…І прыдбаў гэты дом

Текст
Из серии: Жаночыя лёсы
Читать фрагмент
Отметить прочитанной
Как читать книгу после покупки
…І прыдбаў гэты дом
Шрифт:Меньше АаБольше Аа

© Адам М., 2020

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2020

Маме Вользе Яўгенаўне і бацьку Міхаілу Іванавічу прысвячаю


Калі мы пераехалі ў Вёску, мне было чатырнаццаць. Спачатку адправілі кантэйнер з рэчамі, вынесенымі з трохпакаёвай кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховіка, што стаяў па вуліцы Паркавай у горадзе Шахцінску Карагандзінскай вобласці. Пасля былі пералёт з Казахстана ў Беларусь з перасадкай у Маскве, амаль двухгадзінная дарога з Мінска (у Брэсцкім напрамку) да Райцэнтра электрычкай, а затым аўтобусны маршрут «Райцэнтр – Вёска». Мы менавіта пераехалі, нават эмігрыравалі, але ніяк не вярнуліся. Бо як можа вярнуцца кантэйнер туды, адкуль яго не адпраўлялі? Гэта толькі мой бацька вярнуўся, таму што ў Вёсцы жылі яго бацькі, тут ён скончыў школу, пасля пайшоў працаваць на цагельню, з Вёскі яго забралі ў войска і менавіта з Вёскі ён паехаў на заробкі ў Казахстан, дзе і затрымаўся надоўга. Аднак і бацьку цалкам мясцовым цяжка было назваць, бо яго ў Вёску прывезла ягоная маці з Карэлафінску, куды з’язджала ў пошуках лепшай долі, дзе пазнаёмілася з маім дзедам, які жыў там на вольным пасяленні пасля адбыцця турэмнага заключэння за тое, што меў няправільнае і забароненае, нават непрымальнае і непатрэбнае для савецкага чалавека нямецкае прозвішча Áдам.

Дзед з трох гадоў ад нараджэння выхоўваўся ў адным з Львоўскіх дзіцячых дамоў, куды вымушана была аддаць яго маці, якая ўсё ж наведвала сына два разы на год, пакуль неўзабаве не знікла ў невядомым кірунку. Хутчэй за ўсё загінула. Наколькі памятаў дзед, яна служыла гувернанткай у вельмі багатым нямецкім доме, там жа, ва Украіне. Мабыць, закахалася ў гаспадара ці ён узяў яе сілай, калі не закахалася, у выніку зацяжарыла, а пасля нарадзіла хлопчыка. Не зусім зразумела, дзе жыў дзед да трох гадоў, сам жа ён не памятаў. Аднак добра запомніў, як маці прывезла яго ў дзіцячы дом, доўга размаўляла з нейкімі дзядзькам і цёткай, якія, відаць, узначальвалі ўстанову, як плакала, пакідаючы яго, і як сказала на развітанне і колькі разоў паўтарыла, што яго завуць Іван Адам, што ў яго ёсць зводны старэйшы брат Ота і што ён, Ванечка, незвычайны чалавек. Лепш, канечне, дзедавай маці было б нікому не казаць пра сваяцтва яе сына з немцамі, прычым такімі немцамі, якія апынуцца з цягам часу не апошнімі людзьмі ў Трэцім Рэйху, а непасрэдна ў дзеда пачнуцца праблемы з савецкай уладай. Зразумела, што нацыянальнасць у пасведчанні аб нараджэнні яму запісалі ўкраінскую, ды хто ж ведаў, што жыццё абернецца такім пакручастым і рабрыстым, як і любая вайна. Страшна тое, што даказаць адваротнае немагчыма. Зрэшты, як і праклятае сваяцтва. З чатырнаццаці гадоў пачнецца дзедава адысея па лагерах, пакуль не скончыцца, пасля смерці Сталіна, у Карэлафінску, адкуль яго прывязе ў Вёску, узяўшы за мужа, мая бабуля.

