Беларускі раман

Текст
0
Отзывы
Читать фрагмент
Отметить прочитанной
Как читать книгу после покупки
Беларускі раман
Шрифт:Меньше АаБольше Аа

І

Снег хрумсцеў пад нагамі, як выпадкова рассыпаны цукар. Вецер слабы, але даволі адчувальны, нахабна лез у твар, як спартсмен на баксёрскім рынгу.

Прайшоўшы міма Цэнтральнага гастранома, у якім за доўгай стойкай ля вокнаў стомлены за дзень народ паядаў адзін за адным гамбургеры, хот-догі, сандвічы і запіваў ці гарачай гарбатай, ці халодным кефірам альбо сокам, гледзячы які ў каго густ; пазіраючы сабе пад ногі і толькі цудам абмінаючы выпадковых прахожых, трымаючы рукі ў кішэнях курткі, Вадзім Корбут спусціўся ў падземны пераход. Выцягнуўшы з унутранай кішэні пляшку «Льва», ён адкаркаваў яе запальнічкай і паставіў піва на карніз зачыненага кіёска, побач з якім спыніўся. Шпурнуўшы ў сметніцу пусты пачак «Форту», Вадзім закурыў апошнюю цыгарэту. Як і заўсёды, ці то сметніца была далёка, ці ён не разлічыў траекторыі палёту, пачак не даляцеў да сметніцы і шмякнуўся ў лужыну, дзе тут жа быў расціснуты цяжкай нагой панурага таўстуна. Вадзім зрабіў адзін вялікі глыток, зацягнуўся цыгарэтай. І клаў ён на ўсіх з прыборам, і на восьмы тэлеканал, і на свае абавязкі рэкламнага агента. Ён не для таго народжаны, каб бегаць ці, хутчэй, мыкацца, па розных агентствах, прапаноўваючы і агітуючы глядзець адзіны восьмы канал толькі таму, што ён, Вадзім, з’яўляецца яго рэкламным агентам. Затое з сённяшняга дня ён вольны, як вецер. Куды хачу, туды лячу. Пра брата, з якім жыў разам, Вадзім яшчэ не ўспамінаў і нават думаць не хацеў, што той скажа. Іх падабенства пачыналася і заканчвалася аднолькавым вялікім ростам. Вадзім быў бландзінам з блакітна-вадзяністымі халоднымі вачыма. Каротка стрыжаны, ён ніколі не насіў шапкі дый куртку не зашпільваў ніколі. Зімой і летам – душа наросхрыст. «Да пары да часу», – папярэджваў брат, старэйшы на дваццаць гадоў, і акрамя брата, у Вадзіма нікога больш не было. Ён, што называецца, фарсіў у нязменнай чорнай скуранцы, джынсах-«трубах», ботах-«казаках», без пальчатак, без шаліка. На працу Вадзім апранаў строгі касцюм і гальштук, чаго трываць не мог, адчуваючы сябе сардзінкай у кансервавай бляшанцы. Але пакуты скончыліся.

…Вадзім папіваў піва, невідушчым позіркам праводзячы прахожых у метро, як пачуў сваё імя даволі знаёмым голасам.

– Вадзім, кораш! – Хлопнуў Корбута па плячы п’янаваты, аднаго з ім росту, хіпаваты хлопец, закаваны, як у бронежылет, у чорную скуру, з прыбамбасамі ў выглядзе брэлокаў-шкілетаў-тэрмінатараў-бэтменаў. Саламяныя валасы спускаліся на яго плечы домікам, у даволі густой барадзе заблыталіся, як мухі ў павуціне, крупінкі батона, з левага вуха звісала завушніца – мініяцюрны распяты Хрыстос. – Якім лёсам тут?

– Руслан?! – з цяжкасцю пазнаў Вадзім аднакласніка. У школе той насіў прычоску пад Элвіса, а зараз і валасы адпусціў, і пафарбаваў іх пад Кабэйна. Ці не стары ён для фаната «Нірваны»? Звычайна, падлеткі захапляюцца такой музыкай…

– Ну, нарэшце! – шчыра ўсміхнуўся Руслан, узрадаваны, што Вадзім пазнаў яго.

– Што гэта з табой? – разглядваючы колішняга аднакласніка, дзівіўся Вадзім.

– Нічога, – смяяўся Руслан. – Ты ў сваіх Печах за паўтары гады адстаў ад жыцця.

