Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi

Текст
Читать фрагмент
Отметить прочитанной
Как читать книгу после покупки
Шрифт:Меньше АаБольше Аа

– О так, – заўсміхаўся вужык. – Я спадзяваўся, што вы пойдзеце за мной.

– І калі жыхары маюць патрэбу ў нас, мы зробім усё магчымае, што ад нас залежыць, – запэўніў Янка.

– Так, абяцаем! – падтрымала Мілана.

Пугач хвілінку памаўчаў, ухваляльна ківаючы, бы згаджаючыся з гэтымі словамі, потым падышоў і паважна абняў, з усмешкай прамовіўшы:

– Вы ведаеце, я ў гэтым ні на хвіліну і не сумняваўся. Таму нават і стол такі прыгатаваў, бо добра ведаў, што зваротна Вужа варта чакаць не аднаго. Я нават болей скажу: заўтра мы яшчэ чакаем гасцей.

– Ого! І каго ж? – зацікавіліся яны.

– Як і ў мінулы раз, вайскаводцаў ды прадстаўнікоў паўстанцаў.

– Так хутка? – крыху здзівіліся юнакі.

– Безумоўна. Нельга марудзіць. Ад новага тырана народ пакутуе яшчэ болей, чым ад папярэдняга.

– Тады зразумела.

– Што ж, – прамовіў Пугач. – Да заўтра часу багата. Таму магу прапанаваць да вашых паслуг сваю бібліятэку.

– Вух! Гэта амаль тое самае, што падзяліцца скарбам! – усцешыліся з прапановы Янка з Міланай.

– Ха, ха, ха, – засмяяўся Пугач, якому такое параўнанне прыйшлося да густу. – Маеце рацыю, мае сябры. Кнігі – сапраўды, вялікае багацце, бо ў іх захоўваюцца веды цэлых пакаленняў. А гэта і ёсць найкаштоўнейшы дар. І трапляюць да яго далёка не ўсе. Ды што там – амаль ніхто. Але вам я нават рады іх паказваць, для мяне вы – адмысловыя госці.

– Дзякуем, такая пашана неацэнная.

Пугач усміхнуўся і праводзіў гасцей у таемную бібліятэку. Ён падышоў да шафы з кнігамі, пацягнуў за адну з іх, і сцяна цяжка рыпнула, у ёй з’явіліся абрысы праёму. Гаспадар падышоў бліжэй, пхнуў і памахаў крылом, пазваўшы такім чынам за сабой.

Птах увайшоў унутр, запаліў лямпу-каганец, і прастора напоўнілася змрочным святлом, у якім памяшканне падавалася яшчэ больш таямнічым. Пугач дадаў святла, і погляды гасцей прыцягнула вялікая кніга, разгорнутая на стале. Дзеці зацікаўлена накіраваліся паглядзець, што за яна.

– Гэта, гэта… – хацеў быццам папярэдзіць гаспадар, але тыя ўжо падышлі да яе.

Угледзеўшыся, дзеці былі ашаломленыя і не давалі веры сваім вачам.

– Ат, – махнуў Пугач крылом, – позна, усё адно ўбачылі. Не хацеў вам паказваць пакуль, забыўся закрыць… – нешта мармытаў ён, але Янка з Міланай ужо не чулі яго, бо цалкам утаропіліся ў кнігу.

Яны гарталі старонкі і з кожнай дзівіліся толькі болей. Там апавядалася гісторыя юных каралеўны і рыцара, якія біліся са злым чараўніком, змагаліся з ваўкалакамі, удзельнічалі ў бітве пад мурамі замка. І былі там і магутны Цмок, і дужы волат, і гарэзлівыя гарцукі.

– Гэта што? – здзіўлена спыталася Мілана, не даючы веры сваім вачам. – Кніга пра нас?

– Так, – адказаў Пугач, развёўшы крыламі.

Там была гісторыя з таго часу, як юнакі з’явіліся ў каралеўстве. Не было толькі аповеду пра тое, якім чынам яны тут апынуліся ды пра дзівоснае дрэва. А так усё – і іх вандроўка за яйкам Цмока праз Паганае Балота і Чорны Лес, і вызваленне мужных рыцараў з вязніцы, і ўсе бітвы. А якім жа прыгожым здавалася афармленне: каляровыя малюнкі аздаблялі старонкі, бы ўзятыя былі з лепшых сярэднявечных рыцарскіх раманаў. Ад гэтага літаральна дух захоплівала.

– Так неспадзявана… – разгублена прамовіў збянтэжаны Ян. – Папраўдзе, я вельмі крануты.

– Мы рабілі тое, што падказвала нам сэрца, – падтрымала сястра. – І нават не разлічвалі на такую пашану.

– Але ж менавіта так і паводзяцца сапраўдныя героі – моўчкі робяць учынкі, вартыя павагі, пры тым нічога не чакаючы наўзамен. Робяць па сумленні і па клічы сэрца.

– Але ж пісаць пра тое цэлую кнігу… – не пераставаў дзівіцца хлопец.