Аднак дзед Іван нешта наблытаў з імем свайго магчымага брата, як ён лічыў, ад’ютанта фельдмаршала Паўлюса, бо ў сапраўднасці палкоўнік Адам меў імя Вільгельм. Дажыў ён, дарэчы, да глыбокай старасці і памёр ва ўзросце васьмідзесяці пяці гадоў у той год, калі я нарадзіўся. Чаму ні яго, ні Паўлюса не судзілі ў Нюрнбергу і не расстралялі ці не павесілі, як астатніх нямецкіх афіцэраў вышэйшага рангу? Паўлюса нават пальцам не кранулі за Сталінград, у якім ён здаўся савецкім войскам добраахвотна, калі зразумеў, што сэнсу ваяваць супраць людзей, гатовых голымі рукамі біцца супраць танкаў, бо агнястрэльная зброя хутка страчвала дзеяздольнасць і ператваралася ў непрыдатныя жалязякі, не было, дакладней, ён яго не бачыў. Фельдмаршал шкадаваў і сваіх салдат, і чужых па прычыне інтэлігентнасці і адэкватнасці. Што Сталін ці, хутчэй, савецкія военачальнікі, вырашылі выкарыстаць у мэтах хутчэйшага заканчэння вайны. Яны стварылі прапагандысцкую арганізацыю, куды загналі палонных афіцэраў, назвалі яе «Саюзам германскіх афіцэраў» і прапанавалі ўзначаліць Паўлюсу, каб той прызываў нямецкія войскі здавацца і пераконваць у тым, што Гітлер вельмі нехарошы чалавек. Паўлюс з’яўляўся адным з нямногіх, каго ў Германіі шчыра паважалі і ганарыліся яго заслугамі перад Айчынай, таму для саветаў ён быў падарункам лёсу. Аднак згоды нямецкага фельдмаршала ўзначаліць прапанаваны Саюз дамагаліся паўтара года. Няцяжка здагадацца, якімі сродкамі, калі сваіх не шкадавалі ні каліва. Паўлюс публічна прызнаў памылковасць дзейнасці Гітлера і асудзіў кожны крок фюрэра як злачынства супраць чалавецтва. Яго зварот да нямецкіх салдат і афіцэраў запісалі на кінастужку і кружэлку, распаўсюджвалі сярод палонных і дзеючых пакуль сіл праціўніка. Ад’ютант фельдмаршала Вільгельм Адам не пакідаў яго і ў палоне, яны нават пасябравалі. Адносіны іх нагадвалі стасункі старэйшага і малодшага братоў. У 1948 годзе Адаму дазволілі вярнуцца ў Германію, дзе той пасяліўся ў Дрэздэне. Паўлюса ж выпусцілі толькі пасля смерці Сталіна. Ён таксама прыехаў у Дрэздэн, цяжка хворы і састарэлы. Вільгельм да апошніх дзён сябра дапамагаў яму. Былы фельдмаршал памёр у Адама на руках у 1957 годзе. Неўзабаве Вільгельм напісаў успаміны пра Сталінград, якія выйшлі ў трох тамах і вельмі хутка раскупіліся. І, дарэчы, былы ад’ютант даслужыўся да генерала. Што ж тычыцца Ота… То нямецкі обер-лейтэнант Ота Адам – сапраўдны герой. І не толькі Савецкага Саюза.

У курскім сяле Глушкова ён ляжыць у адной магіле разам з васямнаццацігадовай партызанкай Машай Васільевай. Хочацца думаць, што Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі, калі спяваў: «Я поля влюбленным постелю…», спяваў і напісаў тыя словы пра іх і дзеля іх.

«Машка – нямецкая аўчарка» – называлі светлавокую, з дзвюма доўгімі косамі па плячах, дзяўчыну, якая служыла ў нямецкай камендатуры горада Рыльска перакладчыцай. Нават родная маці пагарджала ёю праз гэта. Мала хто ведаў, што Маша працавала на падполле, перадавала важныя звесткі для партызан, карыстаючыся «глухой поштай»: дуплом у дрэве на ўскрайку горада. Дзякуючы ёй партызаны атрымалі спісы тых, каго збіраліся вывозіць на прымусовую працу ў Германію, інфармацыю пра перамяшчэнні нямецкіх войск, тэхнікі і боепрыпасаў, і прымалі неабходныя меры. Падобным чынам, калі ўдавалася, Маша перадавала і дынаміт, які выносіла з камендатуры ў сумцы. Зверху, дзеля канспірацыі, клала руска-нямецкі слоўнік. Сумка з дынамітам і слоўнікам была цяжкая, таму дапамагаў яе несці загскладам камендатуры обер-лейтэнант Ота Адам. У прыцемках яны спадзяваліся, што іх не заўважаць.

Гэта пасля Маша даведаецца, што ў мінулым, даваенным жыцці, Ота разам з бацькам у Лейпцыгу рабіў кушнерам; бачыў на свае вочы, як будаваліся канцлагеры, і таму ўзненавідзеў гітлераўскі рэжым; што меў жонку Дору і дачку Рыту. А яна… яна толькі-толькі скончыла дзясяты клас, і ёй нават вербаваць нямецкага афіцэра не давялося. Ён сам усё зразумеў і не задаваў пытанняў, бо закахаўся ў яе з першага позірку. Вольнай ад сумкі з дынамітам рукой Ота сціскаў далоньку дзяўчыны, паабяцаўшы, што ніколі не здрадзіць ёй.

З 1941 года Ота Адам дапамагаў савецкаму падполлю і партызанам праз Машу сакрэтнымі дакументамі і шыфравальнымі звесткамі. На танцы ў клубе, дзе п’яныя нямецкія афіцэры маглі прагаварыцца пра нешта важнае, таксама па магчымасці браў дзяўчыну з сабой. «Нямецкая курва» – зласловілі пра яе жыхары горада. Маша не звяртала на гэта ўвагі і з годнасцю праходзіла міма. Яна ратавала Радзіму і кахала чужога для ўсіх чалавека, але самага роднага і блізкага для яе. Ён таксама ратаваў чужую для яго зямлю і кахаў дзяўчыну, якая ніколі не стане сваёй для яго фатэрлянда.