– Я ў Віцебску служыў, – пакрыўдзіўся Корбут і падумаў: «А ці не ўмазаць гэтаму Руслану пару разоў між вачэй. Хаця, можа, і не трэба».

– А, дэсантура, значыць? – працягваў радавацца Руслан. – Тады прабач, калі што. Я ж ведаю, усе дэсантнікі крыўдлівыя і задзірлівыя.

– Эй, Русла! – пачуўся з-за спіны Вадзіма сімпатычны дзявочы голас. – У твайго кораша грошы ёсць?

– На самай справе, – падхапіў Руслан ідэю, спыняючы Вадзіма рукой за плячо, калі той хацеў павярнуцца на сімпатычны голас, – можа, ты багаты на «бабкі»? Па старой дружбе…

«Нешта не памятаю, каб мы з табой вельмі ўжо і сябравалі, – падумаў Вадзім. – Так, „прывітанне“ ды „пакуль“, яшчэ паштовымі маркамі абменьваліся, разам у гурток філатэлістаў хадзілі».

– Ды чаго ты ўсё верцішся! – смяяўся Руслан, плячо Вадзімава, аднак, не выпускаючы.

Корбут не адказаў і паволі ўсё ж павярнуўся назад, у той бок, адкуль пачуў прыгожы голас.

За яго спінай, за метраў пяць, сценкай стаяла купка нефармалаў, пярэстая, як па ўзросце, так і па вопратцы. Сімпатычны голас, ён быў упэўнены, належаў невысокай, але прыгожай, на яго погляд, брунетцы з некалькімі зялёнымі пасмамі, у байцы з Куртам Кабэйнам на грудзях, у чорных вузкіх джынсах і ў высокіх красоўках. Нечым яна нагадвала спявачку Яну.

Дзяўчына, не звяртаючы ўвагі на нефармалаў, пільна пазірала ў Вадзімавы вочы, паволі падносячы цыгарэту да сваіх вуснаў, паволі зацягваючыся і выдыхаючы дым, паволі апускаючы руку з цыгарэтай…

– Дык ёсць у цябе грошы? – Падышла да Вадзіма, прапанавала цыгарэту.

Вадзім моўчкі згадзіўся, зачараваны вачыма дзяўчыны – вялікімі, бяздоннымі, цёмнымі і густымі, як гушча кавы на донцы філіжанкі, зацягнуўся.

– А што будзе… калі ёсць? – хрыпла прагучаў яго голас.

– Нічога не будзе, – паціснула плячыма дзяўчына. – Як табе? – пацікавілася наконт цыгарэты.

– Што гэта? – яшчэ раз зацягнуўся Вадзім.

– Анаша, – проста адказала дзяўчына, нібыта гэта была цукерка.

– Н-да, – пацягнуў шыю Вадзім.

– А чаго ты здзіўляешся? – прамовіла дзяўчына. – Ці табе апошнія мазгі ў войску адбілі?

– Не апошнія.

– Тады не цягні гуму, а скажы, згодны ты з намі тусавацца ці не?

– За свае грошы?

– Цябе ніхто не прымушае. Аднак, што табе важней: чарговая серыя «Санта-Барбары» ці добрая кампанія? Толькі кажы праўду…

– Тэлевізар мне няма часу глядзець, – адрэзаў Вадзім, – а вось вы, спадарыня, даволі добра дасведчаная пра серыялы па тэлебачанні…

– Яшчэ б, – згадзілася дзяўчына, – калі бабуля з мамуляй памяшаліся на серыялах, да таго ж, пачалі па чарзе параўноўваць гераінь са мной.

– Гэта сумна.

– Няўжо весела? Але ты не адказаў.

– Згаджайся, кораш, – шапнуў яму на вуха Руслан, які ўвесь час моўчкі стаяў за спінай Вадзіма і ў размову не ўмешваўся. – Па-мойму, Пума на цябе паклала вока.

– Пума? – уголас паўтарыў Вадзім.

– Гэта мая клікуха, – растлумачыла дзяўчына. – Сапраўднае маё імя Леся.

– Вадзім, – з ходу ляпнуў Корбут.

– Ну вось і пазнаёміліся, – адзначыла Леся і ўзяла яго за руку. – Спадзяюся, супраціўлення не будзе?

Аб якім супраціўленні магла весціся гаворка? Калі побач з табой прыгожая дзяўчына, няважна з якой нагоды! Вадзім стараўся не думаць, што, хутчэй за ўсё, калі б грошай у яго не аказалася, Леся нават не зірнула б у яго бок. А ў яго грошы ёсць, і моладзь жадае выпіць. Чаму б і не дапамагчы?