– Вы дапамаглі нам выратаваць каралеўства і ўспомніць, хто мы ёсць! Вы абудзілі наш гонар і даравалі шанец на новае жыццё! Безумоўна, вы вартыя таго, каб на вякі быць упісанымі ў нашу гісторыю. Гісторыю, якую павінен ведаць кожны, каму дарагая яго зямля, дзе ён узрос, гісторыя яго радзімы. Бо без любові да гісторыі свайго краю няма ў цябе і радзімы. І той, хто не ведае і не шануе сваёй гісторыі, павінен асцерагацца за сваю будучыню, бо жыць і служыць тады яму, як валачашчаму сабаку, пад панаваннем і прыгнётам іншых. Бо хто ты ёсць без гісторыі? Ніхто! Сухая і нікому не патрэбная травінка пасярод голага поля.

– Сапраўды, спадар Пугач, гэта мудрыя словы! Як ёсць мудрыя! – натхнёныя такой прамовай, пагадзіліся Янка з Міланай.

І яны хоць зараз былі гатовыя рынуцца на новыя подзвігі, прайсці праз усе цяжкасці і перашкоды, што выпалі на іх лёс у мінулы раз, і зведаць новыя, ні на што не зважаючы.

– І вось што я вам скажу, мае даражэнькія, – звярнуўся да іх птах, падышоўшы бліжэй і паклаўшы свае крылы ім на плечы. – Я нават ні на хвіліну не сумняваюся, што і зараз вы спраўдзіце нашыя чаканні, учыніце яшчэ нямала новых вартых подзвігаў, каб і яны былі ўпісаныя ў гісторыю, каб пра іх пераказвалі адзін аднаму, а тыя, хто змагаўся і ваяваў разам з вамі плячо ў плячо, ганарыліся, што былі побач з вамі. Шчыра вам кажу, сябры мае, я веру ў вас. Больш за тое, народ верыць і чакае.

– Мы не падвядзём і паспрабуем апраўдаць іх надзеі.

– Няхай жа так і будзе. А пакуль, мае юныя і адважныя сябры, бібліятэка ў вашым распараджэнні. Спадзяюся, вы знойдзеце тут не менш цікавыя кнігі, чым гэтая, – прамовіў Пугач.

– Дзякуем! Хаця ўжо і немагчыма ўявіць, што яшчэ можа настолькі ўразіць, – пажартавала Мілана.

– О, разумею, – заўсміхаўся Пугач. – Але хто ведае, хто ведае… Добра, я пайду. Мне трэба яшчэ да прыёму заўтрашніх гасцей падрыхтавацца, а вы тут уладкоўвайцеся і выбірайце, што пажадаеце, на свой густ.

Пугач выйшаў, а яны паглыбіліся ў таямніцу ведаў. Ад разнастайнасці розных кніг, якія на паліцах стаялі шыхтамі, разбягаліся вочы. Прагныя да ведаў маглі задаволіць сваю патрэбу ў іх.

Першай з выбарам вызначылася Мілана. Ёй даспадобы былі пачастункі Пугача, таму з вялікім інтарэсам дзяўчынка прынялася вывучаць адшуканы зборнік лепшых рэцэптаў мясцовай кухні. Магчыма, не зусім было зразумела, чаму гэтая кніга знаходзілася менавіта ў таемнай бібліятэцы, але для гаспадыні яна насамрэч была каштоўнай, бо рэцэпты ў ёй былі адзін аднаго лепшы.

А вось Янку цікавілі кнігі пра гісторыю каралеўства. Балазе, на гэтую тэму іх было так багата, што хлопчык ледзь вызначыўся, яму хацелася спазнаць усё і адразу. Тут былі і хранаграфіі бітваў, і біяграфіі выдатных асоб, і апісанне розных істот, і нейкія скруткі з мапамі ды планамі. Карацей, яго дапытлівыя вочы папросту разбягаліся ў захапленні ад наяўнага. Урэшце, ён для пачатку спыніўся на кнігах пра вялікія бітвы каралеўства. Хлопец расклаў іх на стале і прагна пачаў вывучаць. Выявілася, што край мае вельмі багатую і насычаную гісторыю. Потым перайшоў да зборніка з апісаннямі істот. Гартаючы яго, адразу заўважыў, што яшчэ далёка не ўсіх з іх ён бачыў. Часам трапляліся такія пачвары, што ён і ўявіць сабе не мог. Хаця, як думаў хлопчык, яны, хутчэй за ўсё, даўно змерлі, як у свой час дыназаўры, альбо былі знішчаны. Хто ведае?

Юнак шмат чаго новага даведаўся пра таго ж багніка ды іншых, ужо яму вядомых стварэнняў. Напрыклад, ён вычытаў, што багнік мог праводзіць пад зямлёй ваду, кіруючы падземнымі крыніцамі. Мог пры жаданні пашыраць сваё балота, а таксама ўтвараць новыя. Спазнаў Янка шмат чаго новага і пра магчымасці многіх іншых насельнікаў гэтай казачнай зямлі.

Ён з такім запалам паглыбіўся ў вывучэнне, што папросту не мог адарвацца. Толькі праглядаў адну кнігу – як адразу ж ставіў яе на месца і прымаўся за іншую. Штосьці адкладаў, у нейкіх рабіў закладкі, некаторыя праглядаў паўторна.

Мілана ж праглядзела яшчэ некалькі кніг, ды, як час быў ужо позні, яе павяло да сну.