У камендатуры тым часам пачалі падазраваць, што недзе побач, пад носам, прытаіўся «крот». Факты пра тое, што нехта злівае інфармацыю ворагу, выявіліся ашаламляльныя. Ператрус і праверкі супрацоўнікаў камендатуры і мясцовых паліцаяў не прымусілі сябе чакаць. І Машу, і Ота паймалі б, як кажуць, на месцы злачынства, але ў апошні момант ім удалося ўцячы да партызан, якія, дзеля выратавання загнаных у нерат, крыху ў горадзе пашумелі. Нямецкая форма, аднак, яшчэ неаднойчы паслужыла закаханым у некаторых справах.

За галаву былога загскладам камендатуры прызначылі ўзнагароду, якая складалася з пятнаццаці тысяч рэйхсмарак і каровы. Нягледзячы на гэта, утраіх з «фурманам» на вазку, з белым пудзяльком на каленях, нямецкі афіцэр і перакладчыца раз’язджалі па акрузе і збіралі звесткі, неабходныя партызанам. Да прыкладу, зварочвалі да вакзала і выпытвалі ў начальніка расклад руху цягнікоў, якія прымусова вывозілі людзей у Германію.

У лесе Ота насіў шапку-вушанку з апушчанымі ўніз вушамі і, па-руску, набакір, курыў самакруткі і па-дзіцячы радаваўся, калі атрымоўвалася вывучыць і вымавіць чарговыя словы на мове каханай. Яго называлі «немец-партызан», а ён называў Машу «сваёй вяснянкай». Яны марылі пасля вайны жыць у Маскве, вывучыцца на настаўнікаў і нарадзіць трох сыноў. Аднак па іх следзе, як ганчак, ужо бегла гестапа.

Машу і Ота нехта здаў немцам, паквапіўшыся, відаць, на ўзнагароду. Іх чакалі, калі яны вярталіся з чарговага задання. Зразумела, закаханыя шуснулі ў лес, спадзеючыся адарвацца ад пераследнікаў, прадзіраліся праз вясенні буралом 1943 года і адстрэльваліся, пакуль мелі патроны, якіх, вядома, катастрафічна не хапала. Цяжка сказаць, як яны загінулі, бо сведкаў іх гібелі не было, але факты сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, Ота спачатку застрэліў Машу стрэлам у скроню, прытуліўшы галаву дзяўчыны да сваёй, а пасля апошнім патронам забіў сябе. Жывымі здавацца ворагу не мела сэнсу.

Раззлаваныя тым, што не здолелі захапіць партызан жывымі, як было загадана начальствам, немцы расстралялі трупы, што мірна сядзелі на снезе, спінамі абапіраючыся на паваленую непагаддзю сасну, нібы жывыя. Толькі праз тры тыдні іх целы адшукала Машына мама.

Зразумела, што ні Вільгельм Адам, ні Ота Адам, ва ўсялякім разе вышэйназваныя, ніколі не з’яўляліся нашымі родзічамі. Сваякі дзеда Івана з іншай пясочніцы. Цалкам магчыма, што ён проста прыдумаў цікавую показку для летуценнага ўнука ці, горш за тое, атрымаў прозвішча ў дзіцячым доме накшталт мянушкі. На жаль, праўды ўжо ніколі не пачуць. Аднак вельмі хочацца верыць, што легенда зусім не легенда, прыняць той факт, што ты немец, і супакоіцца. Бо, нягледзячы на подзвіг Ота Адама, дзейнасць сям’і Манаў, Гётэ, Гофмана, Гейнэ, Шылера, Рэмарка, Бёля, Кафкі, Гесэ, Фейхтвангера, Келермана, Брэхта, Цвейга, Верфеля, Зегерс, Елінэк, Зюскінда, Граса, Вагнера, Штраўса, Ліста, Моцарта, Бетховена, Фасбіндэра, Шыгулы, Бляйбтроя, Швайгера, Патэнты, Ханекэ, я ненавідзеў немцаў усё сваё жыццё. Вядома, не тых, з кім хадзіў у адзін садок, а пасля вучыўся ў адным класе ў Шахцінску. Германскіх немцаў. Савецкая прапаганда хораша працавала з падатлівымі дзіцячымі мазгамі, і я не адрозніваў фашыстаў, антыфашыстаў і нацыстаў. Цяжка перадаць маё агаломшанне ў той момант, калі я даведаўся, што таксама фрыц. За плячыма ў мяне ўжо было больш за трыццаць пражытых гадоў, але навіна літаральна збіла з ног, адправіла аперкотам у глыбокі накаўт. Цяпер ненавіджу сябе. За тое, што нібыта гэта я Гітлер і вінаваты ў генацыдзе народаў свету і спальванні кніг тых жа Манаў, Джэка Лондана, Эміля Заля, Гогаля, Талстога, Дастаеўскага і многіх іншых, прызнаных «геніем» фюрэра ДЭГЕНЕРАТЫЎНАЙ літаратурай. Сапраўдныя дэгенераты заўжды лічаць сябе найразумнейшымі за астатніх.

 

Карацей, толькі бацька мог вярнуцца ў Вёску, а я… а мы… былі вымушаны падпарадкавацца як непаўналетнія. Ва ўсялякім разе я.