Яны купілі дзве бутэлькі «Пшанічнай», чатыры – «Міража», чатыры – «Холстэна», два боханы чорнага хлеба, батон, пакет кефіру, палку каўбасы і пару гамбургераў для Лесі, якая вельмі хацела есці. Потым пачакалі, пакуль Руслан злётае за таннымі цыгарэтамі, бо на «L M» ужо не хапала грошай. Калі вярнуўся Руслан, паўстала, як адзінка ў школьным дзённіку, пытанне: куды пайсці? Па-першае, час позні; па-другое, холадна і ні аб ніякім парку можна нават і не заікацца, а ў пераходзе не застанешся, бо менты і так ужо скоса пазіраюць і ходзяць вакол зігзагамі; сунуцца да каго-небудзь на хату таксама адпадала, бо правільныя бацькі паднімуць вэрхал і выклічуць міліцыю, пажарных і «хуткую дапамогу» разам. Думаць трэба было хутчэй, бо набліжаўся час спынення грамадскага транспарту. Твары кампаніі пахмурнелі ў цяжкіх думках, быццам кожны з іх сядзеў за сталом на экзамене па вышэйшай матэматыцы і рашаў задачу для акадэмікаў.

– А з якой нагоды фуршэт? – весела пацікавіўся Вадзім.

– Цябе сустрэлі, – прамовіла Леся, – вось і трэба адзначыць.

– Тады паехалі да мяне, – усміхнуўся, падміргваючы Лесі, Вадзім.

– Чаго ж ты раней маўчаў! – усе разам накінуліся на Корбута з папрокамі. Адна Леся моўчкі дакурыла цыгарэту і пстрыкнула недакуркам у бок ад сябе.

– Куды ехаць? – спыталася.

– На Пушкінскую.

– У метро! – дружна крыкнула кампанія і адзіным цэлым кінулася да шкляных дзвярэй, вядучых у метро.

Яны ледзь не спазніліся на апошнюю электрычку, Вадзім паспеў учапіцца за дзверы вагона і стаць паміж імі, утрымліваючы, каб не зачыніліся, пакуль усе не апынуліся ў вагоне.

– Ты адзін жывеш? – пасля пацікавілася Леся.

– Не, з братам. А што?

– Ён нас пусціць?

– Ён пісьменнік, – адказаў Вадзім, закрыўшы гэтай фразай тэму, нібы яна была адзіным адказам на пытанне.

Аўтобусы ўжо не хадзілі, давялося ісці пешшу. Але было недалёка. Да дзевяціпавярховіка, у якім жыў Вадзім, што насупраць будаўнічага тэхнікума па вуліцы Матусевіча, – усяго дзесяць хвілін хады.

…Як назло, брата не было дома. А ў Вадзіма не было ключоў ад кватэры. Засталіся ў касцюме.

– І тут не шанцуе, – заўважыў нехта з кампаніі.

– Мой брат – пісьменнік! – са значэннем павысіў голас Вадзім. – Калі яго няма, пойдзем уніз. Не «люкс», але цярпіма.

– Галоўнае, што не холадна.

– Гарэлкі мала.

– Не праблема. Па дарозе «начнік» бачыў?

– А грошы дзе браць?

– Знойдуцца.

Калі ўсе паселі на пляцоўцы першага паверха, пад лесвіцай, насупраць ліфта, каму як было зручна, Вадзім адкаркаваў першую бутэльку. На дзіва, дзяўчаты, якіх было чацвёра, не лічачы Лесі, ад гарэлкі адмовіліся, акрамя Лесі. Адна з іх, рыжая, вяртлявая, падобная на ваверчаня, палезла ў свой рукзак і дастала сапраўднае «Кліко». Растлумачыла тым, што рэквізавала з дня нараджэння старэйшай сястры.

Калі пітво разлілі, Руслан падняўся з лесвічнай прыступкі, на якой сядзеў адзін, і проста сказаў: «За нас!»

Гарэлку хутка выпілі, «чарніла» таксама не затрымалася. Душы патрабавалі працягу. Руслан згадзіўся збегаць. Вадзім адлічыў грошы, тое, што засталося.