– Слухай, нешта я прытамілася, – звярнулася яна да брата. – Гэта ўсё вельмі цікава, але ж дзень такі насычаны выдаўся. Пайду я, мабыць, класціся ўжо.

– Так, бяжы. Я яшчэ, падобна, не хутка. Тут столькі ўсяго… Дабранач, – адказаў Янка, нават не падымаючы галавы.

– Дабранач. Паспрабуй доўга не заседжвацца.

Брат толькі моўчкі кіўнуў, згаджаючыся, але думкамі быў цалкам пагружаны ў чарговы фаліянт. І, безумоўна ж, засядзеўся дапазна. Хлопец цёр вочы, трос галавой, усяляк адганяючы ад сябе стому і не падпускаючы сон. Яшчэ ніколі ў жыцці ён не быў настолькі захоплены. Тут было столькі цікавых кніг, столькі ўсяго незвычайнага і новага…

Вочы станавіліся цяжэйшымі, сэнс прачытанага пачынаў губляцца і блытацца… І тут ён ужо і сам зразумеў: хопіць, трэба даць сабе перадых. Даведаўся Янка багата, нават пэўная мудрагелістая стратэгія ды нейкі план дзеянняў намаляваліся ў галаве. Хоць зараз у бой, а там з гэткімі ведамі і ўсё каралеўства да лепшай долі можна прывесці.

«Але гэта ўсё потым, заўтра, на свежую галаву. А цяпер спаць, пакуль не паснуў за сталом…» – падумаў Янка. Паўсонны, ён цяжка падняўся і, пазяхаючы, павольна накіраваўся да ложка.

Старыя знаёмыя. План па вызваленні караля Мацея і каралеўства


Першай прачнулася Мілана. Дзяўчынка расплюшчыла вочы, агледзелася і ўсміхнулася.

«Як жа тут файна і ўтульна, – падлавіла яна сябе на думцы. – Усё тут, як у казцы, у якую я чароўным чынам патрапіла. А сама нібы прыгожая каралеўна». І няхай яна была не ў палацавых пакоях, і не спала на сямі пярынах, аднак усё гэта падалося Мілане не менш рамантычным, загадкавым і таямнічым. Распавядзі яна каму хоць частку гэтага – ні за што не дадуць веры!

Яна яшчэ раз азірнула пакой, пацягнулася і вылезла з цёплага ложка. Казка казкай, а сёння чакаюцца госці з нагоды іх з Янкам з’яўлення, трэба дапамагчы гаспадару.

Пугач ужо клапаціўся па гаспадарцы, але было відаць, што і ён нядаўна падняўся.

– Дзень добры, юная каралеўна! Ці добра вам спалася? – павітаўся ён.

– Дабрыдзень, спадар Пугач! Так, дзякуй! У вас так утульна, што сніліся выключна салодкія сны.

– Хо-хо, дзякуй! – павесялеў птах. – Залічу за камплімент, вельмі прыемна. Юнай пані гарбату падаць ці адразу сняданак?

 

– Вой, дзякуй, толькі гарбату.

– Як пажадаеце. Тады пакуль умывайцеся, я зараз прыгатую. Акурат нядаўна паставіў імбрычак.

Мілана прывяла сябе ў парадак і выйшла да стала. Гасцінны Пугач прыгатаваў ёй зусім лёгкі сняданак. Дзяўчына прысела, паднесла да вуснаў кубачак гарачай гарбаты і зацягнулася водарам.

– Як шыкоўна пахне, – замілавана прамовіла яна і зрабіла глыточак. – Што гэта?

– Хо, найсмачнейшыя духмяныя і гаючыя зёлкі – чабор, ліпавы цвет, крыху мяты і мелісы, ну і так, па дробязі. А для асаблівай асалоды – борцевы мёд ад лясных пчол-баровак.

– Ай, як цудоўна! – шчыра здзівілася Мілана. – У нас такога, падаецца, і не знайсці.

– Дык мы жывём у лесе, – сціпла пахваліўся Пугач. – Вам смакуе?

– Шыкоўна!

Яна адпіла яшчэ, і напой, хоць і быў гарачы, прабегся па нутры адначасова цяплом і прыемнай прахалодай мятных траў. І адразу ж зрабілася так прыемна, лёгка і ўтульна…

– М-м-м, – была дзяўчына ў захапленні.

А потым яна яшчэ і адкусіла хатняе хрумсткае печыва, клапатліва вырабленае гаспадаром, запіла і тым засталася вельмі задаволеная:

– М-м-м, цудоўны смак.

– Мяне, прызнацца, вельмі цешыць, што так дагадзіў юнай пані, – расчулена прамовіў птах. – Але ж дзе наш Янка? Ён дагэтуль яшчэ не выйшаў. Няўжо яшчэ спіць?

– Напэўна. Я ўчора клалася, а ён заставаўся яшчэ пачытаць. У вас такая багатая і цікавая бібліятэка. Мой брат быў настолькі захоплены, што папросту не мог адарвацца. Я нават і не ведаю, а каторай ён лёг. Не здзіўлюся, калі ўжо пад раніцу.

– Ён, пэўна, аматар?..

– Так. Ён і дома шмат вольнага часу праводзіць за кнігамі.

– Гэта вельмі пахвальна, калі малады чалавек прагне ведаў і цягнецца да іх. Вельмі пахвальна! У вас, напэўна, таксама вялікая бібліятэка?