Бацька – невысокага росту, але шырокі ў плячах мацак з бледна-блакітнымі, як зімовае неба, вачыма і дужымі валасатымі рукамі з лапатамі далоняў. Выглядаў ён заўсёды салідна, нягледзячы на ўнушальны жывот, які, наадварот, мне здаецца, надаваў яму большай саліднасці. Бацька ім нават ганарыўся, бо займеў не ад ужывання піва, якое не піў увогуле, а з-за правільнага харчавання. Ці няправільнага, што не мае розніцы. Паесці ён любіў, а праца грузчыкам апетыт трымала ў тонусе, таму туманны флёр суму альбо застойныя часы дэпрэсіі абміналі яго за тры кіламетры. Такога жыццярадаснага чалавека яшчэ пашукаць трэба было! Жывот бацькаў быў тугі, што барабан, і ён вельмі любіў уяўляць яго баксёрскай грушай і дазваляць нам з братам, калі мы былі малымі, гуляць у баксёраў. Не ведаю, ці было бацьку балюча, але мы, як памятаю, малацілі па ягоным жываце са страшнай сілай, асабліва шчыраваў брат. Ён нават умудраўся трапляць па ім нагамі. Бацька заліваўся шчаслівым рогатам ад нашага сапення і сур’ёзных сканцэнтраваных твараў, падазраю, што ганарыўся сынамі, якія не ў лялькі гуляліся, а вучыліся быць мужчынамі. Ён сам быў байцовым, паважаў загартаванасць і моц. Брат у гэтым яго не расчараваў. Я ж ніколі біцца не любіў і не люблю. Больш за тое, баюся і лічу, што бойкі для ідыётаў, бо разумныя людзі заўсёды дамовяцца паміж сабой. Тым не менш біцца даводзілася, бо выхаваў мяне ўсё ж байцовы бацька. Я абавязкова прапушчу першыя ўдары, але таксама абавязкова на іх адкажу, пераадольваючы страх. Зразумела, што да такіх высноў я прыйшоў не адразу і не ў дзіцячыя гады.

Бацька ж, як і мой брат, да двух ніколі не лічылі. Калі бачылі, што бойка непазбежная, – білі першымі. Нічога прыгожага ў некіношных бойках няма. Дваровыя бойкі жорсткія, заўсёды не па правілах, крывавыя і, часцей за ўсё, кароткія. Але бацька і мой брат у гэтых бойках выглядалі Аляксандрамі Македонскімі ці нават Арэсамі – багамі вайны. Ёсць такія людзі, ад якіх не адвесці вачэй, калі тыя апынаюцца ў падобных абставінах, нібыта ім дадзена гэта звыш.

У апошнім класе школы бацьку часта даводзілася абараняцца. Асабліва пасля танцаў, якія ладзіліся ў суседняй вёсцы на другім беразе Нёмана. Там збіралася ці не ўся навакольная моладзь. І калі трэба было вяртацца дадому, абавязкова хто-небудзь перастрэне па дарозе, асабліва калі ты не адзін, а з дзяўчынай. Вядома, свае сваіх не чапалі, а бацька заўсёды кагосьці праводзіў з дзяўчат. Тады яму падабаліся сёстры Курапаткі, якіх было аж чатыры. З усімі імі ён хаця б раз ды пацалаваўся, а праводзіў па чарзе. У адну з іх ён закахаўся. Яе звалі Рая. Раем яна бацьку і падавалася.

Рая Курапатка значна адрознівалася ад сваіх сясцёр. Калі тыя, як матрошкі, паходзілі адна на адну і нагадвалі (пры параўнанні з птушкамі) качак, то Рая выглядала белым лебедзем – прыгожым і недасяжным, нібы айсберг. Яна сядзела з бацькам за адной партай. Употай ён любаваўся выгінам шыі дзяўчыны ў залатых завітках валасоў, больш падобным на мастацкі твор. На яго боязна было нават падзьмуць, не тое што дакрануцца. Дый сама Рая здавалася нейкай паветранай, не сапраўднай, цалкам апраўдваючы сваё імя. Яна і хадзіла, быццам плыла, як аблокі. Ну нельга ж быць такой прыўкраснай і ў такой глушэчы!

Бацька вар’яцеў ад прыгажосці дзяўчыны і кахання да яе, але адкрыцца ёй, расказаць пра свае пачуцці саромеўся, бо баяўся, што тая пасмяецца з яго. Бо хто ён такі? Што ў яго было за душой? Бедна басота, да таго ж сын былога лагерніка. Дзіўна, што Рая ўвогуле сядзела з ім за адной партай. Бацька ж не мог залезці да яе ў галаву і падгледзець, што дзяўчына пра яго думала. А яна між тым таксама не ведала, як зрабіць так, каб бацька заўважыў, што і ён ёй падабаўся.

Каб неяк бліжэй быць да Раі, бацька пачаў захады з яе сясцёр. Тыя адразу зразумелі цікавасць хлопца да старэйшай сястры, але ні ёй, ні яму не прызналіся ў здагадках. Кожнай было ў радасць ламаць камедыю і цікаваць за тым, што адбываецца, як і прыхоўваць адна ад адной свае стасункі з бацькам.

Паразумеліся бацька з Раяй выпадкова. На тых жа танцах у суседняй вёсцы.