Разбіліся па парах, зашыліся, як мышы ў норах, па кутах. Пачуліся чмокі пацалункаў, гарачыя шэпты, гук расшпільваемых куртак з аднаго боку і прыглушанае пастагванне, з другога – звон аплявухі, нібы разбітага посуду; ціхае, але абуранае «…куды палез, ёлупень?!», зноў аплявуха, тузаніна, хуткія крокі…

 

Побач села тая, рыжая, Надзя, прычэсвала адной рукой валасы, другой зашпільвала куртку. У глыбіні душы Леся аблаяла Надзю і паслала падалей, бо ёй хацелася застацца з Вадзімам побач адной. Вадзіму, у сваю чаргу, таксама замінала Надзя, але ж не прагоніш яе.

З’явіўся задыханы румяны Руслан, з ледзяшамі на барадзе, з трыма пляшкамі «Двух буслоў».

ІІ

Мікіта Міхайлавіч Корбут прывык пісаць з раніцы. Пасля, вядома, ранішняга рацыёну, які складаўся з нязменных двух кубкаў кавы з цукрам і цыгарэты.

Сядаючы за пісьмовы стол, Корбут спачатку перачытваў старонкі, напісаныя ўчора, калі-нікалі правіў іх і прымаўся за працу. Не заўсёды работа задавальняла, калі ўсё ішло гладка, як тканіна ці роўная асфальтаваная дарога. Часам пісаніна здавалася суцэльным пеклам, калі ён выціскваў па кропельцы, нібы падлогавую анучу, сказы, марнуючы на іх па чатыры, а то і па шэсць гадзін, каб напісаць хаця б старонку.

Не пісалася. Корбут вывеў толькі адно слова на белым, як малако, аркушы паперы. Далей, як не напружваўся, нібы рожаніца ў раддоме, нічога не нараджалася. Як ступар усё роўна нейкі адбыўся. Ён закурыў, аблакаціўся аб стол, прабягаючы вачыма яшчэ раз па папярэдніх радках папярэдняй старонкі.

– Дэбілізм нейкі! – вылаяўся Корбут. Ён зграбастаў спісаныя аркушы, скамячыў у няправільную акружнасць і падпаліў, шпурнуў, ужо ў агні, у попельніцу. Цяжка ўздыхнуў. Усё ж не кожны дзень нішчыў плады тыднёвай працы. Аднак так лепш. Не хапала яшчэ паглыбіцца ў безгустоўшчыну сучасных трылераў! Трэба шукаць штосьці іншае, пажадана без ужывання мата, які запаланіў усю сучасную прозу. Дзе наша эстэтыка падзелася? Ці яе, як і каханне, спіхнулі ў бардэль на агледзіны новых рускіх за пару тысяч даляраў? Танна. І не шкада? Была б яго воля… Хаця навошта марыць аб нязбыўным? Марыць ніколі не зашкодзіць, гаворыць народная мудрасць, але… лепш… так. Корбут сумна ўсміхнуўся. Вось так і ўсе, як ён. Мая хата ўбаку. Свая кашуля бліжэй да цела. Галоўнае, каб ніхто ніколі не закрануў асабісты побыт. Жыць пад дэвізам шэрай будзёншчыны: гэта мяне не тычыцца. Калісьці ён быў не такі, у маладосці. Не было куды энергію дзяваць. І куды ўсё знікла?

– Няўжо я так дэградаваў? – уголас прамовіў Корбут.

Ён зазірнуў у пакой малодшага брата. Але Вадзіма ўжо не было. Ці яшчэ не было? Памятаецца, Корбут заснуў, так і не дачакаўшыся яго, пад іранічныя і зусім не страшныя ўскрыкі Фрэдзі Кругера па тэлебачанні, а сніў зноў Вераніку Берднік, маладую і абаяльную, якой яна была пятнаццаць гадоў таму. Зрэшты, яна і зараз не выглядае на свае трыццаць шэсць. Па ролях у кінастужках ёй не дасі болей за дваццаць пяць – дваццаць сем гадоў…

Працяжна зазваніў тэлефон. Неахвотна адарваўшыся ад прыемнага ўспаміну, Корбут падняў слухаўку.

– Мікіта, гэта ты? – пазнаў ён калегу па пяры Канстанціна Цімашэнку, таленавітага, але гультаяватага празаіка, які займаўся ў Доме літаратара творчай працай з моладдзю. І атрымлівалася нядрэнна. З-пад яго лёгкай рукі выйшаў ужо не адзін цікавы паэт.

– Я. Здароў, Косця, – адгукнуўся Корбут.

– Прывітанне. Мікіта, ты ж не забыўся пра сённяшні вечар?

– А што сёння ўвечары? – не зразумеў Корбут.