– Дастаткова багатая, але з вашай і блізка не параўнаць, – гаспадар, вядома ж, усцешыўся такім словам, прыняўшы іх за пахвалу. – Яе пачаў складаць яшчэ наш дзядуля, ён быў вучоны.

– Сапраўды?! – прыемна здзівіўся Пугач.

– Так. Потым працягнуў гэты занятак тата, ну і маці далучылася.

– А тата – таксама вучоны?

– Не, толькі дзядуля па маці. А маці ў нас лекарка.

– Мая ёй павага.

– Дзякуем! А нейкая частка кніг – наш унёсак.

– Вельмі добра.

– Тым не менш у вас кніг значна болей.

– Гэта і зразумела, – усміхнуўся птах. – Іх збірала шмат пакаленняў, многія з гэтых кніг значна старэйшыя за мяне. Ім нават больш гадоў, чым маім бацькам і бацькам маіх бацькоў.

– Ад гэтага яны яшчэ больш каштоўныя.

Нечакана іх размову перапыніў заспаны голас:

– Добрай раніцы! Ці дзень?!

Яны азірнуліся, і на іх тварах з’явілася лагодная ўсмешка. У пройме стаяў, пазяхаючы, паўсонны Янка, паціраючы вочы.

– Добрай!

– Нават не буду пытацца, выспаўся ты ці не, – пажартавала сястра.

– І не пытайся, – толькі адмахнуўся брат.

– Але ж а каторай ты лёг? – усё ж пацікавілася яна.

– Нават не ведаю, – толькі пацепнуў ён плячыма. – Але вельмі… – ізноў пазяхнуў ён.

– Вельмі познай ноччу ці ранняй раніцай? – не пераставала дражніцца сястра.

– Недзе паміж, – усміхнуўся хлопча. – Так засядзеўся, што і не прыпомню.

– Знайшлося што цікавае? – спытаўся гаспадар.

– Так, і дужа багата. У вас шыкоўная бібліятэка. Столькі ўсяго!

– Дзякую! Буду рады, калі яна прынесла карысць.

– Яшчэ і якую! Я дазволіў сабе некалькі кніг адкласці. Вывучаў іх і знайшоў інфармацыю, якой мы можам скарыстацца. І хацеў бы гэтымі знаходкамі і сваім меркаваннем наконт іх падзяліцца з вайскаводцамі, калі вы не супраць.

– Вядома ж! Я толькі за. А калі не сакрэт, што такое цікавае атрымалася адшукаць?

– Для вас не сакрэт. Але я хацеў бы напачатку прывесці розум у парадак. Бо ўстаць устаў, а прачнуцца не паспеў, – пажартаваў хлопец.

– Хо-хо-хо, – засмяяўся Пугач. – Добра, мой юны сябра, усё разумею, пачакаю. Мяркую, да вечара амаль усе прыйдуць, там і паслухаю.

– Так хутка? – здзівіліся Янка з Міланай.

– Я ні на імгненне не сумняваўся, што вы прыйдзеце нам на дапамогу.

– Такі давер вельмі нас цешыць, – прызналася Мілана. – Але што было б, каб Вужу не атрымалася нас адшукаць? Бо мы маглі і не быць там.

– Тады я прапоўз бы ўсё ваша каралеўства, але б адшукаў вас, – выказаўся вужык.

– Калі шчыра, у мяне было вельмі моцнае прадчуванне, што ён знойдзе вас. Інакш і не ўяўляю, бо вы насамрэч нам зараз вельмі патрэбныя. Толькі на вас усе нашыя спадзяванні. У любым выпадку сабрацца на нараду не будзе марным. Жыць далей пад прыгнётам, зведаўшы і памятаючы, што такое воля, больш ужо немагчыма. Даўно час аб’яднацца ўсім ізноў і зрынуць тыранію, гэтае ярмо са сваіх плячэй.

– «Памерці стоячы альбо жыць на каленях?!» – згадаў былыя часы Янка.

– Менавіта так! – Пугач яшчэ раз зірнуў на хлопца і прамовіў: – Але зараз, мне здаецца, вам трэба надаць бадзёрасці. Бо сёння спатрэбіцца ясны розум і светлая галава.

– Так. Кубачак кавы мне б зараз не зашкодзіў.

– Кавы? – перапытаў птах.

Падобна, ён не ведаў, што гэта. Напэўна, у каралеўстве яго не існавала.

– Ну, гэта напой такі, бадзёрасці надае, дапамагае прачнуцца, – патлумачыў Янка.

– Такога напою, на жаль, я не ведаю. Але магу прапанаваць нешта іншае, не горшае.

– Не адмоўлюся.

– Добра. Тады пакуль займайцеся сваімі справамі, а я зраблю.

Хлопча пайшоў прыводзіць сябе ў парадак, а Пугач узяўся за прыгатаванне. Умыўшыся, Янка выйшаў у гасцёўню і з прыемным здзіўленнем на твары стаў знерухомеўшы. Па пакоі разыходзіўся смачны карамельна-арэхавы водар. Ужо толькі ад яго на душы рабілася цёпла і светла.

– М-м-м, чым так пахне?

– Сядайце, зараз пакаштуеце.