Бацька выйшаў з клуба пакурыць, прайшоўся да дрэў, што стаялі невялікай алеяй убаку, схіліўшы да зямлі стамлёныя за дзень зялёныя галіны, нібы напрацаваныя рукі. Прыхінуўся спінай да тоўстага тапалінага камля, зірнуў на неба з россыпам зор, у якіх нічога не разумеў, але прыгажосць іх міжволі заварожвала, і раптам адчуў, што побач нехта ёсць, літаральна за спінай, па другі бок тапалінага камля. І не проста нехта, а Рая! Яе пах (бацька казаў, што яна заўсёды пахла вішняй) не зблытаць ні з якім іншым. І ён разгубіўся, і нават спалохаўся таго, што яны побач. Чамусьці закашляўся, відаць, папярхнуўся цыгарэтным дымам. Яна тут жа выйшла да яго. І ён працягнуў ёй цыгарэту.

– Будзеш? – спытаў.

Рая ўзяла напалову скураную цыгарэту, няўмела зацягнулася і вярнула бацьку.

– Дурань ты, Мішка, – сказала і дадала: – Знайшоў, што прапанаваць дзяўчыне.

– А што трэба? – зніякавеў бацька.

– Падумай, – малявала Рая нешта ў траве мыском туфлі, потым узняла на бацьку вочы, склаўшы рукі за спінай у замок і нервова тузаючы пальцы адзін аб другі. – У цябе ёсць хвіліна, – папярэдзіла.

Кажуць, выпадковасцей не бывае. Кажуць, выпадковасць – якасна спланаваная кімсьці заканамернасць. Іначай як растлумачыць з’яўленне ў адным і тым жа месцы Раі і бацькі? Рая ну ніяк не магла ведаць, што бацька падыдзе да той таполі, за якой стаяла яна, і што ўвогуле падыдзе. Бацька і пагатоў нічога не ведаў. Тым не менш яму хапіла розуму не думаць, рвануцца да дзяўчыны, абняць і пацалаваць, а далей – што будзе, тое будзе.

Яна абняла яго таксама і адказала на кожны яго пацалунак сваімі, можа, не такімi шалёнымі і гарачымі, няўмелымі і сарамлівымі, але сапраўднымі.

Ніколі і ні з кім да майго бацькі Рая не цалавалася, хоць ахвотнікаў хапала. Дзяўчына вылучалася незвычайным знешнім хараством і мімаволі запыняла і засяроджвала на сабе позіркі мужчын, аднак усіх жадаючых нават пазнаёміцца трымала на адлегласці. Яна не адмаўляла нікому ў танцы, бо танчыць вельмі любіла і амаль не прапускала суботніх вячорак, але і ўсё на гэтым. Пасля школы займала сябе хатняй гаспадаркай, потым рабіла ўрокі, а перад сном чытала кнігі, якія брала ў школьнай бібліятэцы, бо дазволіць сабе кнігі ў хаце магла далёка не кожная сям’я ў Вёсцы, дый не лічыла патрэбным. Да прыкладу, у бацькавай хаце (дзеда з бабай) кніг не было ўвогуле. Баба Маруся (так яе звалі) неаднойчы казала: на халеру яны?!

Бацьку, я лічу, пашанцавала з Раяй, магчыма, таму, што сядзеў з ёю за адной партай.

Ды, як у класічным рамане, па законах жанру, у бацькі неўзабаве з’явіўся сапернік. Раптоўна і з ніадкуль.

Яго звалі Тадэвуш Зімоўскі. Ён быў старэйшы за бацьку і Раю на дзесяць гадоў і працаваў разам з Раіным бацькам у лесабудаўнічай брыгадзе. Паходзіў са шляхецкага роду і з’яўляўся адзіным сынам у даволі заможнай сям’і, што Раінаму бацьку спадабалася больш за ўсё, таму ён вырашыў старэйшую сваю дачку пазнаёміць з заможным палякам, каб аддаць пасля за яго і замуж. Пра тое, што Раі падабаўся іншы, ён нічога не хацеў слухаць, тым больш пра майго бацьку-галадранца. Хутчэй за ўсё Раін бацька хацеў як лепш для дачкі. З Тадэвушам у яе будзе скварка і да скваркі, у шаўках паходзіць, на пярынах паспіць. З маім бацькам нічога добрага яе не чакала, толькі безнадзейная галеча, сама сябе пракляне, параненай ваўчыцай завые ад безвыходнасці і прыгажосці пазбавіцца заўчасна, пажоўкне, як фотаздымак.

Тадэвушу Рая спадабалася з першага позірку, што не дзіўна, аднак ён не спяшаўся з прапановай рукі і сэрца, разумеў разгубленасць дзяўчыны, няёмкаць у яго прысутнасці, пра бацьку майго таксама ведаў, але не лічыў яго за праблему. Да таго ж бацьку хутка забралі ў войска. Пару разоў ён пісаў Раі, яна не адказала на яго лісты. Баба Маруся напісала яму з цягам часу, што Рая пабралася шлюбам з Зімоўскім.