– Ну, блін… – нязлосна вылаяўся Цімашэнка. – Мы ж з табой яшчэ калі дамовіліся, не памятаеш?

– А, наконт тваёй тусоўкі літаб’яднання? – дапяў Корбут. – Не хвалюйся, я буду.

– Толькі ж не прывалачыся на аўтапілоце, – папярэдзіў яго Цімашэнка. – Усё-ткі школьніцы будуць, студэнткі… Які ты ім прыклад падасі?

– Твае школьніцы, Косця, бачылі не тое, што п’янага пісьменніка, а…

– Добра, добра, нічога не маю супраць, – спыніў яго Цімашэнка, – але абяцай, што прыйдзеш цвярозы.

– Ты дрэнна мяне ведаеш, Косця, – прамовіў Корбут. – Я магу і пакрыўдзіцца. Апошні раз я піў на тваім дні нараджэння, калі ты памятаеш…

– Ды добра, Мікіта, я жартую, – рассмяяўся ў трубку Цімашэнка. – Папярэдне рыхтуйся да шквалу пытанняў. Абяцаю, што цябе імі засыплюць, як снегам.

– Не сумняваюся.

– Ну, тады давай!

– Шчасліва.

Корбут асцярожна паклаў трубку на апарат і выйшаў на балкон. Звычайна свежае паветра і павевы ветру яму дапамагалі засяродзіцца і адшукаць патрэбныя словы для новага твора, але не ў гэты раз. Корбут змерз, стоячы на холадзе ў адной цяльняшцы, а ў галаве замест думак гуляў вецер.

З Веранікай Берднік ён пазнаёміўся восенню. Здаецца, у верасні, у самыя апошнія дні верасня, калі было ні халодна ні цёпла і, не спыняючыся, ішлі дажджы. Тады Корбут ужо вучыўся ў тэатральным і быў заняты ў спектаклі пра дзекабрыстаў аматарскага тэатра аднаго з рэжысёраў-мецэнатаў-альтруістаў, якому цікавей працавалася з непрафесійнымі і абавязкова маладымі артыстамі. На рэпетыцыю, як і звычайна, Корбут прыйшоў а васямнаццатай без спазнення. Па зале ўжо і па сцэне насіліся акцёры, па ходу абмяркоўваючы нейкія свае праблемы.

Не прымусіў сябе чакаць і рэжысёр, высокі, плотны мужчына гадоў пад сорак з хвалістымі валасамі і сівой барадой. Нечым ён нагадваў ката з мульціка пра папугая Кешу.

– Мікіта тут? – яшчэ з парога пачуўся яго грамавы бас.

– Тут, – адгукнуўся Корбут, скідаючы куртку на спінку крэсла.

– Ларыса тут? – спытаўся рэжысёр ужо са сцэны, адолеўшы за некалькі секунд даволі доўгі праход сваімі аграмаднымі кінг-конгаўскімі крокамі.

Няпоўная трупа акцёраў азірнулася па баках у пошуках Ларысы, але той нідзе не было.

– Мне гэта вельмі падабаецца! – задумліва прамовіў рэжысёр. – Праз два тыдні – спектакль!..

– Сяргей Міронавіч, Ларыса не зможа граць у гэтым спектаклі, – прамовіла нікому не знаёмая дзяўчына, што хутка набліжалася да сцэны.

– Гэта яшчэ чаму? – здзівіўся рэжысёр. – А хто будзе граць? Я?

– Яна дзіка прабачаецца, – працягвала дзяўчына. – Але за ёю прыехаў муж з Поўначы, і толькі што я праводзіла іх у аэрапорт.

– Фантастыка! – прамовіў рэжысёр, правёўшы рукою па барадзе.

Увесь гэты час Корбут стаяў спінай да дзяўчыны, намагаючыся скруціць папяросу з газетнай паперы. Але то тытунь рассыпаўся, то папера расклейвалася, то папяроска такая ўжо хударлявая атрымлівалася, што Корбуту рабілася сорамна за яе: а калі хто пабачыць, што падумае? Дый замучыўся ён торгаць нагой па паркеце, распіхваючы такім чынам рассыпаны тытунь па кутах.

– А хто будзе граць? – хутчэй самому сабе, чым прысутным, сказаў рэжысёр, паволі сыходзячы са сцэны па рыпучых прыступках. – Ты? – утаропіўся ён у незнаёмую дзяўчыну.

– А чаму б і не? – нахабна прамовіла тая.