– Што гэта можа быць? – перапытаў ён яшчэ раз, звярнуўшыся ўжо да Міланы, якая магла сачыць за дзеяннямі Пугача.

Дзяўчынка толькі пацепнула плячыма.

Напой акурат быў гатовы, запараны, і гаспадар наліў кубачак Янку, які прысеў за стол і чакаў сваёй порцыі.

– Вам таксама, юная каралеўна? – прапанаваў Пугач Мілане.

– Так, хацелася б пачаставацца. Я хоць і бачыла, але так і не зразумела, што гэта.

Пугач на тое толькі ўсміхнуўся.

– Калі ласка. Але я крыху здзіўлены, што вы такога не каштавалі, зрэшты, як і я вашай кавы.

Брат з сястрой адпілі па глыточку, смакуючы пітво.

– Ну як? – пацікавіўся гаспадар.

– Але нешта ў гэтым ёсць, – прызналася Мілана. – Уласна карамельна-арэхавы смак з лёгкай гаркатой надае асаблівы прысмак.

– Так, сапраўды, – пагадзіўся Янка. – Нават да какавы з малаком чымсьці падобна.

– Какава? Хм, такога напою я таксама не каштаваў, – дзівіўся і тут Пугач.

Яны пілі, атрымліваючы асалоду, і смачна закусвалі хрумсткім печывам, якое было вельмі дарэчы.

Дапіўшы, юнакі паставілі кубачкі на стол і падзякавалі гаспадару.

– Дзякуем за пачастунак! – прамовіла Мілана. – Але ж, спадар Пугач, прызнайцеся, калі ласка, што гэта?

– Так і не здагадаліся?

– Папраўдзе, нават ніякіх думак не ўзнікае. Нешта непараўнальнае.

– Хм, – усміхнуўся птах, – на самай справе ўсё вельмі проста. Гэта жалудовы напой.

– Жалудовы напой? Як гэта? – не маглі паверыць у такую прастату яны. – Са звычайных жалудоў?!

– Ну, не зусім, тут таксама ёсць свае тонкасці. І не любыя жалуды можна выкарыстоўваць.

– Не падзеліцеся? – пацікавілася Мілана, якая вельмі захацела даведацца рэцэпт. – Калі ласка!

– Чаму ж не? Можна. Па-першае, выбіраць трэба толькі спелыя, цвёрдыя, зелянявыя жалуды. Мяккія, хутчэй за ўсё, могуць быць папросту чарвівыя.

– Зразумела.

– Можаце назбіраць пасля першых замаразкаў – вельмі добры час для іх. Калі пажадаеце пазбавіцца гаркоты – вымачыце альбо паварыце іх з паўгадзіны, можаце болей. Але ж некаторыя менавіта іх гаркоту і шануюць. А потым раскладаеце іх на бляху – і ў печ. Як прасохнуць, пачысціце ад шалупіння, яны падзеляцца на дзве палоўкі. Можна пакалоць і яшчэ драбней, каб яны хутчэй падсмажыліся. І зноўку іх смажце, але не ператрымайце. Дастаткова, каб яны пабурэлі і былі хрумсткія. М-м-м, у гэты час такі водар неверагодны стаіць!

– Вы пакуль запарвалі напой, духмяна пахла на ўсё памяшканне, – прымеціла дзяўчына. – Уяўляю, што адбываецца, калі іх смажыш.

– Так, нешта надзвычай прыемнае. Потым застаецца змалоць зярняткі на парашок, які можна варыць, на ваш густ. Яшчэ я дадаю змолатыя карані цыкорыя. А можна і парашок з падсмажанага ячменю, жыта ці аўса. Што каму даспадобы. Ну, і для прысмаку дадаю лыжачку мёду.

– Дзякуй вялікі, спадар Пугач! – падзякавала Мілана. – Як-небудзь здзіўлю нашых бацькоў. Няхай таксама паспрабуюць здагадацца, што гэта, – пажартавала яна.

– Мяркую, ім таксама прыйдзецца да душы. Апроч таго, гэты ж напой яшчэ і карысны. Ён не толькі надае бадзёрасці, але і дапамагае пры нястраўнасці ды добры для сэрца.

– О, гэта наагул файна.

– Але ж мне цікава, ці падобны ён на вашу каву?

– Ну, мы не вялікія знаўцы. Гэта больш напой для дарослых. Мы з гарачага пітва ўжываем гарбату ці какаву. Каву вельмі рэдка. Але ж адрозненне ёсць.

– І?

– На кожнае свае аматары, безумоўна, але нам спадабалася. Праўда.

– Так, – падтрымаў брат, – вельмі незвычайна. Нешта ў гэтым дакладна ёсць.

– Дзякуй, дзякуй! Вядома ж, усе стравы трэба рабіць з душой. Ну што ж, юны рыцар, – звярнуўся Пугач да Янкі, – ці не адмовіцеся цяпер паўнавартасна паснедаць?

– Так, давайце, – усміхнуўся хлопец.

Гаспадар гасціна накарміў юнакоў, пасля чаго даў ім пэўны час адпачыць пасля сняданку, а сам заняўся гаспадаркай. Хутка да яго далучыліся і Мілана з Янкам. Бо добра разумелі, што сёння будуць госці, якія прыбудуць здалёк. І трэба будзе іх сустрэць як мае быць.

