яшчэ выжыў. Але, як толькі я абжыўся тут, я здабыў хоць нейкі спакой. Толькі зрэдку стаў наторкацца на няўдачы. І ўяўляеш, да нашага знаёмства, дзесьці сем дзён я быў упэўнены, што я дакладна апошні, хто выжыў з нашага горада. Я так думаў, шчыра кажучы, пакуль не сустрэў цябе.

– Пачакай, а пра каго ты казаў? Тады, раней, і вось зараз пра іх згадаў, пра якіх істот? Я цябе не разумею.

– Ты што не сустракала нікога да мяне?

– Жывёл толькі, хворых жывёл… Ты першы чалавек, якога я сустрэла за гэты доўгі месяц.

Зноў замігцела святло ў невялікім памяшканні. Паліна трохі адцягнулася, а затым сказала:

– Дзіўна, што за гэтыя дні я так нікога не сустрэла… Хоць я абышла ўвесь горад. Дарэчы, я ж і тут была, каля твайго новага дома. Я хадзіла тут у першы тыдзень пасля таго, што здарылася, мабыць, таму мы з табой размінуліся. Ты быў яшчэ там, на іншым канцы горада… А ты ж не пра жывёл казаў, калі згадваў істот?! Той страшэнны крык, гэта былі яны, пра іх ты кажаш?

– Так, пра іх. Дзіўна, што ты не сустракала істот. Я б сказаў, што табе пашанцавала. Не, ну калі б я сустрэў цябе хоць бы на другі тыдзень, то мне б пашанцавала… А вось істота, гэта жудасць. Непрадказальная, моцная, бясстрашная. Яна ростам, як я ці ты, але выглядае непрыемна. Я спрабаваў прыдумаць ёй імя, а потым, як бы прывык называць па-простаму – істота. Я не сустракаў іх занадта шмат, бачыў і біўся з імі не толькі ў першы тыдзень. Яны, то па адным, то па двое хадзілі ў маім мікрараёне. Потым натоўпамі, акупавалі раён, і я перабраўся сюды. Уладкаваўся, змірыўся з адзінотай і выжываннем. Тут ніколі не было істот, у гэтай частцы горада. Але, я сустракаў іх, хіба толькі адышоўшы далей ад свайго прытулку, калі шукаў прадукты. Крамы з прадуктамі станавіліся ўсё далей і далей. Сёння, ты знайшла мяне, а істота ўжо побач. Магчыма, яна сачыла за табой…

– Мне падалося, што ты абвінавачваеш мяне, у тым, што я прывяла да цябе…істоту, якую я і ў вочы не бачыла?!

– Ды мне пляваць на істот. Я цябе ні ў чым не абвінавачваю, проста кажу аб тым, што яны цяпер захопліваюць увесь горад.

– Я амаль месяц блукала па горадзе, але толькі сёння ўпершыню пачула крыкі і даведалася пра істот. Дзіўна гэта ўсё… У цябе тут так светла. А адкуль электрычнасць? За першы ж тыдзень усе адключылася.

– Тут, каля чыгуначнага вакзала, яшчэ ёсць электрычнасць. Праўда збаіць ўжо, які дзень. Нават радыё працуе, шыпіць часам, але бывае, што грае музыка, паўтараецца толькі адна песня. Вось літаральна ўчора, яно зашумела, затрашчала, а затым зноў змоўкла. А пасля маўчання, скрозь перашкоды, загаварыў малады мужчынскі голас. Я бліжэй падышоў да хрыпаты. Хтосьці казаў. Казаў, быццам на іншай мове. Але я прыслухаўся і разабраўся, пачуў зварот, які гучаў неяк так: «Увага! Усе хто чуе гэта! Усе хто выжыў! Чакаем вас у Бабруйску. Увага! У Бабруйску! Бабруйск – горад для тых, хто выжыў!» Учора бліжэй да ночы яшчэ паўтаралася гэтае паведамленне. І сённяшнім ранкам. Зараз, уключу табе, сама паслухаеш.