Некаторае імгненне рэжысёр моўчкі глядзеў на яе, муляючы губамі, затым істэрычна моцна засмяяўся, балансуючы вялікім жыватом, абцягнутым белым цёплым гольфам, які нагадваў бочку з півам.

– Не, ты ўяўляеш, Мікіт, – праз смех вымавіў рэжысёр, – што яна заяўляе? Засталося два тыдні. Яна, не цямячы нічога ў рабоце тэатра, заяўляе, што выканае галоўную жаночую ролю?

Упэўненыя словы дзяўчыны прымусілі Корбута звярнуць на яе ўвагу.

Яна свабодна стаяла насупраць рэжысёра, трымаючы рукі ў кішэнях доўгага чорнага паліто. На ёй былі вязаны белы швэдар і раскляшоныя штаны. Каштанавыя валасы, расчасаныя на прабор і за маленькія вушкі, крыху не даставалі плячэй; вочы, колеру цёмнай моцнай гарбаты, без страху і сумнення пазіралі то на яго, то на рэжысёра. Скура на твары дзяўчыны вылучалася матавай чысцінёй і непараўнальнай гладкасцю ядвабу; нервовыя вытанчаныя бровы, іх узлёт, у меру і з густам нафарбаваныя вусны, тонкі, невялікі, крыху зусім непрыкметна ўздзёрнуты цікаўны носік і пікантна-эратычнае зернейка радзімкі над верхняй губкай нявольна прымушалі надоўга спыніць свой позірк на іх. Вочы мелі ледзь заўважную раскосасць, але гэта прыдавала своеасаблівы шарм агульнаму партрэту дзяўчыны.

– А, можа, паспрабуем, Сяргей Міронавіч? – не адводзячы позірку з ейнага твару, прамовіў Корбут.

– Ты ўяўляеш, у што мне гэта абыдзецца? – чамусьці выбухнуў рэжысёр. – Толькі на Ларысу колькі мы забамбілі часу, памятаеш?

– Я ведаю цалкам увесь тэкст, – паведаміла дзяўчына.

– Ды ведай ты хоць дзесяць тэкстаў! – не сціхаў рэжысёр. – Ты разумееш, што такое сцэна? Што такое пот? Калі пад пахамі толькі ў выніку аднаго выхаду смярдзіць, як…

– Сяргей Міронавіч!.. – абарваў яго Корбут.

– І на самай справе, чаго гэта я? – нібыта апамятаўся рэжысёр. – Назавіце сябе! – звярнуўся раптам да дзяўчыны.

– Вераніка, – усміхнулася пераможна тая. – Вераніка Берднік.

– Берднік? – пераглянуліся рэжысёр з Корбутам.

– Я малодшая сястра Ларысы, – дадала Вераніка.

– М-да, – вымавіў рэжысёр. – А дзе вучышся?

– Першы курс тэатральнага.

Рэжысёр зірнуў на Корбута, нібыта пытаючыся парады ў яго.

– Добра, – прамовіў ён пасля непрацяглай паўзы. – Паспрабуем. Для больш глыбейшага ўспрымання парэпетуем у касцюмах. Даю дзесяць хвілін на пераапрананне. Мікіта, час пайшоў!

…Вераніка паказала сябе даволі падрыхтаванай для той ролі актрысай. Корбут адчуваў сябе на сцэне з ёю не вядучым, а вядомым, хаця лічыўся ўжо даволі вопытным, маючы за спінай тры кінаролі ў партнёрстве з яшчэ невядомым тады Харацьянам, Корбутавым аднагодкам, дарэчы, Карачанцавым і Алісай Фрэйндліх. Яму прарочылі шумны поспех і ўдалую кар’еру, як у Савецкім Саюзе, так і за яго межамі. Але ўжо тады, калі толькі-толькі Корбут пазнаёміўся з Веранікай, ён падумваў пра Афганістан, пра свой удзел у той вайне. Корбут кінуў Купалаўскі тэатр і пайшоў да Сяргея Міронавіча, паціху збіраючы рэчы ў далёкую дарогу. Але гэта потым. Спачатку была рапсодыя кахання…

Бесплатный фрагмент закончился. Хотите читать дальше?
Купите 3 книги одновременно и выберите четвёртую в подарок!

Чтобы воспользоваться акцией, добавьте нужные книги в корзину. Сделать это можно на странице каждой книги, либо в общем списке:

  1. Нажмите на многоточие
    рядом с книгой
  2. Выберите пункт
    «Добавить в корзину»