Удзень завітаў першым рыцар Мікалай, паплечнік караля. Ён плячо ў плячо біўся разам з Мацеем. Даведаўшыся, што Янка з Міланай ізноў могуць тут апынуцца, вобцас панёсся, адкінуўшы ўсе справы. Ён і ўвайшоў амаль так жа хутка, як і нёсся сюды.

– Янка, Мілана, гэта вы? Дарагія нашы, дайце ж я вас абдыму, – кінуўся ім насустрач гарачы на справы рыцар.

І толькі выказаўшы свае гарачыя пачуцці, ён успомніў, хто перад ім, і выявіў адпаведную тактоўнасць і далікацтва.

– Прашу прабачыць мяне, Ваша Вялікасць, – укленчыў ён перад Міланай, апусціўшыся на калена.

– Мы вельмі ўсцешаныя такой гарачай і ветлівай сустрэчай. Падыміцеся ж, прашу вас.

– Як я магу, о каралеўна?!

Але Янка сам падышоў да яго і падняў за локці.

– Шаноўны рыцар! Устаньце, я таксама вас прашу. Сваю адданасць вы пацвердзілі на справе. І не годна вам стаяць зараз на каленях. Мы яшчэ падчас нашых мінулых бітваў выказаліся, што сярод нас няма ні галоўных, ні падначаленых, ні старэйшых, ні малодшых. Мы ўсе роўныя адзін перад адным, бо плячо да пляча змагаліся з ворагам.

Рыцар кіўнуў галавой у знак згоды і падняўся. Выпрастаўшыся, ён прыклаў руку да сэрца і паважліва схіліў галаву.

– Дзякую! Але ведайце, я і ўсе рыцары гатовыя верна і аддана служыць вам да скону.

– Дзякуем, высакародны рыцар! – паклаў Янка яму руку на плячо. – Вашы жыцці спатрэбяцца і нам, і каралеўству.

– Так, – падтрымала Мілана, – мы будзем радыя бачыць вас жывымі. І верым, што пасля ўсяго вашы рукі будуць трымаць не меч, а паслужаць у гаспадарцы дзеля сваёй сям’і.

– Спадзяюся і мару пра гэты час, – прамовіў рыцар.

– Ён ужо не за гарамі!

– Як вы тут, то я ў гэта шчыра веру…

– Але ж зараз вы з дарогі, трэба падмацавацца, – клапатліва прамовіла дзяўчына.

– Так, скакаў да вас так, што ледзьве не загнаў каня.

– Я паклапачуся пра яго, – прапанавала Мілана.

– Хадзем, я дам табе мех аўса, – адгукнуўся Пугач.

– О, вялікі дзякуй за клопат. Мой конь стаміўся яшчэ болей за свайго гаспадара.

Госця пасадзілі за стол, а Мілана ўзяла невялікі мех з аўсом і адправілася карміць стомленую жывёлу. Янка не хацеў заставацца ў баку і набраў вядро вады, каб каня з дарогі яшчэ і напаіць, што было не меней важна. Той, змучаны далёкай дарогай, выпіў яго амаль за раз.

Раптам пачуўся грукат капытоў. Хтосьці дастаткова хутка набліжаўся. Ад лесу падаўся бляск даспехаў. Было відаць, што яшчэ адзін рыцар скача да іх. Неўзабаве яны пазналі ў яго постаці старога знаёмага. Вершнік наблізіўся, прыпыняючы свайго скакуна, і саскочыў у якіх двух метрах ад іх. Спешыўшыся, ён апусціўся ва ўсіх сваіх латах на калена, не выпускаючы з рук павады. Вельмі кранальна было бачыць, што і конь таксама разам з ім укленчыў на пярэднюю нагу.

– Не, не, не, – адразу замахаў рукамі Янка. – Ніякага кленчання, хопіць на сёння.

– Высакародны рыцар, устаньце, – папрасіла і Мілана, – годзе вам.

– Але ж як я яшчэ магу засведчыць вам сваю павагу?

 

– Не час зараз адзін прад адным на калены кідацца, не дзеля таго мы разам столькі перажылі і біліся побач, – выказаўся Янка.

– І сапраўды, вы ўжо ўсё даказалі на справе, – падтрымала Мілана. – А астатняе не варта. Не такія мы ўжо значныя персоны.

– Але…

– І ніякіх але, – прамовіла Мілана. – Гэта наша просьба.

– Як скажаце, міласцівая каралеўна.

– Праходзьце лепей да стала. Мусіць, стаміліся з дарогі.

– Ёсць трошку, але не гэта галоўнае.

– Праходзьце, праходзьце. Аб вашым кані мы паклапоцімся.

– Гляджу, мяне ўжо нехта апярэдзіў? – прамовіў рыцар, заўважыўшы, што яго скакун тут не адзін.

– Так, толькі нядаўна прыехаў.

– Гэта я бачу, – выказаўся ён, падыходзячы бліжэй.

Рыцар пагладзіў каня па шыі і па корпусе, затым пацёр далоні і прамовіў:

– Доўга ж, відаць, на ім скакалі, увесь упараны.

– Стаміўся, бедны, – сказала Мілана і памкнулася паднесці каню мех з аўсом.

– Пачакайце, калі ласка, – прыпыніў яе рыцар.