Мікалай дастаў з-пад падушкі маленькае чырвонае радыё. Падключыў яго да разеткі і тут жа затрашчаў круглы чорны дынамік. Затым хлопец выцягнуў доўгую антэну і паставіў прадмет на паліцу, як мага вышэй. Зайграла песня:

«…І не звяртаючы ўвагі грому,

Хачу я бачыць твае прамяні!

Каб апынуцца каля дому

І цалавацца ля ракі…»

Мікалай усміхнуўся і паглядзеў на дзяўчыну радаснымі вачыма. Паліна павольна ўстала з-за стала, калі пачула першыя радкі.

– Я ніколі раней не чула гэтую песню, – сказала яна і падышла бліжэй да хлопца.

Яе вусны ўздрыгнулі. Музыка расслабіла душу, былое напружанне знікла на некалькі хвілін. Яна не думала больш пра недавер да Мікалая, не думала пра істот. Паліна вызваліла шкодныя думкі з пасткі памяці, прыслухоўвалася да выканаўца. Унутры з'яўлялася цеплыня.

Радыё перапыніла цішынёй мужчынскі голас выканаўца, змоўклі музычныя інструменты. Ні слоў, ні гукаў. Дзяўчына паглядзела на Мікалая, у яе карых вачах адбівалася цёмная думка. Паліна замерла ў чаканні пачуць нейкія словы ад хлопца. Пачуць ад яго, што зараз прагучыць зварот. Але Мікалай адразу паказаў незадаволены твар, адвярнуўся і з прыкрасцю вымавіў:

 

– Ну, вось. Цяпер зусім сціхла…

Хлопец пакруціў антэнай. Зноў зашыпела радыё, як гук залевы. Пачуўшы толькі шум і трэск перашкод, Паліна стала яшчэ больш прыслухоўвацца, чакала той самай аб'явы, пра якую так шчыра і жыва казаў Мікалай. Толькі шыпячы фон, нібы рой пчол, нічога больш не выдаваў. Дзяўчына адышла ад радыё, вярнулася да стала з засяроджаным позіркам. Яна ўспомніла пра дачку, вельмі моцна паверыла ў надзею яе адшукаць.

– Гэта дакладна! Мы не апошнія людзі. Мы ж знайшлі адзін аднаго, значыць і іншыя аб'ядналіся. Нам трэба ў Бабруйск! А што калі яна там?! Не, яна дакладна там! Мая дачка Марыя. Мы павінны, як мага хутчэй, накіравацца да яе, у Бабруйск! Мне трэба туды, – задуменна, з вялікім імкненнем казала Паліна, папраўляючы свае мокрыя валасы.

Мікалай прыглушыў радыё, затым выключыў яго. Ён бачыў, як ззяла дзяўчына ад таго, што з'явілася надзея. Прачытаў па яе выразе твару, што яна поўная рашучасці пакінуць Гомель, нават больш, чым ён сам. Хлопец прамаўчаў, прапусціў усе пытанні Паліны і прысеў на ложак, пагладзіў сабаку. Затым, ён зноў паглядзеў у ажыўленыя вочы дзяўчыны і сам заразіўся яе ўпэўненасцю. «Вось яна, магчымасць вярнуцца да людзей!» – падумаў ён і вымавіў услых іншыя словы:

– Нам трэба прыдумаць, як дабрацца да Бабруйска. Патрэбен план. Я не раз падумваў пра тое, што наш горад можа зусім знікнуць…і што я буду рабіць потым?! Мне ў галаву прыходзілі думкі перабрацца куды-небудзь, паглядзець, што робіцца за межамі Гомеля. Але я ўсё адкладаў, спадзяваўся, што ўсё гэтае невытлумачальнае трызненне спыніцца. Але неяк сур'ёзна я не разглядаў свой сыход, баяўся, што за горадам будзе яшчэ горш, чым тут, баяўся загінуць хутчэй, чым дабяруся куды-небудзь. Але калі я пачуў па радыё зварот, гэта стала для мяне, як першы крок да выратавання. Я вырашыў усё добра прадумаць, час у мяне быў. Запасы і дах пакуль таксама ёсць. Гэта ж трэба будзе пераадолець дзесьці палову краіны. А гэта не малая адлегласць, ад Гомеля да Бабруйска…