За два гады службы ў войску бацька ні разу не прыязджаў дамоў у адпачынак. Вярнуўся ў Вёску ўжо пасля дэмбеля. Першаю, каго сустрэў, была Рая. Ён курыў на аўтобусным прыпынку, толькі-толькі сышоўшы з прыступак на зямлю, яна ішла проста на яго з торбаю ў руках, з якой вызіралі два боханы белага хлеба і рыльца бутэлькі з кефірам у зялёным каптурыку. На колькі імгненняў абое аслупянелі, свідруючы адно аднаго вачыма. Быццам мастакі, занатоўвалі ў памяці партрэты яна – яго, ён – яе, прадчуваючы, мабыць, непазбежнасці лёсаў і часу. А вакол іх раптам таксама застыла Вёска, маючы свой інтарэс, свае вочы і вушы, нават на асфальце, каля якога стаялі бацька з Раяй. Дзяўчына ачуняла ад міжвольнага здранцвення першаю, зрабіла крок насустрач бацьку, параўнялася з ім і, не спыняючыся, не гледзячы ў яго бок, усё ж сказала аднаму яму і так, каб толькі ён і мог пачуць:

– Калі ласка, прыходзь сёння а восьмай да старога моста. Я буду чакаць.

Не азіраючыся, пайшла далей. Як ніколі прыгожая, у белай з чорнымі палосамі на плячах, на рукавах і пад грудзямі ядвабнай сукенцы і такіх жа белых туфельках-лодачках. Цёмныя доўгія валасы яе на жнівеньскім сонцы здаваліся рудымі. Бацька глядзеў ёй услед, дакурыў, потым сплюнуў і вырашыў, што нікуды не пойдзе, што не пачуў Раіных слоў.

Бацькі яго не чакалі. Дакладней, стаміліся чакаць, прагледзелі ўсе вочы ў расчыненыя насцеж вокны, бо бацька павінен быў вярнуцца дамоў яшчэ месяц таму. Той затрымаўся, падарожнічаючы па сябрах-саслужыўцах. Аднаго паспеў пажаніць, другога памірыць з процьмай сваякоў, з трэцім загрымець на суткі ў міліцыю, з чацвёртым згубіцца ў незнаёмым горадзе і блукаць па амаль безжыццёвых вуліцах, пры гэтым пабыў у чатырох розных рэспубліках Савецкага Саюза – Украіне, дзе гуляў на вяселлі; Арменіі, дзе пасля замірэння сваякоў два дні не выходзіў з-за святочнага стала; Расіі (недзе на перыферыі), дзе саслужывец бацькаў сарваў пагоны з міліцыянта, які быў пры выкананні службовых абавязкаў, прыраўнаваўшы таго да сваёй дзяўчыны, а бацька разрульваў сітуацыю; Эстоніі, дзе займеў афіцэрскі рэмень, які падараваў старэйшы брат таго саслужыўца, з якім заблукаў у незнаёмай мясцовасці. Той рэмень затрымаў бацьку яшчэ на колькі дзён, бо ён ім перапаясаўся і здымаць адмаўляўся, хоць вайсковыя патрулі за гэты рэмень яго і супынялі ўвесь час, пасля доўга разбіраліся і дапытваліся, адкуль у малодшага сяржанта рэч, якая належыць афіцэру. Бацька рашуча адказваў, што гэта не іх справа, што ён сваё адслужыў і мае права насіць які заўгодна рэмень.

Ну неяк дабраўся да Вёскі.

Кульнуў адну чарку з бацькам (дзедам Іванам), другую, трэцюю, пачаў пазіраць на гадзіннік. Алкаголь зрабіў сваё: захацелася да Раі. Маці (баба Маруся) заўважыла, што сын нейкі неспакойны зрабіўся, хутка здагадалася, адкуль ногі растуць у гэтага неспакою. Лагодна, гэтак, як умеюць толькі маці, папярэдзіла, што не трэба яму совацца ў чужое жыццё, ламаць сям’ю, тым больш што ў Раі з Зімоўскім дзіця нарадзілася з год таму. Што ён, уломак які, свайго не зробіць з іншай якой дзяўчынай? Вунь іх колькі! Не сышоўся ж свет клінам на адной!..

Пра дзіця бацька нічога не ведаў. Ён увогуле не хацеў ведаць Раю пасля мацярынага ліста, намагаўся забыць яе, таму яму ніхто і не пісаў пра дзяўчыну. Навіна не агаломшыла, развярэдзіла душу яшчэ больш, і чамусьці захацелася выйсці на двор, задраць дагары галаву і завыць па-ваўчынаму на поўню ад скрухі і адзіноты, што і было зроблена.

Ён не памятаў яе вачэй, хоць яшчэ ўдзень на аўтобусным прыпынку глядзеў у іх. Не мог прыгадаць ні формы, ні колеру. Больш за ўсё гэта і засмучала яго, калі ішоў да старога драўлянага моста праз Нёман, пабудаванага ў тым месцы, дзе некалі вельмі даўно стаяла судовая верф, а крыху воддаль, бліжэй да першых дамоў, з якіх пачыналася Вёска, размяшчалася карчма, ад якой застаўся толькі пограб, які цяпер належаў Лукашкам.