– Ён цэлае вядро ад смагі за раз выпіў.

– Мяркую, гэтага мала.

– Мала? Цэлага вядра?

– Так. Пажадана, каб яму яшчэ вядро налілі.

– Ну што ж, вы лепей знаецеся ў конях, пайду яшчэ па ваду. А лепш два вядры адразу прынясу. Ваш конь, бачу, таксама патрабуе.

– О, быў бы вельмі ўдзячны.

– Ха, не варта, – адмахнуўся зычлівы хлопец.

– А я пакуль іх аўсом пакармлю, – прапанавала Мілана.

– Не-не, ні ў якім выпадку, – запярэчыў рыцар.

– Чаму ж? – не зразумела дзяўчына.

– Справа ў тым, што каня напачатку трэба напаіць вадой, а потым ужо можна даваць авёс. Калі даць каню запіць авёс, збожжа ўнутры разбухне, і конь будзе пакутваць на страўнік.

– Зразумела, дзякуй за падказку.

– Пазней мы ўжо самі сходзім на рэчку ды дагледзім, пакупаем іх.

Янка хутка вярнуўся, але вёдры былі няпоўныя, для яго зацяжкія. Як толькі коні іх прагна асушылі, рыцар сам узяў ёмістасці і пайшоў па ваду, а Мілана клапатліва прынялася карміць першага каня.

Як толькі яны накармілі коней, пачуўся хруст, а потым з-за дрэў паказаўся магутны зубр, прадстаўнік велічных і незалежных істот.

І так на працягу ўсяго дня да іх далучаліся вайскаводцы, а таксама тыя, хто прагнуў вольнага і мірнага жыцця без прыгнёту і прымусу, хто быў гатовы ў бітве заваяваць для сябе свабоду.

Пад канец вечара прыйшоў і баявы мядзведзь. Няспешна ідучы, ён падаваўся марудным. Але ў баі ці калі добра раззлаваць яго – паспрабуй яшчэ ўцячы, умомант дагоніць! Яго цярпліва чакалі, бо ўсе добра памяталі, як адважна і мужна баявыя мядзведзі сябе праявілі ў мінулых бітвах. Сапраўдныя прыроджаныя ваяры, вартыя павагі.

Амаль усе прадстаўнікі гатовых падняцца на паўстанне былі ў зборы. Нарэшце было вырашана пачаць ваенную нараду. Вайскаводцы сабраліся вакол круглага стала. Іх мужнасць, гатоўнасць да справы выразна адлюстроўваліся на іх гордых і непакорных тварах. Іх вочы гарэлі, як у каршукоў, гатовых рынуцца ў бой. Але ўсе гэтыя бясстрашныя і загартаваныя ў баях ваяры пакорліва і ўважліва чакалі, што ім скажуць юныя рыцар і каралеўна. Бо ўсе добра ведалі і памяталі, што толькі дзякуючы юнакам была атрымана ў мінулы раз перамога. Усе былі ўдзячныя ім за гэта і шчыра спадзяваліся на тое, што пад іх умелым і таленавітым камандаваннем яны здолеюць атрымаць перамогу. Нават нягледзячы на тое, што іх сілы ладна патрапаныя. І, пэўна ж, зараз давядзецца значна цяжэй. Але ўсе былі гатовыя пераадольваць любыя перашкоды, цяжкасці і нягоды, каб толькі ў канцы ізноў пабачыць яе – доўгачаканую волю.

Таму і позіркі ўсіх так пільна былі засяроджаныя на Янку і Мілане. Дзяўчына паклала на стол мапу каралеўства і разгарнула яе так, каб усім было добра відаць. А хлопец прынёс некалькі старых і важкіх кніг з бібліятэкі Пугача і прамовіў:

– Яшчэ раз вітаем вас усіх, шаноўнае спадарства, дзякуем, што адгукнуліся на заклік!

– Гэта вам шчыры дзякуй, што пагадзіліся нам дапамагчы, – выказаўся рыцар Мікалай.

– Так, так… – падтрымалі разам астатнія.

– Сапраўдныя сябры ніколі не кідаюць сваіх сяброў у цяжкую хвіліну, – адказала на тое Мілана.

– Дзякуем! Нам вельмі прыемная ваша пашана, – падзякаваў Янка. – Шаноўнае спадарства, мы доўга думалі, з чаго ж варта пачаць нашы дзеянні…

– З вызвалення караля! – гучна і рашуча выказаўся рыцар.

– Безумоўна, з вызвалення караля Мацея! – яго падхапілі ўсе.

– Вы ўжо прабачце, што я вас перабіў, – папрасіў прабачэння ён. – Вызваленне Мацея паслужыць важкім і пераканаўчым заклікам для падняцца на барацьбу. І гэта было б моцным ударам па Семаргалу і яго самалюбстве.

– Менавіта да такога ж рашэння прыйшлі і мы, – пагадзіўся Янка.

– Усё гэта так, – разважліва прамовіў яшчэ адзін рыцар. – Але ж з мінулага разу яны вынеслі добры ўрок. Наколькі мне вядома, яго зараз ахоўваюць больш пільна, чым усіх нас, рыцараў, сцераглі ў мінулы раз. Калі б не высакародны Цмок і ваша кемлівасць, – звярнуся ён з павагай да Янкі з Міланай, – нам бы ў жыцці адтуль не вызваліцца. Тады вельмі пашэнціла, што атрымалася ўгаварыць перайсці Цмока на наш бок. Але як мы зараз хаця б трапім туды?