– Так, ты маеш рацыю. Трэба ўсё добра абдумаць, а галоўнае, хутчэй. Бо калі мы будзем марнаваць час, то паветра можа стаць яшчэ бруднейшым. А ежа, яшчэ хутчэй стане знікаць з паліц, будзе псавацца… Вунь, шматпавярховыя дамы, таксама бурацца. За гэтую ноч адразу некалькі паверхаў знікла, прама нада мной. І, як ты казаў, істот тут становіцца больш. Можа вось ён, наш шанец пакінуць горад?! У цябе ёсць карта? Пашукаем у ёй самы кароткі шлях.

– Няма. Няма папяровай. Была электронная, але сама разумееш, батарэйкі ў першыя ж дні хутка страцілі свой зарад, ператварыліся ў парашок. Я абышоў усе крамы электронікі, што былі паблізу, хацеў нешта змайстраваць, але няма такой батарэі, што трымала б зарад. Сёння я планаваў прайсціся па аўтамабілях, знайсці нешта вартае, а затым наведаць чыгуначны вакзал… Дарэчы, там дакладна павінны быць карты з паперы. Зараз я туды схаджу, пакуль не сцямнела. Я ўжо бываў там, таму, я хутка, – захапіўся планам Мікалай.

– А як жа твой квадракоптар? Я бачыла, як ты яго запускаў сёння раніцай. Як ён мог працаваць? – пыталася Паліна.

– Гэта быў груган, кружыў над мной. Прыстаў. Куды я, туды і ён. Але потым адстаў ад мяне, калі я схаваўся ад яго ў будынку. Атрымліваецца, ты мяне знайшла дзякуючы птушцы?!

– Не зусім. Я і твой сілуэт бачыла, – казала яна, – Я хачу з табой пайсці, па карту!

Хлопец ужо стаяў ля выхаду. Ён збіраўся і рэфлекторна, злёгку ўсміхаючыся, глядзеў на Паліну.

– Не! Не варта, – казаў ён, спяшаючыся да вакзала. – Заставайся тут. Адпачні. Я не ведаю, дзе і як ты правяла мінулыя дні, але табе варта застацца тут. Паклапаціся пра Яшу ці хутчэй, ён пра цябе паклапаціцца. Пазнаёміцеся бліжэй. Бяры тут што хочаш, еш, што хочаш. Усё роўна нам сыходзіць. Так што, збірай сумкі, шукай усё неабходнае. Я ўпэўнены, ты не з тых, хто будзе рабаваць мяне, не з тых, хто задумаў дрэннае. Заставайцеся тут. Так будзе бяспечней для цябе.

Мікалаю хацелася спадабацца дзяўчыне, таму ён гатовы быў дзяліцца з ёй усім і ісці на рызыкоўныя подзвігі.

Паліна трывожна паглядзела на сабаку, затым падняла вочы на хлопца і сказала:

– Асцярожна…

Мікалай быў ужо ў чорнай вопратцы. Ён схаваў сваю лёгкую ўсмешку пад маскай, абараніў вочы будаўнічымі шырокімі акулярамі. Хлопец кіўнуў і хутка выйшаў з памяшкання.

Яша ў той жа момант ускочыў, падбег да дзвярэй, сеў насупраць іх і стаў чакаць гаспадара.

– Спадзяюся, ён вернецца. Тут жа недалёка… – спакойна сказала Паліна гледзячы на адданага сабаку, нібы казала гэта яму.

Яша сядзеў смірна, ён не паварочваўся на звонкі голас, толькі злёгку паварушыў левым чорным вухам.

Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»