 

Некалькі дваровых сабак на ланцугу аблаялі бацьку па дарозе проста за тое, што праходзіў міма. Ці пачулі, што ад яго патыхае алкаголем, пах якога не пераносілі. Бацька не звярнуў на іх увагі, працягваючы шлях. Ён не ведаў, чаго ішоў і навошта. Рая згублена назаўсёды, яна замужняя жанчына, да таго ж з дзіцем. Яму нічога не свеціць. Дзеля чаго яна паклікала яго? Самой жа сабе горш робіць.

Яна ўжо была там, калі бацька дайшоў да моста. Тая ж сукенка, на плячах шэрая вязаная кофта, павязаная на шыі піянерскім гальштукам, валасы, сабраныя ў хвост, перацягнуты гумкай.

Рая кінулася да бацькі, як толькі пабачыла, прытулілася, абняла. Ён яе не абняў, узяў аберуч твар дзяўчыны і ўгледзеўся ў вочы.

– Я так рада бачыць цябе! – паспяшалася прызнацца Рая.

– А я не, – прабурчаў бацька, пазіраючы проста ў вочы дзяўчыны.

Хоць было яшчэ досыць светла, ён ніяк не мог разгледзець колер Раіных вачэй.

– Што цябе непакоіць? – праглынула крыўду дзяўчына, палічыўшы, мабыць, што заслужыла падобныя словы.

– Твае вочы, – вымавіў бацька.

– Што? – не зразумела яна.

– Якога колеру твае вочы? – патлумачыў ён.

– Ты піў? – адчула пах алкаголю дзяўчына, і ёй стала непрыемна.

– Канечне, піў! – гучна прамовіў бацька. – А ты думала, што я хвіліны лічыў у чаканні сустрэчы з табой?..

– Хацелася б, – ледзь чутна прашаптала Рая.

– Нічога сабе заявачкі! – адпусціў яе твар бацька і зрабіў крок назад, палез па цыгарэты.

– Я рызыкавала, ідучы да цябе, – у адчаі Рая заламіла рукі.

– А на што ты спадзявалася? – закурыў бацька. – Ты здрадзіла мне! Ты! Не я табе! Выйшла замуж ды яшчэ дзіця нарадзіла!..

– У мяне не было выбару, – ціха прамовіла дзяўчына. – Я была вымушана, – дадала, абняўшы сябе за плечы.

– Угу, – сплюнуў бацька. – Дык якога колеру твае вочы? – дапытваўся.

– Ты сур’ёзна? – ледзь не плакала Рая ад роспачы.

– Як ніколі. – Навязлівая бацькава ідэя разрасталася, пагражаючы хуткім заканчэннем усяму, што паміж ім і Раяй было і магло быць.

– Зялёныя, – стомлена сказала яна.

– Вядзьмарскія, – удакладніў бацька. – Я думаў ты мой рай, Рая, а ты твань, – жорстка, без жалю дадаў, – багна.

– Ды як ты можаш! – абурана, але неяк асуджана і вінавата пралепятала дзяўчына, павярнулася да яго спінай, села на вялікі камень каля самай вады, заплакала. Плечы яе затрэсліся.

Бацька дакурыў, адшпурнуў недакурак пстрычкай у ваду, прысеў на кукішкі спінай да яе спіны, абхапіў галаву рукамі. Ён не ведаў, што рабіць і што будзе з імі далей. Разумеў, што пакрыўдзіў Раю і што неабходна, каб яна даравала. Адчуваў, што тое, што паміж імі адбывалася, няправільна. Ён намагаўся яе забыць – не выйшла.

Бацька падняўся з кукішак, падняў на ногі за плечы Раю, абняў яе і пацалаваў.

– Калі хочаш, я зараз жа ўцяку ад Зімоўскага да цябе, – абпаліла яго шчаку шэптам дзяўчына.

Ён не адказаў. Туліў да сябе, цалаваў яе шыю ў залатых мяккіх завітках.