– А вось пра гэта можна і не турбавацца. Ёсць тут у мяне адна ідэя. Усю ноч спаць не мог, яе абдумваў, – казаў Янка, раскрываючы адну з кніг.

І ўсе ўважліва ўтаропіліся ў фаліянт. Хлопча адкрыў яго пасярэдзіне і пачаў разгортваць укладыш паміж старонак, складзены ў некалькі разоў.

– Дзіўна, – прамовіў Пугач. – Не магу ўспомніць гэтай кніжкі.

– Я выпадкова на яе наткнуўся, – адказаў Янка. – Яна ляжала ў вялікім стосе сярод іншых.

– А, відаць, яна з палацавай бібліятэкі. Іх мне кароль Мацей асабіста перадаў. Усё ніяк не стае часу, каб іх перачытаць.

Прысутныя з цікаўнасцю ўтаропіліся на разгорнутую паперу. Якое ж было іх здзіўленне, калі яны пачалі разумець, што перад імі.

– Я не вялікі спецыяліст па мапах, – гучным голасам прамовіў мядзведзь, – але ж вазьмі мяне трасца, калі на ёй не той самы замак, дзе зараз вязніца.

– Маеш рацыю, – дадаў рыцар Мікалай. – І цяпер там пакутуе наш кароль. Я добра ведаю план тых будынкаў, вось толькі не сцямлю, што гэта такое? – паказаў ён на палосы, якія беглі праз план, нібыта некалькі разоў перакрэсліваючы тэрыторыю замкавага комплексу.

– А вось гэта самае цікавае, – загадкава прамовіў Янка. – Гэта падземныя хады. Пры будоўлі замкаў іх нярэдка клалі як абаронная збудаванне і выкарыстоўвалі падчас аблогі – рабіць вылазкі ў варожы лагер ды дастаўляць правіянт. Але яны звычайна трымаліся ў вялікім сакрэце.

– І з цягам часу пра іх, відаць, зусім забыліся.

– Так, найверагодней.

– Наш юны брат! Ці ведаеце, якую знаходку вы адшукалі? Вы разумееце цану ёй?

– У дадзеным выпадку яна папросту неацэнная.

– Менавіта так!

І ўсе з яшчэ большай павагай паглядзелі на Янку.

– Што ж, – прамовіў гаспадар жылля, – відаць, я і насамрэч правільна зрабіў, калі паслаў за вамі.

– Безумоўна, спадар Пугач, – аднагалосна пагадзіліся ўсе. – Нам па мінулых падзеях зразумела, што без нашых юных вайскаводцаў, без іх розуму і досведу самім не даць рады ворагам. Толькі на іх уся надзея.

– Калі ўсё атрымаецца, мы зможам вызваліць караля. Могуць, праўда, быць пэўныя цяжкасці, але, думаю, усё складзецца лепшым чынам.

– Цяжкасці якога чыну?

– На плане пазначана, дзе ўваходы. Але не лічу, што мы іх так лёгка знойдзем, яны, хутчэй за ўсё, добра, замаскіраваныя. Альбо даўно і добра пазарасталі. І яшчэ я не знайшоў плана самога будынку, у якім няволіцца кароль Мацей. Цяжка адказаць, ці ёсць які праход паміж падземным ходам і самой пабудовай. Але ж, калі лагічна разважаць, то нешта мусіць быць. Можа, незаўважна, але мусіць.

– Цалкам верагодна. Таксама схіляюся да таго, што яны добра прыхаваныя. І добра, калі яны ўвогуле не замураваныя. Бо тады…

– Здагадваюся. Тады нам будзе цяжэй.

– Сапраўды, давядзецца клікаць на дапамогу…

– Вярнігару?! – апярэдзіла яго Мілана.

– Яго самога, – усміхнуўся рыцар. – Без яго нам дакладна не даць рады. Тым больш хутка.

– Маеш рацыю, дружа. Дзейнічаць давядзецца хутка, каб ахова не паспела апамятацца, – выказаўся зубр.

– Акурат аховы там шмат, – падмеціў рыцар. – Семаргал вылучыў сваіх найлепшых ваяроў. І, варта прызнаць, сваю справу яны ведаюць добра.

– Дадайце сюды яшчэ іншых ваяроў, што ўнутры, ды чэлядзь, – адзначыў іншы рыцар.

– Так, справа мае быць не з лёгкіх. Без добрай бойкі, адчуваю, тут не абыдзецца.

– Ха, бойка – гэта выдатна! – пракрычаў бадзёра мядзведзь, пляснуўшы сваімі вялікімі лапамі.

– Падтрымліваю! Нашыя мячы ўжо заляжаліся ў ножнах, – прамовіў рыцар, – час дастаць іх і добра памахаць імі. Але ж трэба добра і дэталёва ўсё прадумаць, каб перамагчы з найменшымі стратамі, а яшчэ лепш увогуле без іх. Вось каб частку тых ваяроў ды ахоўнікаў куды-небудзь адцягнуць, напрыклад, далёка за межы замка.

Бесплатный фрагмент закончился. Хотите читать дальше?
Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»