Адмыслова бацька не шукаў з Раяй сустрэч, не прызначаў спатканняў, хутчэй пазбягаў. Яна сама прыходзіла да яго. Начамі. Стукалася ў акно пакоя, дзе той спаў, дакладней, драпала пазногцямі шкло, каб не пабудзіць бацькоў і малодшую сястру-школьніцу. Вокны хаты былі размешчаны блізка ад зямлі. Каб трапіць з вуліцы ў памяшканне (пры ўмове, што вокны будуць адчынены), патрабавалася адно высока падняць нагу і перакрочыць праз падаконнік. Пакой, які займаў бацька, выходзіў вокнамі ў сад і глядзеў на дарогу праз штакетнік плота, іншыя два пакоі і кухня пазіралі на двор. Сабакі, які б забрахаў, дзед Іван з бабай Марусяй ніколі не трымалі. Баба Маруся на дух не выносіла так званых хатніх жывёлін, асабліва сабак і кошак. Такім чынам Рая нікога не непакоіла, прыходзячы да бацькі. Незаўважанай з’яўлялася, незаўважанай і сыходзіла. Ён ніколі не пытаўся, чаго ёй каштавалі гэтыя спатканні з ім, як тлумачыла мужу свае адлучкі, на каго пакідала дзіця. Нават не задумваўся. Прыходзіла – і добра. Не прыходзіла – таксама нічога страшнага. Хутчэй за ўсё, проста шкадаваў яе, не кахаў. Рая, наадварот, напэўна, адчувала сябе шчаслівай, наталяючыся каханнем хоць похапкам, хоць невялічкімі прыгаршчамі, нягледзячы на тое, што пасля трэба бегчы назад да нялюбага мужа, і марыла аб тым, каб прачнуцца раніцай з маім бацькам разам хаця б аднойчы. Ён жа не адштурхнуў яе, не прагнаў, не забараніў бачыцца. Яна не напамінала яму пра тое, што кіне Зімоўскага адразу як бацька захоча. Ведала: не захоча. Ведала: не кіне. Бацька таксама не ўспамінаў Раін парыў пад старым мостам. Ён увогуле ні пра што не думаў і не хацеў думаць. Уладкаваўся на працу ў брыгаду электрарамонтнікаў (яна займалася заменай старых драўляных слупоў, па якіх цягнуліся правады электраперадачы, на бетонныя, дэмантажом мясцовай электрасеткі і мантажом высакавольтнай лініі электраперадач з падключэннем да Маладзечанскай сістэмы электразабеспячэння), каб не так часта бываць дома, як было б, калі б вярнуўся на цагельню, дзе працаваў перад тым, як пайсці ў войска, да таго ж на цагельню з будбрыгады перайшоў Зімоўскі.

Праца бацьку падабалася, хутка ён пачаў бегаць па слупах уверх-уніз, быццам па прыступках, налаўчыўся нацягваць правады без сумятні і з матэматычнай дакладнасцю. У брыгадзе яго цанілі, а ён рабіў усё, што ад яго патрабавалася і нават болей, каб забыцца. Работа ратавала бацьку ад Раі. Ён мучыўся сам, мучыў яе, а яна мучыла Зімоўскага. Доўга так працягвацца не магло. Таемныя бацькавы спатканні з Раяй неўзабаве сваю таемнасць страцілі, што не дзіва для вёскі. Вёска – як тая сарока: калі нешта цікавае ведае нехта адзін, абавязкова падзеліцца навінамі з астатнімі.

Зімоўскі прыходзіў да дзеда Івана (з бацькам сустракацца не схацеў), і яны ўдваіх вырашылі, што рабіць далей з Раяй і бацькам, дакладней, з бацькам.

Затым гэтае рашэнне дзед Іван пераказаў сыну, і той з ім пагадзіўся. Не адразу, зразумела, а пасля чацвёртай чаркі.

Рашэнне было такое: адправіць бацьку да малодшай бабінай сястры Груні ў Казахстан. Ён там супакоіцца, можа, застанецца, калі спадабаецца, назаўсёды, а Рая паплача-паплача, дый забудзе, і ўсё ў яе наладзіцца з Зімоўскім, які, дарэчы, вельмі кахаў жонку.

Бацькава цётка Груня была малодшай з дванаццаці дзяцей, якіх жыццё, калі тыя выраслі, разнесла, быццам пасеяла, па розных кутах былого Савецкага Саюза. Яна ж бацьку, лічы, і выняньчыла, бо дзед Іван з бабай Марусяй крыху пабылі ў Вёсцы пасля Карэлафінску і неўзабаве зноў туды з’ехалі. Пасля заканчэння школы цётка Груня з сястрой-пагодкай Соняй паступілі ў Мінскае медвучылішча. Маючы на дваіх адны туфлі і адну святочную сукенку, на танцы ў Дом культуры хадзілі па чарзе. Соня знайшла там сабе баяніста Толіка і засталася ў Мінску, працавала доўгі час медсястрой у дзіцячай паліклініцы на Сонечнай і здавала кроў на патрэбу людзям, за што атрымала званне Ганаровага Донара БССР. У Груню закахаўся салдат-срочнік з вайсковай часці, што размяшчалася ў Райцэнтры. Пазнаёміліся ж яны ў Вёсцы, падчас вайсковых вучэнняў. Праз Вёску часта праходзілі войскі ў тую пару: пехатура, танкавыя, мотастралковыя і нават дэсантныя. Паглядзець на баявую тэхніку і салдат з афіцэрамі мінакі выходзілі ўсім дваром, цікаўныя дзяўчаты выскоквалі бліжэй да дарогі, па якой пылілі вайскоўцы. Цётка Груня не была выключэннем. Яна якраз прыехала ў Вёску на летнія вакацыі паднабрацца сіл перад апошнім курсам вучобы. Вылучаючыся з усіх сясцёр непадробнай прыгажосцю, ёй бы ў артысткі кіно падацца. Не горш за Быстрыцкую справілася б з роляй Аксінні ці за Гурчанку ў «Карнавальнай ночы»: умела і спяваць так, што заслухоўваліся нават дрэвы і вецер, і танчыць гэтак, што сама Айседора Дункан пазайздросціла б. А выбрала прафесію фельдшара, больш патрэбную маладой савецкай краіне, чым артысткі. Да таго ж артысты – людзі недасяжныя, незямныя, куды цётцы Груні да іх – вельмі нават зямной, хоць і прыгажэйшай за будзь якую артыстку.

Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»